Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:

– Мiстэр Карлтан Майет?
– спытаў ён.

Майет здзiвiўся. Ён нiколi не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на вiзiтоўку, ён прачытаў: "Мiстэр Лео Стэйн".

– А, мiстэр Стэйн.

– Здзiвiлiся, калi ўбачылi мяне? Спадзяюся, вы не лiчыце мяне занадта нетактоўным?

Ён выглядаў вельмi зычлiвым i сардэчным. "Зусiм як сапраўдны ангелец", - падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос - нос са шнарам, якi зрабiўся прамы пасля аперацыi. Варожасць памiж жыдом, якi не хаваў сваёй нацыянальнасцi, i жыдом, якi маскiраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцiсках рук i ў адведзеных адзiн

ад аднаго вачах.

– Я чакаў убачыць свайго агента.

– Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, - уздыхнуў Стэйн, пахiтаўшы бялявай галавой.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасiць вас зайсцi да мiсiс Экман. Я вельмi за яе хвалююся.

– Вы хочаце сказаць, што мiстэр Экман памёр?

– Знiк. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмi ўсё гэта дзiўна.

Было холадна. Майет зачынiў акно i, сунуўшы рукi ў кiшэнi футры, пачаў хадзiць па пакоi туды-сюды: тры крокi ў адзiн бок, тры ў другi.

– Нiчога дзiўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, павольна прамовiў ён.

– Некалькi дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмi пакрыўджаны.

– Я нiколi не давяраю жыду, якi перайшоў у хрысцiянства, - павольна, дакладна падбiраючы кожнае слова, сказаў Майет.

– Аднак жа дазвольце, мiстэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.

– Дапускаю, што, магчыма, ён у сваiх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведамiў мне, - сказаў Майет, спынiўшыся пасярод пакоя спiнай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.

– О, перамовы, - адбiтак Стэйна ў люстры быў не такi абыякавы, як яго голас, - яны ўжо скончаны.

– Ён паведамiў вам, што мы не будзем купляць?

– Але ж ён купiў.

Майет кiўнуў. Ён не здзiвiўся. За знiкненнем Экмана павiнна хавацца шмат чаго.

– На самой справе я вельмi хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, - павольна сказаў Стэйн.

– Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.

– Разумееце, ён быў устрывожаны.

– Чым жа?

– Ну, у яго з'явiлася такое пачуццё, нiбыта вы яму не давяраеце. I потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць мiласэрным.

– Але ж я не хрысцiянiн, мiстэр Стэйн. Я не веру, што мiласэрнасць галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, якi ён падпiсаў?

– Вядома.

Мiстэр Стэйн выцягнуў з кiшэнi цвiдавага пiнжака доўгi канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на iм паперы i пачаў уважлiва iх чытаць. Ён не рабiў нiякiх заўваг, твар яго не выказваў нiчога. Цяжка было ўявiць, якi ён быў шчаслiвы, калi вярнуўся да лiчбаў, - iх ён разумеў, i яны былi пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкiнуўся ў крэсле i пачаў вывучаць свае пазногцi: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабiў манiкюр, але яны патрабавалi да сябе ўвагi.

– Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў?
– спакойна спытаў Стэйн.

– Не, - абыякава адказаў Майет.

Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоцiцы, здавалася яму нерэальным. Вельмi хутка ён пра ўсё забудзецца, - гэта ж нiяк не звязана са звычайным

жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.

– Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсцi нейкую недакладнасць i скасаваць гэтае пагадненне?

– Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далi яму правы весцi перамовы.

– У яго не было паўнамоцтваў падпiсваць пагадненне. Не, мiстэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе нiякай карысцi.

Стэйн сеў на канапу i перакрыжаваў ногi. Ад яго цвiдавага гарнiтура пахла тытунём.

– Я не хачу вам нiчога навязваць. Мой дэвiз: нiколi не падводзiць свайго калегу бiзнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, мiстэр Майет, калi б яно было несправядлiвае. Але, бачыце, калi ўжо бедалага Экман падпiсаў гэты дакумент, фiрма Моўлта адмовiлася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другi раз яны не вернуцца да гэтай справы.

– Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацiкаўлены ў разынках.

– Ну, бачыце, пры такiх абставiнах, скажу вам па-сяброўску, мiстэр Майет: калi вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запалiць?

– Вазьмiце цыгару.

– А можна, я запалю люльку?

Ён пачаў набiваць люльку светлым мяккiм тытунём.

– Я думаю, што Экман меў за гэта неблагiя камiсiйныя?

– Ах, бедалага Экман! Я i сапраўды хацеў бы, каб вы наведалi мiсiс Экман. Яна вельмi нервуецца, - ухiлiўся ад адказу Стэйн.

– У яе не будзе падстаў хвалявацца, калi яна атрымае добрыя камiсiйныя.

Стэйн усмiхнуўся i запалiў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды - справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесцi шмат клопату. Некаторыя лiчбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фiрмы. Але яму не падабалася цана i тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзiцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў iхнюю фiрму.

– Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне i складзем новае.

Стэйн пахiтаў галавой:

– Паслухайце, мiстэр Майет, калi ласка, гэта будзе не зусiм справядлiва ў адносiнах да мяне.

Майет вырашыў, што рабiць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзiцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовiцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравiцца.

– Не думайце пра гэта, мiстэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другi.

– Ну добра. Але я ня ўпэўнены, цi будзе ў мяне час падумаць. Наколькi я ведаю сучасных дзяўчат, часу ў мяне не будзе. Сёння пасля полудня я сустракаю сваю пляменнiцу. Яна ехала з вамi ў адным цягнiку ад Кёльна. Гэта дачка бедалагi Пардаў, - весела сказаў Стэйн.

Майет дастаў партабак i, пакуль выбiраў i падразаў цыгару, вырашыў, што яму рабiць далей. Ён ужо пачаў ставiцца з пагардай да Стэйна. Той быў занадта гаваркi i паведамляў шмат зусiм непатрэбнага. Не дзiва, што ў яго справы прыйшлi ў заняпад. Але адначасова няясная цяга Майета да пляменнiцы Стэйна ўзмацнiлася. Даведаўшыся, што яе мацi была жыдоўка, ён раптам адчуў у ёй свайго чалавека. Яна рабiлася больш зразумелая i даступная, i ён саромеўся таго, што мiнулым вечарам паводзiў сябе з ёю так нацягнена. Пасля вяртання з Субоцiцы яны павячэралi разам у вагоне-рэстаране, i ён увесь час намагаўся паводзiць сябе як мага больш натуральна.

Поделиться с друзьями: