Выбраныя творы
Шрифт:
Праўда, і сябар мой праз дзесяць год таксама падаўся туды ж, на «землю обетованную». Але гэта ўжо іншы сюжэт.
Калі мы слухалі людзей для кнігі «Я з вогненнай вёскі…», мяне двойчы балюча раздражнялі выпадковыя, дурныя кулі…
Адна такая вылецела з кустоў у калону карнікаў, што ехала па дарозе. І ў вёсцы Разліцце, якая заціхла побач, «легла за гэта», — як нам расказвалі старыя заплаканыя жанчыны з тых, што цудам тады ацалелі, — дзвесце чалавек.
Другая — у Мсціжах. Партызан начаваў у кагосьці, а тут у вёску заехалі і спыніліся немцы. Ён выскачыў з хаты, бабахнуў у той бок, а сам схаваўся ў прыбіральні за хлявом і там застрэліўся. За першы яго
Абодва выпадкі з Барысаўшчыны. І такое не вельмі мне зразумела — як мэтазгоднасць у барацьбе.
У Застарынні каля Баранавіч партызанамі быў праведзены першамайскі мітынг. Павыступалі і паехалі. А назаўтра ўранні прыехалі іншыя — батальён карнікаў з недалёкага Гарадзішча. І вымардавалі больш за тры з палавінай сотні людзей, у тым ліку і некалькі партызанаў, што там заначавалі.
І так яшчэ яны набіраліся — нашы мільёны ахвяр, уваходзячы ў неабдымна жахлівую лічбу — дваццаць. А ўжо ж і гаворыцца: звыш дваццаці…
Скідзельскае, жлобінскае, обальскае антыфашысцкія падполлі. Подзвігі, пакаранні, слава. Аднак у цэнтр трэба ставіць агульнасаюзнае, значыцца, расейскае — Краснадон.
Чатыры салдаты ў шлюпцы на бурным акіяне, якіх ад галоднай смерці выратавалі амерыканцы. Старшы па званні — татарын, два ўкраінцы і расеец. Ахламоністы хлопец, і вушы смешна тырчаць. Аднак «Комсомольская правда» фотапартрэт яго дала асобна, з подпісам «Русский богатырь».
Уявім такое: група салдатаў ці партызанаў мужна адбіваліся ў акружэнні. Іх шмат, а член партыі толькі адзін, так сабе, малапрыкметны, заўсёды задні мужчынка. Аднак усё роўна, калі напішацца, як яны з боем выходзілі з акружэння, гэта будзе гучаць няхай прыблізна, але і бясспрэчна так: «Вперед! — воскликнул коммунист Хвостов, поднимая товарищей в последнюю атаку…»
Гэта ўжо з іншай оперы, але і тут аднак. Яшчэ мацнейшае, асабліва калі ў спалучэнні нацыянальнага з партыйным.
Дарэчы, так нам, паміж сябрамі, жартавалася і да 1953 года.
А яно ўсё жыве…
Савецка-польскія ветэраны другой сусветнай вайны, набліжаючыся да канца свайго шляху Разань — Шчэцін, мы павінны былі звярнуцца — у імя найважнейшай справы — да ўсіх пісьменнікаў свету.
Праект звароту напісалі гаспадары, палякі, на чале з Войцехам Жукроўскім. А рэдагаваць яго з незразумела поўным правам узяўся кіраўнік нашай савецкай дэлегацыі, чыноўнічак з маскоўскага апарату Саюза пісьменнікаў, таварыш Нятой, якому за тым Жукроўскім як літаратару толькі б чамадан падносіць.
Аказёньвае тэкст, абанальвае. Палякі пярэчаць, даводзяць сваё, для справы безумоўна лепшае. А ў нашага — апошні аргумент:
— Я что — из-за тебя должен свой партбилет положить?!
Праўда, было гэта ў канцы восемдзесят трэцяга.
Па дарозе з Алма-Аты ў Талды-Курган мы, група ўдзельнікаў Дзён літаратуры ў Казахстане, аглядалі авечы адкормачны комплекс.
Лета семдзесят чацвёртага. Гарачыня — як вытрымаць. Дзве неабсяжныя прасторы — млосна-бясхмарнае неба і рыжа-спалавелы стэп. Церпкі пах безлічы светла-шэрых жывых кажухоў. Яшчэ і нейкія прамовы, і расказ пра дасягненні…
Ах, як не хочацца называць і не буду, бо ў гэтым ён вельмі далёка не ўвесь, добры расейскі пісьменнік, які і тут каторы ўжо дзень з ранку да вечара ледзь-ледзь трымаецца на нагах. Горка скажам: як ад імя свайго вялікага народа — перад народам меншым.
Стоячы ў гурце ззаду, раскіслы твар «старэйшага брата» бачыў я толькі памяццю. І тое зблізку бачыў, як адзін з гаспадароў, што сустракалі нас, кіраўнік раённага рангу, пад гальштукам і ў капелюшы, слухаючы прамову яшчэ вышэйшага, ціха, старанна, урачыста — як
ад імя казахскага народа — раз-поразу зганяў з прыгорбленай спіны маскоўскага госця, які стомлена пагойдваўся, сярэднеазіяцкую назолу-муху…У падарожжы па Хабараўскім краі мы, група літаратараў, трапілі якраз на адлоў гарбушы. У рыбгасе над вусцем Амура ў Татарскую пратоку нам паказалі выдатны японскі канвеер, дзе жывая рыба ідэальным спосабам ператвараецца ў экспартныя кансервы. А перад гэтым мы аглядалі «заездак», дзе тая рыба ловіцца, нам расказалі, што за гэты новы спосаб лову вынаходнік яго быў адзначаны Сталінскай прэміяй. А ўся справа ў інстынкце левай шчакі — ён, інстынкт гэты, і заводзіць рыбу ў паўкруг «заездка», дзе з глыбіні калаўротамі паднімаюцца сеткі, густы сярэбраны касяк гарбушы, адна ў адну, адцэджваецца і апускаецца ў лодку-басейн, кунгас, і адтуль — жыўцом на канвеер.
Інстынкт левай шчакі… Я яго ўспомніў, нібы зусім недарэчы, у іншым прыстасаванні, гледзячы з залы ў прэзідыум.
Адзін з нашых таварышаў, літаратурны шлях якога дзесяцігоддзямі значыцца, як бясконцым пункцірам, сядзеннем у самых розных прэзідыумах. У зале яго я наогул не прыпамінаю. І сам ён настолькі ўжо прывык да такога сядзення, што інакш свайго месца і не ўяўляе.
Адзін з маіх сяброў, значна старэйшы, выседжваў у прэзідыумах таксама вельмі доўга. Цяпер ужо не сядзіць і вельмі гэта перажывае. Не назваўшы першага, я тым больш не назаву і другога, бо справа тут не ў імёнах, а ў характэрнай асаблівасці нашай атмасферы. Аднак мне трэба сказаць, што мой старэйшы сябар — з іншай рэспублікі. Я быў госцем на іхнім пісьменніцкім з'ездзе, сядзеў з сябрам у зале, мы трохі перашэптваліся, а мне і ў галаву не ішло, што ён тым часам горка змагаўся са сваім інстынктам… А потым і не вытрымаў — у перапынку пакінуў мяне аднаго, нічога не сказаўшы, пайшоў і сеў, і пасядзеў — аказваецца, для душы. Хоць і не ў першым радзе, як раней, хоць і наогул «незаконна»…
У снежні сорак сёмага года мы ўтрох, Вялюгін, Кірэенка і я, ехалі ў Таджыкістан. У міжнародным вагоне з двухмеснымі купэ. Вагон быў пуставаты, дарога далёкая, пажылы праваднік гаваркі. Любіў ён пасядзець у нас, расказаць сёе-тое са сваёй бывальшчыны.
Хоць бы такое, што вось у адным з папярэдніх рэйсаў у гэтым вагоне ехаў архіерэй. Спачатку адзін у купэ, а потым (на станцыі, назвы якое я не запомніў) зайшоў у вагон ваенны. Маёр, Герой Савецкага Саюза. Адчыніў дзверы свайго, па білеце, купэ, зірнуў і раскрычаўся: «Што — з папом? Забраць адгэтуль папа!..»
— Скандал, вы разумееце. А месцаў свабодных больш няма. І ўгаварыць яго аніяк не ўдаецца. Гэта ўжо і начальнік поезда прыйшоў. Маёр скандаліць на калідоры — і ўсё. А каб яго, вы разумееце, супакоіць або ссадзіць, патрэбен не толькі старшы па званні, але таксама Герой…
Начальнік поезда на бліжэйшай станцыі пазваніў «па пуці следавання» ў Сызрань (гэта я добра запомніў), там у вагон зайшоў генерал-маёр, Герой. Далей расказ — на сумленні правадніка. Генерал-маёр зняў з маёра Зорку Героя, зняў пагоны і аформіў пратакол. Тады папрасіў архіерэя падпісаць тую паперу. Рэшту перадаю даслоўна, як дагэтуль помніцца:
— Архіерэй дастаў сваю ручку з залатым пяром, распісаўся акуратна, ручку склаў і сказаў:
«Дураков учить надо».
Тысячагоддзе хрышчэння Русі. Па тэлевізары столькі сівых і цёмных бародаў, белых і чорных клабукоў, столькі сустрэч на высокім і вышэйшым узроўні, сугучна з датай і часам, столькі дастойных паводзін, мудрых прамоў…
І ўспамінаецца тое пяро, тыя тры словы.
Часопіс «Literatura na swiесіе» ў лютаўскім нумары за 1991 год надрукаваў такі расейскі дакумент: