Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы
Шрифт:

Успомнілася бабуля, адна з вялікіх пакутніц, што гарэла — не дагарэла ў вайну, а сёння кажа: «Жыць ужо можна было б, а тут у ямачку трэба».

Шлях і малых і вялікіх. Туга, якой не пазбыцца, якая павінна клікаць або да адчаю, або да таго, каб свае паводзіны звяраць па вечнасці.

Так было ўчора.

А цяпер, хоць і сонца ўзыходзіць, і хвойнік ды голае вецце злёгку сярэбрана заінелі, хоць і ціха яшчэ на той самай шашы, — усё-такі ноч, зорная ноч застаецца больш урачыстай, глыбейшай, чым дзень. Яна далучае да мудрасці, вечнай паэзіі сусвету, а дзень замыкае ў нашай будзённасці.

* * *

Сястры

ці брату не скажаш, што каб ведаў, дык узяў бы лепшую ці лепшага. А жонцы ці мужу можна такое сказаць.

І тады вось якраз і дыхне халоднай чужасцю, стане цёмна, балюча… Ды так балюча, як бывае мужу ці жонцы, хоць ёсць і тое, што павінна было б назаўсёды радніць — іхнія дзеці.

* * *

Мой старэнькі, нямоглы дзядзька, чыгуначнік на пенсіі, якому я трохі памагаў, сяк-так пісаў мне калісьці з Адэсы, што як памрэ ды пабачыць Антося, майго бацьку, — усё раскажа яму… Смешна было, сумна, прыемна. А сёння вось успомнілася зноў, праз дваццаць год.

Чаму ж яно жыве ў нас — жаданне пагаварыць з тымі, каго ўжо няма і не будзе, расказаць ім, як мы любілі іх, як гаварылі пра іх пасля з роднымі і сябрамі, як нас усіх яшчэ больш зблізіла гэтая страта?..

Сваёй чаргою і мы ўжо, услед за старэйшымі, набліжаемся да рубяжа. Успамінаю пахаванне брата, найбліжэйшага мне з чатырох, зноў бачу тое прадвясенняе золкае разводдзе, калі адзін наш сябар, самотны ў машыне, за рулём, дабіраўся праз ноч і ранне сваіх чатырохсот кіламетраў, калі другі ўсе клопаты ўзяў на сябе, каб быць у горы зусім побач, калі трэці не змог ад плачу гаварыць над труной… Восем гадоў прайшло, ужо і ў памяці сёе-тое блытаецца, скажам, рэальнасць і паслядоўнасць фактаў, а пачуцці — застаюцца такімі ж…

Вось мне якраз і расказаць бы пра гэта самому брату, а яго — няма. І гаварыць з ім можна цяпер, калі не пад чаркай ды не верачы, як наш старэнькі дзядзька, у «той свет», толькі з думкай пра несмяротнасць нашых блізкіх у нас саміх, у нашых думках, у нашай памяці.

А гаварыць з імі парой так хочацца! Бо іх ужо так шмат на тым баку.

* * *

Час бяжыць, бяжыць, а потым я спынюся, а ён пабяжыць далей…

А я ўсё збіраюся азірнуцца, каб убачыць, нарэшце, найлепш, што я павінен зрабіць, каб належна наладзіць тое, што я павінен пакінуць, аддаць, адыходзячы.

* * *

«Колькі таго жыцця!..»

Часовасць гэтую разумеюць па-свойму і мудрасць і дурнота. Адна стараецца насыціць яе, часовасць, мудрым зместам, а другая — схапіць хоць што.

* * *

«Так вось мы і марнуем самі сябе», — сказаў ён. Але з усмешкай. Відаць, не вельмі ўсведамляючы тое, што ён і сапраўды марнуецца, растрачваецца на пустое. Жыццё яшчэ ўсё не бачыцца яму дадзеным адзін толькі раз. Жыве — як на вакзале: «Абы той час прайшоў хутчэй». А да якога ж цягніка?..

* * *

Старыя запісы ў блакноце, зробленыя дваццаць дзевяць год таму назад. Перачытваю іх — і раптам дзіўна стала, што гэта іменна я, а не хто іншы пражыў так многа. Многіх сучаснікаў, сёння ўжо сталых, у той час яшчэ не было, многія былі дзецьмі,

а я ўжо тады адчуваў сябе бывалым, ужо азіраўся назад і баяўся, што не паспею зрабіць таго, што павінен.

Дзіўнае, сцішнаватае яно — адчуванне прасторы за табой, прасторы перажытага…

І тое яшчэ, як ты тады — даўно, у розны час — упіраўся лбом у сваё невядомае, якое цяпер так проста бачыцца, а сёння — упіраешся зноў, у тоё невядомае, што будзе…

* * *

Падумаў: «А ўсё-такі старэю…» І пастарэў яшчэ на некалькі хвілін.

Ну, дык ці варта ж думаць пра гэта?

* * *

Каб толькі жыць як найдаўжэй, дык гэта вельмі цікава было б: як яно ўсё праходзіла — так многа і так доўга!..

Часта яна ў мяне паўтараецца, гэтая думка. Нават не думка, а вясёлае здзіўленне.

1960–1975

Эсэ

Мой Чэхаў

Ёсць і такая задума: напісаць гісторыю мае дружбы з кнігай. Не напісаўшы, цяжка пераканаць каго-небудзь, што гэта будзе цікава. А пісаць пакуль што не хочацца: яшчэ ўсё баюся, што не здолею адшалушыць ад значнага, патрэбнага для іншых, толькі сваё, асабістае, вузкапрыватнае.

Цяпер вось дакранаюся да той задумы з першым, можа, наймацнейшым хваляваннем. Хачу пісаць пра Чэхава. Пра пачатак нашай дружбы, пра маю сардэчную любоў. І не баюся, што я не першы, нават не тысячны, — да гэтай крыніцы з гаючай вадою ніколі няма чаргі: усе падыходзяць адразу…

Успамінаю цень нарачанскай сасны, прымятую траву з затоенымі ў ёй ненадакучліва мулкімі шышкамі, ласкавы плёскат хвалі пад узгоркам берага, звонкі смех загарэлай малечы… Як тут добра прылегчы над кнігай! Наш польскі госць і друг Леан Кручкоўскі ляжыць у тым самым цяньку і таксама чытае. Я ведаю — што. Нават як быццам прадбачу і тыя ягоныя словы, якія праз пару месяцаў буду з прыемнасцю перакладаць:

«Шчаслівыя хвіліны! Яшчэ том Чэхава ў рукі — і чаго ж болей трэба, каб стаць багацейшым на пэўную частку чалавечага вопыту, ведаў, мудрасці?..»

Мала бываў я на шырокім свеце, многае назіраў мімаходзь.

За нямецкім калючым дротам у бараку палонных французаў бачыў на дзвярах спіс кніжак іхняй бібліятэкі. І пастаяў перад ім, бо з невымоўна прыемным пачуццём заўважыў у тым французскім спісе родныя імёны: Гогаль і Чэхаў.

З іншым трохі, але таксама па-зямляцку радасным пачуццём давялося нядаўна, спыніўшыся перад адным з кніжных магазінаў Рыма, распазнаць на стэндзе, сярод залітых сонцам каляровых вокладак, «Вайну і мір» і зборнік чэхаўскіх навел.

Зрэшты, і не бачачы ўласнымі вачыма, не так ужо цяжка ўявіць шматтысячную, а то і шматмільённую армію жыхароў Зямлі, закаханых у творчасць Чэхава — кожны па-свойму.

Дык маю ж права на гэта і я?

Не, не тое пытанне — так яно не толькі не гучала, але і не ўзнікала ў душы. Я любіў і люблю яго, не пытаючы ні права, ні дазволу. Без рэўнасці да іншых, хто яго любіць таксама. І гэта — самая чыстая, самая высокая, самая няздрадная любоў, часціна той магутнай сілы, што яднае людзей добрай волі.

Поделиться с друзьями: