Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:

– Хачу. Прыходзьце. Прыходзьце ўначы, - сказаў Майет. Ён пацiснуў ёй рукi, спачатку злёгку, а потым мацней.
– Не думайце, што я такi абыякавы, нячулы. Проста ў мяне адчуванне - мы вельмi добра ведаем адно аднаго. Будзьце хоць крышачку таемная, - з мальбою ў голасе папрасiў ён.

Аднак яна не магла адразу ўцямiць, як ёй прыкiнуцца таемнай i недасягальнай, а проста пагадзiлася з iм:

– Так, i ў мяне такое самае адчуванне.

Болей сказаць не было чаго, i яны, нiбыта старыя сябры, сядзелi моўчкi, без асаблiвага хвалявання думаючы пра будучую сустрэчу, пра ноч, якую яны правядуць разам. Яе гарачы запал, выклiканы пачуццём удзячнасцi да яго, мiнуў. Цяпер гэтая ўдзячнасць здавалася непатрэбная, недарэчная, дый непажаданая. Якое можа быць пачуццё ўдзячнасцi да старога

знаёмага - проста прымаеш паслугу, як нешта зусiм зразумелае, i сама ў сваю чаргу робiш яму паслугу, крыху пагаворыш з iм пра надвор'е, асаблiва яму не пярэчыш, калi цябе прылашчыць, аднак i абыякавасць яго цябе не засмучае, а калi ў танцы ўбачыш яго ў партэры, усмiхнешся яму раз цi два - трэба ж нешта рабiць з тварам, ён жа такi ў цябе непрыгожы, а мужчынам падабаецца, калi iх пазнаюць са сцэны.

– Завiруха ўзмацнiлася.

– Так. Уначы пахаладае.

Трэба ўсмiхацца, калi жарт двухсэнсоўны, i адказаць як мага дураслiвей, калi маеш справу з такiм старым сябрам: "Мы не змерзнем", хоць ты не можаш забыць, што ноч наблiжаецца, i прыгадваеш усё тое, што расказвалi табе сяброўкi, якiя яны давалi парады, ад чаго засцерагалi, чым прыводзiлi цябе ў сарамлiвасць, як агiдна было чуць, што мужчына можа быць адначасова i абыякавы, i юрлiвы. Усю ранiцу i ў поўдзень снег не пераставаў, у Пасаў ён тоўстым слоем акрыў дах мытнi, на пуцях раставаў ад паравознай пары, ператвараючыся ў шэрыя, поўныя iльдзiнак ручайкi. Аўстрыйскiя мытнiкi ў гумавых ботах асцярожна выбiралi дарогу, з нягучнай лаянкай, павярхоўна агледзелi багаж.

Частка трэцяя

ВЕНА

1

Ёзеф Грунлiх схаваўся ад ветру за комiнам, наўкол на дах снег валiў камякамi. Унiзе, пад iм, нiбы вогнiшча, зiхацеў у цемры вакзал. Пачуўся пранiзлiвы свiсток, i, павольна рухаючыся, паказалася доўгая чарада агеньчыкаў. Ён зiрнуў на свой гадзiннiк, калi на вакзале прабiла дзевяць. "Гэта Стамбульскi экспрэс, - падумаў ён.
– Спазняецца на дваццаць хвiлiн вiдаць, затрымаўся з-за снегападу". Ён падвёў свой пляскаты срэбны гадзiннiк i зноў засунуў яго ў кiшэню камiзэлькi, расправiўшы складкi на жываце. "Ну, у такую ноч, як гэтая, - падумаў ён, - няблага быць крышачку тлустым". Перш чым зашпiлiць палiто, Грунлiх засунуў рукi памiж кальсонамi i штанамi i паправiў рэвальвер, якi вiсеў унутры штанiны на шнурку, замацаваным да гузiка. "Ёзефу можна давяраць толькi ў трох выпадках, - самазадаволена прыгадаў ён сам сабе, - калi справа тычыцца жанчын, яды цi выгаднага крадзяжу з узломам". Ён пакiнуў надзейнае сховiшча за комiнам.

Дах быў вельмi коўзкi, i гэта было небяспечна. Снег сляпiў вочы, а на падэшвах ператвараўся ў лёд. Адзiн раз Грунлiх паслiзнуўся, i перад iм, нiбыта нейкая дзiвосная рыба, якая ўсплывае на паверхню з цёмнай глыбiнi вады, узнiкла асветленая навiсь кавярнi. "Божа лiтасцiвы, ратуй мяне", прашаптаў ён, упёршыся абцасамi ў снег i сiлячыся ўхапiцца рукамi за што-небудзь. Учапiўшыся за край рыны, ён стаў на ногi i цiха засмяяўся навошта дарма скардзiцца на прыроду. Крыху пазней ён знайшоў жалезныя парэнчы пажарнай лесвiцы.

Наперадзе чакаў спуск, якi быў, на яго думку, найбольш небяспечным месцам, бо хоць лесвiца i была на тыльнай сцяне жылога будынка i яе не вiдно з вулiцы, але яна выходзiла на таварны склад, а там - канец палiцэйскага абходу. Палiцэйскi прыходзiў туды кожныя тры хвiлiны, цьмяная лямпа на рагу склада адсвечвала на яго чорных навашчаных крагах, скураной папрузе i кабуры рэвальвера. Глыбокi снег заглушаў крокi, i Ёзеф не мог разлiчваць на тое, што па кроках ён даведаецца пра наблiжэнне палiцэйскага, а цiканне гадзiннiка прымушала яго ўвесь час памятаць пра небяспеку. Нiзка прыгнуўшыся на пачатку лесвiцы, з трывогай усведамляючы, што яго лёгка можна заўважыць на белым фоне снежнага даху, ён крыху перачакаў, пакуль палiцэйскi з'явiўся i пайшоў назад. Потым Грунлiх пачаў спуск. Яму трэба было мiнуць толькi адзiн нежылы паверх, але калi ён дабраўся да акна верхняга паверха, дык трапiў у прамень святла i пачуў свiсток. "Хiба мяне можна злавiць?
– з недаверам падумаў ён.
– Дагэтуль мяне яшчэ нiкому не ўдавалася злавiць. Са мной такога нiколi не здарыцца". Павярнуўшыся спiнай да акна,

ён чакаў цi вокрыку, цi кулi, а ў галаве ў яго варушылiся добра падмазаныя колцы: адна думка чаплялася за другую i рухала трэцюю. Калi нiчога не здарылася, ён павярнуў твар ад лесвiцы i сцяны - на дварэ нiкога не было, святло iшло ад лямпы, якую нехта паставiў на паддашак склада, а свiсток быў адным з мноства гукаў, якiя чутны на вакзале. Гэтая памылка каштавала яму некалькiх дарагiх секунд, i цяпер ён пачаў шпарка спускацца, кiнуўшы думаць пра свае абледзянелыя чаравiкi i пераступаючы цераз дзве перакладзiны.

Дабраўшыся да наступнага акна, ён пастукаў. Адказу не было, i ён цiха вылаяўся, не зводзячы вачэй з таго рага склада, адкуль вельмi хутка павiнен з'явiцца палiцэйскi. Ён iзноў пастукаў, i гэтым разам усярэдзiне пачуўся шоргат пантофляў. Зашчапка акна пасунулася, i жаночы голас спытаў:

– Антон, гэта ты?

– Я, - адказаў Ёзеф, - Антон. Хуценька ўпусцi мяне.
– Фiранку адшмаргнулi, i хударлявая рука пачала цягнуць на сябе верхнюю раму. Нiжнюю, - падказаў шэптам Ёзеф.
– Навошта верхнюю? Ты, пэўна, лiчыш, што я акрабат.
– Калi рама паднялася, ён з нечаканым для такога таўстуна спрытам ступiў з пажарнай лесвiцы на падаконнiк, але працiснуцца ў пакой яму было нялёгка.
– Ты што, не можаш падняць раму хоць бы на дзюйм вышэй?..

Нейкi паравоз прагудзеў тры разы, i яго мозг машынальна вызначыў сэнс гэтага сiгналу: цяжкi таварняк. Потым ён улез у пакой, жанчына зачынiла акно, i шум станцыi зацiх.

Ёзеф стрэс снег з палiто, выцер вусы i глянуў на гадзiннiк: пяць хвiлiн на дзесятую, цягнiк на Пасаў пойдзе не раней, чым праз сорак хвiлiн, а бiлет у яго ўжо ёсць. Павярнуўшыся спiнай да акна i да жанчыны, ён крадком аглядзеў пакой: усе рэчы былi на тых самых месцах, як iх зафiксавала яго памяць, - той самы збан i мiска на ўмывальнiку чырванавата-карычневага колеру, расколатае люстра ў пазалочанай рамцы, жалезны ложак, начны гаршчок, карцiна на бiблейскi сюжэт.

– Акно лепей пакiнуць адчыненым. На выпадак, калi твой гаспадар раптам вернецца.

– Не магу. Ой, не магу!
– вымавiла яна тонкiм спалоханым голасам.

Ён павярнуўся да яе i сказаў з прыязнай усмешкай:

– Ах, якая ты сцiплая, Ганна, - i ўтаропiўся ў яе пранiкнёным вопытным поглядам.

Яны былi аднагодкi, але ў яе не было яго вопыту: хударлявая, усхваляваная, стаяла яна каля акна, яе чорная спаднiца ляжала ўпоперак ложка, а чорная блузка з белым каўнерыкам, якiя носяць служанкi, усё яшчэ была на ёй. Яна трымала перад сабой ручнiк, прыкрываючы iм ногi.

Ён насмешлiва глядзеў на яе.

– Ух, якая ж ты мiлая, Ганна.

Яна разявiла рот i нiбы зачараваная моўчкi ўтаропiлася ў яго. Ёзеф з агiдаю заўважыў, якiя ў яе крывыя i счарнелыя зубы. "Што б мне нi давялося яшчэ рабiць з ёю, - падумаў ён, - але цалавацца з ёй я не буду". Яна, пэўна ж, чакала, калi ён кiнецца яе абдымаць: яе сцiпласць ператварылася ў агiднае какецтва пажылой жанчыны, на якое яму давялося неяк рэагаваць. Прысеўшы ўскрай шырокага ложка так, каб ён iх раздзяляў, Ёзеф пачаў размаўляць з ёй на дзiцячай мове:

– Ну i хто ж гэта прыйшоў да нашай мiленькай маленькай Ганначкi? Такi вялiзны дзядзька! А як жа ён яе пацiскае!
– Потым дураслiва пагразiў ёй пальцам.
– Мы адны, Ганна. Мы з табой яшчэ павесялiмся. Га?
– Крадком, скоса зiрнуўшы на дзверы, ён з палёгкай зазначыў, што яны не замкнёныя: ад гэтай старой сучкi ўсяго можна было чакаць - яна магла замкнуць дзверы i схаваць ключ. Аднак на яго чырвонай тлустай фiзiяномii не было нi трывогi, нi агiды.
– Ну, як?

Яна ўсмiхнулася i глыбока i шумна ўздыхнула:

– Ох, Антон.

Ён усхапiўся на ногi, а яна выпусцiла з рук ручнiк i ў чорных баваўняных панчохах дробненька, па-птушынаму затупала да яго.

– Хвiлiнку, - сказаў Ёзеф.

Ён, нiбыта абараняючыся, падняў руку, жахаючыся той iснуючай са спрадвечных часоў пажаднасцi, якую сам жа i разбудзiў у ёй. "Абое мы далёка не прыгажуны", - падумаў ён, а прысутнасць бела-ружовай мадонны ператварыла гэтую сцэну ў наўмыснае блюзнерства. Настойлiвым шэптам ён спынiў яе:

– А ты ўпэўнена, што ў кватэры нiкога няма?

Поделиться с друзьями: