Вёска
Шрифт:
Раней, у дзяцінстве, у школьныя гады Сцяпан, як і належыць старэйшаму, быў ва ўсім галоўны, завадатар. Антон слухаўся яго і пабойваўся, бо брат, калі што не па ім, цырымоніцца не любіў, часцяком пападала Антону і па вушах, і асабліва па тым месцы, з якога ногі растуць. Потым, калі Сцяпан, ужо жанаты, жыў у горадзе, а Антон, адслужыўшы, вучыўся ў Мінску, неяк ролі памяняліся, неяк патроху-патроху ўжо ён, Антон, пачаў выходзіць у «камандзіры», а брат слухаў яго і верыў... Сцяпан не здзівіўся, калі аднойчы атрымаў ад брата ліст, напісаны па-беларуску, ліст блытаны, з клічнікамі, з намаляваным унізе бел-чырвона-белым сцяжком, з выразкамі з нейкіх газетак... Антон пісаў, што цяпер у Мінску многа такіх, як ён, што ён раней быў сляпы, а цяпер нібы наноў нарадзіўся на свет. «Успомні, — пісаў Антон, — як у нас заўсёды, з малых гадоў жыло адчуванне, што мы — беларусы, чорт вазьмі! І самі
Гэта была праўда. Сцяпан адразу ж адпісаў таксама па-беларуску, паведамляў, што ён ужо аднёс на працу і раздаў рабочым выразкі з газетак, паказаў там, які сапраўдны беларускі сцяг (забягаючы наперад, скажам, што яму гэта бокам вылезла).
— Ты збіраешся... калі-небудзь вярнуцца зноў у Мінск? — спытаў Сцяпан. Ён рабіў з хлебнага мякіша шарыкі і еў іх.
— Як табе сказаць... — Антон задумаўся. — Вядома, збіраюся. Тут да смерці сядзець не буду.
— Едзь, а цябе зноў выжануць! — уставіла маці.
— Мы, пакуль ішлі, гаварылі з маткаю... Антон, ты ж не адзін такі быў? Я ніколі не паверу, што ты быў нейкі галоўны там... А выгналі цябе. Няважна, за п'янку ці за што — проста ты падлез пад гарачую руку... Шэнціць перастала. Пайшла нейкая чорная паласа, бываюць такія палосы... Трэба перажыць яе, пераседзець, і ўсё наладзіцца.
— Гэта я і сам ведаю. Але дзе пераседзець?
— Тут. У маткі. Я табе параю: ідзі заўтра ж у сельсавет, прапісвайся і жыві.
— Ды я і сам так хацеў бы! — Антона ад гарэлкі, а яшчэ больш ад гэтай спакойнай мужчынскай гаворкі пацягнула на шчырасць, якой ён з маці не мог дапусціць. — Сёння вось у лес схадзіў, жэрдак прывёз... — ён хацеў расказаць, як адчуваў сябе селянінам і як гэта добра было, але пры матцы не стаў: — Але кожны ж дзень не будзеш ездзіць па жэрдкі! А чым заняцца? А жыць за што? Цыгарэт купіць, кашулю якую новую, шкарпэткі... А на матчынай шыі я сядзець не хачу.
— Я магу чым памагаць, — сказаў Сцяпан не вельмі ўпэўнена.
— Ты сваю сям'ю глядзі, а не памагаць! — зноў умяшалася маці; аднак ёй, відаць, спадабалася, што Антон не хоча «сядзець на яе шыі». — Хай жыве! А я на што? У мяне ж і пенсія, і палучка! Матка ж на тое і матка, каб памагаць!.. Сала вунь поўны кубел, вунь кабан на паўхлява, к Колядам зарэжам, на той год два купім, картопляў поўна, гуркі, капуста... Адно, што хлеб, ды муку, ды крупы трэба купляць... Але не пі, не куры — і пражывеш, прыпяваючы!.. Матка ж цябе выганяць не будзе, раз прыехаў!..
Наеліся, дапілі гарэлку, сабраліся на двор пакурыць, але на двары за дзень так усё растала, што аж з даху капала, таму селі ў сенцах на лаве пры ўваходзе, закурылі.
— Скажы, Антон, — спытаўся брат, стараючыся сваімі кароткімі тоўстымі пазногцямі расшчапіць запалку; не змог, абкусаў яе і стаў калупацца ў зубе. — Скажы: вось я гляджу тэлевізар, радыё слухаю, газеткі вашыя чытаў... Вас жа, такіх, як ты, многа... Як магло здарыцца, што цябе турнулі? Што цябе не змаглі абараніць, адстояць? Вы ўсё ж студэнты, разумныя — ды аб'явілі б галадоўку, забастоўку, сабралі б мітынг, напісалі б у газеты!.. Там усё ж Мінск, не нашае балота!
— Хочаш, я табе зараз пакажу свой «воўчы білет»? Альбо працоўную кніжку? Там жа не напісана «исключен за политическую неблагонадежность» ці за «национализм», а за «неоднократное нарушение правил соцобщежития, появление в пьяном виде, распитие в комнате спиртных напитков...» Якая галадоўка!.. Пратэстуем супраць выгнання за п'янства?! Ды я ж пісаў табе.
— Я першы раз чую пра ўсё гэта. — Не можа быць! — уразіўся Антон. — Я пісаў табе вялікае пісьмо, перад Новым годам!
— Першы раз чую, — паўтарыў брат. — Апошні твой ліст быў перад «акцябрскімі», кароткі — усё добра, вучуся... Потым ужо матка пазваніла з работы, сказала, што ты напісаў ёй нешта пра акадэмічны водпуск і хутчэй за ўсё цябе выганяць. Я толькі здагадваўся, што нешта здарылася.
Антон усё не мог прыйсці ў сябе. Вось так так! Адно пісьмо невядома кім і навошта прачытанае, другое ўвогуле не дайшло... Брат паклаў яму на плячо цяжкую руку, сказаў ціха:
— Пры матцы не хацеў гаварыць... У мяне таксама гісторыя. Перад Новым годам вызывае мяне з бытоўкі брыгадзір — зэк, нахабны, тупое рыла — і расказвае, што ў дырэктара была нарада, дзе адзін «весь в коже» — у скура.ной куртцы — ціхенька сядзеў у кутку, а потым падышоў да яго, брыгадзіра, і сказаў: «Перадай Васкевічу, што калі ён не
хоча згніць у сваёй маласямейцы, калі хоча атрымаць нармальную кватэру, хай менш торкаецца са сваімі газеткамі і менш ляпае языком. А з тым мінскім братцам мы яшчэ разбярэмся!».Антон не верыў сваім вушам. Ён забыўся на цыгарэту, і яна сама дагарэла, прыкурыў другую ад фільтра.
— Галоўнае, не мне сказалі, а гэтаму недапечанаму зэку, які двух слоў звязаць не можа, тупы, як гэты стол! — Сцяпан пастукаў па стале тоўстым пальцам. — Гэта праз яго я павінен даведацца, чаму мне не даюць кватэру, і што з братцам будуць нейкія разборкі! Ён для іх важнейшы, больш свой, чым мы з табою!..
— Я думаў, хоць я адзін; выходзіць, і цябе падставіў, — прамовіў Антон.
Сцяпан прамаўчаў. Антон разумеў яго, ведаў, як брат марыў пра гэтую кватэру, чакаў яе, у пісьмах да Антона ужо хваліўся, дзе што збіраецца ставіць, як будзе перарабляць кухню, як у прыходжай зробіць антрэсолі па ўсім перыметры... Вось і атрымаў... А галоўнае — пра гэта Антон здагадваўся, — што кватэра надала б зусім іншы сэнс братаваму жыццю, рукі не прападалі б, і ўвогуле, што значыць пасля работы ехаць да сябе дамоў!.. Вось і дачакаўся.
— Аж неяк брыдка, — сказаў Антон. — Мы і цяпер нічога не ведаем. У чым віна? За што? Ніхто не кажа. А лісты адкрываюцца, чытаюцца, не даходзяць, а ты жывеш, ходзіш, задраўшы галаву, прыродай любуешся, кватэраў чакаеш... І раптам як снег на галаву, як малатком у лоб — бац! — высланы з Менска, бух! — «пралятае» кватэра...
Брат Сцяпан умеў слухаць, не перабіваў, падтакваў. Антон пачаў вярэдзіць сабе душу:
— Ну, мітынгаваў! Дык тады на кожнай плошчы Менска мітынгавалі, тысячы людзей!.. Значок насіў бел-чырвона-белы, дык палавіна інстытута насіла, якраз мода такая пайшла! Адказваў па-беларуску, але калі бачыў, што гэта не падабаецца, ці выкладчык прасіў гаварыць па-руску, не скандаліў, пераходзіў на рускую... Вось забі мяне, не ведаю, куды я ўлез, куды «ўступіў», як той мужык, што вечна ўступаў ці ў партыю, ці ў г...о. Цягаючыся па гэтых мітынгах, заўсёды падпішаш што-небудзь, не дужа чытаючы... Ды не проста кручком, а добра падпішаш, поўным прозвішчам, ды па бацьку, ды з адрасам і з месцам вучобы... Чэсна кажу: не ведаю і не помню, дзе і што я мог падпісаць. Але пачалося адразу ж; завальвае неяк увечары ў пакой цэлая світа: прарэктар, дэкан, камендант — чэрці, слова ж якое! — стараста паверха... Я адзін быў. Лезуць у тумбачку, у шафу, пад ложак, на балкон, на балконе з-пад старой макулатуры выцягваюць дзве парожнія пляшкі з-пад піва. Ды я год на гэты балкон не выходзіў, братцы, туды і выйсці немагчыма, усё макулатурай завалена! Пляшкі брудныя, любы скажа, што ім па сто гадоў; па-другое, лета ж нядаўна было, а летам тут абітурыенты жылі... Але складаецца акт, усё як трэба. Праўда, і я не змоўчаў, сказаў прарэктару з'едліва: «Я ж не прыходжу да вас на кватэру і не лезу ў халадзільнік!» І пакацілася ўсё, як ком з гары... На «акцябрскія» ўсёй групай выбраліся ў лес пад Менск, на шашлыкі; я не піў. У горад вярнуліся позна, я яшчэ правёў дзяўчыну, Лену, — я табе пісаў пра яе, і да інтэрната падыходзіў без пяці дванаццаць. Інтэрнат у дванаццаць зачыняецца. Ужо зачынена! А холадна, снег мокры з ветрам... Я свістаць, барабаніць у дзверы — глуха... Вахцёрка Волкава, руская (гэта важна), бабулька гадоў пад семдзесят, якую дражнілі «Гестапа», спіць недзе мёртвым сном. І толькі мо праз паўгадзіны, калі я ўжо збіраўся ісці начаваць на вакзал і, без ніякай спадзеўкі, грукнуў апошні раз, урэшце пачула, расчухалася, выплыла ў калідорчык... Я, хоць і злы, і змерзлы, але так і прайшоў бы маўчком, каб яна не прабурчэла ўслед, замыкаючы дзверы: «В следующий раз напишу докладную ректору!..» Я паварочваюся і спакойна, хоць у душы ўсё кіпіць ад злосці, па-беларуску (таксама важна) гавару:
«А можа, мне на вас напісаць дакладную? Дзе вы былі без пяці дванаццаць? Чаму вы спалі? Я павінен быў мерзці пад дзвярыма?» У яе, прывыкшай, што яе баяцца як чорт ладану, адвісла сківіца і мову адняло. Я падняўся на свой трэці паверх, у калідорчыку, не заходзячы ў пакой, каб не будзіць хлопцаў, распрануўся да пояса і стаў мыцца і чысціць зубы. Раптам страшны грукат у дзверы і ўлятае раз'яраная Волкава, з нейкай паперкаю ў руцэ. «Как фамилия?! Я добьюсь, чтобы тебя вышвырнули отсюда!» — крычыць у дзверы пакоя, а не бачыць, што я стаю збоку, каля ўмывальніка. Я ступіў да яе моўчкі, голы да пояса, з зубной шчоткаю ў руцэ... вось так (Антон паказаў як). Яна збялела раптам, анямела, вылецела на калідор і адтуль данёсся дзікі крык, ад якога, потым расказвалі, прачнулася палавіна паверxа... А назаўтра мяне выклікаюць да знаёмага прарэктара, дзе мне зачытваецца дакладная, ці «закладная», як мы звалі: