Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У каменным крузе

Валкавыцкі Георгій

Шрифт:

Адметная і пружанская чацвёрка. Тут няма згоды. Вечна паміж сабою сварацца. Але ўступчывыя. І больш абцёртыя. Казёл — вялікі аматар паразважаць аб высокіх матэрыях. На ўсё мае сваю думку. Кемеж строіцца пад інтэлігента. Госцем у штубе. Лятун не меншы за Байду. Вяртаецца позна, калі ўжо спімо. Уключае святло, чым выклікае на сябе нашу злосць, і, не адбіваючыся ад мацюкоў, сядае за стол і піша пісьмы. Аж даведзены да адчаю Мішэль абразуміў „пісьменніка” бурсацкім спосабам: падвесіў да дзвярэй вядро з вадою. Бязлітасна дзейнічаў Мішэль. Наш паўночнік насіў паліто з футравым каўнерам. З якога палескага звярка паходзіла футра, Кемеж не хваліўся, але такога каўняра ніхто ў Кенігсбергу не меў. Халодны душ не толькі страсянуў Кемежам, але і апаганіў

яго гонар — каўнер. Не скажу, каб Мішэль чэрпаў ваду з крана. Метад вытрымаў пробу, працэдуру паўтараць не было неабходнасці. Слімчук падстройваецца пад Кемежа. Як сам кажа, у лепшым таварыстве падбірае „культурныя” словы. Да палешукоў нейк не пасуе камлюкаваты Валасэвіч. Вечна наракае на свой лёс і, як скідальскі жанацік, не вылазіць з барака, зусім не ведае горада.

Засталіся падлеткі з Украіны: белабрысы Гена Удавэнка і карлікаваты Казік. Далучылі іх да нас у канцы засялення лагера. Проста быў парожні ложак. Як яны трапілі ў Кенігсберг не памятаю. Забыў нават прозвішча Казіка. Было на „скі”, і быў ён украінскім палякам. Абодва сталі „сынамі” штубы. Казік — весялун. Аднойчы давёў да рогату калону рускіх палоннікаў.

Скончылася дзённая змена і мы, ужо пераапранутыя, ішлі да выхаду. На дварэ вахманы строілі рускіх. Панылыя чакаюць каманды „Уперад!”. Праходзілі міма. Раптам Казік шмыг наперад, і камандуе:

Шанкер, триппер и бомбоны,

Становитесь в эшелоны!

Мандавошки взад немножко...

А ты, триппер, куда выпер?

Смирно, боевая рота —

Генерал Сифилис идёт!

Выструніўся карапуз, тулава адхіліў назад, мізэрны жывоцік выпучыў наперад, правую руку пад казырок — і, салютуючы строй, парадным крокам прачаканіў уздоўж калоны.

Узарвалася вясёлая гамана. Аказваецца, нават рускім палоннікам не чужы смех. Магчыма, смяяліся яны апошні раз. Фронт каціўся на Захад. Недалёкі той дзень, калі немцы пагрузяць нашых бедалаг на караблі і адправяць у мора, на ўцеху савецкіх субмарынаў. Калі хто і перажыў марское вадохрышча, не абмінуў Калымы. Савецкі воін не меў права здавацца ў палон. За такі ўчынак Сталін не пашкадаваў нават роднага сына. Гуманны Захад таксама закрыў вочы на рускіх палоннікаў. Ніадкуль не чакалі дапамогі.

частка VI.

І мы, хоць прысягі ніякай не давалі, занесены былі ў чорны спісак. Хутка пачуем:

— Трэба было ісці ў партызаны. А то паехалі ў Германію.

— Прымусілі, — скажа Сідар.

— А ў цябе што, ног няма?

— У нагах няма праўды.

— Бачылі яго, які філосаф!

— Дык я і ад вас мог уцячы.

Сідар трапіў на разумнага фільтратара. Перамагла логіка. Цікава, які лёс рускага інжынера з канструктарскага бюро? Жыў у горадзе, пад віядук не заглядаў, харчаваўся разам з немцамі. Добра апрануты, гладкі, з высакамерна ўзнятым падбародкам. Ідзе фабрычным дваром як лунацік. Не бачыць ні нас, ні французаў, ні — дзіва дзіўнае! — рускіх. Усе мы для яго смецце. Шцірліц? І колкае высакамер’е, што вярэдзіць тваё нутро — мяккая адплата мерзким здраднікам? Пэўна, так і паводзілі сябе ў варожым тыле асы славутай разведкі. А мо сярод няроўных былі раўнейшыя. Як той латыш з такарнага цэха. Сёрбае з немцамі гарохавы суп і ўжо глядзіць на цябе, падвіядукавага, з належнай вышыні. Не зайздрошчу вам, сляпыя акцёры, гістарычнай трагікамедыі.

Наш спектакль акрылены агнявымі памкненнямі. Французы зацягнулі натхнёную песню. Ідуць по долинам и по взгорьям. Відаць, менавіта так і гучыць знаёмая песня на французскай мове, бо спяваюць з уздымам. У паход уключаемся і мы. І наша знамя наливается кумачем последних ран. Песня ператварае сон у яву. Марыс ужо на варштаце пад партрэтам Гітлера. Пора ў вусы фюрэра дзеркачом.

— Raus! Raus!

Цэх у нашых руках. Наглядчыкі, якія ў чарговае палітпастраенне мелі панаваць над намі, павесілі насы, шмуляюць напільнікамі па сваіх матрыцах і нічога не чуюць, нічога не бачаць.

У фабрычнага бобіка якасны слых. Чэша

з „Бэрты” ў нашым кірунку. А ў Марыса арліны зрок. Канцэрт закончаны. Усе на сваіх пастах. Высвятляй, бобік, слых у сваіх камэрадаў. Але ён спыняецца ў дзвярах. Навастрыў вушы.

А, дужа прыемна! Маё амплуа. У маіх руках пякельная машына: націсну на спуск — урэжа па тоўстай блясе, такога лязгу на ніводнай перадавой не пачуеш. Бобік уражлівы быў на гэту музыку, куляй выскачыў з дзвярэй.

Яшчэ не раз хадзіць будзем па далінах і па ўзгор’ях. І нашы немцы звыкнуцца з песняй, і нікога не выдадуць. Там, на іхніх спектаклях дагнівала матэрыя, на нашых — узнімаўся дух, узрастала надзея на аднаўленне свету.

Bonjour, Марысы, П’еры, Фанфаны! Бачу вас у кенігсбергскіх снах. Як маецеся? Усё „траваі, траваі!”? Непадуладныя зямным прыцягненням. Якая таемная сіла прыкавала вас да варштатаў Штэйнфурта? Не чую песні. Панылы наш цэх. І вы ў ім панылыя. Ужо Krieg zu Ende. Стаім на зломе вякоў, раструшчаны ідэалы, пераніцаваны свет, сарваўшыся з арбіты здаровага сэнсу, нясецца немаведама куды. Хто мы? Адкуль мы? Дзеля чаго жывем? Параноідныя мастадонты расшчапілі атам, наладзілі Хірасіму, Чарнобыль, страшаць зорнымі войнамі. Я стаў двойчы дзедам, а вы — вечна маладыя, у рабочых камбінезонах — трываеце на вызначаных лёсам пастах. Не апазнаеце барадатага „ненаша”. Героі! Не пакінулі гістарчыную сцэну... Salut!23

Было і так. Ноч. Вяртаемся з Мішэлем з горада. Мінулі парк Rathshof. Увайшлі на Appelbaum Strasse. І чуем выразна: нашы грудзі распірае славянская адвага — пачалі дзейнічаць градусы, якімі зарадзілі нас землякі з Ostlandwerke. Паставім усю вуліцу на ногі! Пакажам жабаедам якія мы героі!

І зацягнулі на поўны голас По долинам и по взгорьям. На вуліцы містыка пустэчы, а мы дасягаем вяршыняў песеннага майстэрства. Над сонным Кенігсбергам нясецца рокат штурмавых начэй Спаска. Каб надаць сабе большага форсу, забягаем наперад песні, асучасніваючы апошняе чатырохрадкоўе:

Разгромили, подавили,

В гроб загнали черный сброд

И на Балтике янтарной

Свой закончили поход!

Ідзем і галосім задзірліва, сяродкам вуліцы, быццам ачолілі наступ лихих эскадронаў далёкаўсходняй дывізіі. А па абодвух баках, замест мірных аконных адтулін, пагрозна касавурацца амбразуры варожага логава. Гэта не толькі ўява — наўпрост нашага лагера месціцца ваенная часць.

Пранесла. Хоць бы нехта матам пакрыў. Нікога мы не зварухнулі. А ў бараку Вася Бобрыкаў яшчэ і дакарае:

— Што вы, хлопцы, здурэлі?

Вось і будзь героем.

частка VII.

Пасля Новага года скончылася новая Еўропа. Усіх славян перанеслі ў новаўзведзены лагер на Rathslinden, кіламетр на поўнач, за Hammerweg. Крыўдна. Ураслі ў Appelbaum Strasse. Акцэптавалі яе, яна — нас. Тут і кухня, і лагерфюрэр людскі.

Пачалася кульмінацыя казкі.

Новы лагер стаіць фронтам да парку. У нядзелю парк поўніцца аўсляндэрскай гаманой. У ім і спаткаў я Крысю, аднакласніцу, дачку маёй любімай настаўніцы пані Русіняковай. Жыве ў цэнтры, на Steindamm. Дала адрас, але папярэдзіла: найперш трэба пастукаць да суседа, сувальскага краўца — ён скажа, ці можна ўвайсці да яе. Паверхам вышэй жыве наглядчык, немец — баіцца яго.

У наступную нядзелю гасцюю ў Крысі. Разам з сяброўкай з Бельска гнездзіцца ў старой і вільготнай каменнай нары. Частуе гарбатай і штохвіліны — пальцы да вуснаў:

— Ціх...

І зрок у столь: немец не спіць. А я па натуры галасісты, не прывык гаварыць паўшэптам. Холадна. Няма чым паліць у печцы. На другі раз прывёз дзяўчатам прэзент: пакунак брыкету, расфасаваны ў лагерным складзе.

Шкада, што спрасаваныя цаглінкі торфу нічога не вартыя ў абменным гандлі. Квітнее ён у лагерах.Тады і верцімся наўкруг лагераў, хоць у гэтай сферы ў слесараў мала шанцаў. Што магу прапанаваць у абмен? Толькі грошы. Часам спасцігае ўдача. Як цешыўся я, калі здабыў слоік лою!

Поделиться с друзьями: