Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вёска

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Аднапавярховы, прадаўгаваты, з драўляным ганкам і зялёнымі аблупленымі парэнчамі будыначак раённай бібліятэкі стаяў у дварах, сярод дрэў, і ўлетку вельмі проста можна было прайсці побач і не заўважыць яго. Васкевіч, які спярша, пасля размовы са старшынёю, быў акрыяў, ужо едучы ў аўтобусе абдумаўся і, замест адчування хоць невялікай, але ўдачы, на яго зноў найшла ўжо звыклая апошнім часам падазронасць — цяпер і да гэтага Лобана, і да яго прапаноў. Што за свінню яму збіраюцца падкласці, Васкевіч, як ні фантазіраваў, прыдумаць не змог, але цвёрда ўпэўніў сябе, што нічога людскага з гэтага ўладкавання не выйдзе. Хай, тым больш, губляць няма чаго — паспрабуе... Таму ён без лішніх абдумак таўхануў дзверы, на хаду буркнуў «добрага дня»

жаночай галаве ў праёме гардэроба і пайшоў, адным вокам пазіраючы ў свой план, другім — на дзверы з надпісамі «Абанемент», «Чытальная зала», «Ж», «Даведачны аддзел», — у самы канец калідора.

Дырэктарка — Валянціна Мікалаеўна — была на месцы. Калі Васкевіч уторкнуўся ў кабінет, яна сядзела за сталом, курыла і задуменна глядзела ў акно. На стале, апроч тэлефона і звычайных для такіх устаноў папер, адразу кідаўся ў вочы вялікі бліскучы электрасамавар, які важна шумеў і ўжо ваўсю струменіўся параю. Відаць, за гэтым шумам і не пачуўся лёгкі стук у дзверы. Васкевіч кашлянуў, Валянціна Мікалаеўна азірнулася, войкнула і раптам неяк паспешліва і няўмела схавала руку з цыгарэтай пад стол, другой рукой пачала ляпаць вакол сябе па стале, знайшла, уздзела на кірпаты носік акуляры ў чырвонай аправе, глянула:

— Фу, напужалі! — і засмяялася харошым грудным смехам маладой жанчыны. Ужо смела зацягнулася яшчэ раз, пстрыкнула недакуркам у расчыненую фортку, вышмаргнула з разеткі шнур, і самавар сціх. — Я крадком пакурваю, — патлумачыла яна і, яшчэ панізіўшы голас, прыклаўшы да поўненькіх, чуць падфарбаваных вуснаў палец, дадала: — Шпіёнаў многа!

Васкевіч, як агаломщаны, стаяў і круціў у руках шапку. Нічога такога ён не чакаў. Гэты кабінецік — вузенькі, утульны, з дываном на ўсю падлогу, з карцінамі, габеленамі на адной сцяне, з секцыяй-шафай уздоўж усёй другои, і ў секцыі — нейкія вымпелы, тэлевізар-кубік, і, здаецца, музычны цэнтр, і прыгожы посуд, і яшчэ розная драбяза, якую не ўхопіш вокам... Гэтая маладая, сімпатычная, зусім не падобная на дырэктарку жанчына, якая так даверліва ні з таго ні з сяго дзеліцца з ім, чалавекам з вуліцы, нейкімі сваімі сакрэтамі... Трэба было абвыкнуцца хоць трохі. Урэшце ён, зіркаючы з-пад ілба, пачаў мямліць пра старшыню Лобана, Двароўскую бібліятэку...

Валянціна Мікалаеўна выслухала і засмяялася.

— Гэты Лобан сам насабачыўся па-беларускі, ды яшчэ такіх, як сам, шукае! — сказала яна, як бы трошкі з зайздрасцю да таго Лобана. — Што ж, добра, распранайцеся, сядайце, пішыце заяву. Вось папера, ручка... Вам кавы зрабіць, пакуль самавар гарачы? — спытала і зараз жа лёгка паднялася — паўнаватая, фігурыстая, у зялёнай бліскучай сукенцы, белагаловая, прайшла, мякка тупаючы ў дыван абцасамі белых, пад колер валасоў, туфелек, дастала з секцыі бляшанку кавы, сподкі, кубачкі. — Тут якраз перад вамі прыходзіла адна, фіфа нейкая намазаная, таксама прасілася ў Двароўку... З малым дзіцям. Я сказала, што падумаю, а сама думаю — трэба ты мне з дзіцям! Будзеш сядзець месяцамі на бальнічным, а там зноў у дэкрэт пойдзеш.

Зацурчэў кіпень з самавара, запахла каваю. Васкевіч, распрануўшыся, прымасціўся за стол. Валянціна Мікалаеўна падсунула яму кубак, прапанавала курыць, калі курыць, і жартоўным голасам, нібы даючы зразумець, што яна давярае, але вымушана пацікавіцца гэтым па службовай патрэбе, спытала, што ён за чалавек і адкуль узяўся.

Васкевіч сказаў, што ў Мінску два курсы скончыў.

— У Мінску? — як невядома якому дзіву ўзрадвалася Валянціна Мікалаеўна. — Ведаеце там такую вуліцу — Сердзіча?

— Чуў, але так... Я неяк блытаю Сердзіча і гэтую, як яе... Сядых.

— Ну-у. Сядых — гэта ж Зялёны Луг, а Сердзіча адразу за плошчай Прытыцкага, каля «Дзюймовачкі», — і задумалася на міг, відаць, успамінаючы нешта, з гэтай вуліцай звязанае.

Зрэшты потым, пасля гэтай кароткай задумкі, лапатала яна не перастаючы. Пакуль разамлелы Васкевіч — во начальніцу Бог наслаў! — піў каву, курыў і знарок

марудна, каб даўжэй тут пабыць, выводзіў па літарках словы заявы, мілавідная дырэктарка, не выбіраючы асабліва выразаў, расказала, што цякучка кадраў замучыла, палучкі мізэрныя (назвала лічбу ў чатыры разы большую за яго стыпендыю), што «дзеўкі» ўстройваюцца і адразу ідуць у дэкрэты, што вечная праблема — дровы...

— Хоць вы малады, можа, не так мерзнуць будзеце. А то нашыя ўсе мерзнуць, кроў не грэе...

Васкевіч уставіў, што холаду не баіцца, а баіцца запароць работу.

— Вазьміце гляньце ранейшыя фармуляры, планы, і самі так вядзіце.

Валянціна Мікалаеўна папярэдзіла, што фонд там вялікі, і трэба будзе зрабіць вопіс. Як гэта? З заўтрашняга дня ў Двароўку ранішнім аўтобусам будзе прыязджаць чалавек з аддзела апрацоўкі, усё растлумачыць, пакажа, раскажа. Потым гэты вопіс звераць у аддзеле камплектавання з каталогам.

— А то што вы будзеце прымаць ката ў мяшку? Можа, там

палавіны ўжо няма, параскрадалі...

Усё гэта для Васкевіча было цёмны лес. Але ён не стаў нічога запісваць — каб не падумала Валянціна Мікалаеўна, што ён падхалім ці тугадумны, — не стараўся нават дужа запамінаць; проста вырашыў з усім згаджацца, а там разбярэцца як-небудзь. Цяпер, калі заява напісаная, што рабіць? Ехаць у сельсавет, сказаць, што афіцыйна аформлены? Добра. Заўтра ў дзевяць раніцы, к аўтобусу, быць у бібліятэцы? Будзе. Кожны месяц першага чысла прыязджаць па палучку ў горад, тады ж кароценькі сход? Будзе прыязджаць. Справаздачы за кожны квартал і планы? Пастараецца...

Валянціна Мікалаеўна чыркнула колькі слоў на яго заяве, пагартала працоўную кніжку, спыніла вочы на злашчасным запісе. Васкевіч, які ўжо чамусьці быў падумаў, што справа яго вырашана, пахаладзеў.

— Так... — дырэктарка зрабіла твар строгім і паківала Васкевічу пальцам, як гарэзу-школьніку. — Так, на рабочым месцы не піць! Кніжкі глядзець! Дзевак за стэлажамі не ціскаць! Бо знаю я гэтых дзевак... Дамовіліся?

Васкевіч, смеючыся, кіўнуў. Яму раптам захацелася перагнуцца цераз стол і пацалаваць гэтую жанчыну.

«Чорт, і што ім усім так хочацца думаць, што я нейкі п'яніца і за гэтае выгнаны? — думаў ён, у цудоўным настроі, зусім іншым чалавекам выходзячы на вуліцу. — І цікава, ште як быццам ніхто ў тым ніякага граху не бачыць».

Вуліца за гэты час пабялела, з неба замест сечкі ціха і густа падаў ужо сапраўдны снег — і ад гэтай белізны, а больш ад таго, што сядзіць тут блізка, у гэтым вось будынку, такая разумная, харошанькая Валянціна Мікалаеўна, і сам горад падаўся Васкевічу не такім ужо і гадкім.

VIII

Калі ад чыгункі паміж Мозырам і Ельскам правесці роўна на захад, у напрамку Лельчыц, умоўную лінію, прыкладна праз 2—3 кіламетры на гэтай лініі-«апендыксе» размяшчаюцца чатыры вёскі: бліжэй да чыгункі Сасноўка, потым Двароўка, тады Бокаўка, і апошняя, пад махнавіцкія балоты — Стаў. Самай прэстыжнай можна лічыць Васкевічаву Сасноўку — блізка горад, мястэчка, чыгунка; праўда, няма сваёй школы, і, пакуль былі ў вёсцы дзеці, вечная праблема была ў непагадзь дабірацца ў местачковую дзесяцігодку. Цяпер самы малады ў Сасноўцы саракагадовы Пульс, ну і Васкевіч, так што пытанне аб школе, само сабою, не стаіць. Сасноўскія мужчыны не кураць, п'юць толькі па святах і ніколі так, каб пад плотам валяцца; амаль ніводзін не працуе ў саўгасе — альбо на чыгунцы, манцёрамі пуці, альбо ў горадзе «на праізвойстве» — пажарнікамі ці вартаўнікамі. На гэтых работах выдаюць «хворму», і сасноўскіх мужчын заўсёды яшчэ здалёк пазнаюць па пінжаках з алюмініевымі гузікамі і нязменных, у любое надвор'е, фуражках ці шапках з кукардамі. Прычым ёсць такія касцюмы выхадныя і буднія. У іншых вёсках сасноўцаў недалюбліваюць: «Ідзе, гузікі тыя блішчаць, а ён рады-рады!»

Поделиться с друзьями: