Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Творы

Богушевич Франтишек

Шрифт:

Воўк і авечка

Злавіў воўк ягнятка І панёс жывое! Плачуць сын і матка, Як бабры, абое. Воўк над маткай злітаваўся, Як які аконам, У аўчынку перабраўся Ды ідзець з паклонам. «Прыйшоў, - кажа, — я здалёчку Расказаць пані авечца Добру вестку аб сыночку, — Як яму цяпер жывецца. Не пазнала б ты ніколі, Такі стаў дасужы І жывець сабе на волі, Без бяды, без нужы. Зубы выраслі з клыкамі, І адпалі рожкі, Ножкі цяпер з пазурамі, Хвост даўжэйшы трошкі. І ўжо воўка не баіцца, Ў хлеў ніхто не гоне; Мае чым абараніцца І другіх бароне! Прыйдзі, імасць, да нас ў госці, Справім сабе вечарынку: Будзе мяса, будуць косці, Будзем есць без адпачынку!» «Дзякуй, дзякуй, ягамосці, За весці такія! Няхай прыйдзе сын у госці, Пагляджу, ці вые? Бо, кажуць, меж вамі Трэба выць ваўкамі. Я ж па-воўчу не умею Ні выць, ні есці, ні лгаць. Ды скінь скурку, дабрадзею, Бо зубкі відаць». І авечка, хоць дурная, А воўка ж пазнае!

Мая хата

Бедна ж мая хатка расселася з краю, Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю, Ля самага бору, на беражку лесу; Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу. Як няма гарэлкі, няма куска хлеба, Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба? Да хоць няма хлеба, жабраваць не буду, Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду! Кепска ж мая хатка, падваліна згніла, І дымна, і зімна, а мне яна міла; Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, — Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі. На страсе мох вырас, на маху бярозка. Мільшая мне хатка, як чужая вёска. Сваталі ж мне ў прыймы у новую хату, На зямлю ражайну і дзеўку багату; Буду жыць, казалі, як які пасэсар [21] , Ездзіць парай коні, як сам пан асэсар [22] ; Да мне даражэйшы вугал гэты гнілы, Камень пры дарозе, пясок ля магілы, Як чужое поле, як дом мураваны! — Не аддам за сурдут каптан свой падраны. Клікалі ж у госці і клічуць суседзі — Не пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі Ад чужога хлеба губы абсядаюць, Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць. Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце, Не пайду да вас я, хіба у арэшце. А хоць сілай навет адарвалі б з дому, Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому. Заваліцца й хата, зарастуць пакосы, Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы! Насек бы бярвенняў, нацягаў бы моху, Зноў бы склеціў хату як-кольвек патроху, Зрабіў бы камору, выкаваў бы жорны, — Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны! Ну дык жа адстаньце, нашто я вам трэба: Ці каб ваш хлеб есці, ці рабіць
вам хлеба?

21

Пасэсар — арандатар.

22

Асэсар — станавы прыстаў.

Праўда

Ой, цяжка ж, цяжка, Не сярмяжка цяжка, Але з гэтай доляй, А ўсё штораз болей! Ох, цяжкая ж доля! От так бы, здаецца, Скрозь зямлю прапаў бы б ці ў слёзы б разліўся! Ці мне жыць на свеце, ці мне куды дзецца? Ой, Божа ж мой, Божа, нашто ж я радзіўся?! Ой, нашто ж мне дана тая мая мова, Як я не умею сказаць тое слова, Каб яго пачулі, каб яго пазналі, Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі; Каб і разышлося то слова па свеце, Як праменні слоньца цёплага у леце; Каб на тое слова ды людцы зрадзелі Так, як тыя дзеткі на святой нядзелі; Каб жа тое слова ды людцоў з'яднала, Каб на тое слова варагоў не стала; Каб людцы прызналі братоў ды братамі — Дзяліліся б доляй і хлеба шматамі. А без таго слова я — нямы калека! Хоць бы занямець мне і да канца века! Ой, нашто ж мне вочкі, ой, нашто ж мне ясны? Каб глядзеў, які я ад усіх няшчасны? Каб душа балела, гледзячы на долю, Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? Каб было чым плакаць і удзень і ўночы?! Ой, Божа ж мой, Божа, вазьмі ж мае вочы! Нашто ж тыя вушы, як не чуць нічога Ні ад людцоў добрых, ні з неба ад Бога? Ой, ці не на тое ж, каб чуць людзку лайку Ды тую плачонцу дудку-самаграйку, Нашую жалейку, што енча, не йграе, — Хоць як выйгравай ты, а яна смутная? Ой, ці не на гэта ж, каб чуць, як звякаюць Ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць. Не здзекуйся ж, Божа, нада мной, над імі: Парабі усіх нас, як камень, глухімі! Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда, Бо жыць без яе нам не вяліка наўда! Прасі ў Бога ласкі: «Адвярні ты, Божа, Злую нашу долю на сухія пушчы. Адвярні на камень ці на бездарожжа, На вялікі ройсты [23] , на пяскі сыпушчы, Ды каб не зазнала ніяке стварэнне Гэтай долі нашай да веку сканчэння!» Не пачуў ён енку, не увідзеў мукі, Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі! Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца, Памагчы крыж несці, як «з Богам не біцца». Абсмяялі людзі мяне, як дурнога, Да цябе паслалі, да самога Бога, Там, казалі, праўда, тут тыкеле сіла! Даўней, кажуць, праўда па свеце хадзіла, Жабруючы ж, змёрла, а людцы схавалі, Каменем накрылі, зямлю пааралі, Каб не чуць, не ведаць аб ей ані весці, Ды цяпер і кажуць: «Праўда ў небе гдзесьці!» Да пашлі ж ты, Божа, Праўду сваю тую З неба на зямельку, слязьмі залітую! Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі, Мучылі за праўду, сілай паканалі; Пашлі ж цяпер Духа, да пашлі без цела, Каб уся зямелька адну праўду мела!

23

Ройсты (польск. rojsty) — багна; імшары, лясныя лагі.

Здарэнне

Ехаў я раз ад Кіяны [24] Ды ў Смургоні, і не п'яны, І даехаў на Ваўкелы [25] , А конь добры быў — мой белы. Тыц! стаў конь, наравіцца! І храпець і дыба стаў, Што не можна прыступіцца, Чуць аглоблі не зламаў. Гляджу: бочка ля дарогі. Чыста ж бочка, толькі рогі Як бы трохі відаць збоку. Думка: вёз хтось, ды здалёку. Як прыстала, дык, скаціўшы, Сам начуе гдзесь у вёсцы. Або, можа, быў падпіўшы, Страціў бочку пры дарожцы! А што ў бочцы? хто там ведаў? Можа, брага, можа, водка!.. А я ж той дзень не абедаў, — Вот каб, думаю, сялёдка?! Або каб алей Бог даў бы, Ўжо ж не сцярпеў бы, украў бы! Ото ж, думаю, закрашу! Надта я люблю з ім кашу. Падышоў да бочкі, зрухаў, Калі адаткнуў, панюхаў, Аж з радасці страпянуўся, На ўсе бокі аглянуўся! Ну, свяжусенькім алеем Смак пачуў на губе, носе!.. Хоць не быў яшчэ зладзеем, Але ж тут дык давялося. Так ужо я чагось рад, Падвярнуў свой панарад, За уторы [26] падняў бочку, Абпёр яе на лучочку [27] А конь смык — падаўся ўперад. А бадай табе тут верад! Падкаціў я бочку зноў І якраз ужо навёў, А конь смык, — назад, ды тоўк! А бадай цябе тут воўк! Я ізноў давай каці… Здумаў — лепей распрагці. Ўзяў каня, як след распрог, Зірк — аж конь мой і без ног. Конь не конь, а зыдлам стаў; Я спалохаўсь, пражагнаў… Дык зноў конь і сам запрогся, Я спалохаўся і змогся, Скінуў опратку, перажагнаўся, Зноў-тыкі за бочку ўзяўся. А так цёмна — хоць коль вочка. Калі гляну: то ж не бочка, А каза стаіць з рагамі! Хвост, бародка і з нагамі… Аж тут пятух калі крыкне, Каза ў лужу калі скікне, Калі ў лесе зарагоча, Конь дахаты калі скоча… Вот тут я і дагадаўся, Каму ў рукі-то папаўся. Давай казаць: «Анёл паньскі [28] , Згінь, прападні, дух шатаньскі!» І цяпер, як хто смяецца, — Мне усё каза здаецца. З таго часу да алею Я не мог душу прымусіць, Адвярнула, дабрадзею, Так-то чорт нас, грэшных, кусіць! Каб не крыж, — прапаў бы, мусіць?!

24

Кіяны (Кяна) — вёска каля Рукойнаў.

25

Ваўкелы — забалочаная сенажаць з хмызамі ля Багушэвічавай сядзібы ў Кушлянах.

26

Уторы — краі-выступы ў бочцы, пазы для замацавання дна.

27

Лучок — вушка ці дужка на бочцы.

28

Анёл паньскі — малітва каталікоў за памерлых; паводле падання, разганяе страхі, прывіды.

Немец

Не люблю я места (па-расейску — горад). Надта там цяснота і вялікі сморад. А паноў як маку ды серад гароду, Апроч таго, пропасць рознага народу! Наш брат як увойдзе, — сам сябе баіцца: Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца? Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца: Пакланіцца немцу ці якому жыду! Няхай яго сточа — набярэшся стыду; Няхай лепей з дому я той дзень не выйду. А пазнаць жа трудна як жыда, як немца, Як пана якога ці там чужаземца. А што жыд да немец — дзеці аднэй маткі: І мова падобна, і адны ухваткі. І абодва ласы на чужую працу, І, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу! Абодва абдураць, абдзяруць як ліпку, Адбяруць і сошку за бітую скрыпку. Пан наш нябожчык (няхай яму свеця), Як умёр, ці чварта вёсна то, ці трэця. Як яго скруцілі, чыста абадралі, Глядзіць — будзе кепска, што тут рабіць далей? Ўсё пусціў арэндай; найперш пусціў жыда, У млыне сеў немец — якаясьць абрыда, — Граўшы па дарогах, прыйшоў з-за граніцы, Прынёс толькі торбу і ў ёй дзве скрыпіцы. Двор купіў хтось рускі так як за дурніцу, Пан зышоў далёка кудысь за граніцу! Жыд зараз убіўся у рускага ў ласку: Штодзень ходзе ў лесе ад самага браску [29] От ходзіць ён гэта да ўсё дубы ліча, Як трэба, і грошы рускаму пазыча. А як аблічыўся ды дубы абмераў, — У восені выгнаў з тысячу сякераў, — Счысціў пушчу чыста, за пасекі ўзяўся, Як кабан, раз'еўся ды, як пан, зазнаўся, Гавора па-руску і з рускім гуляе, Разам ляжа, ўстане і ўсім упраўляе! Рускі сабе ездзе, не ў дому ніколі, Немец усё меле ды ходзе па полі. Наеўшыся мяса, півам запівае, У свята ж на скрыпцы, аж пішчыць, іграе. Здаецца б, нічога? калі хто не ведае, Але пачакаўшы, дык выйшла камедыя. Жыд купіў у месце сабе камяніцу, Глядзім — і наш рускі кінуўсь за граніцу: Пакінуў і жонку, адрокся і дзеці; З'явіўся пан новы (гэта ужо трэці)… А які б то пан той?.. Ну, ці хто павера?.. Гэты ж самы немец! каб яго халера! От цяпер згадай ты — хто кім калі стане? Аб пану ні весці, ні слыху, нізвання, Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы, А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы! Так і на гародзе: лебяда, крапіва, — Толькі вырві рэпу, — дык зарастуць жыва, Так як чорт насее! Ото ж так і людзе: Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!

29

Браска — досвітак.

Думка

Чагось мне маркотна, на плач забірае: Мусіць, душа чуе якоесьці гора Ці штосьці зрабілась… што? Хто яго знае: Ці град жыта выб'е, ці згіне абора, Ці ураднік загнявіцца, пагоне падводу, Ці знайдуць у лесе крадзену калоду? Ці сын умрэ, што маскалём служыць, Ці той, у Мэрыку падаўся, ды тужыць?.. От так цяжка, здаецца, каб грэху не баяўся б, Ці ў пятлю палез бы, ці ў ваду схаваўся б! Летась мне было так — і валы прапалі, Свінні бульбу з'елі, гарод пакапалі, Нябожчыца матка чыста захварэла, І дзядзькава хата з каміном згарэла; Сукна не звалілі — хадзіў без сярмягі, А тут і без хлеба… прападаў ад смагі! Хоць бы прандзэй стала, што ўжо стацца мусе, Каб так не цягнула за сэрца, як ліна [30] ; Бедаваць не перша, я і не баюся: Няхай усё згіне, дык душа ж не гліна? Тагды б ужо ведаў, як і ратавацца, Ці там ад няшчасця, ці з людской напасці, Ці сядзець у хаце, ці куды падацца, Ці, злажыўшы рукі, навекі прапасці!.. Ды што ж мне такога, чаго мне журыцца? У мяне не будзе, — знайдуць людзі хлеба; На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца, Да слушнага часу дажыву як трэба! Вун стаіць бярозка тут ля самай хаткі, Косы папусціла… плача, кажуць людзе, А мне так здаецца, што ёй анігадкі: Што было — не помне, не ўзнае, што будзе. А можа ж, і помне, як то я калісьці, Быўшы малым хлопцам, лазіў, калыхаўся. Яна была гібка, болей было лісці… І я дзісь не мог бы, як тагды спінаўся. Чаго ж мне маркотна? Ты ж скажы, бярозка, Маўчыш, як нямая, і сама смутная!.. Мусіць-такі праўда — гэта яе слёзка, Што кажуць другія — капля расяная. Мне жаль і бярозкі, чаго ж яна плача, Калі ужо долі не пераінача? Не тужы, бярозка, свет з намі не згіне, Вецер як павее, шышачкі раскіне; Хоць бы ты засохла — вырасце вас болей… Перастанем плакаць мы над сваёй доляй! Якось яно будзе, дажывём да дошкі, Хоць лепей, хоць горай, абы не так трошкі! Шышачкі раскіне, як параскідала Маіх шэсць сыночкаў — здаецца, ці мала? Усе разышліся! — Адзін у наборы [31] , Адзін пайшоў прочкі, за чорныя моры, Адзін за Дунаем саўсім асядліўся, Адзін у Сібіры — з старшынёй пабіўся; Пяты на пісарстве гдзесь у Патарбурку, Кінулі у хаце вот крывога Юрку!.. Ну ды рана-позна, тыкі мне здаецца, Кожны занудзіцца, да дому прыб'ецца… Паглядзець, як людзі ў бядзе сабе радзяць, Абсядуцца ў дому і лад заправадзяць.

30

Ліна — канат, тоўстая вяроўка з канопляў або лёну.

31

У наборы — у рэкрутах.

З кірмашу

Гэй, ляці, кабыла, хоць ты падарвіся, Бо мяне чакае там мая Людвіся, Чакае, чакае, аж выйшла за дзверы, Вот ужо і поўнач, а не есць вячэры. Зварыла зацірку, дык аж гоне слінку, Малачком збяліла, як тую сняжынку! Гэй, ляці ж, кабыла, па пнях, па каменнях, Бо яна чакае уся у пламеннях. Уся у пламеннях ад аднэй мілосці!.. Гэй, ляці, кабыла, каб не ўспелі госці. Гэй, басуй, басуй жа, мая ты кабыла, Каб жонка не спала, дзверы адчыніла. Маскалі ж у вёсцы яшчэ не паснулі, Праляці ж, кабыла, каб яны не чулі! Рві, кабылка, жыва, вязу я гасцінчык: Ці хустку чырвону, ці валовік-бічык. Гэй, вязу гасцінчык, вязу кірмашовы, Ці новую хустку, або і біч новы!

Падарожныя жыды

Што крук круку не выдзюбае вока, То ведама даўно і ведама далёка; І гдзе крапчэйшыя дзяруцца, Дык слабшыя няхай жа не суюцца, Бо ўжо чубы напэўна што парвуць, Калі яны адзін другога не паймуць. З двух мястэчкаў два падвозцы Двух жыдоў вязлі напроці. Спаткаліся ж на вузенькай дарожцы, І ні адзін не уступае па ахвоце. Той кажа: «Парха ты вязеш, дарогу дай!» А той крычыць: «Ты пана мне не лай, Бо я твайго і біць гатоў!..» І біч смалёны тут завёў, А той у рукі ды бічышча… І замахалі так, аж свішча! Жыдкі у просьбу, каб гадзіцца. Куды табе! — ні прыступіцца. Так б'юць, аж кроў цячэ жыдам! «Ты б'еш майго, а я твайму аддам!» І, можа б, так насмерць пабілі, Дык хітра ж і жыдкі зрабілі: Той перасеў таму на воз, а той туды. І так запхалі абодва без бяды; І мужыкам так стала бліжэй дому, І крыўды ніякай нікому. Пазналіся жыдкі, пагергаталі, Дык мужыкі і біцца перасталі! А што, каб так і мы зрабілі, А можа бы, і нас не білі?

Хрэсьбіны Мацюка

Калісь, як у нас казакі-то стаялі, У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі. Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца, Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца, А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?» Думаю: хто ж я? — ужо ж Юркаў сын! «Тутэйшы, — кажу я, — свой чалавек: Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей, Тут і радзіўся, тут жыву век; Юркам зваць бацьку, я дык Мацей. Вун гдзе і хата, і выган, і сад; Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..» Ён кіпіць горай, пытаючы, лае, Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае. «Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?» Я дай круціцца туды і сюды, Думаю: што б тут сказаць яму мне? «Я не нашу, — кажу, — барады». «Да ты, — ён кажа мне, — веры якой? Ці ты праслаўны, ці ты — паляк?» «А дайце ж, паночку, — кажу, — мне пакой, Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..» Як сцебане, пракляты, мяне, — Аж у вачах чырвона здалося! Каб я ж чым-кольвек ў якой віне, А то не ведаць, скуль узялося? Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так, Што васпан б'ешся без дай прычыны, То, мусіць, і праўда, што я і паляк І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..» Ну і далі ж мне
добра на знак:
Цягнулі, біўшы, у Замаслаў [32] , Каб помніў крэпка, што я паляк, Каб і вам гэта здарэнне сказаў! Тое прайшлося, пайшлі і казакі, Калі пад восень завуць нас у збор. «Прыехаў, - кажуць, — начальнік такі, Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!» Трэба ўсё кідаць (хоць святам было). Народам, як макам, весь двор заліло: Князь у палетах, васолы такі! «Эх, — кажа, — рыбяты! — вы дуракі, Што ў рускай зямлі ды каталікі! Ну, цар вас прымае ў сваю веру; Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу Тут падпішыце, а поп пасвенце, — Будзе ўсё добра, усюды пашэнце. Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе; Бацюшка крыж і крапідла нясе!» Мы ж толькі зірк адзін на другога, Маўчым, трасёмся, не кажым нічога: Ён Міруна за плечы узяў, Вядзець да стала, гарэлкі падаў: «Пій на здароўе і так пішы: — Вот сабраліся дзве тысяч душы; Рускую веру хочым прыняць, Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…» Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў, Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў. «Як, — кажа, — людзі, так, — кажа, — я, Спытайце, — кажа, — вун Мацяя; Як ён ды скажа перавярнуцца, Дык усе вёскі на яго здадуцца». Цягнуць мяне да таго князя, А тут аж мурашка за скурай лазе. «Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?» Даець мне грошы, такі салодкі: Усё гавора, радзе, пытае, Жонку цалуе, дзяцей гайдае. «Ну што ж, надумаўся, гатоў?..» «Надумаўсь, — кажу, — каб сто катоў Дралі мне скуру, пяклі на агню, Я веры сваей тыкі не змяню!» Іх! закіпеў той князь, аж зароў, Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… «Розаг падайце, нагаек, сто лоз! Ён з веры смяецца мне тут пад нос!» Хапілі мяне якісьць гайдукі, І розаг падалі чатыры пукі, І б'юць — не баліць, хоць за сэрца бярэ: За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?! Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней, Мацнейшы ад веры вашай Мацей!» О так-то хрысцілі мяне казакі З тутэйшага ды у палякі!

32

Замаслаў — мястэчка Жэмаслаў (Жамаслаўе) у колішнім Ашмянскім павеце (цяпер Іўеўскі раён). Вясной і ўлетку 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні, якія скончыліся сутычкай з войскам; непакорлівых цягнулі на пакаранне ў Замаслаў, дзе стаялі казакі. У Замаслаўі жыў Багушэвічаў знаёмы Казімір Умястоўскі.

Бог не роўна дзеле

Бог сіроты любе, але долі не дае.

Прыказка
Чым-то дзеіцца на свеце, Што не роўна дзеле Бог? Адзін ходзе у саеце [33] , У золаце з плеч да ног, А другому, каб прыкрыцца Хоць анучай — велькі труд: Весь, як рэшата, свіціцца, Адны латы, адзін бруд! Адзін мае хатаў многа, А вялікіх — касцёл моў; Увясці б туды хоць Бога, І той бы з іх не пайшоў. У другога ў сцяне дзюры, Вецер ходзе, дым і снег; Тут карова, свінні, куры… Тут пакута, тут і грэх! Гэты едзе у вагоне, — Цёпла, мякка, толькі жыць! А ляціць, як віхар гоне, А ён сабе толькі спіць! Той ў мяцеліцу, ў марозе, Што аж вон яму прэ дух, Паўзе з клункам па дарозе, У снягу увесь па брух! Гэты хлеба і не знае, Толькі мяса ды пірог, І сабакам выкідае Усё тое, што не змог. А той хлеб жуе з мякінкай, Хлёбча квас ды лебяду, Разам жывець і есць з свінкай, З канём разам п'ець ваду! Аднаму дзесяткі-служкі Зарабляюць сотні сот; Рукі ў яго, як падушкі, Як кісель, дрыжыць жывот! Другі ж сам, аж на дзесятак Працуючы, лье свой пот, А высахшы, як аплатак, Цянюсенькі, як той кнот.

33

Сает — тонкае фабрычнае сукно лепшага гатунку.

Хцівец і скарб на святога Яна

Пры выгане ў вёсцы, ў самай перагонцы, Была хата крывенька у адно аконца; Ў хатцы адзінокі жыў хцівец лянівы, Што думаў без працы зрабіцца шчаслівы. У грошах, ён думаў, усё людское шчасце, А ён жа павінен гдзесьці скарб напасці! За мілю ж за вёскай ды быў лес закляты; А хціўцу жа лес той якраз проці хаты, Ў тым лесе заклятым не расло нічога, Праз яго ніколі не ішла дарога; Баяліся людзі у той лес заходзіць, А як хто заблудзе, — чорт па тры дні водзіць! П'яны хцівец, ішоўшы з васэля дадому, У той лес убіўся, залез серад лому. Вот стаіць ён гэта, клянець, праклінае, Калі гляне воддаль, — светлачка мігае. Думаў, хата блізка ці хтось пасець коні, Кінуўся на светла, прайшоў, можа, гоні, Аж глядзіць, агонь той ды з зямлі бярэцца. Хоць гарыць — не пале; няможна й сагрэцца. Спалохаўся хцівец, аж працверазіўся, Сам не аглядзеўся, як і апыніўся Аж у сваёй хаце, аж на печ забіўся! Назаўтра па вёсцы аб усім аб гэтам Вестка абляцела, як папер штахвэтам [34] . Адзін скажа верна, другі праінача, А кажды па-свойму здарэнне тлумача. Адзін кажа: пэўне маланка бліскала, Дык п'яному хціўцу у вачах і стала. Другі: што то светласць з магілкі святога, Пэўне хцівец будзе шчаслівы у Бога. А другія кажуць, што то скарб закляты, Што хцівец, як знайдзе, дык будзе багаты! А хцівец дай думаць: як бы тут разжыцца, Хоць бы гэтым скарбам з чортам падзяліцца. І сядзіць на прызбе ці ў свята, ці ў будні. Калі раз пад вечар вылазе чорт з студні! Опратка нямецка, спераду куртата, Капялюх высокі, як жыд носе ў свята, Портачкі, як дудкі, сам якісь цыбаты, І шкляныя вочы, ззаду хвост куртаты… Хцівец дагадаўся, што то за пасланец, Са страху затросся так, як той паганец, А тыкі пытае, трохі ачуняўшы: — Хто ж такі, панічык? — нібы не пазнаўшы. — Ды я не тутэйшы, кліпатэнт [35] , здалёку, Душы закупляю для пана штороку. — А ваш пан багаты? Ці дорага плаце? – Іх! — кажа. — Мільлёны ён на гэта траце. Яму трэскі а грошы, што грошы — то трэскі, Усякага купе, абы толькі кепскі! — Нашто ж душы кепскія, здаецца? — Э! бо добры у добрым псуецца! — Ці б то мне не можна прадацца вашэці, Каб я быў багатшы ад усіх на свеце? — Можна, — кажа немчык, — а чаму ж не можна? Чэраз маго пана нігды не парожна. Пры сабе не маю, але вун, у пушчы, Ляжыць скарб закляты за ройстам у гушчы, А там, на засценку, ёсць ведзьма старая, Пакажа, як браць скарбы, яна ўсё знае! Наша душа, твае грошы! — І запісаў штосьці, А сам кінуўся аб землю, забразджалі косці! Віхрам закруціла, і ён знік, як пена. Хцівец звяк на камень, аж пабіў калена. Спалохаўся чыста, што аж пражагнаўся, Навет плюнуў трэйчы, злажыў трэйчы хвігу, Але чорт закрысліў [36] душу сабе ў кнігу! Вот назаўтра хцівец прад усходам рана Ляціць да той ведзьмы, казаў бы да пана. Вот ужо і блізка яму да засценку… Стала чагось страшна! Ідзець памаленьку, Аж скуль узяліся, як туман з дубровы, Крукі і вароны, сарокі і совы Ды як сталі кракаць, галасіць, смяяцца, — Хцівец аж схітнуўся, каб назад падацца; Узяў камень, калі пусце, калі уцярэбе, Ды трафіў не ў пташкі, а сабе па лэбе! Аж зарагаталі каменні па полю, Аж сыпнулі слёзы у хціўца ад болю. Давай таптаць лапцям камяні са злосці… Калі гляне — ведзьма! Адны толькі косці!.. Калі гаркне хціўцу у варонне горла: «Якая ж то немач цябе тут прыпёрла?» «Маю інтарэсы, — кажа, — да вашэці І даўно прыйшоў бы, каб не твае дзеці…» А яна праз комін глядзіць і гавора: «Я цябе чакала, але не так скора. Не рабі мне глуму, а ідзі у сені, Але зажмур вочы, выверні кішэні І паўзі на брусе, ды наперад задам, Пад сцяну пралезеш яшчаркай ці гадам». Увайшоў ён гэтак у тое мяшкане, Аж спацеў са страху! — калі гэта гляне, Паўнюсенька хата пташкавых галовак, Скрыдэлак і ножак і цэлых паловак. Та свішча, там вішчыць, то крэкча, Гэтая стогне, а другая клекча. А ведзьма як крыкне каршуновым басам, Дык усё замоўкла зараз тым жа часам. «Ну, кажы ж, што трэба? Мусі, ці не грошы? Бо віджу, для нас ты чалавек харошы». «Эгэ ж, — кажа, — скарбу хацеў бы дабрацца, А ваша дык знаеш, як за яго ўзяцца». «Відзіш, які ласы? шык [37] гэта не жарты! Пагляджу я первей, ці ты яго варты: Задам тры работы, — як выдзержыш пробу, Дык забярэш скарбы, а не — дык хваробу! Нанасі ж пазногцям мне вады вядзерца, З маленькіх пылінак, вот па гэтай мерца, Пастаў слуп высокі ды, як волас, ценькі І злічы лісточкі на весь лес гусценькі!» Мусіць, тут і немчык тыкі памог трошкі, Досьць, што крутам-мутам выпаўніў да крошкі, Адкуль і ахвоты, і розуму стала? Усё зрабіў хцівец, што ні загадала. Ведзьма яго хвале, гладзе па галоўцы, Падала вячэраць чагось у латоўцы [38] , Здаецца, яечню і з савіным шмальцам, Сама яго корме, папіхае пальцам… Потым таго кажа: «Калі ты, лядачы, Захацеў так скарбу, дык ідзі ж уночы У лес перад Янам, каб ні брэх сабачы, Ані спеў пятушы, ані людзкі вочы Не былі ў прашкодзе. У папараць сядзіш, Хустачку падсцеліш, добранька разгладзіш І чакай паўночы. Папараць дасць кветку; Ты струсні на хустку папараці ветку, У хустку завяжаш кветачку ты тую І будзеш мець скарбы, калі пашанцуе. Толькі, дзяцюк, слухай! Каб ты не жагнаўся І, несучы скарбы, каб не аглядаўся!» Хцівец, дачакаўшы прад святога Яна, Зайшоў ў лес далёка ад самага рана, Выспаўся за слоньца, вечарам памыўся І сабе чакае: ці прэндка паўночы? Паставіўшы слупам на папараць вочы, Толькі зірк: па лесе кажаны, як мухі, Каля яго круцяць, поўзаюць рапухі, Гадзіны суюцца, а совы галосяць, Ваўкі страшна выюць, аж рэха разносяць, Ажно лес трасецца! І хцівец затросся, Але страх падолеў, і усё прайшлося, І усё заціхла, як магілка ўночы. Хцівец зноў паставіў на папараць вочы, Вецярок па лесе лісткі развявае, Струхнулася папраць, як бы то жывая! Калі глядзіць хцівец: кветачка, як слоньца, Заблішчала ясна, хораша бясконьца! Струсануў на хустку хцівец кветку гэта І ляціць дахаты з кветкай, як штахвэта! Цяпер хцівец ведаў ўсё на свеце чыста: Што ў зямлі ў сяродку, гдзе сіла нячыста, Як звяры гавораць, скуль вада у рэчцэ, Калі што пасеяць, адкуль што бярэцца, Калі будзе вецер, маладзік настане І каму якое гдзе будзе спатканне. Умеў перакінуць сябе ці другога Хоць у што захоча, абы не ў святога! З скарача [39] надое малака кадушку, З вады зробе водку, з каменя падушку; Як захоча, — дохне скаціна ад вока, Ведае, гдзе скарбы, хоць бы як глыбока! Знаў лячыць шалёных і кроў стрымаць з раны, Загаварыць зубы ці вочы паганы, Заломы у жыце закруціць па злосці Ці выжаць чужыя, як закруце хтосьці. Такі стаў дасужы, што свет здзіваваўся, Адкуль гэта хцівец розуму набраўся? Усё, усё чыста стаў ведаць як трэба, Толькі што не ведаў, як зарабіць хлеба! Узяў ён сякеру, рыдлёўку пад паху І ідзець у лес той без жаднаго [40] страху. Прыходзе да месца, гдзе светла мігнула, Штырхануў рыдлёўкай, аж зямля здрыгнула, Як людскія грудзі, і аж застагнала Жаласліва, цяжка, як бы вот канала! А ваўкі, мядзведзі, каты і сабакі, Гадзіны, рапухі і звяры усякі Калі загалосяць, як закрычаць пташкі, Аж хціўцу за скурай сыпнулі мурашкі, Пот паліўся цуркам, валасы паўсталі… Хцівец страх падолеў і капае далей. Трошкі пачакаўшы, скуль браліся крыкі, Шаблі зазвінелі, забрашчалі пікі, Б'юць у барабаны і крычаць салдаты: «Лаві, рубі ногі, каб не ўцёк дахаты!» А хцівец капае, як бы і не чуе. Тут ляціць карэта! — от-от задратуе! Там сотнямі коні яго налятаюць, Фурманы ганяюць і асцерагаюць, — Ён усё капае — вот так, як наняўся. Як ужо ж і гэтым страхам не паддаўся; Гадзіны з балота і вужоў ці мала Лезуць проста ў вочы і тыкаюць жала… Ані страпянуўся! А усё капае, Як бы то не чуе, як бы то не знае! Потым ваўкалакі, смакі [41] , ваўкалюды, Зубастыя ведзьмы сабралісь з усюды; На яго суюцца, зубамі скрыгочуць, — Ён тыкі капае, аж чэрці рагочуць! Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара Наляцелі, грозяць, другі аж удара… Ён усё капае, ані аглянецца. Скарб і паказаўся, — няма куды дзецца. Кацёл, як кадушка, жалезам закуты… Абухом як трэснуў, дык пусцілі нуты, Рэчкай паліліся новыя дукаты, А хцівец падумаў: «Цяпер я багаты». Набраў іх без ліку, у мяшок насыпаў! На плечы закінуў, зрадзеў, аж захліпаў! І… ляціць дадому з тымі дукатамі. Аж тут і пагоня зямлю капытамі Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні! Ён чуе, што блізка, можа, няма гоні, Дукаты ў лісічкі, а сам у калоду Перакінуўсь зараз і прапаў, як ў воду! Калі ж наляцелі калмыкі, арапы, Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы, Ды ніяк нічога не могуць дарадзіць: Так-то умеў хцівец і след свой загладзіць. Тыя ж пастаялі, пацмокалі трохі, Коні завярнулі і пайшлі, як блохі. Калоду ў сябе зноў, лісічкі ў дукаты Перакінуў хцівец і ляціць дахаты. Калі ў паўдарогі чуе — ізноў гоняць, Крычаць, і страляюць, і шаблямі звоняць. То цяпер былі татары: кудлатыя шапкі, А твар, як дзве скулы, а вочы, як крапкі. Як зглядзелі хціўца, калі запішчэлі, Аж прыляглі коні… але не паспелі: Хцівец верць у дуба, а грошы у роя, А мяшок у вулей! Удалося й тоя! Цмокаюць татары! Прапаў, як у воду! Адзін кажа: «Трэба б зласаваць хоць мёду». А тут на іх коні пшчолы як сунуцца, — Ледва паўсядалі, каб назад вярнуцца! Хцівец зноў уцёкі. Пад вёскай, за гоні, Чуе — забубнела і зноў хтосьці гоне! То гналіся туркі. Так як падчас бітвы: Палашы крывыя, вострыя, як брытвы, У зубах кінжалы, голавы абрыты, Бровы так, як вусы, а твары сярдзіты!.. Хцівец кінуў камень, а гдзе ён каціўся, Там ручай глыбокі, шырокі зрабіўся; На ручаю човен і буч [42] на дне рэчкі, Поўны карасямі. Туркі, як авечкі, Саўсім не пазналі, што то перакінуў Хцівец сябе ў човен! І цяпер не згінуў. Туркі завярнулі, а хцівец уцёкі! Ужо тут пад хатай сусед недалёкі Як крыкне на хціўца: «Пачакай ты, скнэра! Падзелімся скарбам! А, які нявера!» Вытрымаў і гэта і не аглядаўся, Стануў на парозе, за закрутку ўзяўся, Аж тут сам з сабою узяў мех прадраўся; Як сыпнуць дукаты, дык аж загрымела! Не вытрымаў хцівец, у вачах сцямнела… Аглянуўся, відзе — ажно чорт смяецца, Крыўляе, рагоча, за бокі бярэцца! Тут абамлеў хцівец, як сноп, паваліўся, На раніцы толькі з расой прабудзіўся І наперш заглянуў — скарб яго ці цэлы? Зірк! і губы развесіў, і стаіць здурнелы: У мяху ўсё трэскі, а грошы не стала. А душа за чары навекі прапала! З папараці кветку хцівец гдзесьці страціў, Памаркі [43] забіла і не разбагацеў! Цяпер не то дзесяць, трох не пераліча, Не хціўцам, а дурнем кожны яго кліча. Вот хцівасць на грошы давяла да згубы: Няма ў свеце лепей, як свой грошык любы. А то, як каторы чалавек харошы, У добрым здароўі век зжыве без грошы!

34

Штахвэтам — эстафетай.

35

Кліпатэнт (польск. plenipotent) — давераная асоба.

36

Заскрысліў — запісаў.

37

Шык — скарб, багацце.

38

Латоўка — гліняная патэльня.

39

Скарач — ручнік з кутасамі, на які высыпалі вараную бульбу, ад гэтага ён карэў, рабіўся закарэлы.

40

Без жаднага — без ніякага.

41

Смакі, або смокі — цмокі, драконы.

42

Буч — прылада для лоўлі рыбы.

43

Памаркі — мары, надзеі, спадзяванні.

Поделиться с друзьями: