Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:

Мэйбл Уорэн налiла сабе кавы, моцнай, без малака i цукру.

– Гэта найлепшы матэрыял, якi я калi-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзiў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за iм з ордэрам на яго арышт у кiшэнi. Кэмбел з газеты "Ньюс" адразу ж кiнуўся за iм, аднак на вулiцы згубiў яго. Дадому ён болей не прыходзiў, i з таго часу пра яго болей нiчога не чулi. Усе лiчылi, што яго забiлi, аднак я нiколi не магла зразумець аднаго: калi яго хацелi забiць, дык навошта было выпiсваць ордэр на арышт.

– Уявi сабе, - без усякай цiкавасцi сказала Джанет Пардаў, - што ён адмовiцца гаварыць з табой.

Мiс Уорэн разламала булачку.

– У мяне яшчэ нiколi не было няўдач.

– Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?

– Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне iнтэрв'ю, - сказала яна злосна.
– Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзiн.
– I дадала ў роздуме: - Кажа, што ён школьны настаўнiк. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А

куды ён едзе? Сказаў, што выходзiць у Вене. Калi праўда, то я выйду разам з iм. Калi спатрэбiцца, паеду з iм у Канстанцiнопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.

– У турму?

– На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любiлi ў трушчобах. Але ён дурань, калi лiчыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга нiхто не памятае.

– Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзiш.

Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзiла ў сябе i вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столiк крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такiх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капылiла губкi, насуплiвалася, спрачалася i злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, якi сядзеў за столiкам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай i прываблiвай. "А што да жыда, дык адзiная яго добрая якасць - маладосць i грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет", - з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.

– Ты ж ведаеш, што гэта - праўда, - сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлiвасць сваiх здагадак.
– Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.

– Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсiм абавязана.

Словы гэтыя не супакоiлi Мейбл Уорэн. "Калi кахаеш па-сапраўднаму, думала яна, - не думаеш, чым ты абавязана". Свет, як лiчыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, i тых, хто жыве пачуццямi. Першыя бяруць у разлiк купленыя iм сукенкi, аплачаныя рахункi, але сукенкi з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплiвае рахункi са стала i зносiць iх прэч, i ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам цi iншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямi, помняць усё, яны не бяруць i не пазычаюць, яны плацяць нянавiсцю цi любоўю. "Я адна з iх, думала мiс Уорэн, вочы яе напоўнiлiся слязьмi, а булачка засела ў горле.
– Я адна з тых, хто кахае i помнiць заўсёды, хто захоўвае вернасць мiнуламу i носiць жалобныя гарнiтуры i жалобныя павязкi на рукаве. Я нiчога не забываю". Яе погляд слiзгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, - так стомлены матацыклiст з неадольным жаданнем пазiрае на просценькi гатэль з пунсовымi фiранкамi на вокнах i марыць пра таннае пiва, а потым iзноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай i пальмамi. "Я загавару з ёю, яна зграбная, - падумала яна.
– Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фiгурай. Вернасць зусiм не тое самае, што ўспамiны: можна забыць i заставацца верным, а можна памятаць i парушыць вернасць".

"Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў", спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар iх сустрэчы ў кiнатэатры на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, i ўсё-такi, усё-такi... Абедзве яны тады адчулi агiду да акцёра, якi выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуццi ў напружанай цiшынi цёмнай залы: "Мне агiдныя такiя распусныя мужчыны!" - i пачула словы згоды, вымаўленыя нiзкiм, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фiльм да канца, да апошнiх абдымкаў, да фiнальнай завуалiяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсцi i дзе-небудзь выпiць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кiнахронiку, i яны абедзве засталiся. Здаецца, у самы першы вечар выявiўся характар Джанет - потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзiлася пагаджацца з ёю ва ўсiм. Так было да ўчарашняга вечара, калi яна вырашыла вызвалiцца ад Мейбл Уорэн.

– Не выношу жыдоў, - злосна вымавiла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панiзiць голас.

I Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялiкiмi прамянiстымi вачыма, пагадзiлася:

– Гэтаксама i я, дарагая.

З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:

– Джанет, калi мяне не будзе побач, цi будзеш ты памятаць, як мы кахалi адна адну? Ты ж не дазволiш нiводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?

Ёй было б прыемна пачуць пярэчаннi, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзiць доказы, нейкiм чынам накласцi пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзiнае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:

– Ну, вядома ж, дарагая. Хiба я магу?

Калi б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблiчча, якое вярнула б ёй разважлiвасць i цвярозы розум. "Ну, гэта не па мне, - разважала яна, - трэба знайсцi задавальненне ў чым-небудзь прыгожым". Няма нiчога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткiя валасы, пра чырвоныя павекi, пра мужчынскi немiлагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернiкам. Калi яна знiкне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе iснаваць, хоць i будзе па iнерцыi спаць, есцi, выклiкаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамi падсмажаны хлеб i

казаць: "Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта". Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералiлася цераз край i запэцкала ёй спаднiцу, на якой ужо былi плямы ад тлушчу i пiва. "Якая рознiца, - цынiчна падумала яна, - чым займаецца Джанет, калi я пра гэта не ведаю. Якая рознiца, калi яна дазволiць якому-небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калi яна зноў вернецца да мяне". Але апошняя думка прымусiла яе скалануцца ад душэўнага болю. "Наўрад цi Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, - разважала яна.
– Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя днi, калi мы былi шчаслiвыя, пра тое, якiя я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якiя я ёй прысвячала. А ён будзе насмiхацца, i яна будзе насмiхацца, i, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна нiколi не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, цi сапраўды яна збiраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопiць ужо, свет на ёй клiнам не сышоўся, - думала мiс Уорэн, крышачы булачку i з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукi.
– Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кiнатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, - проста асалода гадзiнамi сядзець i назiраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робiць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохi, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкi значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага".

– Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо?
– весела спытала Джанет.

Цягнiк гайдануўся, i з грукатам уварваўся ў тунель, i вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапiўшы яго, як сярдзiтая рука выхоплiвае лiст паперы, раздзiрае яго i выкiдвае шматкi, i толькi на адным з iх можна прачытаць слова "Назаўсёды", - таму нiхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: цi прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, цi заявiла, што нiхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. I калi цягнiк iзноў выйшаў на сонечнае святло, заблiшчалi кафейнiкi, забялелi настольнiкi i сурвэткi, за вокнамi былi вiдаць палi, на якiх пасвiлiся каровы, а потым густы ельнiк, - мiс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, якi ўваходзiў у рэстаран. Яна пазнала ў iм суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна i яе спадарожнiк гаварылi так рэдка, што мiс Уорэн не магла зразумець, цi знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнiк план, якi дасць ёй не толькi загаварыць з дзяўчынаю, але i дапаможа ёй раз i назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты атрымаецца выдатнае распяцце.

– Да пабачэння, - сказала дзяўчына.

Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назiральнiцы, заўважыла, як яе спадарожнiк уцягнуў галаву ў плечы, нiбыта прысаромлены звычайны зладзюжка, якi, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлiвага прыгавору i робiць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлiвасцi. Неспрактыкаваны назiральнiк мог бы па iх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбiралася ў гэтым лепей.

– Я ўбачу вас яшчэ?
– спытаў жыд, i дзяўчына адказала:

– Калi захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсцi.

– Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, - сказала Мейбл Уорэн, i яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хiсткi пераход памiж вагонамi, якi гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся i трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай блiскучай аперацыi, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калi яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не манiла, у яе ўжо выспела блiскучая iдэя, i яе галава зараз была падобная на залiтую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба - гэта яна добра ўсведамляла, i адразу пачала прыкiдваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна нiколi не друкавалася на першай паласе. У iх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраеннi, арышт пэра за растрату i жанiцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Нiводзiн з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправiцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва "Навiны". "Канферэнцыю па агульным раззбраеннi i дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калi няма паведамлення пра вайну цi пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе", - думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая iшла наперадзе, яна ўявiла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокiм каўнерам i вузкiм туга завязаным гальштукам, - ён сядзiць у кутку свайго купэ, абхапiўшы рукамi каленi, а яна меле лухту яму наконт Белграда. "Доктар Цынер жыве", - прыкiдвала яна, прыдумваючы загалоўкi.
– Не, гэта не падыдзе, ужо мiнула пяць гадоў, i не ўсе памятаюць яго прозвiшча. "Чалавек-загадка вяртаецца"... "Як доктар Цынер пазбег смерцi"... "Толькi ў нашай газеце"...

– Мiлая дзяўчына!
– задыхаючыся, паклiкала яна, ухапiўшыся за парэнчы, - было вiдаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу i скрыгат буфераў.

Голасу яе не было чуваць, таму яна мусiла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролi, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапiла дыханне. Дзяўчына азiрнулася i падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным i засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуццi.

Поделиться с друзьями: