Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Слова сапраўднага лад

Сямёнава Ала

Шрифт:

Перш за ўсё пра нарысы Віктара Карамазава і Савелія Паўлава.

З'яўленне нарысаў В. Карамазава апошнім часам заўсёды падзея ў беларускай публіцыстыцы. Адзін з самых актыўных аўтараў штогодніка «Сучаснік» і адзін з самых цікавых майстроў мастацкага нарыса, прапанаваў тут да ўвагі чытача нарыс «Хлеб і да хлеба». Лірыка-філасофскі нарыс, які выходзіць да значных сацыяльна-эканамічных праблем і абагульненняў. Гаворка ідзе, калі браць асноўную сюжэтную думку,— не так пра побыт, як пра лад, уклад сённяшняй вёскі і сённяшняга селяніна, пра яго псіхалогію ў суадносінах звычайнага, укаранёнага і новаўведзенага. Важна «мець не толькі эканамічны прагноз, але прагназіраваць псіхалагічныя змены ў абліччы селяніна», даводзіць пісьменнік. І, па-мойму, у сваім нарысе В. Карамазаў падыходзіць да праблемы будучага вёскі больш рэальна і з большым душэўным клопатам, чым такі, напрыклад, даравіты і яркі публіцыст з Беларусі, як Яўген Будзінас. У дыскусійным запале (а палемічнага агню яму не пазычаць) ён кінуў між іншымі думкамі ў «Литературной газете» і такі тэзіс:

«...усё вызначае эканоміка. У тым ліку і ў чалавеку». В. Карамазаў па-дзелавому ставіцца да эканамічных пераўтварэнняў, але ж, будучы чалавекам з дзяржаўным ухілам мыслення, задумваецца, як і рускі пісьменнік Іван Васільеў, «ці дастаткова дакладна мы прагназіруем «псіхалагічны тып» селяніна. А селянін гэта ж не проста аграрны рабочы, а земляроб, чалавек, што душой павінен прырасці да зямлі». «Тут свая псіхалогія, тонкая... Можна дадаць: гістарычная, традыцыйная, народная».

В. Карамазаў не адасабляе, не расшчапляе нейкую праблему, а ўсё ў жыцці бачыць у неад'емнай сувязі. Праблемы, што ўзнікаюць перад дырэктарам саўгаса «Беларускі» на Пскоўшчыне Новікавым, які набыў трактарысту саўгаса сядзібу — хоча чалавек корань сапраўдны на зямлі мець — жывёлу, градкі, садок. Усё, што было ў селяніна спрадвеку. Бо «без гэтых каранёў чалавек — вецер»...

...Некалі амерыканец Персі Хатчысан пісаў пра свайго тады яшчэ не такога, як зараз, знакамітага суайчынніка: «Факты можна браць як з вопыту, так і з уяўлення. Хемінгуэй умее іх падаць так, што яны ўзнікаюць ва ўсёй выразнасці, як вымалёўваецца ледзяны пік гары ў крышталёвым паветры». Не збіраюся праводзіць аналогій. Але нешта ад гэтага ўмення ёсць у напісаным С. Паўлавым — і ў палітычных яго нарысах, і ў тым, што змешчаны тут — «Самацветы пустыні». Звычайны, прывычны прыём — вандроўка, сустрэчы. Экзатычная, праўда, геаграфія — Каракумы. А пільны, дзелавы зрок аўтара ўмее заўважыць важныя дэталі, факты, засяродзіць увагу на галоўным.

На першы погляд не такія ўжо значныя падрабязнасці: замацавальнікі барханных пяскоў — кандым і чаркез, фісташкавыя дрэвы, якія маюць, аказваецца, карэнне ў два ярусы; знакамітыя дыні, што растуць на корані таго дрэва. Аднак, як пазней высвятляецца, гэтыя і многія іншыя дэталі не толькі ствараюць мясцовы каларыт, яны непрыкметна выводзяць да найважнейшых мясцовых праблем, да праблем у маштабах усяго Савецкага Саюза, да праблем, якія непарыўна ўзаемазвязаны ў нашай краіне, дзе клопат адной рэспублікі робіцца і клопатам другой. Абвадненне пустыні — і пытанне пра магчымасць уключэння некаторых рэк у арашальную сістэму Сярэдняй Азіі; каляровы каракуль, над стварэннем якога працуюць тут, у Карагулі, але для патрэб усіх савецкіх людзей; цягач і БелАЗ, што абслугоўваюць мясцовых буравікоў, хаця зрабіць зручную для ўмоў пустыні кабіну ў гэтых выдатных машынах трэба ў нас, на Беларусі, тут выходзіць з канвеера транспарт пустыні.

У матэрыяле адчуваецца і жывая кроў рэпартажу, і глыбокі, дзяржаўнага кшталту роздум, і высокапрафесійны літаратурны падыход.

Спрактыкаваная рука літаратара адчуваецца і ў напісаным Уладзімірам Паўлавым і Барысам Сачанкам, якія не спакусіліся распаўсюджаным прыёмам падарожных апісальных нататкаў, а зрабілі вострыя палітычныя матэрыялы, першы — у адкрытай форме, другі — выкарыстаўшы эпісталярную выпрабаваную мадэль.

Гэта ўсё, калі можна так сказаць, «паўнаметражныя» матэрыялы. А вось Т. Гарэлікава здолела на зусім невялічкай друкаванай прасторы сказаць многае. У невялічкай нататцы «На ўвесь голас» у глыбіню праблемы аўтар не ідзе, ажно дасканала прапрацоўвае асноўную лінію, эмацыянальна, з непрыдуманымі горыччу і болем гаворыць аб праблемах прыгарадных калгасаў, што церпяць непамерныя страты з-за апантанага марнатраўства гараджан. Намацвае цікавую тэму Галіна Каржанеўская. Паэтэса, у творчасці якой адчуваецца трапяткая наструненасць душы, і ў новым для яе жанры магла б гэтая якасць яе таленту выявіцца і нечакана і цікава. Варта было складальніку С. Алексіевіч і рэдкалегіі прапанаваць ёй зрабіць так, а не браць матэрыял жыўцом з газеты.

Як варта было здольнаму публіцысту Анатолю Сілянкову прадумаць яшчэ раз, аргументаваць нарыс пра неглюбскіх майстрых — «Матчын ручнік». Згледзеў жа ён тут праблему, якая ўзнікла з тае пары, як напісаў пра тую ж Неглюбку В. Карамазаў («Вясёлка сярод зімы»).

Ігнат Дуброўскі, старэйшы беларускі нарысіст, як заўсёды, трапна цэліў, выбраўшы тэму: камунгасы ў сяле. Але прадставіў усе выгоды новаўвядзення толькі з пункту погляду выканаўцаў, уладкавальнікаў. А што ж самі цёткі Ганны і дзядзькі Сцяпаны? Ці ўсё так хораша зроблена, каб вызваліць іх ад клопату пра нарыхтоўку кармоў для хатняй жывёлы, паліва? Як на справе выглядае той рамонт брыгадамі камунгаса? Паводле нарыса, усё гладка і хораша. І сам ён напісаны такім вывераным гладкапісам, які часам пераходзіць у штамп. Чытаць яго нават па службовым абавязку сумна. Нулявы вальтаж пісьма не выкрасае ўзаемнай іскры. Аўтар, канечне, і заслужаны, і паважаны. Але — кожнаму, хто бярэцца за пяро, кожны раз наноў даводзіцца сябе сцвярджаць.

Не выкрасае ўзаемнай іскры ў чытача і нарыс Анатоля Дзялендзіка «Хірургі, вучні хірурга». Маю на ўвазе не экзальтаваныя охі ды ахі, не каскад эпітэтаў і пестрадзь клічнікаў, а напал думкі, маштабнасць яе, што адпавядала б сённяшняму тыпу сацыяльнага мыслення, узроўню эрудыцыі нашага сучасніка, што абумоўлівала б узровень мастакоўскага аналізу. Здавалася б, перадумовы для гэтага былі. Было пра каго пісаць — выдатныя хірургі, яркія асобы: Маслаў,

Шот, Філіповіч, Падгайскі. Было каму пісаць — А. Дзялендзік мае медыцынскую адукацыю, у літаратуры не з неафітаў. Але ж які анемічны, нецікавы матэрыял, асабліва калі прыгадаць партрэты навукоўцаў, створаныя Я. Богатам, А. Марозам, Ю. Ростам, Л. Пачывалавым і іншымі літаратарамі.

І зусім незразумела, якім чынам і дзеля якой мэты трапілі ў зборнік лепшага ў публіцыстыцы (так ён уяўляецца) нататкі «Пісьменнік прыходзіць у школу» ў раздзеле пад гучнай назвай «Роздум над фактам». Дзяжурная рэцэнзія — які ўжо роздум! Тым больш што ў адным з выпускаў «Сучасніка» быў змешчаны матэрыял Васіля Віткі «Пяць школьных званкоў», дзе найцікавейшы гэты вопыт супрацоўніцтва пісьменніка са школай быў паказаны і ярка, і з добрай раўнавагай педагагічнай логікі і творчага натхнення.

Было б, думаецца, справядліва ахвяраваць у зборніку некаторымі матэрыяламі, замяніўшы іх тымі, якіх настойліва патрабуе час: Харчовая праграма, будаўніцтва метро, безліч праблем, якія ставіць сёння жыццё. Сацыяльны заказ — без гэтага рэдкалегія не абыдзецца. І хаця гэта справа нялёгкая — заказваць, «выбіваць» матэрыялы, абдумваць і абмяркоўваць планы зборніка і прытрымлівацца іх, а іншага шляху, мабыць, няма. Як няма, не будзе жыцця ў гэтага выдання, калі не запрасіць да ўдзелу ў ім тых вядомых пісьменнікаў і журналістаў, што не адноечы вастрылі сваё публіцыстычнае пяро, і паспрабаваць знайсці валанцёраў сярод тых, хто займаецца толькі мастацкай прозай, і, канечне, даць магчымасць выступіць у зборніку тым, хто актыўна і востра выступае ў жанры публіцыстыкі: таго ж Яўгена Будзінаса, Анатоля Казловіча, Марыю Вайцяшонак... А такі неапазнаны рэзерв, як рэспубліканскія, абласныя, раённыя газеты... Журфак універсітэта. Акадэмія навук, прадпрыемствы. Канечне, гэта куды больш складана, як узяць ужо гатовыя і друкаваныя допісы. Аднак і вынік будзе адпаведны.

«І СПАДЗЯВАННЕ СВЕТЛАЕ ТАКОЕ...»

Без асаблівага імпэту раздумваў паэт пра лёс сваіх вершаў: «Так мала чытачоў, і тыя ўсе паэты...» Але — такая, відаць, натура чалавечая, і спадзяваўся — «што хоць душа адна на слова адзавецца» («Шукаю чытача...»). А душ гэтых набралася не так і мала. І, безумоўна, у большасці сваёй не належалі яны да цэха паэтаў. Тыраж кнігі вершаў Леаніда Галубовіча «Таемнасць агню» (1984) разышоўся імгненна. І гэта не дзіва — сярод зборнікаў, што выйшлі апошнім часам пад грыфам «Першая кніга паэта», дзе ёсць цікавыя выступленні, менавіта ў кнізе Леаніда Галубовіча адчуваецца творчая акрэсленасць пісьма, гэта ўжо не мройныя контуры, што абяцаюць і прапануюць меркаваць — што ж будзе, але шмат у чым сцверджанне асобы паэта, які шмат у чым адбыўся, а не толькі мае такое на мэце. Паэта, якога заўважылі па публікацыях у перыёдыцы. З розных грамадскіх трыбун пра яго вялі гаворку Алена Васілевіч і Вера Палтаран, Васіль Вітка і Таіса Бондар.

Можа падацца — пястун лёсу. Не паспеў з'явіцца — поспех. Аднак... Пачаў паэт пісаць у шаснаццаць гадоў. А дата нараджэння — 1950-ты. Палічыце. Колькі гадоў працы. А першая публікацыя з'явілася не так даўно. Так, безумоўна, талент выспяваў. Паэт шукаў сябе. Знаходзіў. Але і, мабыць, захоўваў. Нездарма ж прарываюцца радкі горычы ў вершах: «Прыедзе брат, і той, глядзі,/ Мне пальцам торкае у грудзі:/ —Ты па рэдакцыях хадзі.../ У горад едзь... Праб'ешся ў людзі...» Або вось гэта, не дзеля акрасы слова моўленае, невыпадковае, з упартасцю сялянскага сына перажытае:

А я прывык, як мой народ, Мець ясны клопат пажыццёвы. Я перажыў з ім недарод І зноў пасеяў хлеб і словы.

А доўжылася ўсё гэта не год, не два. Пасля школы ГПТВ, армія, работа электрыкам у Слуцку, Жабінцы, Клецку, у роднай вёсцы Вароніна. Няма гаворкі — канечне, напружаная праца душы, школа жыцця — тое, без чаго няма паэта. Фундамент, аснова, корань. Але ж фундамент, падмурак — яшчэ не пабудова, адзін корань — не дрэва. А ў яго паэзіі прысутнічаюць культура мыслення, культура верша, асэнсаванасць пачуцця, якія сведчаць не толькі пра добрую зямную аснову працы паэта, але пра пэўны круг чытання, усведамлення сутнасных заканамернасцяў — не з пазіцый фармальнай логікі, але шляхам вобразнага асэнсавання. Магчыма, часцей за ўсё стыхійна. Магчыма. Аднак да гэтага стыхійнага ён прыходзіць з пэўным багажом ведаў, і не толькі пачуццёвага, а і розумам спасцігнутага вопыту. І чалавек дайшоў да ўсяго сам, без праграм ВНУ, без выкладчыцкіх арыентацый, без літаратурных спрэчак, што свежаць і абвастраюць думку. Толькі з тым творчым інвентарыем, што дае наша шчодрая сацыяльная рэчаіснасць і эпоха НТР: бібліятэка, кіно, тэлебачанне. І людзі, канечне. Хто верачы, хто не верачы ў яго як у паэта.

Трэба меркаваць, усім нам, чытачам Леаніда Галубовіча, вельмі пашанцавала: ён выстаяў, прабіўся. Не мітусіўся, не заглядваў у вочы чытачам і выдаўцам, не прыцэньваўся словам: як, падыдзе? ці не надта? І, як дакладна заўважыла ў прадмове да яго кнігі Вера Палтаран, ён моцны жывым, сакавітым малюнкам жыцця, «жыццёвае назіранне імкнецца стаць думкай пра жыццё, і калі гэта ажыццяўляецца..., дык думка гэтая надзіва здаровая, глыбокая». Так, ад гэтых людзей, якіх ён у сваіх сюжэтных вершах прадстаўляе нам, ад «бабулі мілай», ад мясцовых палітыкаў-мужыкоў, ад песняроў і жней, ад усіх, хто потам і мазалём пазнае сутнасць жыцця зямнога,— і яго, паэта, сіла: «З жыта мы прарастаем...» Пра іх — яго вершы. Але не толькі пра іх.

Поделиться с друзьями: