Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы
Шрифт:

Бог мой, колькі ж яшчэ трэба ўбачыць, пачуць, каб думаць або гаварыць, што ты ведаеш жыццё хоць бы ў пэўнай меры!.. Не толькі ў вялікай літаратуры, але і ў меншай. Вось жа не ведаў я, упершыню пачуў нядаўна пра мовазнаўцу Анатоля Багдановіча, які добра, плённа пачынаў, а потым быў лягчэй за іншых выкінуты з роднага асяроддзя: не застрэлены, не замучаны ў тайзе ці ў шахце, а толькі сасланы туды, куды і вароны нашы не далятаюць, каб там яму вылечыцца ад «беларускага нацыяналізму». Прыжыўся там недзе, як Язэп Пушча расейскім настаўнікам на Ўладзіміршчыне, як Сцяпан Ліхадзіеўскі [22] і Сяргей Гайко расейскімі выкладчыкамі

ВНУ, адзін у Ташкенце, другі ў Сярове на паўночным Урале… З першымі двума я сустракаўся, памятаю сумную ўсмешку Пушчы, энергію Ліхадзіеўскага. З Гайком, вялікім кніжнікам, мы перапісваліся да яго апошніх дзён…

22

Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (1911–1979) — беларускі паэт, перакладнік, крытык.

Пішучы «лягчэй за іншых», я падумаў: а ці такім ужо і лягчэйшым было для іх, пачаўшы з Анатоля Багдановіча, тое выгнанне, тая адчужанасць?..

Многае трэба ўбачыць, уведаць, адчуць.

* * *

Славак Дамінік Татарка. Па-польску.

Тры ўзоры сапраўднай прозы, асабліва апавяданне «Пеўнік у агоніі», сведчаць пра значнасць гэтага, як ён кажа сам пра сябе, «карпацкага пастуха, які абагаўляе ўсё, што праўдзівае», пра яшчэ адно для мяне радаснае адкрыццё.

А яшчэ прыемна было, на прыкладзе гэтага славака, думаць, як гэта важна — клопат пра родную мову.

І блізка нам тое, што ён гаворыць французу Наэлю:

«Гэта страшна — спісванне ў страты малых народаў. Для каго ён небяспечны, такі малы народ, у якога свая культура, свае традыцыі і імкненні? Вы ведаеце, гэта сапраўды драматычна».

* * *

«Байкал» Валянціна Распуціна. Учора пачаў, толькі што кончыў. Увесь час адчуваючы розніцу паміж расейскім і «расейскамоўным». І не «расавасць» тут, як крычаць з-за мяжы і дома іхнія падпявалы, а законная арганічнасць. Яна адчуваецца, калі гаварыць пра расейцаў, апроч Распуціна, у Казакова, Бялова, Астаф'ева…

…Па тэлевізары — Нагібін пра Апалона Грыгор'ева. Паслухаў з павагай да эрудыцыі і адданасці справе, што мне даўно імпануе ў Нагібіна, і з зайздрасцю да такой багатай літаратуры.

І паралельна такая думка ішла: гэта ж не выхад — перакантоўвацца ў тую, гатовенькую літаратуру, як гэта робяць некаторыя нашы «расейскамоўнікі», спадзеючыся, што ад гэтага і яны будуць значна большымі самі.

* * *

Чытаю «Вороненка» Юры Тууліка, падарунак з аўтографам. Зноў прыемнае адкрыццё, зноў сапраўднае слова. І яшчэ што хораша раскрываецца: раней чым па-расейску, гэтая кніга выдадзена ў яго па-фінску. Навошта гігантаманія (ці як тут сказаць ясней?), калі ёсць і такія слаўныя народы, як эстонцы і фіны, такія землі, як Суомі і (Юравы словы) «маленькая Эстония», калі ёсць законнае шчасце быць самім сабою?..

Як жа гэтага не хапае нам, беларусам!..

* * *

Салжаніцын, «Бодался теленок с дубом». З цікавасцю чытаў і з пэўным здзіўленнем: якія справы адбываліся ў наш час, колькі мужнасці, працавітасці праяўлялася іншымі, пакуль мы не «дацягвалі» на сваім месцы!.. І, разам з тым, думалася і пра тое, што не трэба было яму, няхай сабе і Салжаніцыну, беручы яго ў сённяшнім сусветным вымярэнні, узвышацца над Твардоўскім, які — таксама ж з'ява, значна непаўторная.

* * *

«Нехта напіша: увайшоў чалавек, і не верыцца, а Гогаль напіша: увайшоў чорт — і верым».

У разумнага, народна вясёлага балгарына Ердана Радзічкава, у кнізе «Успаміны пра коней», бедны дзядзька, чыча па-іхняму, уцякае ад лесніка.

Ужо няма куды дзецца, а тут над полем стаіць раскошная вясёлка. І ён пабег па ёй, як па гарбатым мосце над ракою, цераз якую лесніку не пераправіцца. І ўсё было б як найлепш, аднак з рукі, з вясёлкі ўпала сякера… Ах, сякера — як і яе набыць у бядоце няпроста!.. А ляснік задаволены, яму большага і не трэба, падняў і пайшоў у свой лес.

І я, чытач, задаволены — напісана хораша і праўдзіва.

* * *

«Дзённік» братоў Ганкураў. Куплены ў палавіне шасцідзесятых, гэты мажны двухтомнік, выбранае з 22-х тамоў французскага выдання (!), я пачынаў ужо чытаць неўзабаве пасля набыцця і, здаецца, яшчэ раз пазней, але тады «не пайшло». Цяпер, калі згадаць тое, што мне Лакшын пісаў пра «Поиски слова», я пачаў «выклёўваць» у Ганкураў сваё, бліжэйшае. Смерць Жуля, апісаная Эдмонам, вярнула мяне з канца першага тома да яго пачатку, і пайшло «выклёўванне», з алоўкам на палях. З аднаго боку — духоўнае, агульна-людскае, з другога — пра пісьменнікаў, якіх у пэўнай меры ведаю і я, а яшчэ і сцэны сустрэчаў, цудоўныя навелы, асветленыя высакародствам, як смерць іхняй старой служанкі… Абмінецца ўвагай пры такім выбарачным чытанні і штосьці, напэўна ж, важнае, але і ўсё падрад чытаць я цяпер не магу.

Пераклічка з леташнім Мантэнем.

* * *

Позні вечар.

У гастраноме каля акна плача малая дзяўчынка. На падваконніку — недаедзеная шакаладка.

Дзяўчынку пацяшаюць нейкая добрая цёця і п'янаваты дзед, хутчэй за ўсё пенсіянер-рабочы.

Дзед грубавата гыркнуў на добрую цёцю, прадаўшчыца ўмяшалася, і пачалася сварка. Сталі збірацца людзі.

Малая расплакалася яшчэ горш. І ўсё толькі паўтарае назву вуліцы, нумар дома і кватэры.

Перагнуўшыся цераз прылавак, прадаўшчыца зашаптала мне, незнаёмаму, што маці дзяўчынкі «зноў з некім на блядаход дадому падалася, сцерва. Дзевачка ім мяшае…».

Прыйшоў міліцыянер, і малая, забраўшы сваю шакаладку, пайшла з ім у аддзяленне.

Жонка, калі я дома расказаў ёй пра гэта, параіла напісаць навелу. Але тут жа сама сябе і паправіла: будзе нетыпова…

Да запісу, зробленага тады, просіцца дата: канец шасцідзесятага.

* * *

Ніколі не вядома, дзе што згубіш, дзе што знойдзеш.

У наваполацкай гасцініцы, слухаючы па рэпрадуктары абласную радыёперадачу, раптам пачуў ад вясковага дзеда такое акрэсленне нашай «галоснасці» — неціхота.

«А цяпер неціхота такая, дык гэта добра!..»

У народа ёсць усё.

* * *

У ашчадным банку нестарая бойкая жанчына справядліва абураецца, як марудна ёй афармляюць штосьці ў чэкавай кніжцы.

— Я ноч прастаяла каля станка, і тут яшчэ трэба стаяць? Я вось зараз вазьму!..

І гэтак далей.

Падышла загадчыца, ветліва пачала растлумачваць кліентцы, якая тут у іх сёння загружанасць. А работніца маладая. На сценачку перагародкі загадчыца, і сама маладжавая, усперлася аголенымі да локцяў рукамі і прыстойным бюстам. Кліентка зноў не вытрымала:

— А ты вось не стаяла б ды не лэхтала, а памагла б ёй узяла!..

У нашым «рюскім», а кажуць яшчэ «камароўскім», дыялогу, які не хочацца перадаваць без перакладу, гэтае лэхтанне, пачутае мною ўпершыню, і смешна гучыць, і даўнавата помніцца. Абы зайшоў ды ўбачыў тую загадчыцу.

* * *

Сціплы, сумнавата ўсмешлівы Сярожа Міхальчук, хлопец з бедным маленствам, з цяжкім салдацкім раненнем, старанны, уважлівы выдавецкі рэдактар. А ўзяў ды ўпёрся на адным слове ў маім рукапісе: зладзяйчук. Карандашныя «птушкі» на полі, і раз, і два, і тры…

Поделиться с друзьями: