Воўчая зграя
Шрифт:
12
То быў намер, а не пустая пагроза — Ляўчук зразумеў гэта адразу. Вядома, ім спакусліва было б спаліць іх усіх разам з будынкам, але спярша, мусіць, трэба было да яго падысці. I ён рашыў нізашто не падпускаць іх да тока, адбівацца да апошняга. На гэты выпадак у яго заставаўся парабелум са жменяй патронаў, пара абоймаў была ў Грыбаеда і пяць штук у Клавы, — можа, як і дацягнуць да вечара. Ім дужа патрэбны быў вечар, цемра, можа б, у цемры яны ўратаваліся. Але сонца — халера на яго — вісела даволі высока, да ночы трэба было дажыць. Да ночы ім было доўга, як да канца вайны. — Грыбаед, глядзі! Будзе падпаўзаць — бі!
Ён прыкінуў у памяці, што двух, напэўна, яны падстрэлілі, а можа, нават і трох. Цяпер па стрэлах цяжка было палічыць, колькі тых яшчэ засталося, але, мабыць,
Ляўчук стаў сачыць за тым бокам, ад лесу, які цяпер здаваўся яму найбольш небяспечны. Ён думаў, што хтось з іх папаўзе да тока з агнём, каб падпаліць яго. Ці, можа, раней запаляць паветку? Праўда, ён не ведаў, з якога боку дзьмуў вецер і куды панясе агонь. Але ён быў як ніколі пільны і наважыўся не прапусціць падпальшчыка.
Таму, калі з-за паветкі грымнуў новы стрэл і куля, струнка мільгануўшы ў падстрэшшы, прасекла навылет страху, ён падумаў, што гэта трасірная. Следам грымнула і яшчэ раз, ніякай трасы не было відаць, і ён рашыў, што гэта звычайная. I толькі калі грымнула трэці раз, ён зразумеў, што яны ўдумалі, і ад гневу ў яго памутнела ўваччу.
Яны пачалі абстрэл запальнымі.
Клава ляжала на баку пад сцяной, затуляючы целам малога, у куце ля сваёй зручнай шчыліны скурчыўся Грыбаед — яны яшчэ не разумелі нічога, і ён нічога ім не сказаў. Ён чакаў, калі загарыцца страха, і супраць гэтага быў бяссільны. Ён нават не мог бы дастаць да таго агню, каб патушыць яго. Ды і чым было тут тушыць?
Доўга чакаць яму не давялося — пасля чатырох-пяці стрэлаў у таку засмярдзела дымам. Клава першая крутанулася пад сцяной, зірнула ўгору і глуха крыкнула, нібы прастагнала ад болю:
— Ляўчук, Ляўчук!
— Ціха! Ціха! Чакай!
Але што чакаць, ён не ведаў і сам, першыя хвіліны ён збянтэжыўся, нават разгубіўся, і толькі глядзеў, як з гэтага канца тока, над іх галавой, займалася агнём страха, і ў ток усё болей наганяла дыму. У саломе спярша прагарэла невялікая дзірка, пасля агонь ад яе хутка папоўз угору і ў бакі, затрашчаў, засквірчаў, жаручы салому і паплеціны; праз дым пасыпалася саламяная гара і вуголле. Хутка Грыбаед мусіў падацца з свайго кутка бліжэй да дзвярэй, Клава, падхапіўшы малога, таксама паўзла да дзвярэй. Увогуле яшчэ можна было трываць, калі б не дым, які ветрам гнала ў ток, і Ляўчук уяўляў сабе, што тут будзе праз некалькі хвілін, калі зоймецца ўся страха.
— Клава, — у асець! — гукнуў ён радыстцы. — Быстра!!
Клаву не трэба было ўгаворваць, яна перабралася цераз парог асеці, і ён бразнуў дзвярыма — зачыніў яе там.
Удвух з Грыбаедам яму стала лягчэй і больш проста, не трэба было стрымліваць свае нервы, бачачы пакуты гэтага дзяўча з малым. Пакуль у іх не стралялі, удвух яны маглі тут нешта прыдумаць, напрамую, па-мужчынску згаварыцца, што рабіць, бо жаночая бездапаможнасць абцяжарвала іх рашэнне.
— Ну, прападаць? — запытаў Грыбаед, павярнуўшы да яго змарнелы твар са счырванелымі ад дыму вачыма.
— Хай яны прападуць! А мы яшчэ паваюем.
Мусіць, перагарэўшы ў звязках, у ток бухнула крайняя кроква, абдаўшы іх роем іскраў і дробнага вуголля; Грыбаед тузануў пад сябе босыя, абпечаныя ногі, Ляўчук ботам адпіхнуў галавешку.
— Ну во, зараз згарым, — аднак спакойна сказаў Грыбаед і закашляўся.
«Так, мусіць, згарым», — падумаў Ляўчук. Але перш чым згарэць, трэба было нешта зрабіць, хоць бы паспрабаваць зрабіць, а калі ўжо не выйдзе, дык што ж — тады ўжо гарэць.
— Грыбаед! — крыкнуў ён, таксама закашляўшыся. — Грыбаед, а ну дзверы! Варухні дзверы!
Грыбаед працягнуў руку і скрыпнуў палавінкай дзвярэй, тая крыху прыадчынілася, і адразу з-за паветкі трэснулі два стрэлы. Дзве кулі выбілі па вялікай дзірцы ў тонкіх дошках дзвярэй.
— Ах, халера на іх!..
Аднак іншага выйсця ў іх не было, трэба было прарвацца з гэтага пекла, а прарвацца можна было толькі праз дзверы. Ужо палаў увесь канец тока. Уверсе гуло і трашчала. Салома і паплеціны там прагарэлі, цяпер смылелі астатнія дзве пары крокваў, па якіх вогненнымі вужакамі бегалі, выкручваліся траскучыя языкі полымя. Дол густа засыпала попелам, гарай і агнявым ашмоццем саломы. Грыбаед
хутаўся ў паласатую абгарэлую посцілку, Ляўчук спахапіўся, што гараць ззаду штаны, і, пацёршыся па зямлі, ледзьве затушыў іх. Рабілася ўсё больш горача; у доле таксама ўсё скрозь дымела, дым драў горла, і слёзы, не перастаючы, ліліся па тварах, часам зусім не даючы глядзець. Толькі каля прыадчыненых дзвярэй яшчэ можна было крыху ўхапіць паветра.У асеці таксама, мусіць, было не лепш, хоць земляная прысыпка на столі пакуль што ратавала яе ад агню, але полымя на страсе дабіралася ўжо і да асеці. Праз некалькі хвілін дзверы з яе рэзка адчыніліся і, зайшоўшыся ў кашлі, на парог павалілася Клава.
— Я не магу… Не магу болей! Ляўчук! Я пайду да іх! Каб вам… Ратуйце малога!..
— Маўчы! — прыкрыкнуў на яе Ляўчук. — Я табе пайду! А ну паўзі сюды…
Яна падпаўзла, усё кашляючы, і ён пасунуўся ад дзвярэй, даючы ёй месца побач з сабой ля парога. Адна палавінка дзвярэй была трохі прыадчынена, у яе задзьмуваў вецер і круціў дым, які валіў — не зразумець куды — ці ў ток, ці з тока. Ляўчук пацягнуўся і аўтаматам папіхнуў яе далей — дзверы расчыніліся шырай. Зноў трахнуў стрэл, другі, адна куля ўдарыла ля самай клямкі і расшчапіла дзвярную раму; другая прайшла, мабыць, міма. Тады ён крыкнуў Грыбаеду: «Трымай!», каб дзверы не зачыніліся, а сам крутануўся да Клавы.
— Давай! Чуеш! Давай хутка паўзком за маліннік!
Яна падняла на яго заліты слязьмі твар і, прытуліўшы да сябе малога, глядзела на Леўчука, баючыся ці, можа, не разумеючы, чаго ён хоча. Але часу ў іх заставалася ўсё менш, ужо зырка гарэла палавіна тока, полымя асядала ніжэй і ў тым канцы ўжо жэрла верхнія вянцы зруба, было так горача, што, здавалася, яны вось-вось загарацца самі. I Ляўчук, спалохаўшыся, што спозніцца, папхнуў яе да дзвярэй, яна пакорліва паднялася на кукішкі і бокам вывалілася за прыкрытую палавіну ў маліннік. Ён чакаў стрэлу, але стрэл замарудзіў, мусіць, яе схаваў дым з дзвярэй, і тыя, ад паветкі, яе не адразу заўважылі.
— Грыбаед, бі! Па іх бі! — крыкнуў Ляўчук, а сам, рызыкуючы згарэць ці задыхнуцца ў дыме, кінуўся па драбінах на асець. Яму трэба было прыкрыць яе агнём зверху, не даць застрэліць каля пажару ці злавіць у жыце, куды яна павінна была падацца. Выразна ён сам не ведаў, як памагчы ёй, не ведаў нават, колькі ў яго было патронаў у дыску, але ён узляцеў пад самы агонь на асець, да дзіркі ў шчытку.
Жыта вакол густа засцілаў дым, пасвяжэлы вецер гнаў яго клубамі ў поле; задыхаючыся, Ляўчук слізгануў па ім позіркам і не ўбачыў нікога. Магчыма, яны застрэлілі яе ў малінніку, ці яна ўжо адбеглася далей або схавалася ў жыце. Сапраўды, дзве цёмныя постаці з-пад алешніку таропка стралялі кудысь праз дым, і ён, ухапіўшы ротам паветра, хуценька скіраваў на іх аўтамат. Ён выпусціў па іх з полымя і дыму ўсё, што яшчэ заставалася ў дыску, затым зноў схапіў гарачага паветра, якое апякло яго грудзі, і адчуў, што задыхаецца. У вачах у яго пацямнела, ён спалохаўся, што страціць прытомнасць, і, трохі затрымаўшыся левай рукой, рынуўся праз дзірку ў маліннік.
Ён моцна ўдарыўся сцягном аб камень, але зараз жа ўскочыў, адчуўшы, як аднекуль з-пад рук рыкашэтам пырснула куля, яна не зачапіла яго, і ён двума скачкамі, прыгнуўшыся, шыбануў у жыта. Тут яго адразу накрыла воблакам дыму, ён зноў задыхнуўся і, заблытаўшыся ў калівах, упаў, затым ускочыў, пабег, — ён з усяе сілы імкнуў ад агню, ад тока, дзе ляскалі стрэлы і, мусіць, беглі ўжо немцы. Пачалі біць і збоку — засланыя дымам каласы перад ім прашыла нізкая агніста-зеленаватая траса з алешніку, і ён кінуўся ў другі бок, далей у поле, бо шлях у алешнік быў ужо адрэзаны. Дыму, аднак, станавілася менш, ён гарачым туманам распаўзаўся над жытам, і Ляўчук, прыгнуўшыся, з усіх сіл шыбаваў і шыбаваў у ім, часам падаў, ускокваў і бег зноў. Ззаду па ім усё стралялі, нават штосьці крычалі, але ён не слухаў, ён хацеў адбегчыся як мага далей. Яму трэба было ў лес, хоць бы ў той самы алешнічак, бо ён разумеў, што ў полі паратунку яму не будзе. I ён пачаў забіраць убок, перабег адну, другую мяжу, увесь час прыгінаючыся і памагаючы сабе рукамі. На боль у правым плячы ён даўно не зважаў, ён толькі сціскаў сківіцы, калі рабілася асабліва балюча, кепку сваю ён недзе згубіў, пот заліваў лоб, шчокі і разам з дымам выядаў вочы. Пасля страляць у яго бок неяк перасталі, і ён рашыў, што ўратаваўся. Толькі трэба было ў алешнічак.