Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Волат на дарозе (на белорусском языке)
Шрифт:

На карме i на носе танка з рокатам высунулiся ажурныя вежкi эфектараў. На iмгненне ўвесь купал вежавага экрана зацягнула вясёлкавай плёнкай - i вось ужо пяцiсоттонная машына ледзь кранаецца гусенiцамi глебы, асноўную вагу танка прыняла на сябе, падтрымлiваючы яго, сiлавая падушка. Штурвал паслухмяна ўвайшоў у паз, "Мастыф" мякка набраў хуткасць i апынуўся ў Горадзе.

На першым павароце па незразумелай прычыне выйшаў са строю аўтамат магнiтных рытмаў, Грэхаў вылаяўся скрозь зубы, але танк ужо iмчаўся па гладкай струменiстай чарнечы "вулiцы", i рэактар працаваў на фарсажнай мяжы, i даводзiлася манiпулiраваць эфектарамi, замяняючы аўтамат, каб танк меў дастатковую абарону i ў той жа час дастатковае падтрымлiваючае поле; i жахлiва выў гамарадыёметр, што ўлавiў ачаг радыяцыi, якi невядома адкуль

узяўся; i яшчэ нейкiя пабочныя гукi драбiлiся ў агульнай гукавой кашы, i ўсё гэта перабiваў лiпкi ўсеабдымны позiрк Горада, i таму часамi здавалася, што танк плыве ў страшнай бязважкай цiшынi, а наперадзе разяўляецца пякельная прорва i тады ўжо наогул даводзiлася спадзявацца на чуццё ды iнстынкты, яны адзiныя захоўвалi хуткасць чалавечых рэакцый.

Свячэнне серабрыста-празрыстых жыл i фiгур па баках дарогi злiлося ў туманную паласу, над якой вузкай звiлiстай стужкай цякла лiлаватая рака пасвятлелага купала неба...

Дваццаць кiламетраў, больш за тры чвэрцi дыяметра Горада, танк прайшоў на адной звiнячай ноце за чатырнаццаць хвiлiн, Грэхаў ужо лiчыў сябе героем, але раптам з-за чарговага павароту паказаўся адзiнокi "цiкаўнiк", якi падганяла выгнутая конусам "павуцiна", не святлiвы, чорны, падобны на лятучую труну. Паварочваць не было куды, тармазiць позна, i Грэхаў паспеў толькi да мяжы павялiчыць напружанне ахоўнага поля. Ён чакаў цяжкага ўдару i феерверку абломкаў, але нiчога такога не адбылося. Пры сутыкненнi ахоўнага поля з "цiкаўнiкам" на яго месцы раптам узнялося iскрыстае жоўтае полымя, разануўшы па вачах. Танк кiнула ўнiз i ўгору, i абвальны грукат выбуху дагнаў iх ужо на павароце. Азiрацца не было калi, Грэхаў толькi перакасiў плечы, утрымлiваючы машыну на восi дарогi, калi яе штурхнула паветраная хваля.

– Хутчэй!
– унушальна сказаў ззаду Малчанаў, i потым Грэхаву здалося, што ён аглух.

"Павуцiна" над iмi ўспыхнула асляпляльным белым напалам, поле падтрымкi танка тут жа села, перакiнутае на абарону, танк на поўнай хуткасцi тыцнуўся ў чорную масу дарогi i зарыўся ў яе ледзь не па лабавую браню...

Грэхаў адчуў сябе складзеным з вострых вуглоў, што перашкаджалi адзiн аднаму. Хтосьцi лез у яго, рассоўваючы вуглы, i яны скрыпелi i вiшчалi, як металiчныя. Гэта ўразiла яго так, што ён не надта здзiвiўся, выявiўшы ў сабе здольнасць адчуваць светлавую гаму. Зялёныя агнi пульта, напрыклад, здалiся шаўкавiстыя i мяккiя, чырвоны аварыйны сiгнал быў шурпаты i пругкi, як шкура акулы, а срабрыстае свячэнне Горада здавалася рыхлае, сырое i патыхала гнiллю...

I вось Горад заварушыўся. Вялiзныя "ледзяныя" фiгуры яго "будынкаў" задрыжалi, няўлоўна павольна скажаючы былыя абрысы, i сталi як бы наблiжацца, павялiчвацца ў памерах.

Нечае гулкае сэрца аддавалася ўвушшу кананадай, i скрозь шалёны гул Грэхаў пачуў раскацiсты шэпт... Усё знiкла: гукi, адчуваннi, думкi, застаўся шэпт, громападобны раскацiсты шэпт...

* * *

Ён павольна ўсплываў з дна акiяна, усплываў, як падводная лодка, прадзiмаючы цыстэрны. Потым вылез на мулкi бераг i "вылiў ваду з вушэй". Iмгненна вярнулася здольнасць чуць, бачыць i адчуваць на дотык. Адчуваць сябе на дотык чамусьцi было балюча, асаблiва нос i левую руку. Баючыся горшага, Грэхаў скасавурыўся ўнiз, заўважыў кроў на пальцах абедзвюх рук, прыўзняў iх. Правая была цэлая, а цераз далонь левай праходзiў iрваны неглыбокi шрам. Нос пасiнеў i распух, вiдаць, у гэтай экспедыцыi ўсе ўдары ён прымаў на сябе. Тут Грэхаў убачыў штурвал з адламаным рогам i ўсё зразумеў. Як жа гэта ён ухiтрыўся?..

Сташэўскi прыводзiў да прытомнасцi Малчанава, але той проста самлеў. Дыега Вiрт ляжаў у крэсле бледны, але спакойны.

– А цяпер уявi, што ты пралятаў бы тут на хуткалёце, - прабурчаў Сташэўскi, скоса глянуўшы на Дыега. Той пацiснуў плячыма i змоўчаў.

– Якiм жа чынам мы ацалелi?
– спытаўся Грэхаў, пакуль Сташэўскi лячыў яму нос i руку без звыклага бурчання i павучанняў.

Сташэўскi быццам не пачуў пытання, скончыў, акiнуў купал вежавага крана хуткiм позiркам i ўключыў сiстэму бачання. Купал растаў, i ўсе ўбачылi зусiм светлае лiловае неба з мутнымi разводамi нейкiх выпарэнняў, гладкiя ўздуццi базальтавых патокаў, хаос ценяў у гiганцкай дузе горнага хрыбта.

А

зусiм побач, над вертыкальнай сцяной слупавых скал, варушыўся тлусты буры дым, па якiм час ад часу прабягалi барвовыя ўспышкi. Над гэтай сцяной дзе-нiдзе праглядвала нешта чорнае, бачнае як скрозь няшчыльны шэры туман, i Грэхаў, заўважыўшы ў тым кiрунку гурт навiслых "павуцiн", зразумеў, што чорнае - Горад. Дык яны прайшлi праз яго...

Дым над скаламi ўзляцеў угору султанамi i выпаў снегападам попелу. Да iх даляцеў моцны трэск, як пад час разраду маланкi.

– Як мы апынулiся тут?
– панура спытаўся Малчанаў, моршчачы пашарэлы твар.

Маўчанне разлiлося, як снегавая вада, доўгае, халоднае i плыткае. Чакаць адказу не мела сэнсу, нiхто не ведаў, як яны апынулiся за рысай Горада, але яны стаялi i глядзелi на чорны дым, што расцякаўся коўзкiмi цяжкiмi бруямi памiж шпiлямi i ледзяшамi скал. Потым Грэхаў пацiху ўрубiў рухавiкi i крануў машыну з месца. Сташэўскi, якi спрабаваў звязацца са Станцыяй, са злосцю махнуў рукой i натапырыўся ў сваiм крэсле. Настала ранiца, i ў атмасферу Тартара ўрывалася шырокае ўзбуральнае электрамагнiтнае поле зоркi, магутнасць якога перавышала сцiплыя магчымасцi станцыi сувязi iх "Мастыфа". Толькi тая акалiчнасць, што за iх рухам сачылi вочы сяброў, гатовых прыйсцi на дапамогу, i паляпшала настрой.

Танк пакiнуў ззаду цыклапiчны грэбень Кiнжальнага хрыбта i выбраўся на вялiзнае пахiлае плато Рубiнавых жыл, пасечанае шматлiкiмi трэшчынамi. Трэшчыны былi падобныя на барозны, нанесеныя велiзарнымi граблямi, яны цягнулiся паралельна памiж сабой па дзевяць-дзесяць трэшчын запар, неглыбокiя i даволi правiльныя. Танк шпурляла i хiстала, кабiне кiравання перадавалася толькi малая доля штуршкоў, але i ад iх не станавiлася прыемна.

Парода плато адсвечвала блакiтным, часам сустракалiся цэлыя палi зiхоткага "крышталю", пры з'яўленнi якога пачынаў вiшчаць лiчыльнiк радыяцыi. Часамi танк iшоў быццам па дне велiзарнай жалезнай бочкi - скрыгат i вiскат каменю змянiўся гулкiм дробным грукатам. Адначасна Грэхаў адчуў, як цяжэе цела, i ў адзiн з такiх момантаў Малчанаў сказаў:

– Масконы.

Гэта былi загадкавыя канцэнтрацыi мас - масконы на жаргоне планетолагаў. Выяўлялi iх, як i яны, па тым, што павялiчвалася гравiтацыйнае поле.

Праехалi голую пустэльную мясцовасць, абкружаную толькi блiзкiм размытым гарызонтам. Край неба на ўсходзе стаў чыста аранжавы i святлеў цяпер на вачах, распальваючыся да жоўтага свячэння. А на захадзе, куды адышла ноч, усё яшчэ стаяла, злiваючыся з гарызонтам, фiялетавая цемра.

Блакiтнае плато з плямамi ўкрапiн, з рэдкiмi скаламi, што тырчалi, як пальцы, спускалася ўступамi ў прасторную катлавiну, далёкi край якой губляўся ў смузе атмасферы. Дзесьцi там, кiламетраў за сорак, размяшчалiся дзве дзiўныя па форме ўпадзiны: След Чаравiка i Другi След, у адной з якiх, ва ўпадзiне Другi След, стаяў адзiн з буйнейшых Гарадоў планеты, а побач з iм карабель з камунiкатарамi, канчатковая мэта iх шляху... Можна было паспрабаваць злавiць хвалю маяка, тую самую, з "...Увага! Выкiдаю...", але маяк быў востраскiраваны, аварыйны, а магутнасць яго бакавых пялёсткаў выпраменьвання наўрад цi прабiвала тутэйшую атмасферу на сорак кiламетраў.

Сташэўскi трохi пажвавеў, хуценька пачасаў падбародак i сказаў:

– Мне здаецца, што ў той момант... калi ўзарваўся "цiкаўнiк"... а вы белыя i цёпленькiя... праўда, i я ледзь не самлеў...
– Ён памаўчаў, хмыкнуў.

– Не цягнi, Святаслаў, - з дакорам вымавiў Дыега Вiрт.

– Так... мне здалося, што згары на нас упаў "шэры прывiд"...

– Шэрае воблака, што прасвечвае па краях?
– хутка сказаў Малчанаў.

– Так. Раней я, вядома, не бачыў яго, але па апiсаннях...

– Гэта ён. Дзiўна, не першы раз "шэрыя прывiды"...
– Малчанаў абарваў свае словы i змоўк.

Малчанаў працягваць не збiраўся, i Грэхаў сам задаў пытанне, хутчэй рытарычнае, бо ў сапраўднасцi не гэта займала яго: - А што такое наогул Горад?

– Зачараванае царства, - зрабiў здагадку Дыега Вiрт, - злых чараўнiкоў тут процьма.

– Паводле Галкiна, гэта калектыўны арганiзм, маючы iнтэлект, - нягучна вымавiў Малчанаў.
– Зрэшты, так думаюць амаль усе вучоныя. I я таксама, падумаўшы, дадаў ён.

Поделиться с друзьями: