Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

На памятку пра царкоўнае «ўзьяднаньне» на ўказ імпэратара Мікалая I быў выбіты вялікі мэдаль з вобразам Спаса Нерукатворнага ды надпісам: «Отторгнутыя насиліем (1596) возсоединены любовію (1839)». Аб гэтай любові мог бы распавесьці нам беларускі хлапчук з-пад Горадні, якога, як паведамляў у сваім «Колоколе» Аляксандар Герцэн, хвасталі бізунамі, пакуль на трэцяй сотні ўдараў не прыняў прычасьце ад праваслаўнага папа.

Мусіць, нешта ведаў пра тую любоў і мой продак-рыбар, што прыстасаваў царска-праваслаўную рэліквію пад грузіла. Разам з тым няма сумневу, што гэтая «любоў», мэтаю якой было духоўнае заняволеньне й перараджэньне нашага народу, дала плён ужо ў наступным пакаленьні, дапамагаючы беларускім мужыкам зарабляць у 1863-м крывавыя царскія

траякі і пяцёркі.

Я набліжаюся да пачатку мінулага стагодзьдзя, і сьвечка сямейнага паданьня, што асьвятляе мне шлях, пакрысе ператвараецца ў маленькі агарак. Але перш чым патухнуць, зьліўшыся зь няпамяцьцю, яна яшчэ раз успыхвае, вырываючы зь цемры апошняе імя — Бутрамеевага бацькі Цыпрыяна.

Калі адкінуць відавочна легендарныя зьвесткі пра тое, што Цыпрыян «адбіў у пранцуза самога Кутуза» і пасьля быў узяты да яго за кухара, бо рабіў надзіва смачныя, пханыя пальцам кілбасы (прычым генэрал-фэльдмаршал так яго любіў, што нават вазіў з сабою па тэатрах), дык атрымаецца, што мой прапрапрадзед нарадзіўся недзе паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай. Нашы ўсходнія землі ўжо былі захопленыя Расейскаю імпэрыяй, і Беларусь, што ніколі ня ведала рэкруцкіх набораў (бо Вялікае Княства Літоўскае мела прафэсійнае войска), пачала спраўна пастаўляць юнакоў спачатку на пажыцьцёвую, а потым на мала чым ад яе адрозную 25-гадовую царскую службу. Дарэчы, падчас напалеонаўскага паходу ў расейскім войску служыла прыкладна 50 тысяч беларусаў. Не нашмат меней было іх і пад сьцягамі францускага імпэратара.

Што да супольных з генэрал-фэльдмаршалам паходаў майго продка па тэатрах, дык, можа стацца, згадкі гэтыя не зусім і легендарныя. Ці не захавалася ў іх памяць аб прыгонным тэатры графа Зорыча, якому з 1788 году належаў недалёкі ад Капысіцы павятовы Шклоў? У Зорычавым тэатры наладжваліся паказы алегарычных балетаў з хорамі, міталягічных пантамімаў, камэдыяў і трагедыяў, камічных опэр і фэерыяў. Імёны шасьці актораў з шклоўскае трупы можна знайсьці ў Беларускай энцыкляпэдыі. Чаму б не ўявіць, што мой продак Цыпрыян трапіў на нейкую з тых камэдыяў? I ці ня ў тыя часы ўзьнікла ў матчынай радзіне трывалая прыхільнасьць да тэатральнага мастацтва, якую нядаўна пацьвердзіў абураны ліст аднае з маіх цётак. «Ты там, дзетка, у сваім Мінску, — пісала цётка, па засвоенай у школе завядзёнцы пагарджаючы знакамі прыпынку, якія я расстаўляю толькі цяпер, — схадзі ў ваш ціатар і скажы, што калі прыйшоў чалавек у клуб на пастаноўку прыабшчыцца, як той ваш міністар па цілівізары казаў, к сталічнаму іскуству, дык няхай яго ў клуб пускаюць і ў ботах, і ў кухвайцы, бо ён, чалавек гэты, — тружаніца, і ў клуб адразу з хвермы прыйшла, а на хверме ў нас гардзяробаў нямашака, бо каровы калгасныя могуць з галадухі ўсе нашыя гардзяробы за малінку зьесьці».

За прапрапрадзедам Цыпрыянам пачынаецца сьцяна непрасьветнае цемры, у якой бясьсьледна губляюцца карані майго радаводу; пра крону ж, спадзяюся, паклапоцяцца мае сыны і ўнукі, калі, вядома, не ўмяшаецца кашчавая рука Чарнобылю.

Апошняе, пра што, улучыўшы нагоду, хачу тут сказаць, — адкуль у мяне расейскае прозьвішча.

Найперш пакаюся, што быў час, калі я зусім паважна меўся перамяніць яго на іншае ды нават пачаў падпісваць тым, іншым, свае літаратурныя практыкаваньні. На шчасьце, Бог утрымаў мяне ад больш рашучых захадаў, і я не зьняважыў памяці вядомых і невядомых мне продкаў, якія мелі гэтае прозьвішча і большасьць якіх, хочацца верыць, належала ўсё ж да людзей сумленных і годных.

Што да самога прозьвішча, дык трэба пачаць з таго, што, калі Расея захапіла нашы «исконно русские» землі, Кацярына II, а потым ейны сын Павел I «пожаловали» тут свайму дваранству 208,5 тысячы душ «мужеска полу». Такім чынам, блізу мільёна беларусаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў, нібы менавіта ў гэтым была адвечная мара нашага народу, які, паводле афіцыйных герадотаў, ніколі ня меў большага клопату, як чакаць з усходу вызваліцеляў. Нават пасьля таго, як Іван Жахлівы вызваліў

Полацак ад палачанаў, а ваявода Трубяцкой — Амсьціслаў ад амсьціслаўцаў. Нават пасьля таго, як у сярэдзіне XVII стагодзьдзя ў вайне з Маскоўскай дзяржавай за няпоўныя пятнаццаць гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася ў два разы. Нават пасьля таго, як у тым самым стагодзьдзі былі перапоўненыя палоннымі беларусамі астраханскія нявольніцкія рынкі, дзе «вызваліцелі» прадавалі нашых продкаў у рабства па тры рублі за галаву.

Былы Сеньненскі павет, адкуль родам мой бацька, уваходзіў у Магілеўскую губэрню, у якой дзясяткі вёсак і тысячы прыгонных атрымаў адзін з фаварытаў расейскае імпэратрыцы граф Арлоў. Вядома, часам мяне апаноўвае спакуса вывесьці радавод менавіта ад яго. Канчаткова не закрэсьліваючы і гэтую вэрсію, мушу зазначыць, што, пэўна, усё было больш банальна, бо ў роднай бацькавай вёсцы Арловы жывуць амаль у кожнай хаце. Маю спадзяваньне, што сыны парупяцца, каб людзей з гэтым прозьвішчам ня менела.

Мае бацькі большую частку жыцьця, прынамсі, пасьля таго, як пакінулі вёску, на мове сваіх бацькоў не гаварылі. Мае сыны-месьцічы, калі былі малыя, пачыналі часам гаварыць на розных з бацькамі мовах якраз пасьля летаваньня ў вёсцы, дзе іх вучылі «па-гарадзкому».

Тут я чамусьці — не сказаць, каб вельмі дарэчы — прыгадваю знаёмага кінарэжысэра, што аднойчы, гады тры таму, нападпітку наракаў на цяжкое жыцьцё:

— Разумееш, Валодзя, колькі жанчын у мяне было, і хоць бы адна ў ложку слова па-беларуску сказала.

Я суцешыў гаротніка тым, што ўбіраюцца ў сілу працэсы нацыянальнага адраджэньня. I не памыліўся. Сустрэўшы мяне днямі (хацелася напісаць: на вуліцы, але буду шчыры — у бары менскага Дому літаратара, дзе ўвесь час сядзіць паэт А. Сыс), маэстра з пачуцьцём, так бы мовіць, нацыянальнага задавальненьня, усьцешана паведаміў, што ў ягоныя абдымкі (відаць, паводле тэорыі імавернасьці) пачалі ўжо трапляць і нацыянальна сьвядомыя прадстаўніцы прыўкраснай, як пісаў Караткевіч, паловы нашага народу.

На двары ўсчынаецца крык, і я падыходжу да вакна. Вакол жоўтае цыстэрны зь півам (па-мясцоваму — сьвінаматка) віруе натоўп (па-мясцоваму — пленум). Мой сусед, ужо яўна й даўно разьмяняўшы пазычаны чырвонец, адпіхвае ад цыстэрны старога зь бітончыкам.

— Подумаешь, удостоверение! У нас у каждого по десять удостоверений! У меня вон дед — герой борьбы за советскую власть. Врагов народа от справедливого гнева товарища Сталина в ГУЛАГе охранял! А другой дедуля у Булак-Балаховича за наше светлое будущее боролся. Националист проклятый! А ты ко мне со своим удостоверением лезешь. Я тебе русским языком сказал: сховай удостоверение!

Вяртаюся да стала, каб дапісаць апошнія словы.

Мяркуйце самі, як абышліся б са мною продкі-крывічы.

А з вамі, шаноўныя?

Думаю, шанцы ў нас прыблізна аднолькавыя.

А таму — ці не паспрабаваць скласьці радавод і вам?

Чэрвень, 1990

За бугром, за рэчкай

Вугорскі дыярыюш

Рэчка гэтая — Тыса. Пра яе распавёў нам некалі савецкі пісьменьнік А. Аўдзеенка. Зь дзяцінства засталося ўражаньне: плюнеш над Тысаю — абавязкова трапіш ці ў бандэраўца, ці ў шпіёна, ці ў чэкіста або ў якога іншага чалавека асобага складу. Гэта на нашым баку, а што на іхнім — і ўявіць было боязна.

Апанаваны ўспамінамі, стаю над Тысаю й рыхтуюся да мытнага агляду.

Там, за рэчкаю, — Вэнгрыя, Вугоршчына.

Першае, што заўважаеш, трапіўшы ў Вугоршчыну, — мадзяры гавораць, пяюць песьні, вучаць дзяцей і моляцца ў храмах на сваёй мове. Ужо за адно гэта яны вартыя больш людзкага жыцьця, чым беларусы.

У Дэбрэцэне, першым вугорскім горадзе на шляху нашай менскай турыстычнай групы, мы прачынаемся 15 сакавіка, на ўгодкі вызваленчага паўстаньня 1848 году, задушанага войскамі царскай Расеі — жандара Эўропы.

Поделиться с друзьями: