Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:

I заспяваў ён панылую, смутную песню; о, быццам злавесны рог затрубiў мне ў вушы!

Забойчы спявак - прылада зла, сама невiнаваты! Ужо я ўстаў, гатовы да свайго найлепшага танца; але сваёй мелодыяй ён забiў маё захапленне.

Толькi праз танец магу я выявiць сiмвалы i падабенствы сама высокiх рэчаў: i вось найвышэйшы сiмвал так i не адбiўся ў рухах майго цела!

Засталася нявыказаная i не знайшла выйсця мая найвышэйшая надзея! I памерлi вобразы i суцяшэннi маёй маладосцi!

Як перанёс я ўсё гэта? Як вылечыў i адолеў гэтыя раны? Як паўстала мая душа

з гэтых магiл?

Так, ёсць у мне нешта неўмiручае, чаго нельга замкнуць у склеп, што здольнае ўзарваць нават скалы: гэта - мая воля. Моўчкi, не мяняючыся, праз гады.

Як i раней - сваiм ходам, але маiмi нагамi хоча iсцi мая воля; суровае i непераможнае адчуванне яе.

Толькi гэтая мая пята - непацэльная. Ты жывая i верная сабе, ты сама цярплiвая! I заўсёды прабiваешся цераз скляпы!

Што не вырашылася ў маладосцi, усё жыве ў табе; як маладосць, як жыццё, поўнае надзей, сядзiш ты тут, на магiльных руiнах.

Вiтаю цябе, мая воля, разбуральнiца скляпоў! Толькi там, дзе ёсць магiлы, магчымыя ўваскрэсеннi!"

Так спяваў Заратустра.

Пра самапераадоленне

"Воля да праўды" - цi не так называеце вы, наймудрэйшыя, тое, што парывае вас i робiць палкiмi?

Воля да памыснасцi ўсяго iснага: так называю я вашу волю!

Усё iснае вы хочаце спачатку зрабiць яўным, памысным: бо сумняваецеся - а цi памыснае яно.

Але яно не павiнна схiлiцца перад вамi i дапасавацца да вас! Так хоча ваша воля. Усё iснае павiнна зрабiцца гладкiм i падданым духу, як яго люстраны адбiтак.

Уся ваша воля, наймудрэйшыя, у гэтым памкненнi да ўлады, нават калi вы гаворыце пра дабро i зло, пра ацэнку ўсiх каштоўнасцяў.

Стварыць свет хочаце вы, перад якiм вы маглi б укленчыць: такая ёсць ваша апошняя надзея i ваша ап'яненне.

Тым часам як нямудрыя, гэта значыць народ, - падобныя на раку, па якой плыве човен, а ў iм урачыстыя i пышна ўбраныя каштоўнасцi.

Вашу волю i каштоўнасцi вы пусцiлi па рацэ станаўлення; я пазнаю вашу старую волю да ўлады па тым, у што верыць народ як у дабро i зло.

Гэта вы, наймудрэйшыя, пасадзiлi вашых гасцей у човен, далi iм бляск i гордыя iмёны, вы i ваша ўладнiцкая воля!

Далей нясе рака ваш човен: яна павiнна несцi яго. Не абыходзiць вам, што пенiцца ўзбураная вамi рака i гнеўна працiвiцца кiлю!

Не рака - небяспека вам i канец вашаму дабру i злу, наймудрэйшыя; але небяспечная сама воля да ўлады - невычэрпная самазарадная воля да жыцця.

Але каб вы зразумелi маё слова пра дабро i зло, хачу расказаць вам пра жыццё i ўласцiвасцi ўсяго жывога.

Я iшоў следам за ўсiм жывым, я прайшоў па вялiкiх i малых сцежках жывых, каб зведаць iх уласцiвасцi.

Стагранным люстэркам я лавiў позiрк жывога, калi былi сцiснуты ягоныя вусны; каб позiрк той гаварыў мне. I ён гаварыў.

Але дзе б я нi знаходзiў жывое, усюды чуў словы пра паслушэнства. Усё жывое слухаецца.

А цяпер другое, што ўведаў я: загадваюць таму, хто не ўмее слухацца самога сябе. Такая ўласцiвасць усяго жывога.

А вось трэцяе, што я чуў: загадваць цяжэй, чым слухацца. I не толькi таму, што той, хто загадвае,

нясе цяжар тых, якiя падпарадкоўваюцца, i што цяжар гэты можа лёгка раздушыць яго: спробаю i дзёрзкасцю здаваўся мне любы загад. I, загадваючы, жывое заўсёды ставiць сябе пад рызыку.

Нават загадваючы самому сабе, трэба яшчэ акупiць свой загад i стаць суддзёю, мсцiўцам i ахвяраю свайго ж закону.

"Як жа гэта адбываецца?
– пытаюся я ў сябе.
– Што прымушае жывое падпарадкоўвацца i загадваць, i, загадваючы, падпарадкоўвацца сабе?"

Дык слухайце ж маё слова, наймудрэйшыя! Пераканайцеся, цi сапраўды я пранiк у аснову асноваў жыцця i да самых нетраў яе сэрца?

Усюды, дзе было што жывое, я знаходзiў волю да ўлады; i нават у паслушэнстве слугi я бачыў жаданне быць панам.

Воля слабога схiляе яго падпарадкоўвацца моцнаму, бо хоча панаваць над тым, хто яшчэ слабейшы: толькi гэтай радасцi прагне ён i не хоча страцiць яе.

I як меншае аддаецца большаму, каб радавацца i панаваць над яшчэ меншым, так ахвяруе сабою i найвялiкшае, рызыкуючы жыццём дзеля ўлады.

У тым якраз i ёсць самаахвяраванне вялiкага, што яно - парыванне, i небяспека, i гульня, дзе стаўка - жыццё.

I там, дзе ёсць ахвяра, i служэнне, i позiркi кахання, - там ёсць i воля да панавання. Патайнымi сцежкамi прадзiраецца слабы ў крэпасць моцнага - да самага сэрца - i забiрае ўладу.

I вось якую таямнiцу расказала мне жыццё: "Глядзi, - сказала яно, - я тое, што ўвесь час пераадольвае самое сябе.

Хоць вы i называеце гэта прагай узнаўлення альбо iмкненнем да мэты - да найвышэйшага, далёкага, разнастайнага, але ўсё гэта - адзiнае i ёсць адна таямнiца.

Я хутчэй загiну, чым адмоўлюся ад гэтага: далiбог, там, дзе пагiбель, захад i лiстапад, там жыццё ахвяруе сабой дзеля ўлады!

Я - жыццё i павiнна быць барацьбой i станаўленнем, мэтаю i супярэчнасцю мэтаў: хто адгадае маю волю, той зразумее, якiмi крывымi дарогамi павiнна iсцi жыццё!

Што б нi стварала я, як бы нi любiла свой твор, - i яму i каханню я павiнна зрабiцца супрацiўцам, ты толькi сцежка i след маёй волi: сапраўды, мая воля да ўлады iдзе нагамi тваёй волi да праўды!

Хто ўзвясцiў "волю да iснавання", той прайшоў мiма праўды; такой волi няма!

Тое, чаго няма, не можа хацець; а што ёсць, - не захоча быць, бо ўжо ёсць!

Толькi там, дзе ёсць жыццё, ёсць i воля: але не воля да жыцця - а воля да ўлады! Так я вучу цябе.

Многае цэнiць той, хто жыве вышэй, чым жыццё; але i ў самой гэтай ацэнцы гаворыць воля да ўлады!"

Так вучыла мяне калiсьцi жыццё: гэтаксама, наймудрэйшыя, вырашаю i я загадку вашага сэрца.

Праўду кажу вам: няма такога дабра i зла, каб яны не мiналiся. Няспынна павiнны яны адольваць самiх сябе.

З дапамогаю вашых каштоўнасцяў i таго, што вы кажаце пра дабро i зло, вы чынiце гвалт, вы, ацэншчыкi: i ў гэтым ваша таемная любоў, бляск, трапятанне i парываннi душы.

Але яшчэ больш магутная сiла i новае пераадоленне вырастаюць з вашых каштоўнасцяў; аб гэтую сiлу i пераадоленне разаб'ецца яйцо i яго шкарлупа.

Поделиться с друзьями: