Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У капцюрох ГПУ

Аляхновіч Францішак

Шрифт:

Попутчiк расьцiкавiўся:

— 3 Менску, кажаце? Ну, як там? Кажэце-ж, калi ласка! Я хацеў-бы пагаварыць з Вамi аб Менску… Вы надоўга прыехалi?

— Сам ня ведаю. Я дастаў водпуск. Думаю сабе: куды-ж паехаць? Хацеў паглядзець, як жывуць у капiталiстычных краёх. Ну й выбраў Вiльню.

— Вы былi на мiтынгу? Як-жа-ж Вам спадабалася Тарашкевiчава прамова?

— Добра казаў… Вельмi добра… А можа-б, мы пайшлi кудысьцi паабедалi? — раптам запрапанаваў незнаёмы. — I тады пагаворым аб усiм…

— На жаль, я… як-бы гэта сказаць… Ну, кажучы шчыра, ня маю пры сабе грошай…

— Вось

глупства, — сказаў Селях. — Я маю крыху даляраў… Дзе тут можна добра закусiць?.. Я ня тутэйшы, ня ведаю…

— Недалёка адсюль «Зацiшэ». Там нiчога сабе… Толькi мне надта прыкра… бо як я ўжо казаў…

— Ах, ня будзем аб гэтым казаць! Вось яшчэ якiя цырымонii… Мы-ж старыя прыяцелi!..

Прыяцелi пайшлi ў рэстаран. Неяк адразу завязалася памiж iмi гарачая сымпатыя.

Няма дзiва. Адзiн прыехаў з савецкага раю, а другi ў гэты рай iмкнецца ўсёй душой.

Першай тэмай гутаркi пры чарцы гарэлкi быў, ведама, Менск. 3 гэтай гутаркi Попутчiк даведаўся, што ягоныя менскiя прыяцелi добра яго ўспамiнаюць i ахвотна бачылi б у сваей грамадзе; што яму, Селяху, даручана пасулiць Попутчiку, каб ён хутчэй перабiраўся ў Менск. Далейшая гутарка перайшла на палiтычныя тэмы. Гаварылася аб палажэньнi беларусаў пад Польшчай, аб «Грамадзе», аб «Беларускай Радзе». Новы знаёмы з асаблiвым зацiкаўленьнем распытваўся аб гэту апошнюю. Попутчiк расказваў. Казаў, як ён нездаволены, што ў свой час зьвязаўся з гэтай арганiзацыяй, казаў аб сваей дзiўнай тут ролi, калi духова будучы з «Грамадой», фiзычна быў сябром «Рады». Злаваўся на сябе самога i пляваў на «Раду».

Прыяцельская гутарка, падлiваная значнай колькасьцю алькагольных напiткаў, зацягнулася да ночы. Пасьля — таксi. Антокаль, падмястовы начны рэстаранчык, дансiнг. Новы прыяцель Попутчiка меў дужы арганiзм. Ня гледзячы на вялiзарную колькасьць выпiтай гарэлкi, каньяку, лiкёраў i пiва, быў цьвярозы.

У «Беларускай Радзе»

«Беларуская Рада» займала тры брудныя пакойчыкi на найвышэйшым паверсе гатэлю Сакалоўскага пры Нямецкай вулiцы.

На сьценках танныя олеодрукi: заснуўшая нiмфа, Отэльлё на судзе дожаў ды iншыя, гэтак часта спатыканыя ў пiўнушках i публiчных дамох.

Мэблi: паламаныя бюркi, канапы з трэснутымi спружынамi, якiя вылазiлi праз падзёртую тканiну, падбор розных фасонаў крэслаў.

У гэткiх непрыглядных абставiнах кавалася беларуская «полёнафiльская» думка, як процiвага збальшавiзаванай тарашкевiчаўскай «Грамадзе», якая штодня пашырала свае ўплывы.

Адзiн пакойчык быў габiнэтам старшынi, другi — рэдакцыяй, адмiнiстрацыяй i экспэдыцыяй часопiсi, якая мелася быць тыднёвiкам, але зьяўлялася як папала, у залежнасьцi ад выплаты рачкевiчаўскай субсыдыi. Тутака пасьля выхаду нумару працаваў Барыс Кавэрда, адмiнiстратар i экспэдытар у ваднэй асобе, складваючы сьвежыя нумары, наклейваючы адрасы, высылаючы. Трэцi пакойчык — сакратарыят «Рады» ўдзень, а ўночы начлежка двох бяспрытульных сяброў прэзыдыуму.

Селяха з усiх «достопримечательностей» Вiльнi найбольш цiкавiла «Рада». З адным iз сяброў прэзыдыуму яго зьвязвалi быццам школьныя ўспамiны. Вось сюды на другi дзень зьявiлiся

Селях з Попутчiкам.

Госьця спаткалi надта прыхiльна. Школьны таварыш пацалаваўся з Селяхам. Паўлюкевiч, ня гледзячы на сваю «контррэвалюцыйнасьць», таксама спаткаў падарожнага надта цёпла.

Роля Попутчiка была скончаная. Прывёў госьця ў «Раду», пакiнуў i пайшоў дахаты спаць, наганяючы няспаныя ночныя гадзiны, праведзеныя ў час выпiўкi з Селяхам.

Засынаючы, лятуцеў аб Менску, аб сацыялiстычным будаўнiцтве, аб радасным жыцьцi ў бацькаўшчыне ўсiх працоўных.

Бо ўжо быў канчаткава наважыўшыся ехаць у БССР.

Рэшта селяхаўскiх даляраў ужо разьменьвалася з новымi кампаньёнамi…

* * *

Попутчiк ведаў адрыс Селяха. Госьць з Менску жыў у гатэлю «Эўропа» пры Дамiнiканскай вулiцы.

Калi пара дзён пасьля першага спатканьня прыйшоў у гатэль, знайшоў дзьверы ягонага пакою зачыненымi.

Порт'ер на пытаньне, дзе ёсьць пан Селях, адказаў зьдзiвiўшыся:

— Выбачайце, тут нiколi нiякi пан Селях ня жыў. Тутака жыў пан Пятроў. Учора ён выехаў.

Ага! Попутчiк уцямiў. Мусiць, Селях у Менску меў нейкiя перашкоды з атрыманьнем загранiчнага пашпарту. Дык прыехаў пад чужым прозьвiшчам…

Попутчiк у сваёй хаце

— Татка, раскажэце мне казку!

Пяцёхгадовы хлапчук, Попутчiкаў сын, узглабаўся да яго на каленi i, тулячы галоўку да бацькаўскiх грудзей, прасiў:

— Раскажэце казку!

Попутчiк любiў свайго сына i хацеў узгадаваць яго ў беларускiм духу, што было повадам частых сямейных непаразуменьняў, бо жонка лямантавала:

— Што робiш? Калечыш дзiцё! Я ня хочу, каб ён быў беларусам.

— Будзе гэткiм, як i ягоны бацька.

— О, ня дай Божа, каб падобны быў да бацькi! Крый Божа ад гэткага няшчасьця!

— I скуль у цябе гэткая зьвярыная ненавiсьць да ўсяго беларускага?

— А ў цябе скуль гэткая любасьць да iх? Што яны табе далi, гэтыя твае беларусы? Службу маеш дзякуючы сваiм прыяцелям паляком.

У сямейны дуэт урываўся дзiцячы галасок:

— Татка, раскажэце мне казку!

I Попутчiк, тулячы да сябе сынаву галоўку, прыплюшчваў вочы i пачынаў расказваць. Iмправiзаваў.

Ужо не расказваў старую ўлюбёную казку аб Iкары, якому сонечныя косы ў часе палёту растапiлi вязаньнi крыльляў, а казаў-лятуцеў аб гэтай багаславёнай краiне, краiне грамадзкае справядлiвасьцi, краiне свабоды й творчага размаху. Казаў у прастор, сам да сябе, а дзiця, не разумеючы гэтых бацькаўскiх лятуценьняў, чула толькi мэлёдыю слоў i ў канцы засынала на каленах у бацькi.

Малодшы сын, двохгадовае дзiця, ужо даўно спаў у сваёй пасьцелi i ня чуў бацькаўскае казкi.

Цяжка было Попутчiку пераканаць сваю жонку ў патрэбе выезду ў Менск. Ведаючы, што сам ня дасьць рады, пусьцiўся на хiтрыкi. Рак-Мiхайлоўскiя мелi ўплыў на жонку, дык запрасiў iх да сябе на вячэру, i тады ўдалося пераламаць Попутчiху.

Некаторай палёгкаю ў палажэньнi было яшчэ тое, што Попутчiк меў у Менску мацi, дык цяжка было вымагаць ад сына, каб пасьля доўгага нябачаньня не паехаў яе адведаць.

Поделиться с друзьями: