Стары чалавек i мора (на белорусском языке)
Шрифт:
Яны разам узнялiся па дарозе да халупы старога чалавека i ўвайшлi ў яе праз адчыненыя дзверы. Стары чалавек прыставiў мачту разам з абкручаным вакол яе ветразем да сцяны, хлопчык паклаў скрынку да iншае начынне ля яе. Мачта была ў даўжыню амаль гэткая, як адзiн пакой халупы. У халупе, зробленай з моцных прылiсткаў каралеўскай пальмы, што завуцца guапо, мелiся: ложак, стол, адно крэсла i на земляной падлозе месца для гатавання на драўнiнным вугалi. На карычневых сценах з разгладжаных лiстоў трывалага валакнiстага guапо, якiя перакрывалi адзiн аднаго, вiсела каляровая карцiнка з Найсвяцейшым Сэрцам Гасподнiм
– Што ты маеш есцi?
– спытаўся хлопчык.
– Гаршчок жоўтага рысу з рыбай. Не хочаш трохi?
– Не. Я буду есцi дома. Зрабiць мне табе агонь?
– Не. Я зраблю пазней. Альбо буду есцi рыс халодны.
– Цi магу я ўзяць сетку?
– Ага.
У халупе не было жаданай сеткi, i хлопчык памятаў, калi яны прадалi яе. Але яны гулялi ў гэтую байку штодня. Не было анi гаршка з жоўтым рысам i рыбай, i хлопчык гэта ведаў таксама.
– Восемдзесят пяць - шчаслiвая лiчба, - сказаў стары чалавек.
– Што ты скажаш, калi рыбiна, якую я прынясу, разабраная заважыць тысячу фунтаў?
– Я вазьму сетку i пайду лавiць сардзiны. Ты будзеш сядзець на парозе на сонцы?
– Але. У мяне ёсць учарашняя газета, i я прачытаю пра бейсбол.
Хлопчык не ведаў, цi не выдумка i ўчарашняя газета, але стары чалавек выцягнуў яе з-пад ложка.
– Перыка даў мне ў bоdеgа*, - растлумачыў ён.
* Карчма (гiшп.).
– Я прыйду, калi налаўлю сардзiн. Пакладу твае i мае разам у лёд, i мы падзелiм iх ранiцой. Калi я вярнуся, ты раскажаш мне пра бейсбол.
– "Янкi" не могуць прайграць.
– Але мяне непакояць "Iндзейцы" з Клiўленда.
– Вер у "Янкi", сынок. Хай перад вачыма ў цябе стаiць вялiкi Дзi Маджыа.
– Мяне непакояць як дэтройцкiя "Тыгры", гэтак i клiўлендскiя "Iндзейцы".
– Сцеражыся, бо ты хутка пачнеш баяцца нават "Чырвонаскурых" з Цынцынацi i "Белых шкарпэтак" з Чыкага.
– Разбярэшся з гэтым i раскажаш мне, калi я вярнуся.
– Як ты думаеш, цi не купiць нам латарэю з апошняй лiчбай восемдзесят пяць? Заўтра ж восемдзесят пяты дзень года.
– Мы можам гэта зрабiць, - сказаў хлопчык.
– А як наконт васьмiдзесяцi сямi, памятаеш свой найбольшы рэкорд?
– Двойчы такое не здараецца. А ты здолееш знайсцi бiлет з лiчбай восемдзесят пяць?
– Я магу заказаць адзiн.
– Адзiн бiлет. Два даляры з паловай. У каго мы можам iх пазычыць?
– Гэта проста. Я заўсёды магу пазычыць два даляры з паловай.
– Мяркую, што я таксама. Але стараюся не пазычаць. Спачатку пазычаеш. Потым жабруеш.
– Не мерзнi, старэча, - сказаў хлопчык.
– Не забывайся, што цяпер верасень.
– Месяц, калi iдзе буйная рыба, - сказаў стары чалавек.
– Любы можа быць рыбаком у траўнi.
– Пайду па сардзiны, - сказаў хлопчык.
Калi ён вярнуўся, стары чалавек спаў у крэсле, а сонца заходзiла. Хлопчык зняў старую салдацкую коўдру з ложка i агарнуў ёю спiнку крэсла i плечы старога. Гэта былi дзiўныя плечы, усё яшчэ магутныя, хоць i вельмi старыя, i шыя таксама была
моцная, i маршчыны на ёй не гэтак кiдалiся ў вочы, калi чалавек спаў, нахiлiўшы наперад галаву. Яго кашуля была латана-пералатана гэтулькi разоў, што сталася падобная на ветразь, i кожная латка выцвiла на сонцы па-свойму. Усё ж ён быў вельмi стары, i ягоны твар, з заплюшчанымi вачыма, здаваўся нежывы. Газета ляжала на каленях, цяжар яго рукi трымаў яе, не даючы падхапiць вечароваму ветру. Ён быў босы.Хлопчык пакiнуў яго тут, i, калi вярнуўся, стары чалавек па-ранейшаму спаў.
– Прачнiся, старэча, - сказаў хлопчык i паклаў руку яму на калена.
Стары чалавек расплюшчыў вочы, нейкi момант як бы вяртаючыся аднекуль здалёку. Нарэшце ўсмiхнуўся.
– Што ты прынёс?
– спытаўся ён.
– Вячэру, - адказаў хлопчык.
– Будзем зараз вячэраць.
– Я не надта галодны.
– Трэба пад'есцi. Ты не можаш лавiць рыбу не еўшы.
– Здаралася i гэткае, - сказаў стары чалавек, устаючы i згортваючы газету. Потым стаў складваць коўдру.
– Акрыйся коўдрай, - сказаў хлопчык.
– Ты не будзеш лавiць рыбу галодны, пакуль я жыву на свеце.
– Тады жывi доўга i шануйся, - сказаў стары чалавек.
– Што мы будзем есцi?
– Чорны боб i рыс, печаныя бананы i трохi тушанага мяса.
Хлопчык прынёс ежу з "Тэрасы" ў металiчнай пасудзiне, што складалася з двух судкоў. Два прыборы - нажы, вiдэльцы i лыжкi - ляжалi ў кiшэнi, кожны загорнуты ў папяровую сурвэтку.
– Хто табе гэта даў?
– Марцiн. Карчмар.
– Я мушу падзякаваць яму.
– Я ўжо яму падзякаваў, - сказаў хлопчык.
– Табе няма патрэбы дзякаваць.
– Я дам яму мяса з нiжняй часткi вялiкай рыбiны, - сказаў стары чалавек. Ён дапамагаў нам больш як адзiн раз?
– Думаю, так.
– Дык я павiнен даць яму штосьцi болей, як мяса з нiжняй часткi рыбiны. Ён вельмi чула ставiцца да нас.
– Ён прыслаў пiва. Табе i мне.
– Мне больш падабаецца пiва ў бляшанках.
– Ведаю, але гэтае ў пляшках. Пiва "Наtueu", пляшкi я занясу назад.
– Дзякуй табе за клопат, - сказаў стары чалавек.
– Цi не пара нам есцi?
– Я ж цябе запрашаў, - мякка сказаў хлопчык.
– Не хацеў адчыняць судкi, пакуль ты не быў гатовы.
– Зараз я гатовы, - сказаў стары чалавек.
– Мне трэба было толькi памыцца.
"Дзе ж ты мыўся?
– падумаў хлопчык.
– Вада ў вёсцы за дзве вулiцы ўнiз па дарозе. Я павiнен нанасiць сюды вады, i мыла трэба яму даць, i добры ручнiк. Як можна быць такiм бяздумным? Я павiнен прыдбаць яму iншую кашулю i свiтку на зiму, ды нейкiя чаравiкi, ды iншую коўдру".
– Твая мясная страва цудоўная, - сказаў стары чалавек.
– Раскажы мне пра бейсбол, - папрасiў яго хлопчык.
– У "Амерыканскай лiзе" перамагаюць "Янкi", як я i казаў, - усцешана сказаў стары чалавек.
– Сёння яны прайгралi, - сказаў хлопчык.
– Гэта нiчога не значыць, вялiкi Дзi Маджыа зноў у форме.
– Ён толькi адзiн з гульцоў у камандзе.
– Вядома. Але ад яго ўсё залежыць. У iншай лiзе - памiж Бруклiнам i Фiладэльфiяй - я паставiў бы на Бруклiн. Тут у мяне ў думках Дзiк Сiслер i тыя яго магутныя ўдары ў старым парку.