У гарах дажджы
Шрифт:
— Што?!
— Не магу…
— Чаму гэта?!
— Я не магу… плаваць… таварыш старшы…
Запара пагардліва зірнуў на яго.
— Трус!..
Халюта, угнуўшы галаву, пачаў пакорліва спускацца, але Запара загадаў яму вярнуцца. Ён не глядзеў на салдата.
Памкамузвода сарваў з сябе абшарпаную сумку, кінуў чарнігаўцу. Не гаворачы нічога, рашуча пайшоў да вады.
…Макоўчык вяртаўся. Што ж, ён хацеў зрабіць сваю справу, але не можа. Позна. Спазніўся. Калі б крыху раней, калі б Халюта сказаў адразу, як толькі выбраліся на гару, тады б ён мог бы дабрацца.
Ён пацерабіўся праз хмызняк назад, пацерабіўся з той палёгкай, якая паяўляецца, калі знойдзен нарэшце выбар, правільны і сумленны.
Пачуўшы недалёкае конскае ржанне, Макоўчык незадаволена азірнуўся.
«Ну чаго, чаго галосіш?! — хацелася яму крыкнуць злосна, бязлітасна. — Не ведаеш… Не магу!»
Прайшоў яшчэ некалькі крокаў — усё павольней і павольней, — нарэшце зусім спыніўся. Нядаўняй яснасці і лёгкасці зноў як і не было. У ржанні Арла быў страх безвыходнасці, поўная адчаю надзея на ратунак, апошні роспачны кліч дапамагчы. Кліч жывой істоты, што можа загінуць, што баіцца смерці…
Яе пакінулі, яе забылі, яе не шкадуюць…
Макоўчык ужо не мог злавацца на гэты кліч. Ён уздыхнуў — нічога не зробіш, на яго надзея, — і зноў падаўся да вірлівай плыні, туды, адкуль чуўся кліч на дапамогу.
Калі цяпер падступіў да віру, не раздумваў, як у першы раз. Лепш не думаць лішне. Ступіў адразу. Моцная плынь найшла на яго, націснула, стараючыся збіць, і Макоўчык, каб устаяць, колькі можна было, нахіліўся насустрач цячэнню. Вада круцілася вакол яго, булькатала, кіпела. Цяпер не было ні страху, ні шкадавання, хацелася толькі хутчэй дапасці да залітага другога берагу, над якім звісалі галіны арэшніку. Але ісці было цяжка, — перад тым, як ступіць, мацаў дно, да таго ж даводзілася ўсё спыняцца, нахіляцца, каб утрымаць раўнавагу. Каля берагу ён нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся.
Макоўчык страціў раўнавагу і апору, і магутная плынь прагна падхапіла яго, панесла, упарта стараючыся перакуліць на спіну. Ён інстынктам здагадаўся, што гіне. З усёй сілы рвануўся, пачаў пахапліва лавіць галіны, паўз якія яго так блізка і так далёка гнала. Яму ўдалося ўхапіцца за лазіну, вяршынька якой, сагнуўшыся, мокла ў вадзе. Але і гэтая лазіна магла б не ўтрымаць. Макоўчык хутчэй хапіўся за таўсцейшую, потым адразу за дзве. Трымаючыся за іх, ён нарэшце выбраўся на бераг.
Сэрца яго захлыналася, у роце было поўна вады, але Макоўчык не спыніўся. Усхваляваны, распалены барацьбой, перажытым, ён толькі ашалела агледзеўся, каб вызначыць, дзе адсюль Арол, — і кінуўся ў той бок.
Конь трывожна хроп і бегаў вакол дрэва, на ўсю сілу нацягнуўшы ланцуг чымбура, стараючыся парваць сваю смяротную прывязь.
Жалезны ланцуг не паддаваўся, толькі шырэй і глыбей уядаўся ў кару. У незвычайна круглых, вырачаных сіняватых вачах каня быў жах, нежывёльны сум. Гэты пакутлівы, такі глыбокі і ясны выраз уразіў Макоўчыка. «Як чалавек!» — падумаў, шкадуючы, ён.
— Арол… Арлюха… Дурніца…
Ён асцярожна падступіўся, пагладзіў каню храпу, шыю, пяшчотна, як чалавека, запытаўся:
— Што,
Арлюха, напалохаўся?! — Ласкава паляпаў па конскай шыі. — Напалохаўся, ясна. Дасталося табе, бедаку! Ну і мне, дружа, таксама дасталося зараз…Слухаючы яго супакойлівы голас, паддаючыся яго пяшчотам, конь адпусціў нацягнуты ланцуг, спыніўся. Арол даверліва пацягнуўся храпай да хлопца.
— Ну вось, ну вось… разумны ты…
Макоўчык радасна засмяяўся, прыпаў да мокрай конскай шэрсці, стаў аддыхвацца. Шыя каня ад перажытага ўзрушэння дробна дрыжала.
Хлопец стаў развязваць абкручаны вакол дрэва ланцуг, пад якім вільготна бялеў свежы абадок.
— Ну, прыкруціў цябе Халюта!.. Тут бы табе і канец..
Конь згодна, весела заржаў.
Адвязаўшы Арла, Макоўчык узлез на яго. Перад тым як ехаць, ён прывыкла намерыўся паправіць пілотку, але яе не было. «Згубіў, мусіць, у віры… Яшчэ за гэта Запара прычэпіцца…»
— Ну вось, Арлюха, зараз будзем перапраўляцца! — сказаў ён каню, пад'ехаўшы да віра. — Тут я ледзь і не паплыў. Ну, а як жа мы разам?
Макоўчык зноў занепакоіўся, прыгадаўшы нядаўняе. Ён падумаў, што лепш перабірацца з канём не наўпрасткі, а наўскасяк цячэння, каб вада не збіла каня. Хлопец праехаў крыху берагам, праехаў непадалёк ад Запары, што быў на другім баку і сачыў за ім.
— Ну, вось тут!
Ён ужо намерыўся пусціць каня ў вірлівы паток, калі заўважыў, што з-за павароту вада вынесла дрэва, шапка якога ўзвышалася на вадзяной шэрасці, як стог. З гэтага стога, бязлітасна абшматанага, вытыркаліся белымі вострымі рабрынамі зломы галін, непадалёк ад яго выглядвала з вады пакручастае, таксама паабламанае карэнне.
Макоўчык пачакаў, пакуль дрэва — гэта быў вывернуты ці падмыты недзе ў гарах дуб, — булькаючы вадою, з сіпеннем прайшло паўз яго, і яшчэ не разумеючы як след, якую небяспеку яно несла з сабой, каб не ўдалося заўважыць у час, накіраваў каня ў ручаіну.
Вада, што хутка дайшла амаль да конскага хрыбта, збівала Арла, і конь увесь напружваўся, каб утрымацца. Ён то ўпіраўся ў грунт нагамі, то выцягваўся, прыпадымаўся, нібы збіраючыся плыць. Яго крыху зносіла, і Арол ішоў бокам, падпарадкоўваючыся Макоўчыку, які цягнуў улева чымбур.
Конь разбіваў вадзяную плынь, узняўшы галаву, фыркаючы, дзіка пабліскваючы вільготнымі з просінню круглымі вачыма. Макоўчык адчуваў, што Арла палохае гэта кіпенне вады, гэты напор, што конь не хоча слухаць яго.
Хутчэй бы перабрацца!.. Яшчэ крыху! Яшчэ! Бераг ужо так блізка! Пальцы Макоўчыка да болю ўрэзваліся ў жалеза ланцуга-повада…
— Ну, яшчэ крыху! Трымайся, трымайся, Арлюха мілы!..
Эх, як б'е, кіпіць вада вакол каня, каля Макоўчыкавых ног!..
Дапаўшы да берагу, Арол рыўком ускочыў на яго і прыпыніўся. Ён заматаў мокраю грываю і фыркнуў, — Макоўчыка гэта нібы абудзіла. Хлопец адпусціў чымбур, прыпаў да шыі каня тварам і засмяяўся.
— Што, выбраліся?! Выбраліся з чортавага пекла?!.
Тут ён убачыў паблізу Запару і спахмурнеў. Выпрастаўшыся, Макоўчык тузануў каня і абыякавы паехаў да шасэ.
1955 г.