Выбраныя творы
Шрифт:
Так, у асноўным адзін. Нават і пры шчаслівай наяўнасці найбліжэйшых і блізкіх. Тое, што нам даводзіцца перажыць — і бачнае іншымі і не бачнае — не ўсё ўдаецца выказаць другому, яно ў значнейшай меры застаецца ў табе. Ад гэтага ты і мацнееш, і, адначасна, зношваешся.
Сказаўшы, што Адамовіч быў заўсёды малады і ранні, я меў на думцы яго натуру і ўдачлівасць. Аднак жа трэба пры гэтым не забывацца і пра іншае — а ці лёгка бывае сталець з апярэджаннем свайго ўзросту? Дазволю сабе для прыкладу сказаць, што ў агонь мінулай вайны я, у верасні І939 года, уваходзіў толькі што закончыўшы дваццаць другі год жыцця. У той час я бачыў сам сябе куды сталейшым, чым бачу цяпер, з дыстанцыі перажытага. Цяпер я часамі як быццам зусім з бацькоўскай трывогай гляджу на сябе таго, дваццацідвухгадовага, у гразкім акопе, пад шквалам варожай артпадрыхтоўкі або ў перабежках праз кулі, назад ці наперад. Зусім, зусім юнакамі, ледзь не дзецьмі бачацца сёння тыя сябры, якім улетку 1941-га было васемнаццаць —
У літаратуру ён уступаў не так ужо і маладым па гадах — тут можна гаварыць пра маладосць яго парыванняў. Крытыкаваў ён смела і трапна, а гэта, калі ты ад платанічных заклікаў і дэкларацый пераходзіш да пэўнай канкрэтнасці, бывае ох як нявыгадна ды нялёгка… Калі ж ты пераможаш многае, як перамог яго ён, Адамовіч, калі даможашся сумленнай працай таго, чаго дамогся ён, тады нават і тыя, хто найбольш рупліва, яўна і тайна перашкаджаў табе, пачнуць раптам прыязна ўсміхацца, ахвотна ды падкрэслена згадваць сумленнасць ды аб'ектыўнасць, а раўнадушныя скажуць: «Во як шанцуе!..» Сябры сапраўдныя ведаюць, колькі ты перажыў, аднак жа і пры гэтым многае застаецца толькі з табою. І добра таму, хто ад гэтага не стамляецца, не старэе.
Адамовіч з такіх.
Праўда, у прозе пачаў ён адразу з добрага поспеху. Калі першы раман яго дылогіі «Партызаны» — «Вайна пад стрэхамі» — свежы і светлы твор з жывымі вобразамі чыстага падлетка і мужнай, высакароднай маці камусьці можна, з нейкай скідкай у падтэксце, назваць проста аўтабіяграфічным творам, які пішацца нібыта лягчэй, амаль як мемуары, дык другі раман, «Сыны ідуць у бой», ужо зусім прыкметна адзначаны дзе больш, дзе менш удалымі пошукамі таго, уласцівага для Адамовіча спалучэння глыбокай думкі і шчырага пачуцця, чым вызначаецца яго проза. Стыль гэты, праз трохі стрыманы поспех другога рамана дылогіі, праз недалёт з «Вікторыяй», праз яўна недаацэнены «Апошні адпачынак» па-сапраўднаму выявіўся, сцвердзіў сябе ў «Хатынскай аповесці».
Шчырыя душы пераносяць няўдачы асабліва балюча — тут ужо справа не толькі ў параненым самалюбстве, тут раны значна глыбейшыя. Нялёгка перажываецца і недаацэнка, замоўчванне — як планавая мера ўздзеяння ці проста помслівасць тых, у каго ёсць на гэта пэўныя прывілеі. Пра тое, колькі «Хатынская аповесць» каштавала яе аўтару, гаворка будзе крыху ніжэй. Спачатку трэба сказаць, што да крытыкі, літаратуразнаўства і прозы ў Адамовіча неўзабаве пасля дэбюту далучылася і кінадраматургія. Натура страсная і паслядоўная, ён, каб і ў гэтай галіне свайго служэння не быць верхаглядам, пайшоў вучыцца: доктар філалогіі — на двухгадовыя кінасцэнарныя курсы. Ад гэтага прыйшлі пасля новыя цяжкасці. Двухсерыйную экранізацыю «Партызанаў» нават збоку балюча называць няўдачай: тут Адамовіч як сцэнарыст, а тым больш як аўтар дылогіі вінаваты найменш. Не ўся віна лажыцца і на здольнага рэжысёра В. Турава. Экранізацыю з правінцыяльнай руплівасцю заняньчылі сезонныя апекуны культуры. Не менш недарэчна і крыўдна атрымалася з дакументальнай стужкай «Хатынь, 5 км»… Адно суцяшэнне — адтуль пайшла «Хатынская аповесць», а потым — ініцыятыва стварэння кнігі «Я з вогненнай вёскі…».
Калі мы ў чэрвені 1970 года, у бывалым «Масквічыку» Уладзіміра Калесніка, узброеныя яго, не менш бывалай, фотатэхнікай і пазычаным магнітафонам, выехалі з Берасця на Пружаншчыну, мы з Валодзем не былі пры Сашы навічкамі ў пачатай справе. Трагедыі беларускіх Хатыняў ведалі ў пэўнай меры і мы як партызаны самі і па расказах людзей, што выйшлі з агню жывымі. Дый пісалі ўжо трохі на гэтую тэму і мы. Аднак у Адамовіча, апроч партызанскага і пісьменніцкага вопыту, быў ужо і вопыт такога іменна збірання, такіх сустрэч, горкі вопыт перажывання мінулага разам з тымі, хто нам расказваў. За чатыры леты такіх вандраванняў па Беларусі — з раёна ў раён, ад вёскі да вёскі, ад слёз да слёз — я неаднойчы думаў пра тое, з чаго нараджаліся «Хатыні» Сашавы — перш дакументальная кінакарціна, потым аповесць, колькі яны каштавалі яго неспакойнай душы партызана і мастака, якой незаслужанай была горыч несправядлівай «няўдачы» з кінакарцінай і як справядліва заслужаны, выпакутаваны поспех аповесці.
Выслоўе «хто хоча зразумець паэта, той павінен пайсці ў яго край» уключае ў паняцце «край» самае дарагое: тваю зямлю, тваю справу, тваіх найбліжэйшых.
Улетку 1961 года Саша аднойчы пазваніў мне з такой прапановай: разам з начальнікам штаба іхняй брыгады імя Пархоменкі махнуць на Глушчыну, праехацца, пахадзіць па іх партызанскіх мясцінах. Былы начштаба, С. В. Сыраквашын, працаваў тады старшынёй Уздзенскага райвыканкома, прыехаў на службовым «газіку» ў Менск, і дома ў Адамовіча іх наведала добрая думка. Кругам — цераз Узду, Капыль і Слуцак — мы ў той жа дзень і маханулі.
Сяргей Васільевіч — у мінулым кадравы камандзір, кавалерыст, які са сваім эскадронам, трапіўшы ў акружэнне, прызямліўся, замаскіраваўся да часу ў некалькіх палескіх вёсках, у верасні 1941-га зноў сабраў эскадрон і пачаў партызаніць.
На ўсю змогу аддаўшы свой уклад у справу ўсенароднага змагання, ён з-за характару свайго, з-за сціпласці застаўся потым трохі ў цяньку, як і большасць былых партызанаў. Салдат, работнік на кожным пасту. Харошая была наша паездка. І на котлішчах атрадных лагераў, дзе пад зялёным пошумам спакваля зарасталі ямы зямлянак, і на месцах колішніх баёў, і ў адноўленых вёсках, дзе мы сустракаліся з людзьмі і Сыраквашын з Адамовічам пазнавалі даўніх знаёмых, а знаёмыя іх, Сяргей Васільевіч усюды быў просты, змястоўны і людскі, а Саша пры ім — тады ўжо выкладчык, крытык і аўтар першага рамана — здаваўся мне ледзь не зусім юнцом, якім ён блізу два дзесяцігоддзі перад гэтым і быў, і адчуваў сябе побач з начальнікам штаба вялікай брыгады. І наогул, не толькі пры Сыраквашыне, а ў сустрэчах з людзьмі, са сваім мінулым ён выглядаў тады значна памаладзелым.У аўтабіяграфіі, змешчанай у калектыўным зборніку «Пяцьдзесят чатыры дарогі», Адамовіч з цёплай самаіроніяй успамінае, што і ў дальніх ад роднай Глушы вёсках бабкі пазнавалі яго, партызана-падлетка, як сына «доктара са шклозавода». А ў нашай вандроўцы бабкі ды цёткі пазнавалі яго і так: «Авой, дык гэта ж вы, мусіць, доктарчын меншы? Як жа хоць мама жывая-здаровая?..» Бацька, вясковы лекар, з першага дня вайны быў на фронце, а маці, фармацэўт па адукацыі, у партызанах заслужыла права называцца «доктаркай». З былымі цёткамі ды дзяўчатамі, што сталі тым часам хто бабуляй, а хто цёткай, былога падлетка я здымаў каля светлых вокнаў новых хат, на лаўках перад уквечанымі агародчыкамі, і Саша хораша адчуваў сябе між людзей, якім не сорамна глядзець у вочы, на той зямлі, абараняючы якую і ён мог калісьці, як многа іншых, аддаць маладое жыццё.
Потым у нас была Глуша (у «Партызанах» Лясная Сяліба) — утульны дом у буйной зеляніне, сцюдзёны калодзеж са сцежкай у нетаптанай траве, салодкая чырвань клубніц на градках, а перад домам — Сашава мама, Ганна Мітрафанаўна (Міхайлаўна — у рамане).
З надрукаваных у «Полымі» ўспамінаў С. Шамардзіной пра яе мужа Язэпа Адамовіча, партыйнага, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча маладой Беларускай рэспублікі (Саша — толькі аднафамілец яго), з таго эпізоду, дзе гаворыцца, як у хату да іх высокім госцем прыйшоў на дамашні абед сябар гаспадара — М. М. Тухачэўскі, вось ужо больш за дзесяць год мне помняцца простыя, мімаходзь сказаныя аўтаркай успамінаў словы: «Міхаіл Мікалаевіч з павагай нізка схіліўся да рукі маёй маці…» Нашых маці, калі яны пакінулі нас назаўсёды, мы пачынаем любіць з новай сілай, з новым сумам і патаемнай пяшчотнасцю, што зноў і зноў ажывае ў душы ў тыя хвіліны, калі мы вітаемся з маткамі нашых сяброў. Тым больш сардэчна, што з кожным годам іх усё менш.
У той жа аўтабіяграфіі Алесь Адамовіч піша, што да вайны ён маці сваёй «па-сапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, калі пачалося страшнае жыццё». І з разумнай самакрытычнасцю дадае: «Калі мне што і ўдалося ў рамане „Вайна пад стрэхамі“, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Аўтабіяграфія была напісана ў І962 годзе, калі другі раман дылогіі яшчэ ўсё пакутаваў у бясконцых чарнавіках. Вобраз маці паўтараецца і ў другім рамане, аднак раскрыўся ён у рамане першым. Гэты раман я адразу, прачытаўшы яго ў рукапісе, назваў для сябе «рамэн-раланаўскім», на ўвазе маючы «Зачараваную душу»; уражанне гэтае паўтарылася і потым, пры перачытванні дылогіі ў найбольш закончаным выглядзе. Не буду залішне арыгінальным, сказаўшы, што гераіня «Партызанаў», Ганна Міхайлаўна Корзун, — найбольш народны вобраз беларускай маці, падпольшчыцы і партызанкі, найзначнейшае ў гэтым сэнсе дасягненне нашай эпічнай прозы. Не думаю, што, пішучы дылогію, асабліва яе першую кнігу, тады яшчэ толькі крытык Адамовіч меў свядомы, так сказаць, тэарэтычны намер стварыць станоўчы вобраз, — вобраз гэты народжаны талентам, гэта бясспрэчна, аднак талентам тут кіравала перш і больш за ўсё сыноўняе пачуццё — захапленне, павага і ўдзячнасць.
Вось ужо больш за дваццаць гадоў я назіраю, з якой увагай гэты сын клапоціцца пра маці, з пашанай і зайздрасцю разумею яго. А наша знаёмства з Ганнай Мітрафанаўнай, што адбылося раней, да 1961 года, і ў Менску, чамусьці асацыіруецца ў мяне з тою паездкай, з першым маім наведаннем Глушы. Больш таго — падобных сустрэч у светлым доме ў маладых бярозах было потым некалькі, заўсёды летняй парой, аднак уражанні ад іх чамусьці так перапляліся ў часе, так спляліся ў адно, што, скажам, ужо дарослыя сёння ўнучкі колішняй «доктаркі» — адна Сашава, дзве старэйшага сына, Жэні — яшчэ ўсё бачацца мне загарэлымі, цыбаценькімі дзяўчаткамі. Гуляюць з ручной вавёркай, бегаюць па траве або, па загаду бабулі, што ведае толк у пытаннях здароўя, хрумстаюць моркву, талерка якое, старанна аскрэбенай і памытай, чырванеецца на прымітыўным століку ў бела-чорна-зялёнай стракатасці бярозавага акружэння. А сама бабуля, цяпер такая нямоглая, а калісьці, у той далёкі, гістарычны для дзяўчатак час, энергічная, мужная ўдзельніца ўсенароднага змагання, частуе нас халодным і гарачым багаццем вясковага лета, пытаецца, як мы здаровы і як у нас дома ўсё, і ў гэтых пытаннях не проста адпаведная выпадку ветлівасць, а шчырае жаданне, каб яно і праўда лепш было ўсім нашым людзям.