Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Мабыць, таму ўсе партрэты, пісаныя паэтэсай, маюць за мадэлі постаці не толькі геніяльныя ці таленавітыя, але і бунтарныя. У сутнасныя, вызначальныя моманты іх жыцця. Моманты — калі іх творчая і чалавечая сутнасць супадаюць у сваім вышэйшым, духоўным выяўленні. Моманты падрахунку жыццёвага шляху.
Сон у шпіталі смяротна параненага Гіёма Апалінэра, ноч перад дуэллю Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, апошні рахунак, прад'яўлены лорду Байрану недзе там, у Грэцыі, пад Місалунгі. Час выбару, час самаўсведамлення,— калі гаворка ідзе пра Янку Купалу. Увогуле гэтая тэма — чалавек і народ, чалавек і сумленне, чалавек і мэта яго жыцця — абагульняе ўсе партрэты. «Хто пойдзе ў бой за лёс краіны дальняй,/ Здабудзе вольным родны свой народ» — вызначае мэту свайго ўдзелу ў змаганні за незалежнасць Грэцыі Джордж Гордан Байран; «Баліць радзіма ў целе пілігрыма»,— апошняя згадка спадчынніка эмігрантаў з Беларусі Альбера Уладзіміра Апалінарыя Кастравіцкага, слыннага
Многія вершы Цёткі маглі «правандраваць» да плакатнага вырашэння вобраза, многія — да незбыт рамантызаванага. Валянціна Коўтун пазбегла і таго, і другога. Алаіза Пашкевіч у драматычнай паэме «Суд Алаізы» — рамантычна-ўзвышаная, так, але ў рэальных абставінах, з канкрэтнымі ўчынкамі, якія гістарычна і асабіста матываваны. Ну, а плакатна-воклічны змест яе лістовак аўтарка трохі ўводзіць у тэкст, больш — пакідае па-за тэкстам, спадзеючыся на больш-менш падрыхтаванага чытача і гледача. З аднаго боку. З другога — даючы нам магчымасць канкрэтызаваць свае ўяўленні пра славутую беларускую паэтэсу праз непасрэднае дзеянне драматычнай паэмы. Дзеянне, якое, безумоўна ж, па закону жанру, выяўлена не толькі ва ўчынках, але і ў слове. Слова ў гэтай паэме асабліва дакладна выверанае, узважанае і важкае. Важкае, але не цяжкое. У гэтым партрэце Валянціна Коўтун адмаўляецца ад абстрагавана-адцягненай сімволікі, ад тых эстэтычных сродкаў, якія вымагаюць разумення асобага вобразнага значэння слоў, што так шырока выкарыстоўвала ў папярэдніх партрэтах.
О, мужны лік, ахвярны лік свабоды, Ад мройных песень, віселіц і ран... Няма на свеце волі для народаў, Ці раб гэта гаротны, ці тыран. Гэта з містэрыі «Шлях Арыёна».Або:
Вітаю зноў паэзіі бяссмерце, Бяссмерце продкаў, сцежак і бяроз. Гэта з маналога «Выйду з сэрцам...».У «Судзе Алаізы» высакамоўныя перыяды накшталт тых, што ёсць у іншых партрэтах, можна сустрэць хіба што ў маналогах паэтэсы. Хаця жанры блізкія. «Шлях Арыёна» — містэрыя, ну а маналог «Выйду з сэрцам...», па сутнасці, манадрама.
Драматычны канфлікт «Суда Алаізы» трымаецца на некалькіх эпізодах з жыцця Алаізы. Эпізод першы — «Замест пралога». 1902 год. Будучая рэвалюцыянерка, слухачка вышэйшых педагагічных курсаў П. Ф. Лесгафта Алаіза Пашкевіч, яе сябры і сяброўкі сабраліся на таварыскую вечарыну. Яшчэ ўсё наперадзе. Усе па-маладому ясна і светла ўспрымаюць свет, усе вераць, што «свежы вецер у голлях гудзе», перамены ў жыцці народа адбудуцца абавязкова. Ва ўсіх злёгку кружыцца галава ад усвядомленага адкрыцця — Бацькаўшчына, Радзіма: гэта Беларусь. Хаця многае ў гэтым усведамленні засмучае: на роднай зямельцы, як і па ўсёй краіне, прымус, здзекі, несправядлівасць,— але цяжкое асэнсаванне пакуль што ва ўсіх, хто прыйшоў да Алаізы, выклікае толькі гарачую прагу дзейнасці. І яшчэ большую замілаванасць да роднага краю. Так, «няма сумней зямелькі той, адзінай,/ але няма радней нам хатак тых,/ Адкуль мы выйшлі да сталіц і кніг». Яшчэ «няма ніводнай страты», яшчэ «кахаць няясная пара», «яшчэ такія маладыя клятвы». І пакуль што рытарычнай здаецца выснова адной з удзельніц вечарыны: «Страшней за ўсё ўласных страхаў краты».
Дзеянне асноўных трох частак — 1905 год, Вільня. Тыя «ўласных страхаў краты» зрабілі сваё. Загартавалася ў барацьбе, павучылася меркаваць
пра ўсё з вышынь сапраўднай чалавечнасці, з вышыні ісціны, здабытай у навальніцах рэвалюцыйных баёў, Алаіза. Напалоханы ахранкай і турмой здрадзіў сабе, справе і сваёй каханай Андрэй Гмырак, зрабіўшыся жандарам і даносчыкам.Валянціна Коўтун знаходзіць нелабавое вырашэнне гэтай сітуацыі, псіхалагічна матываванае. Псіхалагічная ж матываванасць паводзін герояў рэальна выяўляецца ў слове. А жывая хваля слова знаходзіць тут выйсце ў натуральных размоўных інтанацыях. Рытмічны малюнак верша просты, але насычаны сапраўднай энергіяй пачуцця, энергіяй думкі.
Вось як даводзіць сэнс сваёй здрады і статус свой сённяшні Андрэй Гмырак:
...рыхтуйце волю для айчыны. Але запомніце: наш бездакорны цэнз — Знішчаць і целы, і духоўны сэнс. Мы служкі бога і цара. Мы ганчакі. Мы бессмяротныя. Мы вашым ценем станем. Мы вас, паэтаў, і ў труне дастанем. І абылжэм! Бо ўсе манархі знаюць: Ў такіх, як вы, народы паміраюць. Жрацы без храмаў — гэта не жрацы. Не стане праўды — дзе ж вы, пасланцы? Народ без будучыні — гэта шлак планеты, Паэты без народа — не паэты!І дадае з пагардай:
Не зор шукаюць,— а рыхляць гароды, Цямней за ноч усе твае народы!Алаіза з годнасцю, на высокай ноце, але без напышлівай рыторыкі даводзіць:
Ты хлусіш зноў... Мы людзі, не звяры. Наш чалавек... Ён і зямны, і кніжны. Ёсць прадзеды ў нас. Першадрукары, Мы з імі зернем і сярпамі пішам. Наш першы друк... Ён болем нас крануў. І след яго не толькі на бяросце. І ўбіўся знак свабоды і агню Не ў хруст паперы, а ў людскія косці.Валянціна Коўтун у драматычнай паэме імкнецца пазбегнуць просталінейнасці, «публіцыстычнага разгільдзяйства» (А. Блок). «Форма — плоць ідэі» (А. Блок). А псіхалогія характару — яна ж уся ва ўладзе не толькі ідэі, але і формы.
І пра гэта згадваецца, калі чытаецца паэма. Рэвалюцыйная змагарка — так, паэтэса, творчасць якой шмат у чым вызначыла шляхі новай беларускай літаратуры дакастрычніцкай пары — так. Але і самотная жанчына, чалавек, што перажывае не толькі страту паплечніка, але і страту чалавека, страту каханага.
Я ўся нібыта як жыццём забыта. Штодня пакуты — мой партрэт зямны.Жыццё, яго агонь, страсці, роздум, яго страты (і якія!) — патрабуюць выйсця — «аж дрыжаць і сыплюцца ў зямельку/Сухія костачкі усіх пяшчотных слоў», «...ужо душа з адных пустых вуглоў», аднак — такі жыццёвы, чалавечы, жаночы прынцып Алаізы, можа, лепш нават лічыць так:
Маўляў, з табой зусім я не сустрэлася, Не абпалілася навек, не адагрэлася, Не адпалала зорнымі прытулкамі, Не скамянела па чужой вярсце...І ўспамінае пра тую, выратавальную трывогу і надзею: творчасць.
Што наракаць? І так для пчолак-словаў Мы залатымі ліпамі цвіцём, Каб так пісаць, як жыць і быць — нанова, І паміраць нанова ўсім жыццём.Словы Алаізы, яны былі і ў яе лістах, лістах да яго, Андрэя Гмырака, цяпер іх «страшна перачытваць,/ Бо што ні кропка, то замерлы боль».
Цяжка вызначыць галоўную лінію ўзаемаадносін Алаізы Пашкевіч і Андрэя Гмырака, так спалучаюцца тут ідэйнае разыходжанне і асабістыя ўчынкі.
Андрэй Гмырак ідзе тым шляхам, які вядомы, на жаль, ад біблейскіх часоў. Сумленне — катэгорыя вечная, як і вера ў шчасце. Вера ў шчасце народа і змаганне за гэта шчасце ў яго канкрэтных сацыяльных і нацыянальных выяўленнях, што прапанаваў 1905 год,— высокая выснова. Аднак патрабуе канкрэтных учынкаў. Пацвердзіць гэтую веру справай не так проста. Як выявілася — небяспечна нават. Куды больш спакойна і зручна — зрабіць выгляд, што не верыш. Самаапраўдацца. Як гэта і робіць Андрэй Гмырак. А пазней, не шукаючы апраўдання, бессаромна канчаткова здраджвае ідэалам маладосці і былому каханню. Зноў жа — гэта перадаецца не дэкларацыйна, а праз дзеянне, учынкі. Праз логіку і алагічнасць гэтых учынкаў.