Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
– Яны баяцца такiх, як я.
– У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш i колькi хочаш. I палiцыя стаiць i слухае iх.
– Ну, тут iстотная рознiца. Мы не абмяжоўваем сябе толькi размовамi.
– Але ж будзе суд?
– Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.
Недзе прагучаў ражок, i пранiзлiвы свiсток працяў марознае паветра.
– Вiдаць, манеўруюць, - сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоiць яе.
Паласа дыму працягнулася звонку мiма вокнаў, i ў зале зрабiлася цёмна, загучалi галасы, людзi пабеглi ўздоўж чыгункi. Буферы памiж вагонамi
– Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, - вымавiла яна з цеплынёй у голасе.
Нiнiч сунуў вiнтоўку пад паху i пачаў пляскаць рукамi ў пальчатках.
– Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, - сказаў ён, гледзячы, як цягнiк выцягнуўся, нiбы гума, апiсаў дугу i знiк.
Стрэлкi застагналi i вярнулiся на ранейшае месца. На сустрэчным пуцi падняўся семафор. З будкi выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лiнiю i знiк з вачэй у напрамку да невялiкага дамка.
– Пайшоў абедаць, - з зайздрасцю сказаў напарнiк Нiнiча.
– За ўвесь час, пакуль я тут, нiколi не было, каб паравоз нарабiў столькi шуму, - сказаў Нiнiч.
Тут ён пачуў словы напарнiка:
– Маёру панеслi гарачы абед з казармы.
Але Нiнiч не паведамiў яму пра прыезд з Белграда начальнiка палiцыi ён зберагаў гэтую навiну для жонкi.
– Ты шчаслiвец. Я часта думаю, як добра з'есцi сапраўды абед. Думаю, няблага было б i мне ажанiцца, калi бачу, як твая жонка прыходзiць да цябе кожны ранак.
– Няблага, - стрымана пагадзiўся Нiнiч.
– Скажы, што яна табе прыносiць?
– Бохан хлеба i кавалак кiлбасы. Часам трошкi масла. Яна неблагая дзяўчына.
Аднак на душы ў яго было неспакойна. "Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купiць ёй сукенку i пацеркi, пайсцi з ёй у тэатр у Белградзе". Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-iншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркi, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кiнуў зайздросцiць ёй, а ў душы яго зацеплiлася добрае пачуццё да iншаземкi. Паляпваючы сваiмi вялiкiмi няўклюднымi рукамi, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць i кволасць жанчын.
– Прачнiся, - прашаптаў напарнiк, i абодва салдаты выпрасталiся i сталi нерухома па стойцы "смiрна" ў той час, калi з дарогi да станцыi павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлi i раскiдваючы пырскi.
– Каго там чэрцi прынеслi?
– прашаптаў напарнiк Нiнiча, ледзь варушачы вуснамi, але Нiнiч з гонарам падумаў: "А я ведаю, i раней ведаў, што гэты высокi з ордэнскiмi калодкамi афiцэр - начальнiк палiцыi", ён нават ведае прозвiшча другога афiцэра, якi, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны i трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнiк Хартэп не вылез.
– Ну i месцейка, - весела сказаў палкоўнiк Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.
Капiтан Алексiч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокi.
– Не маглi б ужо хаця
дошкi пакласцi.– Ну што вы, мы ж палiцыя. Нас не любяць. Бог ведае якi яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, - ён паказаў пальцам на Нiнiча, - дапамажы шафёру выгрузiць гэтыя скрынкi. Пастарайцеся, каб вiно не боўталася i бутэлькi стаялi.
– Маёр Петкавiч, пан палкоўнiк...
– Не звяртайце ўвагi на маёра Петкавiча.
– Даруйце, - вымавiў рэзкi, незадаволены голас маёра за Нiнiчам.
– Зразумела, маёр, - палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся i пакланiўся, - але я перакананы, дараваць вам няма чаго.
– Гэты салдат вартуе арыштаваных.
– Значыцца, вы затрымалi некалькi чалавек. Мае вiншаваннi.
– Двух мужчын i адну дзяўчыну.
– У такiм разе, я лiчу, што надзейны замок, вартавы, штых, вiнтоўка i дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.
Маёр Петкавiч аблiзаў губы.
– Палiцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесiяналам. Выгружайце ўсё з машыны, - загадаў ён Нiнiчу, - i перанясiце да мяне ў кабiнет.
Ён павёў афiцэраў за рог залы чакання i знiк з вачэй. Нiнiч глядзеў iм услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:
– Не магу ж я сядзець у машыне i чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусiм адвыклi ад працы.
Ён пачаў выгружаць скрынкi з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.
– Паўскрынкi шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькi каньяку. Кiлбаса, пячэнне да вiна. Зялёная салата. Алiвы.
– Вось здорава!
– усклiкнуў напарнiк Нiнiча.
– Неблагая ежа!
Нейкае iмгненне знямелы Нiнiч стаяў, утаропiўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым цiха сказаў:
– Сапраўдны банкет.
Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабiнет маёра, калi ўбачыў сваю жонку. Яна iшла па дарозе i несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хiтрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялiкiя боты. Нiнiч паставiў скрынку з фруктамi i пайшоў ёй насустрач.
– Я затрымаюся ненадоўга, - сказаў ён цiха, так, каб яго не пачуў шафёр.
– Пачакай мяне. Я павiнен табе нешта расказаць.
Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы.
Жонка села ўскрай дарогi, назiраючы за iм, але калi ён выйшаў з кабiнета маёра, дзе стол быў рассунуты i афiцэры пiлi перад снеданнем вiно, яна ўжо знiкла, пакiнуўшы абед на абочыне дарогi.
– Дзе мая жонка?
– спытаў ён у свайго напарнiка.
– Пагаварыла з шафёрам i потым пайшла назад у баракi. Нiбыта была нечым усхваляваная.
Нiнiча ахапiла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнiк Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзiў яго. I так заўсёды. Жыццё салдата - сабачае жыццё. Гэтыя цывiльныя атрымоўваюць вялiкае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да iх ставяцца i нават ублытваюцца ў справы салдата i яго жонкi. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ i пра iншыя сакрэты, толькi варта навастрыць вушы i не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабiнет маёра. Шампанскае там лiлося ракой. Усе трое гаварылi разам, пенснэ маёра Петкавiча звалiлася яму на каленi.