Волат на дарозе (на белорусском языке)
Шрифт:
У вiдэом уцiснуўся славуты нос Лявады i яго рыжая шавялюра.
– Мы тут падрыхтавалi яшчэ два "панцыры" з танкамi. Экiпажы гатовыя стартаваць у любы час.
– Не трэба, - сказаў Сташэўскi грубавата, а Малчанаў красамоўна павярнуўся. Нi ў кога не было гарантый, што i гэтыя дэсантныя караблi не змоўкнуць пад час пасадкi, як зоркалёт. Да таго ж у выпадку непрадбачаных цяжкасцей яны маглi i не паспець.
Па вiдэому заструменiлiся белыя зiгзагi i раскалолi выяву.
– Што там яшчэ?
– незадаволена павярнуўся Сташэўскi.
– "Цiкаўнiкi", - лаканiчна адгукнуўся Дыега Вiрт, тыцкаючы пальцам у неба.
Грэхаў таксама ўбачыў iх.
Сташэўскi выключыў апаратуру сувязi i скасавурыўся на пульт тыямата. Сувязi ўсё роўна не будзе, пакуль побач баражыруюць гэтыя фасфарысцыруючыя камянi. Iх выпраменьванне стварае перашкоды ў любым дыяпазоне хваляў, у чым выратавальнiкi ўпэўнiлiся яшчэ пад час пасадкi.
"Цiкаўнiкi" не "нападалi", пакружлялi на значнай вышынi, з нязменным эскортам "павуцiн", i неўзабаве пайшлi, растварыўшыся ў зелянявым мiгценнi неба без зор.
– А я нi разу не быў у Горадзе, - сказаў раптам з пэўным здзiўленнем Малчанаў. Хацеў яшчэ нешта сказаць, але паглядзеў на Сташэўскага i перадумаў. Няўжо ён i праўда не быў у Горадзе?
– падумаў Грэхаў з недаверам.
– Або гаворыць наўмысна для нас, каб супакоiць, падбадзёрыць?" Грэхаву, натуральна, таксама не даводзiлася знаёмiцца з Горадам, але наслухаўся ён такiх гiсторый больш як дастаткова.
Сташэўскi махнуў рукой, Грэхаў павялiчыў абароты матораў, i танк палез на стромкi чырвона-карычневы бок каменнага кража.
3
Ён выключыў акустычныя прыёмнiкi, i прыглушанае мармытанне рухавiка змоўкла, стала зусiм цiха. Толькi ў кабiне зрэдку хто-небудзь шамацеў вопраткай ды рыпелi рамянi крэслаў.
Дарогi як такой не было. Танк iшоў беражком свежага разлому, потым вухнуў некуды ў цяснiну i хвiлiн дваццаць шлёпаў гусенiцамi па плыткай рэчцы з зiхатлiвай смарагдавай вадой.
Потым пайшла параўнальна роўная паверхня - столападобнае плато, на сярэдзiне якога машына з ходу ўляцела ў воблака шызага дыму. У гэтым дыме не дапамог нават лакатарны зрок - чарговы цуд прыроды, i Грэхаў кiраваўся толькi стрэлкай арыентаста, каб машына iшла дакладна па прамой. Такiя дымныя падушкi яны праязджалi ўжо, памеры iх не перавышалi некалькiх кiламетраў. Абазначалi яны спуск у плыткую, але шырокую варонку, надзiва роўную. Растлумачыць iх прызначэнне не змог i адзiны "ветэран" у танку - Малчанаў.
Калi танк выязджаў з дыму, яго моцна трасянула. Грэхаў узняў вочы i ўбачыў над сабой гiганцкую белую "сетку", што павольна адплывала ў дым. I зараз жа гучна зашалясцелi дынамiкi прыёмнiка, дзесьцi ўнутры яго загаварылi, зашапталi сотнi галасоў, разабраць якiя выразна ён не змог. Калыхаючыся, край "павуцiны" яшчэ пэўны час свяцiўся скрозь дым, потым растварыўся ў сiняй смузе. Змоўк i шэпт.
"Што за лухта?" - падумаў занепакоены Грэхаў. Патрымаўшы штурвал рукой, азiрнуўся. Дыега Вiрт спаў, патануўшы ў крэсле. Малчанаў пазяхаў, далiкатна прыкрываючыся далонькай. Праз хвiлiну i ён задрамаў, не раскладаючы крэсла. У кабiне панаваў утульны паўзмрок, якi ствараўся рассеяным водблескам пражэктараў.
"Дзiўна, што гэта яшчэ за шэпт? Галюцынацыi са слыхам?.."
– Адпачнi, - параiў Сташэўскi.
– Дарога тут адна - на паўночны ўсход. Трэба будзе - пабуджу.
"Ён таксама нiчога не чуў?" Засмучаны Грэхаў уступiў месца камандзiру i адкiнуў суседняе крэсла, спаць захацелася непераадольна, i заснуў ён амаль iмгненна, забыўшы пра свае "галюцынацыi". Прыснiлася яму, што стаiць ён з Палiнай у нейкай жахлiвай чорнай цяснiне, аддзелены ад каханай шкляной
сцяной. Палiна аддаляецца, твар яе трывожны, але яна маўчыць, а ён б'ецца ў сцяну, крычыць... Палiна робiцца ўсё меншая, тоне ў iмгле... Потым быў вар'яцкi бег па гулкiм металiчным памосце, уперадзе мiльгала белая плямка, i трэба было яе не ўпусцiць. I зноў цяснiна, а ў ёй глыбокая чорная рака, вада бурлiць i шыпiць каля сцен, ён плыве з апошнiх сiл, супрацiўляючыся, але яго нясе з галавакружнай хуткасцю да велiзарнай безданi (чамусьцi ён ведае, што наперадзе бездань), i ён нiчога не можа зрабiць...Праз высiлак Грэхаў прачнуўся.
Танк стаяў. У кабiне ўсе спалi, акрамя Сташэўскага. Пражэктары былi выключаны, але тым не менш нейкi шараваты водблiск ляжаў на пульце i футаралах прыбораў. Танк застыў носам унiз на пахiлай вяршынi ўзгорыстага вала, бакi якога гублялiся ў цемрадзi вышчарбленай пiкамi скальнай грады. Наперадзе iшоў яшчэ адзiн вал, якi цьмяна адсвечваў золатам у святле сiгнальнага лiхтара. Вал быў складзены з трох пластоў лавы i здаваўся адхонным. Сташэўскi выключыў лiхтар, i тады над гэтым складкаватым валам устала серабрыстым воблакам асцярожнае рассеянае зiхценне...
– Горад?
– шэптам спытаўся Грэхаў, адчуваючы, як мiжволi напружылiся мышцы жывата.
Сташэўскi азiрнуўся, звыклым жэстам прыгладзiў шорсткi чуб i ўступiў месца вадзiцелю. Цяпло яго рук сагрэла штурвал, i Грэхаў пачуўся больш упэўнены.
Танк нырнуў у калдобiну, перавалiў цераз ланцуг пляскатых пагоркаў у далiне памiж масiвамi i рушыў угору па базальтавым уздуццi. Пад'ём цягнуўся доўга, амаль раўнамерны i не надта стромкi, як здалося спачатку. I, не дабраўшыся да вяршынi вала, яны ўбачылi асобныя "будовы" Горада. Машына ўз'ехала на шырокую рыхлую паласу, што аблямоўвала Горад па перыметры, i замерла.
За паласой цягнуўся дзiўны празрыста-шкляны лес... не, не лес - сцяна льду, рассечаная частымi трэшчынамi i шырокiмi праходамi, сцяна ўзгорыстага льду, што сачыўся цяжкiм шэра-срабрыстым свячэннем. Найбольш моцнае свячэнне iшло ад падмурка сцяны, вышэй яно паступова слабела, i верх сцяны ўжо ледзь свяцiўся, быццам зацягнуты шыза-чорным попелам. Праходы ў сцяне, падобныя на цяснiны, былi не вузейшыя за вулiцы зямных гарадоў, i ўсе яны здавалiся пакрытыя вiльготнай блiскучай чарнечай, якую здалёку можна было прыняць за бяздонныя каналы з чорнай стаячай вадой.
Гулкая, насцярожаная цiшыня панавала ў Горадзе, вадаючы гратэскнаму "ледзяному" масiву няўлоўную празрыстасць эфемернага жыцця.
Грэхаў мiжволi замёр, захоплены, бадай, самай незвычайнай з усiх карцiн, бачаных iм раней на планетах iншых сонцаў... З задумлiвасцi яго вывеў Малчанаў, якi працiснуўся памiж крэслам i пультам паходнага вылiчальнiка.
– Ну што, паехалi?
– пытальным тонам сказаў Сташэўскi.
Танк перасек адкрытую прастору да блакiтнаватай сцяны Горада. Зараз жа некалькi "павуцiн" нырнулi да iх з неба, быццам узнiклi з пустэчы.
Спачатку ў Грэхава з'явiлася дзiўнае i агiднае адчуванне, быццам на руках у яго па пяць мезенцаў. Потым ён адчуў погляд. У спiну цi, хутчэй, адусюль, з усiх бакоў на яго глядзеў нехта, у каго быў мiльён нябачных вачэй; нехта, валодаючы бязмернай магутнасцю; нарэшце, нехта невыказна, да жахлiвасцi чужы, чыя раўнадушнасць, грозная i выразная, затапiла ўсю прастору вакол... I яшчэ ён адчуў, што iх прысутнасць тут непатрэбна i непажадана гэтаму нябачнаму гаспадару Горада.
– Зашпiлiце рамянi, - рашуча сказаў Грэхаў. Марудзiць было нельга, i на размовы не заставалася часу.