Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трошкі далей ад Месяца...

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Бяскішкіна. Божа, нашто гэта дзіцяці?

Вярыга. Компас – не галоўнае. Бачыш, на сценках тры фігуркі і каля кожнай надпіс: “Вока прамое, вуха прамое, язык прамы – кроч смела”.

Сяргей. А што гэта на далоні ў чалавечка, які круціцца?

Вярыга. Хрызапраз. Яны верылі, што калі ён пры чалавеку, – чалавек адрознівае здрадлівых людзей сярод добрых. I сам заўсёды чысты.

Сяргей. А як насілі?

Вярыга. Насілі на шыі. Бачыш, ланцужок.

Сяргей. Дзякуй вам, вялікі дзякуй.

Вярыга. Гэта табе дзякуй. I

даруй, Сярожа. Сёння я еду, гэта табе... ад мяне...

Сяргей надзявае “матку” на шыю, пад сарочку, уздыхае. Вярыга сеў і адразу як сагнуўся.

Сёння друг расказаў мне гісторыю, пра якую лепей мне было не ведаць.

Ганна. Што такое?

Вярыга. Выявілася, што ў гісторыі са мною сапраўды быў данос... Ты шчаслівы, Сярожа, што зараз гэта немагчыма, што гэтага ніколі больш не будзе... А я бачыў гэты дакумент. Подпіс малазнаёмага, але ўсё ж знаёмага чалавека. Ён тады працаваў на маім заводзе, быў эканамістам.

Ганна. Бо...! (Асеклася, глянуўшы на Алеся.)

Бяскішкін. Глупства нейкае. Усё прайшло... пакінем.

Вярыга. Не, гэта не глупства. Пад дакументам подпіс: “А. Бяскішкін”.

Цішыня.

Крыўдна не гэта. Крыўдна нават не тое, што гэты чалавек жыве. Жыць павінен кожны. Мне не было б лягчэй, каб з ім нешта здарылася. Крыўдна другое: ён смярдзіць, ён атручвае і збівае з дарогі маіх сяброў, ён робіць так, што чыстыя юнакі не хочуць жыць... Ён усё яшчэ паскудзіць, гэты чалавек. Ён карыстаецца тым, што некаторыя стаміліся і вырашылі жыць для сябе... Вораг маіх сяброў, вораг чалавечай чысціні...

Бяскішкін. Хлусня! У вас няма права...

Вярыга. Я не хлушу. Ніколі.

Бяскішкін. Я таксама грамадзянін! Права няма...

Вярыга. Права на праўду заўсёды жыве.

Бяскішкін. Што ж гэта такое? Ганна Вадзімаўна!

Ганна. Бог з вамі, Авар’ян Аркадзевіч. Я недалёкая жанчына, але...

Бяскішкін. Алесь, што ты?..

Алесь Пятровіч глядзіць у другі бок.

Ну, добра, ну, добра. Гняздо злодзеяў умывае рукі.

Сяргей. Маўчыце!!!

Бяскішкін. Нічога. Гэта так не абыдзецца. Не ўсіх добрых людзей ваўкі паелі. (На жонку.) Маўчы, дура! Пачакайце, будзе яшчэ вам!

Вярыга (шэптам). Прэч, прэч, нізкі вы чалавек.

Бяскішкін моўчкі заспяшаўся да дзвярэй. За ім жонка. Цішьшя.

Грукнулі дзверы. Усе маўчаць, прыгнечаныя.

Ганна. Альжбета сказала б: “Крычаць, аж у Крычаве чуваць”. Божа, Божа!

Паўза.

Вярыга. Вось да чаго дайшло, Алесь... Ты разумееш, пакуль нічога не змянілася –

мне нельга тут быць. Бывай, браток. (Ідзе. Каля дзвярэй спыніўся.) Я вельмі люблю цябе. Я шкадую цябе... I люблю.

Выходзіць. Цішыня. I раптам Сяргей упускае на падлогу крэсла.

Сяргей. Што ж гэта такое?! Да чаго дажылі?! Якімі вачыма на нас глядзець? Дом пусцее!

Алесь. Маўчы, чуеш! Для цябе ўсё...

Сяргей. Не магу! Гандляры ў храме! Няма сілы, сну... пры адной думцы аб тым, што ваша гнілая любоў да грошай можа ўсесціся на сэрцы, на чалавечнасці, на волі, на пяшчоце нашай. Зажэрліся! Сорам людзям у вочы глядзець. Яны працуюць, а вы... вы жарэце.

Гучная поўха пралунала ў пакоі. Сяргей глядзіць на бацьку дзікімі вачыма, кулакі яго сціскаюцца.

Ганна. Сярожа!

Але вочы Сяргея ўжо згаслі. Ён павярнуўся, пайшоў у свой пакой і замкнуў за сабою дзверы.

Ганна. Ты ўпершыюо ў жыцці ўдарыў хлопца... Якраз тады, калі ягоная праўда. Я недалёкая жанчына, але гэта... гэта брыдка, Алесь.

Алесь. А хто спытаў, як жыве чалавек, што ён думае, як цягае шкуру на гэтых дарогах?! Я вінен! Я друг Вярыгі, і я падружыў з Бяскішкіным, я салдат – і падружыў з Бяскішкіным, я салдат – і я закрыў вочы на тое, што падначаленыя крадуць. Я не гандляр – і я атрымліваў камісійныя. Хто спытаў у мяне, што думаў і як пакутваў я? Я, я, я вінен! Я мярзотнік, а ўсе святыя. (Грукае ў дзверы. Голас яго гучыць дзіка і жаласна.) Сяргей, Сяргей, адчыні! Адчыні мне! Расчыняюцца ж дзверы перад усімі. Маўчыш? Сярожанька! Што ты ведаеш аб жыцці... Маўчыш? Ну добра. Вы, што кідаеце чалавека на дарозе! Сволачы! Сволачы! (Амаль хістаючыся, ён ідзе з пакоя.)

Ганна. Алесь!

Бразнулі дзверы.

Курчыць яго. А што разумець у жыцці? Жыві сабе і менш думай і спадзявайся. (Заплакала.) А сэрца як на дзве паловы разадралі. Хто вінен? За што? За што пакутваюць бацькі? За што дзеці? Як нарогам па полі... Вялізны разор правялі.

Ціха з’яўляюцца ў дзвярах Вярыга і Наташа.

Наташа. Цёця Ганна. Мама. Не плачце.

Абняліся і плачуць разам.

Вярыга. Я пабачыў Наташу ў пад’ездзе. Чакалі разам. Толькі што Алесь прабег, без шапкі. Каб ён не выйшаў – давялося б да заўтрашняй раніцы чакаць.

Ганна. Чаму?

Вярыга. Сэрца баліць, Ганначка, друг мой стары. Не кідай гэтага чалавека. Ён добры, ён заблытаўся толькі. Цяжка было ісці прама. Зрабі, каб ён ажыў, каб я мог прыехаць зноў.

Ганна. Паспрабую, родны. Але што я магу? Я жанчына, ды яшчэ і...

Поделиться с друзьями: