Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вячэрнія ветразі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Развiтальная песня

Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Сумна. Не хочацца ў шлях далёкі. Шпак на галіне бярозы высокай, Чорны шпак, Трапёткі шпак. Чысты абшар халодных нябёс, Белыя травы засумавалі, Белыя травы на сонцы адталі, Плачуць ружовымі нізкамі слёз. Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Шпак не трапеча, ён не ўзвіваецца, Шчасцем жыццёвым не захлынаецца, Сёння з радзімаю ён развітаецца. Сумна, Працяжна спявае шпак. Песня шпака халадком цячэ, Доўгі, празрысты свіст на світанні... Час адлятаць ад радзімы туманнай, Светлай для кожных птушыных вачэй. Ў сэрцы птушыным яна жыве З дымнаю сушняй, з садамі расянымі... Вецер над чорным, чужым акіянам Перыйкі, Перыйкі, Перыйкі рве.

Балада пра галубiныя пер'i

На ўскраіне ціхай дзяўчынка жыла, І было ёй шаснаццаць год. Як заўсёды, тачылася з вішняў смала, Як заўжды, палымнеў усход. І ў дзяўчыны хлопец харошы быў. Стаяла вясна на двары. Над каханымі лёталі галубы І скінулі два пяры. І хлопец дзяўчыне аддаў адно, І яго абняла яна, І вечар быў, і спусцілася ноч, А ўранцы прыйшла вайна. Бомба разбіла іх цёплы дом. Абое на фронт пайшлі. Хлопцы танкі сустрэлі ружэйным агнём І забітымі ў полі ляглі. Смерць у ясных вачах закруціла свет, Прабіла кішэнь свінцом, Прабіла шэры пацёрты білет І перыйка з шызым пушком. Засталася дзяўчатам кроў на бінтах, Разбіты бомбай шпіталь, Сцяжок у руках, сняжок на вачах, Па забітых дарэмны жаль. І дзяўчыну таксама не мінуў свінец. Гарэлі пясок і трава. Над грудзьмі белай зоркай застаўся рубец, Дзе асколак пацалаваў. Жорсткі вецер вайны падхапіў пяро І панёс над абшарам снягоў: Пэўна, недзе ў капцёрцы, змываючы кроў, Пусцілі на вецер яго. Разам з перыйкам гэтым, што без надзей Ляцела
ў бясконцы шлях, -
Як бязважкі пух, існаванні людзей Круціліся ў дымных смярчах... На месцы акопаў сталі сады, На месцы магіл - рунь, Але разам з пяром адляцелі кудысь Каханне і светлая юнь. Засталіся фарбы фрэсак старых, Храмы над люстрай вод, І жанчына кнігі пісала пра іх, Каб любіў іх родны народ. І аднойчы ў руінах стаялі яны Разам з сябрам майскай парой, І да іхніх ног з высокай сцяны Галубінае ўпала пяро. Пад мядовым ветрам звінела трава, І жанчына ў дзіўнай журбе Зразумела, што простае: "Гэта вам" Азначае: "Памру за цябе. Асушу пацалункамі вочы твае, Дзіўнай песняй людзей здзіўлю..." . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Малады, ён паходзіў на друга яе, Што без помніка лёг у зямлю. Глянула ў вочы яго, і ёй Патрызніўся рык гармат. І той, хто забраны навекі вайной, Ніколі не прыйдзе назад. "Маладосць твая чыстая, як сляза, Гарачэй, чым раны ў баю. Любы мой, ну чым мне табе адказаць На пяшчотную сілу тваю, На настойлівасць мяккую сціплых рук, Што туманіць мне галаву?.. Сціснуць перыйка ў пальцах, пазбыцца мук Або ўпусціць на траву? Мне цяжка кінуць жорсткі адказ. Забіць - і пакутваць пасля, Я хачу апошні, апошні раз Адчуць, як квітнее зямля. І балюча жыццё тваё завязаць, Бо між намі годы і кроў. Што сказаць табе? Што сказаць? Што сказаць?" . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Рука трымае пяро. 

"За старым, закінутым млынам..."

За старым, закінутым млынам, Дзе зарослы заліў ракі, Скачуць жоравы на лугавіне - Танканогія шляхцюкі. У цыбатых усё ў парадку: Ежа ёсць, прайшлі халады, Ім асіна пляскае ў ладкі На касе ля балотнай вады. Толькі я перапоўнены сумам. Зросся я з гэтай весняй зямлёй Не птушыным сэрцам бяздумным, А трывожнай людской душой. Мне лягчэй бы стала, напэўна, Каб забыла мінулае ты, Каб страла мая ўпала гнеўная І ўваткнулася перад царэўнай У гарлачыка ліст залаты. Ты прыходзь, далёкая, любая, Ты развей усмешкай тугу. Пакладзі мне далонь на губы. Не магу без цябе. Не магу.

"Месяц заснуў на комiне хаты..."

Месяц заснуў на коміне хаты, Кінуў адбіткі на люстра вады. Дрэвы густыя ў бліскучых латах, Як вартавыя, вартуюць сады. Ў цьмянае поле гляджу з-пад далоні, Полымя бухае, нібы ў трубу. Коні начлегу, ружовыя коні Месяца іскры з травою скубуць. Добра усім. А мая беласнежка Полем не пройдзе каля лазняка, Не прабяжыць гэтай цёплаю сцежкай, Бульбіну не пакачае ў руках. Позіркам ясным мяне не адорыць, Поруч з агнём не ляжа ў мурог І не папросіць, каб сеў я поруч І ад бяды невядомай бярог. І не прыкрыюць вачэй яе сонных Цёплыя пальцы маёй рукі... Вельмі далёкія перагоны. Вельмі марудныя цягнікі. 

"Пералескi. Бярозы вiсяць над старыцамi..."

Пералескі. Бярозы вісяць над старыцамі. Над ярамі, над парнай ракою імгла. Чырвань вечара на самотных званіцах, На каменнях бялеючых мякка лягла. Спачывае зямля пад гусцеючым ценем, Мірна нюхае горкі пах травяны, Як аратай, што звесіў рукі з каленяў І бяздумна сядзіць ў канцы баразны. 

"Цягнiкi заспявалi, заплакалi..."

Цягнікі заспявалі, заплакалі, Дым змяшалі з парай лагчын, Па мастах над вадою адтакалі, Іскры кінулі ў зорную сінь. Дні нядаўнія, ясныя, любыя, Гарадоў старажытных спакой, Кураслеп на лугах Багалюбава, Белы храм над Нерлю-ракой. Ці здалося мне, ці прыснілася, Што ў вясеннія гэтыя дні На вачах тваіх, шэрых, мілых, Больш было да мяне цеплыні. Адшумела дзікімі злакамі, Абляцела пялёсткамі "сна", Адцвіла бярвянымі макамі На паўночных лугах вясна. Дзе ты зараз, добрая, цёплая, Як прамень святла на траве? ...Над духмянымі ў полі каноплямі Цень ад хмары самотнай плыве. Ледзь паспеўшы сустрэцца і зведацца, Лапай вочы прыкрыўшы ў журбе, Пад алмазнай Вялікай Мядзведзіцай Спіць туга мая па табе.

Засуш

Пілавінне цягаў на гару, каб не мерзнуць зімою. Слова мерзнуць прыдумаў, здаецца мне, нейкі вар'ят. Трыццаць градусаў спёкі. Пад сіняй шкляною смугою Задыхаецца ў сонцы бляшанымі лісцямі сад. Сорак дзён абыходзяць дажджы паплавы і палеткі, Сорак дзён, не змаўкаючы, ворат ля студні рыпіць, Травы пудрацца пылам, і нікнуць бязвольныя кветкі, Лісце дзюбу раскрыла, як галка, жадаючы піць. Выльеш цэбар вады уначы пад каравую грушу - З прагным шоргатам п'е, знемагаючы ў смазе, зямля. Толькі жоўты баркун, улюбёнец спякоты і сушы, Сотняй дзід залатых пагражае маўклівым палям. Я паіў свой гарод, я паіў свае кветкі і дрэвы, Але як напаіць мне мільярды аўсоў і пшаніц, Што дрыжаць перад вокам чырвоным калматага гневу І аб літасці просяць, галовы схіляючы ніц? І заходзіцца сэрца сялянскім разважлівым жалем. Шкода рарастваў гэтых, што глебу прабілі для мук, Шкода баб, што вясною на печцы халоднай стагналі Ад нясцерпнага болю у трэшчынах высахлых рук. І балбоча стары, што жыве па суседстве са мною, Як калісьці малебны служылі, ішлі на мяжу, А вачам уяўляецца жыта сухою сцяною, І адчай у вачах, і надрыўныя крыкі: "Дажджу!!!" І дзядоўнік на рызе папоўскай, ніжэй паясніцы... Каб вы здохлі, старыя гады і старыя часы! Пуста ў небе, дзяды, і дарэмна ішлі вы маліцца, Каб вярнулася вільгаць у ломкія каласы. Што рабіць, калі зроблена ўсё, што ў руках чалавечых, А на нівы дагэтуль ад хмары не падае цень, І нясе толькі пару з ракі надыходзячы вецер, І лягчэйшым надыдзе у рукі людзей працадзень. Я іду на раку пасля працы упартай, стараннай. Эскаватар, капаўшы канаву, замоўкнуў без сіл. Паміж пальцамі ног б'е дзесятак маленькіх фантанаў. Б'е і зноў асядае гарачы і мякенькі пыл. Нават камні з ракі павысоўвалі чорныя спіны І стаяць у тузе, бы няшчасных кароў чарада. І на іхніх баках, як на скуры гарачай дэльфіна, Высыхае ў імгненне ад ног маіх мокрых вада. Я плыву праз Дняпро, і слабенькая сіняя слаўка Нада мною пілікае, яўна зайздросцячы мне, І выходжу на бераг, апрануты ў алыя плаўкі І ў бліскучую скуру на бронзавай мокрай спіне. Бераг стромавысокі. Унізе рыбак, як мурашка, І альшэўнік, што ледзьве дзярэцца на страшны адхон, А вокол разнатраўе рамонак, дзятліны і звяшкі, А над гэтым - спякота, і коршак трапёткі, і сон. Што рабіць мне з палямі, што цягнуць калючыя рукі У адзіным імкненні дасхочу напіцца і жыць? Што рабіць з маім сэрцам, што плача спагадай і мукай, У якім, як на полі, чырвоная засуш стаіць? Успамін. Успамін. Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю, На бязмежных лугах кураслепаў халодны пажар, Жыватворнае мяккае сонца раскошнага мая, І дажджы залатыя, што шчодра бруіліся з хмар На зямлю тваю чыстую, на зямлю залатую, На паляны лясныя, на іх небагаты убор, На забытыя белыя храмы,  што восем стагоддзяў сумуюць У лугах залацістых і ў лесе над плёсам азёр. Вочы, вочы каханыя, шэрыя, мяккія зоры, Вы маглі пагражаць, вы смяяцца і лашчыць маглі. Памятаеш, стаялі ўдваіх мы на белых узнесеных хорах Самай лепшай царквы, што самотна стаіць на Нерлі. Б'е святло невядома адкуль на халодныя сцены, На ільвоў, што таемна да нас прамаўляюць у сне, Быццам тысячы тысяч забытых людскіх пакаленняў Ўсе жылі для таго, каб цябе нарадзіць і мяне. А ў адверстыя дзверы ляпечуць лугі пад вятрыскам, І няма ім канца, і на іх зелянеюць дубы, І ля рук маіх цвёрдых так блізка, так блізка, так блізка Легкакрылыя бровы і вочы, якіх не забыць. Што рабіць, калі сэрца дурное цябе ўспамінае І ляціць да цябе праз ляснога пажарышча дым? Я ж не ведаю нават, кахаеш або не кахаеш, Помніш часам мяне ці адразу забыла зусім. Але жыць не магу без цябе, як засмяглыя травы, Па якіх сухавеі начамі і днямі ідуць, Як палі без дажджу, як карэнні без злівы ласкавай, Як нябёсы без яснай вясёлкі, што цягне ваду. І трывогай бязмежнаю поўняцца сэрца і грудзі. Я зрываю рамонак, што вырас з ускраю раллі, І гадаю з трывогаю: будзе кахаць ці не будзе? Прыйдзе дождж ці не прыйдзе на сэрца і ў нашы палі? Будзе! Будзе! Грудзям не стае на хвіліну паветра. І, узняўшы павекі ў абшары, што вочы сляпяць, Адчуваю ўсім целам парыў нечаканага ветру, Заўважаю, што ў далях трывожныя хмары кіпяць. Б'е далёкі пярун, бы ў клубах наплываючых, чорных. З гарлавою пяшчотай бурчыць добразычлівы звер. Хутка, хутка па лісцях заскачуць халодныя зоры. Не праходзь стараною. Я веру! Я веру цяпер! О каханая, ты, што вясеннія дорыш світанні, Ты - пачатак жыцця, што ніколі не будзе канцом, Не забі мяне градам, дай вільгаць, жыццё і каханне, Дай мне славіць цябе пад сярэбраным цёплым дажджом. Дай сустрэць цябе ротам раскрытым, грудзьмі і рукамі, Дай мне вечнае шчасце: над вымытай злівай травой Зліцца ў крыку любові з пакутнымі тымі палямі, Што чакаюць цябе, што загінуць без ласкі тваёй. 

Буслы вучаць дзяцей

Буслы вучаць дзяцей. Цішыня над ракою. На абрывах у прысмерку дрэмле падбел. За ракой у густым лугавым спакоі Пастуховай пугі ляскае стрэл. Буслы вучаць дзяцей. Над стромай страшэннай Шапку з чорнага голля надзела сасна. А пад імі прасёлачак пахне сенам. А пад імі - Дняпро і лугоў жаўцізна. Скора вечар. Хваля пясок цалуе, Ціха цені ў прыдонных лозах пляце. Дзядзька спіць у чаўне. Я нячутна вяслую Паўз жанчын, што купаюць на плёсе дзяцей, Колькі іх. Напэўна, цэлы дзесятак, Смех на беразе. Мяккае рэха ў лазе: "Хтось ляжыць у чаўне... Паглядзіце, дзяўчаты. Бач, тужлівы які... Тапельца вязе". І адна з кабет, зубастая, смелая, Пэўна, маці дзяўчатак, крычыць у спіну: "Вось каб раптам устаў бы гэты тапелац І ўхапіў сабе... ну хоць бы адну". Я махаю рукой і торкаю ў човен, Каб прыгожая самая села ў карме. О, якія ляцяць наўздагон мне словы, О, які там віск, і кпіны, і смех! А "тапелец" раптам, задзёршы ногі, Паімкнуўся ўстаць без падпоры рукой... Сонца, сонца вячэрняе. Пырскі. Рогат... А буслы вяслуюць над ціхай ракой. Добра жыць на сасне над шэрымі хатамі, Дзе запаляцца скора ў вокнах агні На абрывах высокіх пад ціхімі шатамі Ў
вёсцы з назваю звонкаю Кісцяні.
Бусляняты нагамі над хвоямі месяць, Іх вячэрні палёт хавае імгла. На вялізным, на нізкім аранжавым месяцы Цень вялізны белага з чорным крыла. У паветры звонкім старыя лунаюць. Бездакорна старых пераймае дзятва... Крыллем лопаюць, на верхавіны сядаюць, І паветра са свістам б'ецца мне ў твар. Буслы вучаць дзяцей. Ім трэба спяшацца. З кожным днём сінява гусцее ў вадзе. Першы жоўты ліст на галінах акацыі Папярэджвае ліпень, што восень ідзе. І стагі за ракою сумуюць па хатах, Па адрынах, дзе плача смалою сцяна. Нават вечарам лётаюць бусляняты І мяне запрашаюць высока лунаць: "Мы лунаем, а ты паўзеш, як мурашка. Ў захапленні ўзлятаем, а ты стаіш. Бачыш, мы навучыліся. Гэта няцяжка. Ты такі вялікі. Ты лепш паляціш. Паляцім мы з табою пад неба зорнае, Адаб'ёмся ў базальтавай хмурай вадзе, Паляцім мы ў Афрыку, ў Афрыку чорную, Ў лес трапічны, дзе мнгва раздзірае людзей. Мнгва - вялізная кошка, магутная, смелая, Больш ільва, са шкураю шэрай, як дым. Мнгву ніколі ў жыцці не бачылі белыя, А пабачыўшы... не расказалі другім. Там, у Афрыцы чорнай, пад небам сінім, Над прытокам Конга ў густых сітнягах, Правадыр негрыцянскі кажа дзяўчыне З чорнай скурай бліскучай на цвёрдых грудзях: "Чуеш, бой барабанаў спужаў антылопу. З паляўнічай сцежкі паўзе змяя. Калі мнгва мяне ў нетрах дагоніць і схопіць, - Палявання героем загіну я. Калі ж схопіць чужынец мяне і замучыць, - Я памру не героем - рабом памру. Чараду забяруць з крааляў калючых, І цябе з сабою яны забяруць. Я прайду праз лясы, дрыгву і завалы, Я забуду твой цёплы смяшлівы рот, Я на мнгве паспрабую дзіды трываласць: Ці праб'е яна ворагу прагны жывот".
Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою На зарослыя пальмамі берагі, Раскажыце, што над вялікай ракою Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх, Што бязмерным гонарам я ганаруся, І мацнее штодзённа мая любоў, Бо скупая зямля маёй Беларусі Не раджала рабоў і не мела рабоў. Буслы вучаць дзяцей. У лясным ветрабоі, Ў цёмных пушчах буслам зайздросцяць звяры... Крылы моцныя гучна вяслуюць над хвоямі, Хвост пушысты, як веерам, ногі накрыў. І адклаўшы вясло, я слухаю сказы, І па плыні спакойнай, па глыбіні Адплываю кудысьці з захадам разам, І згасаю на сумным тваім агні. Ціхі гоман радзімы з абрываў чую, Ціхі голас каханай, як песня, цячэ... Ну куды, куды ад цябе палячу я, Ад пяшчоты, ад шэрых глыбокіх вачэй? Буслы, буслы. Зіма вас зробіць ізгоямі. Не лікуйце, што прыйдзе гэта пара. О дурненькія дзеці, з якою тугою Вы прыпомніце захад і плёсы Дняпра! Бузіну і яблынь цяжарных падпоры, І стакроткі ў мокрай цяністай траве. Не ад стомы буслы гінуць над морам: Настальгія ім сэрца няшчаснае рве. О, туга па радзіме. Хутчэе. Хутчэе. Сэрца поўніць узлёт нечуваных мар. Гэта ты, маё шчасце, за морам сінееш? Сэрца! Шчасце! Любоў мая!.. Цемра... Удар... Перамогшы ў палёце прастор акіяна, Паміраюць яны ў абдымках вод, Як памёр Рафаэль у абдымках каханай, Што кахаў безнадзейна дванаццаць год. Я прыкметы твае павек не забуду: Душагубка, што грэе на сонцы бакі. Дзед сівенькі ў лазе, трапёткія вуды І барвянец імклівы на плыні ракі. Буслы, буслы, бярыце яе з сабою. Усё запомніце: шоргат рачной асакі, Сон пяску пад пяшчотай рачнога прыбою, Соль ліловую сохнучай рыбнай лускі. Часта радуеш сэрца ты, часта ты мучыш, Я павек не забуду твае палі. І каб стала ты полымем буйнаравучым, Я саломаю стаў бы. Вазьмі. Спалі. 

Дзiва на Нерлi

Н. М. Молевай

Белая песня ў лугах залацістых, Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі, Кволая-кволая, чыстая-чыстая, Быццам дзяўчына, царква на Нерлі1. Кроў і забойствы ў агні і дыме, Подласць і жорсткасць у лютым баю, - Нават яны праходзілі міма, Пашкадаваўшы нявіннасць тваю. Ўсім, хто навек адыходзіў к ценям, Снілася ты на райскіх лугах З яснай журбою па убіенным, З ценем усмешкі ў мокрых вачах. Любы твой брат загінуў на ловах. Вочы твае для нас збераглі Літасць, і слёзы, і цёплыя словы, Што не заб'еш на грэшнай зямлі. З дальніх стагоддзяў праз цёплыя губы Чую прызыўны твой галасок: "Братка мой мілы, братка мой любы, Выйдзь да мяне на круты беражок". 

Балада аб арганаўтах

Ў дымным трывожным агні пачаўся далёкі палёт. Рынуў ад рэчак і ніў срэбны месяцалёт. Сігара з металу бліскучага. Востраў жыцця ўначы. Іскра зямной цеплыні: дзве жанчыны і пяць мужчын. Першы нясмелы крок жорсткі тэрмін звязаў: Дзень на паверхні месяца. І дарога туды і назад. Ля пульта сядзіць камандзір, чалавек без асобых адзнак, І намеснік яго, дзяўчына, яна - журналіст і мастак. Там дзе два - там заўсёды мосціцца між жаночым і між мужскім Крылаты хлапчук нябачны з састарэлым калчанам сваім. Упершыню пакінуў зямныя ён берагі, Пальцамі рук перацягнутых хапаецца за рычагі. Ён не баіцца, што кучары схаваюць пад шлемафон, Для сваіх уладанняў бязмежных новы край адкрывае ён. Адбіваліся ў любых вачах светы далёкіх планет, Плыў па везле валасоў жоўты водбліск камет, І свет у вачах праступаў у ярасным сяйве нябёс... Арганаўты ў бездань ляцелі. Арганаўты абралі лёс. Ўпалі ў абдоймы Месяца, прыглушыўшы агню снапы, Да вяршынь узмятнуўшы падзеннем адвечны касмічны пыл. Паглядзеўшы на хмары пылу, на ўзняты выбухам жвір. "Дрэнна тут падмяталі, - са скрухай сказаў камандзір. І, агледзеўшы добрых сяброў, што ў пакой для скафандраў ішлі, Прыбавіў:  - Станцыя Свінкі. Хлопцы, хапай хатулі... Калі каму пашанцуе хай адзін не прыходзіць назад. Злавіце пару лунацікаў. Пераважна прыгожых дзяўчат". І сказаў, затрымаўшы дзяўчыну: "Сцеражыся, праменьчык мой, Беражы людзей. І вяртайся. Хай удача будзе з табой. Хто згубіцца - хай не забудзе, што ў шлеме ёсць мікрафон, І яго адшукаюць па пеленгу. А Месяц - не страшны ён. Я тут пахаджу, ля ракеты, як хадзілі ля коней дзяды, І, магчыма, схаджу на вылазку, і напрамак мой будзе - туды, Сцеражыся..." Выходзілі людзі, як продкі на выспах чужых, У бліскучых бронзавых шлемах з грэбнем антэны на іх. Ракета, як стомлены лебедзь. Камандзір застаўся адзін. Месяц вабіць жывое, аддаецца яму: "Ідзі". Цікаўнасць, ты клічаш мяне, ў бездані вабіць твой спеў, Каб не ты - мы ў тванях кішэлі б і ніколі не злезлі з дрэў. Срэбныя з чэрню густою цыркі дрэмлюць у ложках сваіх, Як похвы кінжала каўказскага, як скурка палескай змяі. І ён пайшоў. Невядомае ў грудзях забівала дых, І падкідвалі ногі яго на вяршыні ўцёсаў рудых. Сядло паміж скал. Планета зусім не паходзіць на рай. Ён стаў, і цень паімчаў кудысьці за небакрай. І ён прыпомніў з усмешкай, што ў родным палескім сяле Бабулі паказвалі дзецям на месяц, што плыў у імгле: "Бачыш, плямы на Месяцы? Хтосьці ногі задзёр дугой? Гэта брат забівае брата. Узняў на вілы яго". Ён стаяў і глядзеў на цыркі, на чорных безданяў сець. І раптам нешта змянілася. І ён не паспеў зразумець. Ён адчуў, што скафандр цэлы, але сам ён заціснуты ў жвір, Як семя ільну пад давільняй, як пад прэсам сохнучы сыр. Ў чаргаванні сцюжы і спёкі , разбітая імі ў баю, Скала вісела стагоддзі, каб захлопнуць пастку сваю. Такую - за тыдзень не скінеш. Цяжкая, як свінец. І гэта значыць - прыцемак. І гэта значыць - канец. А тэрміну толькі суткі ў разлічанай меры зямной, І сем душ загіне ў бясконцым замест душы адной. Не трэба, каб адшукалі сярод недасяжных гор. Хай змоўкнуць мае сігналы. Хай думаюць: я памёр. Легенда, ты нахлусіла. І вось канцоўка мая: Брат не ўзніме брата на вілы. Брат выключыць свой маяк. Над мёртвай планетай звестка чорная паплыла: "Слухайце, слухайце, слухайце. Мяне раздушыла скала. Памятайце апошні загад: больш гадзіны мяне не шукаць. Карабель давядзе да зямлі не мая, а другая рука. Забудзь пра мяне, каханая, забудзь, што калісь я быў, Прымірыся з Зямлёй без мяне, прымірыся з холадам ніў. Усе жанчыны на свеце - ты, ўсе мужчыны на свеце - я. Для цябе, для цябе адной подых мой і пагібель мая". Дацягнуўшыся лобам да кнопкі, кінуў спакойна ён. "Гіну, я гіну, я гі..." - і выключыў мікрафон. І ляжаў у цемры глыбокай, у цемры начной зімы З абвостраным чуйным слыхам, па свайму жаданню нямы. Ён чуў, як далёкі голас кліча, моліць, заве, І вочы тужлівыя усмешкай тлелі праз вільгаць вей. Дзве гадзіны ляцеў цераз цемру далёкі голас-ганец: "Камандзір, камандзір, камандзір!" І рыданне. І слова: "Канец". Выбухаў ён не пачуў, але раптам ў змроку начным, Як быццам чырвоны сцяг разгарнула неба над ім, І вышэй барвянага сяйва, туды, дзе сузор'яў агні, Зорка рынула ўвысь і знікла, прайшоўны зеніт. Сяйва сышлося ў конус і растаяла ля камля. І ў апошні свой, у смертны, у безнадзейны час "Зямля! Маці Зямля! Будзь літасцівай да гэтай, што ўбачыць шаты бяроз, Што зараз ля пульта седзячы, жаночых не точыць слёз. Будзе ёй час паплакаць, як пабачыць твае лясы. Зрабі, каб забыла, каб іншаму нарадзіўся ад любай сын. Будзь для яго зялёнай, чыстаю, як трава, Не выбухай пажарамі, ў бітвах не забівай. І ў апошні свой, у смяротны, у безнадзейны час Пажадаю я, каб сонца прамень над табою не згас. Каб вечна была ты такою, якою мы любім цябе, Зямлёю тугі і радасці, дзе шчасце жыве ў журбе, Дзе такія сінія пушчы, дзе алмазны гарыць Валапас. Дзе вёска мая на Прыпяці, Дзе Нерль і рублёўскі "Спас", Дзе раджаецца мяккае сонца на вяршынях ліловых гор, Дзе плачуць жанчыны светлыя, калі мы гінем ля зор". 

Архангельскае

Лістападаўскі вецер над паркам пахмурым. Халадзее рака, як лязо мяча, У мармуравых німфаў гусіная скура І прыгонны адчай у глыбокіх вачах. На газонах барвянае лісце размокла. Золкі лёгкі туман ахутвае луг, І Ахіл у абдоймах сціскае Патрокла: Не ад ран, а ад палак канае друг. Вар'яцею, здаецца: чую і бачу, Пад галінкамі чорных, як туш, дубоў Дзесяць гожых пастушак манерна скачуць. Пастаральная песня. Вясна. Любоў. З балюстрады за іхнім лёгкім палётам Назірае праз сетку яловых лап Падагрычны стары з праваленым ротам, Вальтэр'янец, юрлівец, татарскі сатрап. Прыгажосць яму лаўрамі чэрап вянчае, Ён Лукул, Петроній, Цэзар і Крэз. Ён стварыў гэту казку на чорным адчаі, На Парнас у турэцкім халаце пралез. Ён памрэ і тады не ўбачыць прыгожага. Страшна духу пакінуць цела-турму. І прыгонных актрыс кладуць яму ў ложак, Каб халодныя ногі грэлі яму. Хто ім верне мары дзявочыя, светлыя? Хто ім верне кахання светлага час? Лепей гвалт, лепей жорсткасць -  толькі не гэта, Не бяссільны, старэчы холад пляча. Сёстры любыя, ганьба ваша і раны, Быццам вострыя церні ў душы маёй, Я сябе адчуваю, як вы, зганьбаваным І рыдаю гаручаю вашай слязой. Мара, спеў, летуценне, каменнямі скутае, Цёмны парк, што варты усіх паэм, - Калі рай купляюць людской пакутай, Хай ён дымам згіне, такі Эдэм. Ненавіджу цябе, баюся, кахаю, Як каханую злую, ўсім сэрцам сваім. І да рук мармуровых чалом прыпадаю, Любых рук, што пад ветрам дрыжаць начным. 
Поделиться с друзьями: