Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стары чалавек i мора (на белорусском языке)
Шрифт:

Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбiна, спакойная i прыгожая, варушыўся толькi хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблiзiць яе да лодкi. Усяго на нейкi момант рыбiна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася i распачала новы круг.

– Я зрушыў яго з месца, - сказаў стары чалавек.
– Усё-такi я зварухнуў яго!

На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялiзную рыбiну, напружваючыся што было моцы. "Я зварухнуў яго, - думаў ён.
– Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягнiце, рукi, - падумаў ён.
– Трымайце, ногi. Трывай, мая галава. Трывай дзеля

мяне. Ты нiколi не адключалася. На гэты раз я перавярну яго".

Але калi стары чалавек задоўга да таго, як марлiн зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усiх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся i адплыў.

– Рыба, - сказаў стары чалавек.
– Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забiць мяне таксама?

"Гэтым нiчога не дасягнеш", - падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. "На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, - падумаў стары чалавек.
– На шмат абаротаў мяне ўжо не хопiць. Не, цябе хопiць. Цябе хапацьме заўжды".

Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбiна выпрасталася i паволi паплыла сабе.

"Ты знiштажаеш мяне, рыба, - падумаў стары чалавек.
– Але ты маеш на гэта права. Я нiколi не бачыў велiчэзнейшай цi прыгажэйшай, цi спакайнейшай або шляхетнейшай iстоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб'е.

Нешта нядобрае робiцца з тваёй галавой, - падумаў ён.
– А яна павiнна быць ясная. Май ясную галаву i ўмей цярпець, як мужчына. Цi як рыба", - падумаў ён.

– Ясней, мая галава, - сказаў ён голасам, якi ледзьве пачуў сам.
– Ясней.

Яшчэ двойчы марлiнавы абароты заканчвалiся гэтак жа.

"Не ведаю, - думаў стары чалавек, - цi што ў мяне атрымаецца.
– Кожны раз ён траха не страчваў прытомнасцi.
– Не ведаю. Але яшчэ раз паспрабую".

Стары чалавек паспрабаваў яшчэ раз i адчуў, што яго апаноўвае млоснасць, калi ён павярнуў рыбiну на бок. Тая выпрасталася i зноў паволi адплыла, пайгойдваючы вялiзным хвастом у паветры.

"Я паспрабую яшчэ", - паабяцаў стары чалавек, хоць ягоныя рукi зрабiлiся лiпкiя, а вочы замглiлiся i толькi ў мiгi праяснення бачылi добра.

Ён паспрабаваў зноўку, i зноўку той жа вынiк. "Значыцца, - падумаў ён, а млосць ужо наплывала, - я паспрабую яшчэ раз".

Ён уклаў увесь боль i тое, што засталося ад ягонае дужасцi i даўно страчанае гордасцi, у свой высiлак, каб скончыць са змагарскай агонiяй рыбiны, i тая перавярнулася на бок i слухмяна паплыла, траха не датыкаючыся дзюбай да дошак чоўна, i мiнала лодку, доўгая, моцная, шырокая, срэбраная, спярэшчаная фiялетавымi палосамi i несканчоная ў вадзе.

Стары чалавек выпусцiў шнур i прыцiснуў нагой, пасля падняў гарпун, а ў гэтую хвiлiну ён сабраў i новыя сiлы, увагнаў рыбiне ў бок, якраз за вялiзным грудным плаўнiкам, якi ўзнiмаўся высака ў паветры на ўзроўнi рабаковых грудзей. Ён адчуў, як сталь уваходзiць у мяса марлiна, i ён успёрся на яе i ўвагнаў глыбей, а тады налёг на гарпун усiм цяжарам свайго цела.

Але рыба ажыла, хоць ужо трымала ў сабе смерць, i шуганула з вады, паказваючы ўсю сваю даўжыню i шырыню, i магутнасць, i красу. Здавалася, яна павiсла ў паветры над старым чалавекам

у чоўне. Пасля яна з грукам упала ў ваду, пырскамi залiўшы старога чалавека i ўвесь ягоны човен.

Старога чалавека адольвала млоснасць i слабасць, ды i бачыў ён кепска. Але ён разблытваў шнур гарпуна сваiмi паабдзiранымi рукамi, павольна прапускаючы той цераз пальцы, пакуль, калi зрок ягоны паяснеў, не ўгледзеў рыбiны, што пагойдвалася на спiне срэбраным жыватом угору. Страла гарпуна тырчала наўскос з пляча рыбiны, i мора чырванела ад крывi, што цякла з сэрца марлiна.

Спачатку здавалася, што гэта ў сiняй вадзе глыбiнёю больш за мiлю цямнее мелiна. Пасля пляма расплылася, як рассейваецца воблака. Рыбiна iльснiлася срэбрам, калыхаючыся, застылая, разам з хвалямi.

Зрок у старога чалавека на момант палепшыўся, i ён уважлiва ўгледзеўся ў гэты малюнак. Пасля двойчы абкруцiў вяроўкай гарпуна бiтэнг на носе лодкi i паклаў галаву на рукi.

– Не здавайся, галава, - сказаў ён, прыхiлiўшыся да дошак носа.
– Я стомлены стары чалавек. Але я забiў гэтага марлiна, свайго брата, i мушу яшчэ багата паваждацца.

"Цяпер я павiнен падрыхтаваць вяроўку i петлi, каб прыладзiць яго да борта, - падумаў ён.
– Нават калi б мы былi ўдвух i залiлi лодку, уцягнуўшы ў яе рыбiну, а пасля вычарпалi ваду, човен нiзашто не вытрымаў бы ягонага цяжару. Я павiнен усё падрыхтаваць, пасля прысунуць яго да борта, як след прывязаць, паставiць мачту, узняць ветразь i рушыць дадому".

Стары чалавек стаў падцягваць рыбiну да борта, каб займець магчымасць прасунуць вяроўку праз ейныя шчэлепы, выцягнуўшы пасля з рота, i прымацаваць галаву да носа лодкi. "Я хачу бачыць яго, - падумаў ён, - i кранацца, i адчуваць яго. Гэта мой скарб, - падумаў ён.
– Але не таму я жадаю адчуваць яго каля сябе. Мне здаецца, я пачуў ягонае сэрца, - падумаў ён.
– Калi штурхаў стралу гарпуна другi раз. Падцягнi яго зараз ды прымацуй, ды схапi пятлёю хвост, а другою - тулава, каб як след прывязаць яго да чоўна".

– Закасвай рукавы, старэча, - сказаў ён i глытнуў трошачкi вады.
Цяпер, па змаганнi, на цябе чакае процьма рабскае працы.

Ён зiрнуў угору на неба, тады ў ваду на рыбiну. Пасля ўважна паглядзеў на сонца. "Цяпер яшчэ толькi трохi папаўднi, - падумаў ён.
– I пасат узнiмаецца. Такой бяды ўсе гэтыя шнуры. Мы з хлопчыкам зросцiм iх удома".

– Iдзi сюды, рыба, - сказаў ён.
– Але марлiн не падышоў. Ён калыхаўся сабе ў хвалях, i стары чалавек сам пакiраваў лодку да яго.

Калi стары чалавек зраўняўся з рыбiнай i ейная галава датыкалася да носа лодкi, то ён не мог паверыць у памер гэтага марлiна. Але ён адвязаў вяроўку гарпуна ад бiтэнга, прасунуў яе праз шчэлепы i дастаў са скiвiц, абхапiў ёю меч, потым прасунуў вяроўку праз шчэлепы з другога боку, яшчэ раз схапiў ёю глюгу i, зрабiўшы вузел на двайной вяроўцы, прымацаваў яе да бiтэнга на носе. Пасля перарэзаў вяроўку i пайшоў на карму ўзяць пятлёю хвост. З фiялетава-срэбранай рыба зрабiлася цалкам срэбраная, а палосы мелi цяпер гэткi ж бледна-лiловы колер, што i хвост. Палосы былi шырэйшыя за чалавечую руку з растапыранымi пальцамi, а рыбiна вока глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсii.

Поделиться с друзьями: