У гарах дажджы
Шрифт:
Сержант гаварыў па-прыяцельску, адкрыта, адносіўся да днявальнага нібы да старэйшага, і Макоўчыку гэта падабалася.
— Ды я вось таксама думаю, каб не паплыць… — шчыра прызнаўся Макоўчык.
— Трэба, мусіць, да дзяжурнага па часці пайсці, параіцца, а?
— А што ж, таварыш малодшы сержант, пайдзіце, далажыце. Ён там далей ад рэчкі, не ведае ўсяго.
— Я таксама думаю… Значыцца, пайсці, а?
— Толькі глядзіце, раўчак заліло. Асцярожней…
— Перайду! Ну, трымайся!..
Малодшы сержант прапаў у цемры. Макоўчыку ўспомнілася, што гаварылі пра сержанта ў батарэі: «добры, дружалюбны, толькі трохі дзіўны, — усё распытваецца,
Ён заўважыў, што пад нагамі стала больш хлюпаць. Гэта былі ўжо не дажджавыя лужы…
Нарэшце непадалёк пачуліся, перабіваючы шум ракі, першыя камандныя галасы, і амаль тады ж прабег дзяжурны малодшы сержант. Не спыняючыся, ён крыкнуў Макоўчыку:
— Зараз знімемся адсюль!
Салдаты з лагера прыйшлі не адразу. Макоўчык здагадваўся, чаму яны затрымліваюцца, мусіць, разбіраюць палаткі; значыцца, лагер таксама знімецца. Ён стаў рыхтавацца да «паходу», шкадуючы, што не можа дабегчы туды: трэба было б узяць ранец, вінтоўку, шынель, — Халюта, напэўна, не здагадаецца прынесці. Не прынясе, і да таго ж яшчэ сам чамусьці марудзіць. Чаго ён там, гэты спявучы пстрыкун, важдаецца?!
Ён спаткаў Халюту няветліва. Хмурна ўзяў ад яго вінтоўку і рэчы, але ўсхваляваны Халюта не заўважыў гэтага.
— Лагер, Мак, затапляе! У крайніх буданах — вада ледзь не да нар. Там жа ніжэй!.. Устаюць — і проста ў ваду — боўць! Дзіва!..
Халюта гаварыў так, нібы радаваўся. «Пустазвон! Знайшоў з чаго смяяцца!» — падумаў Макоўчык, ускідаючы на павозку падмочаныя цюкі сена.
— Падбяры папоны! Палічы!
Недзе каля лагчыны пачуўся галасок Запары. Яшчэ нявідны, здалёк, памкамузвода крычаў: «Разабраць, асядлаць коней! Ехаць у парк, па гарматы!» На канавязі пачалася мітусня, у якой кожны з артылерыстаў рабіў толькі яму відную ў цемры справу. Чуліся воклічы, пытанні, лаянка.
— Дзе сядло?! — пытаўся хтосьці нецярпліва.
— Стой! Чаго ты, д'ябал худы, круцішся! — пакрыкваў другі на каня.
— Халюта і Макоўчык! — гукнуў Запара. — Канавязь разбіць каля лесу. Над шасэ.
— Ёсць, каля лесу, над шасэ! — стрымана прамармытаў Макоўчык.
— Авёс і сена не забудзьце! — У апошніх словах яго Макоўчыку пачулася насмешка. Халюта супакоіў памкамузвода:
— Не забудзем.
Макоўчык, які запрагаў каня, не адказаў. Ён моўчкі ўзлез на фурманку, на мяхі аўса і цюкі сена і, сказаўшы Халюту, каб і той паглядзеў, ці не забылі чаго, каб падабраў усё, шмаргануў лейцамі.
Амаль усюды на дарозе пад конскімі капытамі плюхала вада. Калі ж коні, храпучы, неахвотна пайшлі ў раўчак, яна адразу падступіла аж да скрынкі павозкі.
Пачынала трохі развідняцца, і было відаць, што там, дзе нядаўна ішлі рады буданоў, толькі бязладна ва ўсе бакі тырчалі дручкі ды холадна шарэла ручаінамі і затокамі вада. Выйшаўшы з берагоў, рака затапіла раней непрыкметныя нізінкі, нарабіла луж, разлівала іх, злучала ў азёры, што на дзіва хутка шырыліся.
Там, дзе дарогі з берагу сыходзіліся ў адну і ўздымаліся на шасэ, Макоўчыку давялося прыпыніцца. Па дарозе
ўзыходзілі ўпражкі з горнымі гарматкамі, са скрынкамі з боепрыпасамі. Коні, мокрыя, з глянцавіта-бліскучай шэрсцю, напружваліся, выцягвалі ўпарта шыі, ездавыя размахвалі лейцамі і пакрыквалі то пагрозліва, то падбадзёрліва. Ехалі гарматы з суседняй, другой батарэі.Макоўчык перачакаў іх і выкаціў таксама на шасэ. Павозка лёгка застукацела па гладзенькім, роўным асфальце, коні пайшлі весялей. Праз паўсотню крокаў Макоўчык звярнуў з шасэ і следам за гарматкай са сваёй батарэі, што ўзбіралася па свежай каляіне, наўскасяк, на даволі круты схіл, стаў таксама падымацца на гару. Коням цягнуць было цяжка, і ён злез з павозкі, пайшоў побач, адной рукой падпіраючы скрынку. Павозка ішла, нахіліўшыся набок, і колы раз-поразу саслізгвалі з абадранага мокрага грунту і спаўзалі, грозячыся падмяць яго.
У адным месцы павозка спынілася: змораныя коні не цягнулі яе, дыхалі цяжка і часта, і Макоўчык даў ім крыху пастаяць. Тут яго нагнаў на кані Халюта, які трымаў некалькі палатняных вёдраў. Макоўчык загадаў яму падсабіць. Папіхаючы павозку ззаду і з ніжэйшага боку, пакрыкваючы на коней, яны рушылі далей і неўзабаве дапалі да таго месца, дзе трэба было разбіць канавязі. Тут ужо ўладоўваліся днявальныя з другой батарэі.
Выбраўшы некалькі сосен ускрай лесу, што коса падымаўся ўгару, знікаючы недзе за схілам няблізкай, невіднай адсюль вяршыні, Макоўчык выцягнуў з павозкі вяроўку і стаў абвязваць яе вакол камля адной крайняй сасны. Адсюль ён працягнуў вяроўку да другой сасны, потым абвязаў вакол трэцяй. Халюта дапамагаў яму, увесь час расказваючы пра розныя праявы неспадзяванай падзеі.
— Эх, Мак, б'е плынь у раўчаку! На паваротцы. Я там пераязджаў… Каб яшчэ трохі, закруціла б! Яй-богу, закруціла б!
— Знайшоў чым хваліцца! Глупства зрабіў, ды яшчэ хваліцца! — буркнуў без злосці Макоўчык.
— Чаму гэта глупства?!
— А таму, што хто ж разумны лезе на паваротку, дзе круціць?
— Ты — разумны! Пасля ўсе мы разумныя…
Халюта выпрастаўся, паглядзеў на раку. Стрый цьмяна пабліскваў у ранішняй мокрай шэрасці, незнаёма магутны, неабсяжны. Былыя берагі вада ўсюды затапіла. Вадзяны прастор, пачынаючыся ўнізе каля шасэ, даходзіў амаль да падножжа панурых гор, што цямнелі на другім баку. Да іх было не менш паўтара кіламетра.
Толькі дрэвы ды хмызнякі выбіваліся з цьмянай аднастайнасці разліву.
Нават адсюль было відаць, што разліў гэты неспакойны. Пасярэдзіне і па баках яго несла рознае лясное ламачча, нейкія бярвенні, вымытыя, вырваныя кусты, сена. Між усяго гэтага Халюта вылучыў вялікае дрэва, якое, круцячы, як трэску, бурлівая рака моцна гнала ўніз.
Халюта ўбачыў непадалёк дручкі, што тырчалі сярод вады. Гэта была рэшта буданчыкаў. Ён павёў вокам далей, туды, дзе стаялі канавязі, і на яго твар раптам лягла трывога. Ён азірнуўся на Макоўчыка, які ўсё важдаўся з вяроўкай.
— Слухай, Лёня, а Арла… мы… забылі!..
Макоўчык падняў галаву ад вяроўкі. Не, Халюта не жартаваў. Ён стаяў пабялелы, і на твары, заўсёды такім вясёлым, бесклапотным, быў страх.
— Што я табе казаў, дурная галава, — правер, ці не забылі чаго-небудзь!
— А ты хіба не мог напомніць?
Макоўчык не адказаў. Ад злосці задрыжалі рукі. Не мог напомніць! Яму трэба, каб за ім хадзілі ды напаміналі! Ах, як Макоўчыку хацелася выказаць тое, што цяпер у яго душы кіпіць да гэтага вертуна, выказаць увесь гнеў, усю пагарду!