Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)
Шрифт:

I цяпер, калi мы, журботна ўздыхаючы, засыпаем наша няўдалае метро, Кантрыбуцыя выглядвае з кароўнiка i спачувальна пазiрае на нас. Дарагая Кантрыбуцыя! Якое ў цябе вялiкае i пяшчотнае сэрца. Ты адзiная разумееш i шкадуеш нас. Дзякуй табе, карова!

– Яшчэ не закончылi, антыхрысты!
– так неспадзявана грымнуў ззаду дзед Варава, аж мы папрысядалi. Мы страцiлi пiльнасць, не заўважаючы, што ж у нас за спiной робiцца. Папалiся-такi.

Наперадзе сцяна свiнарнiка, з бакоў - густы бур'ян, ззаду дзед Варава. Уцякаць няма куды. Так i здранцвелi мы, прысеўшы, як кураняты перад

каршуком.

– Не бойся, не крану!

Гэтыя словы нiбыта паднялi нас, разагнулi нам ногi. I як быццам хтосьцi роварнай помпай качнуў - так мы ўздыхнулi! I дрыготкiя нашы вусны самi па сабе расцягнулiся ў агiдную лiслiвую ўсмешку. Але дзед на нашу ўсмешку не паддаўся. Не любiў дзед такiх усмешак. Суровы быў дзед Варава.

Яго твар быў шэры i плямiсты, як залеташняе лiсце. Вусны тонкiя i моцна стуленыя, быццам у роце вада. Вочы без павек, круглыя i нерухомыя, як у пеўня. Здавалася, што дзед заўсёды нечым здзiўлены. Але так толькi здавалася. Мабыць, не было ўжо на свеце нiчога, што магло б здзiвiць дзеда Вараву. Яму пайшоў восемдзесят трэцi.

– Канчайце, гаўрыкi, i iдзiце рыхтаваць урокi, дыктант на носе.

Мы скрывiлiся. Мы гэта ведалi. I хто прыдумаў гэтыя дыктанты? Ды яшчэ вясною, калi ў паветры пахне футболам i цуркамi-палкамi, калi птушкi лямантуюць, як гандляркi на рынку, i калi так сонечна i цёпла, што мы з Явам ужо тройчы купалiся.

– Усё, здаецца. Так, як i было. Праўда ж?
– нясмела пытае Ява, прытоптваючы нагамi свежую зямлю.

Дзед скоса пазiрае на нашу работу - вiдаць, што ён не вельмi задаволены. Але кажа:

– Iдзiце, iдзiце ўжо. Але ведайце, яшчэ раз што-небудзь падобнае - вушы паабрываю i свiнням выкiну.

Бокам, спiнамi да бур'яноў, мы праходзiм каля дзеда i, абмiнуўшы яго, штосiлы бяжым. Уцякаем.

I якраз учасна: яшчэ iмгненне - i дзедава рука з размаху прыляпiлася б да маiх нагавiц...

Я жыву па суседству з Явам. I праз хвiлiну мы ўжо аддыхваемся ў нашым садку.

Мы сядзiм у бульбе пад вiшняю. Сядзiм i бядуем, што такая прыкрая няўдача напаткала нас з тым "метро". Але доўга сумаваць мы не ўмеем.

– Слухай, - раптам кажа Ява, - а давай зробiм... падводную лодку.

– Давай, - не задумваючыся, кажу я. I толькi пасля таго пытаю: - А з чаго?

– Са старой пласкадонкi. Той, што каля вярбы...

– А як?

– Ваду вычарпаць, дзiркi пазатыкаць, прасмалiць, верх забiць дошкамi. Вось тут перыскоп. Вось тут люк. На днiшча баласт.

– А рухавiк?

– На вёслах будзе. Нам жа не трэба, каб дужа ходкая. Абы падводная.

– А дыхаць?

– Праз перыскоп.

– А на паверхню як выплываць?

– Баласт выкiнем i выплывем.

– А як вадой залье i затопiць?

– Ты што, плаваць не ўмееш? Вось яшчэ! "Як? Як?" Дулю з макам з табою зробiш!

– Сам ты дуля з макам! Якi разумны!

– Ды ну цябе, - сказаў Ява ўжо прымiрэнча. А я i зусiм нiчога не адказаў не хацелася сёння сварыцца.

Мы выйшлi з саду i скiравалiся да старога калодзежа з жураўлём, з якога ўжо даўно i ваду не бралi - так затванiўся. Я перахiлiўся i гучна крыкнуў у задушлiвую i прапахлую цвiллю i балотам цемрадзь: "Го!" Я люблю гокаць

у калодзеж: такое "го" атрымлiваецца - аж у вушах ляскацiць. Такое "го" толькi ў калодзежы i пачуеш. Любата, а не "го". Вось - i зараз...

– Го!

– Го!

– Го!

Толькi адгалоскi пайшлi - няйначай аж да цэнтра зямлi.

I раптам у гэтыя адгалоскi ўплялося жаласнае тонкае скавытанне. Я натапырыў вушы.

– Ява!
– кажу.
– Там хтосьцi ёсць.

– Манi!

– Ану, гокнi i паслухай.

Ява перагнуўся i гокнуў. Мы прыслухалiся. I выразна пачулi з глыбiнi плаксiвае шчанячае скуголенне.

Мы пераглянулiся.

– Нейкая недарэка ўкiнула туды цюцiка, - сказаў Ява.

– Точна, - сказаў я.

– Ну дык што?
– сказаў Ява.

– Трэба выцягваць, - сказаў я. Хаця мог гэтага i не гаварыць. Бо ён такiм тонам запытаў, што гэта ўжо быў i адказ.

– Значыць, так, - сказаў Ява.
– Я сядаю ў цэбрык i спускаюся. А ты мяне трымаеш.

– За што? Хiба я цябе так утрымаю?

– Ты i сапраўды слабак. Не ўтрымаеш.

– Дык, значыць, я спускаюся, а ты мяне будзеш трымаць, калi ты такi дужы.

– Не, спускацца буду я. Я першы сказаў... I... i ў цябе была тыдзень назад ангiна. Табе нельга ў калодзеж. I наогул, у цябе насаглотка... Мы, ведаеш што, - вяроўку прывяжам вунь да таго бруска - вагi. I ты будзеш цягнуць. Вельмi зручна.

– А дзе ўзяць вяроўку?

– А вось шворка.

– Дык на ёй жа каза. Разам з казою прывяжам, цi што?

– Каза так пагуляе, нiдзе не дзенецца.

– Ну што ж, давай!

– Мме-е-е!
– радасна праспявала адвязаная каза i адразу пабегла ў шкоду. Але нам не было часу яе выхоўваць.

Ява сеў у цэбрык, я ўзяўся за шворку, прывязаную да бруска на кароткiм плячы жураўля.

– Папускай! Папускай пацiху, - загадаў Ява.

Аперацыя пачалася.

Спуск прайшоў нармальна, i праз нейкiя паўхвiлiны пачулася глухое, як з бочкi, Явава: "Стоп! Харош!"

Я кiнуўся да калодзежа:

– Галльоў! Крынiцанаўт Ява! Як сябе адчуваеце?

– Выдатна! Пульс нармальны. Бязважкасцi няма. Цiск трыста атмасфер. Прыняў на борт пацярпеўшага таварыша Сабакевiча. Ой-йой-ой! Ты чаму адпусцiў? Тут вельмi гразка! Засмоктвае! Цягнi хутчэй!

Я войкнуў. Учапiўся абедзвюма рукамi за шворку i пачаў цягнуць.

Ого-го! Ох! Эх! Ух! Ну й цяжка! Цягну, аж прысядаю. З усiх сваiх сiл, усёй вагою цела цягну шворку ўнiз. I раптам адчуваю, што ногi адрываюцца ад зямлi. Ой, горачка! Гэта ж я зараз падымуся i буду вiсець над зямлёю, як жаба на кручку, толькi нагамi буду дрыгаць.

Пераважылi мяне Ява са шчанючком. Ой-йой-ой!

– Ява!
– крычу ў адчаi.
– Ява! Памагай, бо я ў неба лячу!

Зразумеў, пэўна, Ява сiтуацыю, паслухаўся, бо пяты мае зноў дакранулiся да зямлi. А тут я нагою зачапiўся за корань, што якраз каля мяне вытыркнуўся з зямлi. Закрактаў я ад напружання - вось-вось жылы, як струны, палопаюцца - i з калодзежа, як бурбалка, павольна паказалася галава Явы.

Першым на зямлю ступiў "таварыш Сабакевiч" - кудлатае, аблавухае, рудое шчаня, а потым ужо Ява.

Поделиться с друзьями: