Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
"Я прызнаю ўсё, - сказаў Экман. Раптам яго крэсла паднялося, ён аказаўся высока над галавой Майета i пачаў грукаць аўкцыйным малатком. Адказвайце на мае пытаннi: вы прысягалi. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Вы спакусiлi дзяўчыну?"
"Як вам сказаць?"
Экман выскубнуў аркуш паперы з сярэдзiны стоса, павышморгваў яшчэ некалькi папер, пакуль стос не захiстаўся i не звалiўся на падлогу з такiм грукатам, нiбыта пасыпалiся цаглiны.
"Вось справа рук Джэрвiса. Хiтрая работа, скажу я вам. Вы ўжо заключылi кантракт з членамi праўлення, але ўсё адцягваеце, не хочаце яго падпiсваць".
"Усё
"А тыя дзесяць тысяч фунтаў Стаўрагу, калi вы ўжо мелi прапанову на пятнаццаць тысяч?"
"Гэта звычайная дзелавая аперацыя".
"А дзяўчына з Спанiердз-роўд? А тысяча фунтаў клерку Моўлта за iнфармацыю?"
"Чым жа я горшы за вас? Адказвайце хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Мiлорд i шаноўныя прысяжныя засядацелi, злачынец на лаве падсудных..."
"Я прашу слова. У мяне ёсць што сказаць. Я невiнаваты".
"Па якiм артыкуле? Якога кодэксу? Паводле права Справядлiвасцi? Па Законе Царкоўнай Дзесяцiны? Адмiралцейскага цi Каралеўскага суду? Адказвайце мне хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Тры ўдары малатком. Прададзена. Прададзена. Гэтая цудоўная прыбытковая фiрма, джэнтэльмены".
"Пачакайце хвiлiнку. Я скажу вам. Кароль Георг. Год 111, абзац 4, Вiкторыя 2504. I сярод махляроў ёсць сумленныя людзi".
Экман, раптам зрабiўшыся зусiм маленькiм у гэтай мiзэрнай канторы, загаласiў, заламваючы рукi. I ўсе прачкi, якiя тапталiся ў ручаi на глыбiнi па калена, паднялi галовы i загаласiлi, а ў гэты час сухi вецер змятаў пясок з марскiх пляжаў, з шумам гнаў яго на лiставы лес, i голас, хутчэй за ўсё голас Экмана малiў яго зноў i зноў: "Вярнiся". Потым пустыня загойдалася пад нагамi, i ён расплюшчыў вочы. Цягнiк стаяў. Снег заляпiў вагоннае шкло. Корал яшчэ не вярнулася.
Раптам нехта ў хвасце цягнiка пачаў рагатаць i здзекавацца з некага. Да яго далучылiся iншыя, i яны свiсталi i лаялiся. Майет паглядзеў на гадзiннiк. Ён праспаў болей дзвюх гадзiн. I пэўна, нагадаўшы голас, якi чуў у сне, пачаў хвалявацца за Корал. З паравознай трубы iшоў дым, i чалавек у спяцоўцы з заляпаным сажай тварам стаяў каля паравоза, безнадзейна аглядаючы яго. Некалькi пасажыраў трэцяга класа аклiкнулi яго, ён павярнуўся, пахiтаў галавой, пацiснуў плячыма - выгляд у яго быў зычлiвы, але разгублены. Начальнiк цягнiка шпарка iшоў уздоўж пуцi, адыходзячы ад паравоза. Майет спынiў яго:
– Што здарылася?
– Нiчога. Нiчога асаблiвага. Невялiкая няспраўнасць.
– Мы надоўга затрымаемся тут?
– Не, зусiм ненадоўга. На гадзiну, магчыма, на паўтары гадзiны. Мы выклiкалi па тэлефоне другi паравоз.
Майет зачынiў акно i выйшаў на калiдор. Корал нiдзе не было вiдаць. Ён прайшоў уздоўж цягнiка, заглядаючы ў купэ, спрабуючы адчынiць дзверы туалетаў, пакуль не дайшоў да вагонаў трэцяга класа. Тут ён згадаў чалавека са скрыпкай i доўга шукаў яго ў смярдзючых купэ з жорсткiмi драўлянымi лаўкамi, i нарэшце знайшоў - гэта быў невялiкi несамавiты чалавек з запаленымi вачыма.
– Сёння ўвечары я наладжваю вячэру, - сказаў яму Майет па-нямецку, - i хачу, каб вы пайгралi мне. Я заплачу вам пяцьдзесят пара*.
* Югаслаўская манета, адна сотая дынара.
– Семдзесят пяць, ваша правасхадзiцельства.
Майет спяшаўся, яму хацелася
як найхутчэй знайсцi Корал.– Ну, добра, хай будзе семдзесят пяць.
– Вы жадаеце што-небудзь журботнае, меланхалiчнае, кранальнае да слёз, ваша правасхадзiцельства?
– Нi ў якiм разе. Я хачу што-небудзь радаснае, вясёлае.
– Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй.
– Чаму?
– Яго правасхадзiцельства, вiдаць, iншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краiне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара.
I раптам, нягледзячы на нецярплiвасць i тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелi нiякага значэння, гаворка iшла пра нейкiя там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, i ён не збiраўся ўступаць.
– Семдзесят пяць пара. Нi на грош болей.
Скрыпач ветлiва ўсмiхнуўся: iншаземец прыйшоўся яму па сэрцы.
– Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзiцельства. Я прынiзiў бы сваю прафесiю, калi б запрасiў меней.
Пах чэрствага хлеба i пракiслага вiна ўжо не раздражняў Майета: такi пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносiн выйгрыш цi пройгрыш тут не меў анiякага значэння, - iшла барацьба за пары, а кожная з iх каштавала меней чвэрцi пенса. Майет пераступiў парог купэ, але не сеў.
– Восемдзесят пара.
– Ваша правасхадзiцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзiн дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней.
Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту.
– Шклянку ракii, ваша правасхадзiцельства.
Майет кiўнуў i, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбiтым краем.
– Восемдзесят пяць пара. Хочаце - пагаджайцеся, хочаце - не.
Яны пiлi i палiлi разам, цудоўна разумеючы адзiн аднаго, i таргавалiся ўсё болей люта.
– Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзiцельства. Я ж усё-такi музыка.
– Восемдзесят шэсць пара - гэта маё апошняе слова.
Трое афiцэраў сядзелi за сталом, келiхi былi ўжо прынятыя. Два салдаты з вiнтоўкамi з прымкнутымi штыхамi стаялi каля дзвярэй. Доктар Цынер з цiкаўнасцю сачыў за палкоўнiкам Хартэпам: апошнi раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калi ён, насуперак правасуддзю, спрытна кiраваў сваiмi iлжэсведкамi. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянiлi ў яго знешнiм выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрылiся на яго скронях, толькi ў куточках вачэй з'явiлася некалькi дабрадушных зморшчыкаў.
– Маёр Петкавiч, - сказаў ён, - прачытайце, калi ласка, абвiнаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.
Доктар Цынер выняў рукi з кiшэняў плашча i працёр акуляры. Ён прымусiў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.
– Абвiнаваўчае заключэнне?
– спытаў ён.
– Што вы маеце на ўвазе? Хiба гэта суд?
Маёр Петкавiч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:
– Змоўкнiце!
– Гэта разумнае пытанне, маёр, - сказаў палкоўнiк Хартэп.
– Доктар быў за мяжой. Бачыце, - працягваў ён мякка i вельмi зычлiва, - мы мусiлi былi прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.