Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ён азірнуўся і зразумеў, што гэта ўжо тут, ля балота, і тады здзівіўся, як ён мала адышоўся ад берага. Каламуцячы багну, кінуўся да бліжэйшай купіны, з якой лезла ўгору раздвоеная крывая алешына з закарэлым камлём. Купінка была маленькая — і на бяду — у глыбокім месцы, ён добра вымак, пакуль дабрыў да яе, і нават падмачыў у руках пінжак. Да таго ж ён патраціў шмат часу, яны былі ўжо недзе паблізу і, хто ведае, ці не ўчулі яго. Каб быць гатовым да горшага, ён прыхінуў скрутак з малым пад альховы камель і, прытрымліваючы яго рукой, другой нарыхтаваў пісталет. Вада тут даходзіла яму да грудзей, галаву няблага прыкрывала купіна, у самым нізе якой кусцілася маладая крушына. Ён затуліўся за яе і чакаў: калі палезуць з сабакамі, ён павінен іх згледзець першы.

Толькі б не заплакаў малы.

Ён пачуў іх, і праўда,

першы, яшчэ да таго, як згледзець: зашастала на беразе голле і прагучала нейкае слова, мусіць, каманда сабаку, — ён глыбей асеў у ваду і ўставіўся позіркам у незахінуты голлем ускраек берага. Ён перастаў дыхаць, вялікім пальцам ціхенька ссунуў засцерагальнік у парабелуме і тады ўбачыў іх у невялікім прамежку між кустоў і галля.

Першы на доўгай вочапцы з зарасніку выбег сабака. Руды, з пагрозліва настаўленымі вушамі, ён імкліва вёў па зямлі чуйным носам, зрэдку кідаючы хуткія позіркі наперад — ішоў па следзе. Ззаду ледзьве паспяваў праваднік у зялёным разведчыцкім маскхалаце і казыркастай палявой шапцы. За ім шыбаваў яшчэ адзін гэткі ж немец з сабакам. Яны прамчаліся далей, і тады на бераг з кустоў высыпала ўся іх зграя — дзесятак карнікаў у аднолькавых маскіровачных халатах, узброеных аўтаматамі, абвешаных сумкамі, біклагамі і біноклямі. Доўгай чарадой яны выцягнуліся па беразе і, асцярожліва пазіраючы па баках, скіравалі па ягоным следзе, гатовыя ў кожную секунду разрадзіць свае аўтаматы.

— Ох, гады! Ох, гады! — шаптаў ён здранцвелымі вуснамі, добра разумеючы, што ягоная справа дрэнь. Калі толькі яны не праскочаць далей з ягонага следу, то, мабыць, сядзець яму тут давядзецца нядоўга.

На нейкі час пасля ён перастаў іх бачыць за алешнікам, толькі чуў, як шастала голле, і думаў, што ў бліжэйшыя секунды, мабыць, усё для яго і вырашыцца. Пройдуць ці вернуцца? Але там неўзабаве разгублена заякатаў сабака, пачуўся строгі гаспадарскі вокрык, нейкая нягучная кароткая фраза, і ён зразумеў, што сабакі згубілі след. Ён яшчэ глыбей апусціўся ў ваду, па самыя ўжо плечы, і трохі пахінуўся ўбок, каб лепш прыхавацца за купінай. Яшчэ ён азірнуўся назад — за вялікім прагалам чорнай вады стаяў куст лазняку, дзе, вядома, можна б схавацца лепш. Секунду ён адольваў у сабе рызыкоўнае жаданне кінуцца туды, пакуль была такая магчымасць, але стрымаўся — мусіць, цяпер ужо трэба было сядзець. Шкада, ён недалёка адышоўся ад берага, не хапіла часу: калі б ён раней наважыўся ўлезці ў балота, дык можа б яшчэ і выратаваўся.

Не, далей яны не пайшлі — яны вярталіся.

Ён зноў убачыў іх у тым жа парадку — адзін за адным немцы выбягалі з кустоў па ягоным следзе назад, і ён сцяўся, упіўся ў іх з-за крушынавага голля вачамі, з заміраннем сэрца чакаючы: а што, калі спыняцца? Калі спыняцца і сабака пакажа ў балота — тады ўсё. Тады, лічы, ён гатовы.

Здаецца, яны трошкі праскочылі далей ад яго павароткі, першы сабака дык пэўна праскочыў і з ім праваднік, астатнія яшчэ ішлі па беразе, і тады ён ясна ўбачыў у асацэ пры беразе свой след. Ну, так і ёсць, некалькі вельмі прыкметных на вадзе крокаў — прытаптаная асака і скаламучаная, яшчэ не адстоеная твань, — ах ты, бог мой, якая неасцярожнасць! I так блізка ад берага! Хоць бы яны не заўважылі, хоць бы прайшлі за сабакам! Дранцвеючы ад холаду і напружання, ён сачыў, як гэтае месца ля бярэзнічку прамінуў адзін, другі, трэці… Ужо заставалася чалавекі тры, і вось ужо прабег і апошні — растаўсцелы карнік з азызлым, счырванелым тварам. Ляўчук дазволіў сабе ўздыхнуць глыбей — можа, і абыдзецца…

Ногі яго надта засмактала ў твань, і ён пасунуўся грудзямі на імшарыну, схіліўся над малым, які ўвесь час неспакойна варушыўся ў яго пінжаку, нібы хацеў скінуць яго з сябе і зірнуць, што робіцца на свеце. Ляўчук заглянуў пад палу — тварык малога незадаволена зморшчыўся, і Ляўчук спалохаўся ад думкі, што малы зараз заплача. Каб як не дапусціць да гэтага, ён выдраў паблізу аерыну, адарваў ад яе мякчэйшую частку кораня і сунуў малому ў рот — смакчы! Той і сапраўды зацмокаў, прыціх, а Ляўчук падумаў, што надоўга ці не, а, здаецца, ашукаў хлопца.

Затым ён услухаўся — немцы, чуваць было, гойсалі зводдаль, ён думаў, зноў вернуцца, але яны пакуль што не вярталіся, мабыць, яны стараліся знайсці яго след. Хвіліну чуваць быў іх гоман, ці то яны аб чымсь там спрачаліся, а можа, камандзір аддаваў новы загад. Даляцеў яго зычны голас-каманда,

і хтосьці адгукнуўся на яе зусім блізка, ледзь не на самым беразе. Ляўчук зноў затаіўся, ён перастаў разумець, што яны ўздумалі, і зноў затрывожыўся.

Ён пачаў азірацца, шукаючы нейкае выйсце, і падумаў, ці не рызыкнуць усё ж перабрацца за той куст лазняку, а можа, і далей, пакуль іх няма паблізу і пакуль яны не знайшлі яго след. Але толькі ён падумаў аб гэтым, як убачыў насупраць немца: павесіўшы на шыю боты, той лез басанож у балота, здаецца, якраз па ягоным следзе. Другі з аўтаматам напагатове стаяў на беразе і, відаць, падбадзёрваў таварыша:

— Forw"arts, dort ist es nich tief! [1]

— Hier ist eine Kluft [2] — незадаволена бурчаў босы, сунучы нагамі ў вадзе.

Ляўчук зноў вялікім пальцам перавёў засцерагальнік і паклаў ствол пісталета на ніжнюю галінку алешыны. Ён рашыў падпусціць немца не далей як да акна з разбоўтаным покрывам раскі і стрэліць. Адсюль ужо ён не вылезе са сваімі ботамі; пасля той, з берага, мабыць, расстраляе яго. А можа, ён паспее зняць і таго…

1

Наперад, там не глыбока! (ням.)

2

Тут прорва (ням.)

Ну, во і ўсё… А столькі было страху і перажыванняў, калі ўсё канчаецца так проста, звычайна і амаль недарэчна…

Як заўжды ў хвіліны безнадзейнасці ад яго адлятаў страх, тым болей спалох, мозг яго пачынаў працаваць цвяроза і дакладна, рука рабілася дужай і цвёрдай. У такі момант ён не прамахнецца. Немец, аднак, не спяшаўся, лез асцярожна, высока перастаўляючы ў вадзе белыя худыя ногі з падкасанымі вышай калена калошынамі. Калі ён нагінаўся, боты біліся галоўкамі па жываце, там жа боўтаўся аўтамат, які ён падтрымліваў правай рукой. Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі, а так усё глядзеў пад самыя ногі, шукаючы, куды лепей ступіць.

«Ну што ж, можа так і лепей! Ідзі, ідзі, гад!»

I ён ішоў, несучы яму смерць і сабе, напэўна. таксама. Пагрузшы вышай каленяў у багне, ён падышоў да крушынавага кусціка, ухапіўся за галінку рукой і раптам, мабыць, паслізнуўся на дне — бокам шуснуў у ваду па грудзі. Спрабуючы падняцца, праваліўся яшчэ глыбей, збіў локцем шапку, якая паволі паплыла ад яго, хутка асядаючы пад ваду. Ускаламуціўшы вакол багну і ўжо не разбіраючы дарогі, кінуўся назад, на мяльчэйшае, і раззлавана загергетаў да таго, што стаяў на беразе і рагатаў, выкрыкваючы штосьці жартоўнае.

Мокры, аблеплены тванню немец выбраўся з балота і, усё нешта гергечучы там, знімаў з сябе кіцель, штаны і ўсё іншае, пакуль не застаўся голы. Удвух яны там доўга выкручвалі яго абмундзіроўку, з якой цурком лілася балотная вада. Ляўчук зусім адранцвеў ад холаду, яго пачынала біць ліхаманка, — ён не мог дачакацца, калі ж яны ўрэшце скончаць галэндацца і гэты апранецца. Вось ён ужо нацягнуў штаны, сятчастую блакітную майку, пачаў абувацца. Той, другі, даўганогі і, мабыць, маладзейшы, з ліхтарыкам на грудзях, штось гэйкнуў у хмызняк, яму адказаў здалёку другі голас, і Ляўчук пачуў, як на беразе лязгнуў затвор. Гэта яго зноў насцярожыла — што будзе?

Але гэты раз чакаць давялося нядоўга, воддаль затрашчала аўтаматная чарга, над балотам разгоніста, з віскам панесліся кулі. Ляўчук не зразумеў — куды гэта яны? Здаецца, апроч яго, тут не было нікога, але ж яго яны быццам яшчэ не ўбачылі. Ды і стралялі не ў яго, а недзе ўбаку, куды пабеглі тыя, з сабакамі. А можа, там яшчэ хто, можа, там партызаны? Гэтыя два немцы таксама пабеглі на стрэлы; задні таропка, на бягу надзяваў кіцель, перахопліваючы з рукі ў руку аўтамат.

Ляўчук рашыў уцякаць далей у балота і толькі падхапіў на рукі малога, як зноў чарга адтуль распырскала паблізу ваду, дробная галінка з алешыны ўпала на яго плячо. Ён стаіўся, аблёгся на купіну, падабраў пад сябе малога. Але хутка ён зразумеў, што гэта выпадковыя кулі — білі ўсё ж наўгад. Тады ён зноў апусціўся па самыя плечы ў твань і праз крушынавае голле ўтаропіўся на край апусцелага берага.

Поделиться с друзьями: