Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:

Дзверы адчынiлiся, i ў купэ ўвайшоў мужчына.

– З гэтага пункту гледжання споведзь у псiхааналiтыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара, - сказаў мiстэр Оўпi.

– Вы гаворыце пра споведзь?
– спытаў мужчына, якi толькi што прыйшоў. Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улiк i ролю лiтаратуры ў гэтай справе.

– Дазвольце мне пазнаёмiць вас, - сказаў мiстэр Оўпi.
– Доктар Цынер мiстэр К.С.Сейвары. I сапраўды зараз сабралiся разам удзельнiкi ў вышэйшай ступенi цiкавай спрэчкi - доктар, святар i пiсьменнiк.

– А вы не забылiся пра спаведнiка?
– павольна сказаў доктар Цынер.

– Якраз я i хацеў прадставiць вам яго, -

сказаў мiстэр Сейвары.
– У пэўным сэнсе я i з'яўляюся спаведнiкам. Паколькi раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманiст спавядаецца перад чытачом. Гэта i робiць чытача святаром цi псiхааналiтыкам.

Мiстэр Оўпi запярэчыў яму з усмешкай:

– Але ваш раман можна назваць споведдзю толькi ў тым сэнсе, у якiм ёю з'яўляецца сон. Тут павiнен сказаць сваё слова прыхiльнiк фрэйдызму. Фрэйдысцкi цэнзар, - паўтарыў ён гучней: цягнiк якраз праходзiў мост.
– Што на гэта скажа наш доктар?

Iх ласкавыя, жывыя, уважлiвыя вочы збянтэжылi доктара Цынера. Ён сядзеў, злёгку схiлiўшы галаву, няздатны перадаць словамi горкiя фразы, якiя ўзнiкалi ў яго ў мазгу. Ужо другi раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзiла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлiчваць на сваё красамоўства ў Белградзе?

– Дарэчы, ёсць жа яшчэ i Шэкспiр, - сказаў мiстэр Сейвары.

– А дзе яго няма?
– падхапiў мiстэр Оўпi.
– Ён крочыць як калос па ўсiм цесным свеце. Вы маеце на ўвазе...

– Як ён ставiўся да споведзi? Вядома, ён нарадзiўся католiкам.

– Як там у "Гамлеце"...
– пачаў быў мiстэр Оўпi, але доктар Цынер не дачакаўся, пакуль той закончыць фразу. Ён падняўся i злёгку пакланiўся абодвум.

– Добрай ночы, - сказаў ён. Яму хацелася выказаць сваё абурэнне i расчараванне, але ён толькi вымавiў: - Усё было дужа цiкава.

Калiдор, ледзь асветлены шэрагам цьмяных блакiтных лямпачак, змрочны, цягнуўся паўз цёмныя вагоны, якiя гайдалiся ў такт руху. Нехта ў вагоне трэцяга класа варочаўся ў сне i мармытаў: "Немагчыма. Немагчыма".

Кiнуўшы доктара, Корал заспяшалася з сакваяжам па цягнiку, якi кiдаўся з боку на бок. Яна цяжка дыхала i здалася Майету амаль прыгожай, калi ён убачыў, як яна торгае ручку дзвярэй у купэ. Ён адклаў убок карэспандэнцыю Экмана i спiс рыначных цэн ужо хвiлiн дзесяць назад, пераканаўшыся, што побач з фразамi i лiчбамi дзелавых папер у яго ў галаве ўвесь час настойлiва гучыць голас дзяўчыны: "Я вас кахаю" - "Ну i жартачкi, - падумаў Майет.
– Ну i жартачкi".

Ён зiрнуў на гадзiннiк. Наступны прыпынак будзе толькi праз сем гадзiн. Да таго ж ён даў гасцiнца кандуктару. Цi прывыклi яны да такiх любоўных спраў у цягнiках? Юнаком ён чытаў кнiгi пра каралеўскiх паслоў, якiх спакушала чароўная графiня, што падарожнiчала адна, без нiкога, i падумаў: цi выпадзе яму калi-небудзь такая прыгода? Ён агледзеў сябе ў люстры i прыгладзiў напамаджаныя валасы. "Нiшто сабе з твару, вось толькi скура магла б быць лепшая". Аднак, скiнуўшы футра, ён мiжволi нагадаў, што таўсцее, падарожнiчае толькi па справах гандлю разынкамi i ў яго няма партфеля з запячатанымi сургучом дакументамi. "А Корал непрыгожая расейская графiня, але я ёй падабаюся, i яна зграбная".

Майет прысеў, потым iзноў паглядзеў на гадзiннiк, iзноў падняўся. Ён хваляваўся. "Ах ты, дурань, - падумаў ён, - у ёй няма нiчога надзвычайнага: мiленькая, добрая, але праставатая - такую можна сустрэць у любы вечар на Спанiердз-роўд". Аднак, нягледзячы на такiя думкi, ён усё адно адчуваў, што ў гэтай прыгодзе было нешта незвычайнае. Магчыма, справа тут толькi ў абставiнах: падарожжа з хуткасцю сорак мiль у гадзiну на палiцы шырынёй крыху болей двух футаў. Магчыма, прычынай было яе прызнанне за вячэраю знаёмыя яму дзяўчаты

не адважылiся б вымавiць такiх слоў, яны б сказалi: "Я кахаю цябе", толькi калi б iх запыталi перад гэтым, але па сваёй волi яны хутчэй бы сказалi: "Ты неблагi хлопец". Ён пачаў думаць пра яе, як нiколi не думаў нi пра якую вядомую яму жанчыну: "Яна мiлая i прыгожая, мне хацелася зрабiць ёй што-небудзь прыемнае". Яму i ў голаў не прыходзiла, што ў яе ўжо ёсць падставы быць яму ўдзячнай.

– Заходзьце, - запрасiў Майет, - заходзьце.

Ён узяў у яе сакваяж, засунуў яго пад палiцу i потым схапiў яе за рукi.

– Ну, вось я i прыйшла да вас, - з усмешкай сказала яна.

Нягледзячы на гэту ўсмешку, яму здалося, што яна напалохана, i ён не мог зразумець чаму. Ён адпусцiў яе рукi, каб завесiць фiранкi на шкляных дзвярах у калiдор, i яны засталiся адны ў цеснай каробачцы купэ. Ён пацалаваў яе i адчуў, што яе вусны, халаднаватыя i мяккiя, няўпэўнена падатныя. Яна апусцiлася на сядзенне, ператворанае на ноч у ложак, i спытала:

– Вы сумнявалiся, цi прыйду я?

– Вы ж абяцалi!

– А магла б i перадумаць.

– А чаму?

Майета ахапiла нецярплiвасць. Яму мала было проста сядзець i весцi размовы: яна махала нагамi, i дастаючы iмi да падлогi, i гэта яго распальвала.

– Мы цудоўна прабавiм час.

Ён зняў з яе туфлi, i рукi яго пабеглi ўверх па панчохах.

– Вы чалавек вопытны, праўда?

Ён пачырванеў.

– А вам гэта непрыемна?

– О, не, я рада, вельмi рада. Я б проста не перанесла гэтага, калi б вы не былi такi спрактыкаваны.

Яе вочы, вялiкiя i напалоханыя, яе твар, бледны пад цьмянай блакiтнай лямпачкай, спачатку забаўлялi яго, потым здалiся прывабнымi. Ён хацеў, каб яе адчужанасць змянiлася палкасцю. Iзноў пацалаваўшы яе, ён паспрабаваў спусцiць сукенку з яе плеч. Цела дзяўчыны трымцела i варушылася пад сукенкаю, нiбыта кошка, завязаная ў мяху. Раптам яна падняла твар i пацалавала яго ў падбароддзе.

– Я на самай справе кахаю вас, праўда.

Незвычайнае пачуццё ўсё болей ахоплiвала яго. Ён нiбыта выйшаў з дому на штодзённы шпацыр, мiнуў газавы завод, прайшоў цагляным мостам цераз Уiмбль, перасёк два палеткi i раптам аказаўся не на сцяжынцы, якая вяла на ўзгорак, да новай дарогi з загараднымi дамамi, а на паляну ў нейкiм невядомым лесе, на цянiстую дарожку, па якой ён нiколi не хадзiў, i вяла тая дарожка бог ведае куды. Ён зняў руку з яе плячэй i, адсунуўшыся крыху ад яе, сказаў:

– Якая вы мiлая, - а потым здзiўлена дадаў: -Якая родная.

Нiколi раней ён не ўсведамляў, як у iм нарастае жаданне i як яно ўзмацняецца якраз таму, што ён разумее гэта. Раней яго любоўныя прыгоды заўсёды пачыналiся з прымiтыўнага ўзбуджэння.

– Што мне рабiць? Распранацца?

Ён кiўнуў - яму цяжка было гаварыць - i ўбачыў, як яна паднялася з ложка, пайшла ў куток i пачала распранацца, павольна i вельмi старанна здымаючы кожную рэч паасобку: блузку, спаднiцу, сарочку, станiк - i складаючы ўсё гэта акуратна на сядзенне насупраць. Назiраючы за яе няспешнымi, засяроджанымi рухамi, ён разумеў, якое ў яго недасканалае цела.

– Вы такая цудоўная, - сказаў ён, злёгку запiнаючыся ад невядомага раней хвалявання.

Калi яна прыйшла да яго з другога канца купэ, ён зразумеў, што памыляўся: яе спакой быў падобны да нацягненай струны, твар яе гарэў ад узбуджэння, а вочы глядзелi спалохана, i яна не ведала, смяяцца ёй цi плакаць. Але тут яны кiнулiся ў абдымкi адно аднаму ў вузкай прасторы памiж палiцамi.

– Няблага было б патушыць святло, - сказала Корал. Яна стаяла, шчыльна прынiкнуўшы да яго, а ён гладзiў яе, i абое злёгку пагойдвалiся ў такт руху цягнiка.

Поделиться с друзьями: