Выбраныя творы
Шрифт:
Спачатку Анечка прымае гэта як працяг гульні, а потым у яе маленькім сэрцы абуджаецца далёка-далёкае, будучае матчына шкадаванне.
— Устань! — спачатку крычыць яна на старога. — Сказала табе, устань! — І нават мякка тупае валёначкам.
Гэта яшчэ ўсё толькі гульня.
Дзед плача — зусім як плача. І Анечка пачынае яго шкадаваць:
— Алісеечка мой, сыночак маленькі! Я больш не буду. Я табе малачка.
Гэта — таксама яшчэ ўсё з іхняга рэпертуару.
— І шапку тваю знайду, вушкі твае не памерзнуць.
Дзед плача горка і няўцешна. І тут ужо Анечка бянтэжыцца: а можа, ён і папраўдзе?.. Яна глядзіць на яго, і вочы яе пачынаюць большаць і вільгатнець. Стары
— Што, Гануся, спалохалася?
І малая таксама смяецца.
— От вы, дзядзько, які! — гаворыць пралліна мама, а ў голасе яе і маладая весялосць, і сталая матчына ўдзячнасць.
Бабуля перастала прасці і ціха смяецца, нічога не кажучы. Да «вычварання» гэткага і іншага яна па-суседску прывыкла даўно.
Задоўга да таго, як на свеце з'явілася Анечка, здарылася аднойчы такое.
У канцы лета, пад вечар, у вёску ўтупацеў, убразгацеўся потны, запылены эскадрон уланаў. Не так, як некалькі гадоў перад гэтым, калі і салдаты разам з паліцыяй шукалі па нашых прыпушчанскіх вёсках чырвоных паўстанцаў, і не так, як гэта пазней рабілася ў Заходняй Украіне ці на Берасцейшчыне, дзе войска ставілі ў сёлах на карны пастой, — цяпер былі проста манеўры. Па двух, па трох, па чатырох, спешыўшыся на вуліцы, уланы з коньмі разышліся па дварах і — усякая праца ў Ніжніх Бандунах спынілася.
Здымаліся сёдлы з танканогіх узмакрэлых коней. Коні, усе аднамасныя, задаволена пырхалі. Бразгацелі, звінелі страмёны, цуглі, шпоры. Былі сапраўдныя шаблі, пікі, карабіны, якія можна было нават пачапаць. Чулася польская гамана — то каманда якая, то проста гутарка, жарты, нязлосная лаянка, смех. Рассядланыя, расцугляныя «ганчакі» зусім па-конску хрупалі сена і, як свае, глядзелі добрымі, глыбокімі вачыма. Перад Качкамі, дзе шырэйшая вуліца, спачатку толькі дыміла, а потым і незвычайна духмяніла кавай палявая кухня. Кіславата пахла хлебам, пабразгвалі кацялкі. Уланы, вызваліўшыся ад усіх сваіх патранташоў ды рамянёў, сталі з ваякаў звычайнымі хлопцамі з розных далёкіх вёсак і гарадоў, асабліва свойскімі тады, калі захацелі «купіць» малака, а «наша мама» (бо так было ледзь не на кожным двары) вынесла ім цэлы збан і грошай, вядома ж, не ўзяла.
У дваццаць чацвёртым — дваццаць пятым гадах, ганяючыся за «бальшавіцкімі бандытамі», ніякае войска ў Ніжнія Байдуны не заходзіла, крыўды ад яго ніхто не памятаў. І раней, у польска-савецкую вайну, нашу вёску абмінулі і бітвы, і ваенны пажар. А цяпер, ужо даўно не на першым годзе пасля крывавага ліхалецця, многа і нашых хлопцаў служыла ў польскім войску, і ў кавалерыі, і ў пяхоце, — служылі і раней, і ў тое лета, далёка ад роднага дому…
Таму яны, матчыны сэрцы, і раскрываліся.
Цётка Катрына не была яшчэ тады бабуляй Анечкі. Будучы бацька малое праллі ў салдаты пойдзе яшчэ не хутка. Ды матчын клопат, яе трывога, насцярожанасць даходзяць у прадбачанні вельмі далёка. І цётка, вядома ж, таксама вынесла гэтым уланам непачаты збан малака і паўбохана хлеба — проста як нечым сынам.
А ўсё ж, калі пачало сутуняцца, яна, руплівая ўдава, паклікала меншага сына-падлетка і ў сенцах, каб ніхто не чуў, сказала:
— Пойдзеш спаць у аўсяныя мэндалі за Алісеева гумно. Чорт ім верыў, яшчэ снапы пакрадуць сваім коням.
Хлопец, як яму ні хацелася застацца дома, на вуліцы, зблізку пачуць, як трубач зайграе «цапштык» — адбой, паслухмяна пранікся матчынай асцярожнасцю. Ніхто не чуў, няхай жа ніхто і не бачыць. Загарнуўшы кажушок у посцілку, нібы так сабе клунак нейкі нясе, ён перайшоў цераз вуліцу, цераз
Цівунчыкаў двор, міма аціхлых там людзей і коней, заўважыў, што ні самога дзядзькі Алісея, ні цёткі Зосі, ні Шуры іхняга, ні дзевак там няма, перайшоў цераз загуменную дарогу і ціха пашамацеў мяккім аўсяным іржышчам да першых мэндлікаў. Паслаўся паміж імі на цёплых яшчэ снапах, лёг і накрыўся посцілкай і кажушком.Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, — з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў — азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.
Успомніў хлопец таксама і тое, як летась у жніво была вялікая навальніца, а пад вечар, калі яна сціхла, маці паслала яго на далёкае поле, паправіць паваленыя ветрам і ліўнем жытнія мэндлі. Уранні таго дня, яшчэ задоўга да навальніцы, у Ніжніх Байдунах было накідана «афішак» (так у нас называлі лістоўкі), у якіх не па-польску, але па-нашаму было надрукавана, каб не плаціць панам-пілсудчыкам падаткаў, дамагацца школы на роднай мове, свабоды зняволеным палітвязням, дамагацца, каб і тут, як у Савецкім Саюзе, была ўлада рабочых і сялян. Хлопец ціха ішоў па мокрым бадылістым жытнім іржышчы, набліжаўся да мэндляў, адны з якіх былі абернуты, а з іншых толькі пазбівала шапкі, ішоў і думаў, што тыя смелыя і таямнічыя, хто раскідаў «афішкі», цяпер — сядзяць у мэндлях… Яму было сцішнавата, і ён пачаў ціха напяваць. З дзвюх песняў, якія ўжо трохі ведаў — «Ад веку мы спалі» і «Вставай, проклятьем заклейменный». Спяваў не так для смеласці, як дзеля таго, каб пачулі тыя, што недзе тут сядзяць у мэндлях, а ноччу зноў пойдуць па вёсках, спяваў, каб пачулі і зразумелі, што ён ім — свой…
А што ж ён будзе рабіць цяпер, калі прыйдуць уланы — па іхні авёс? Няўжо толькі крычаць? Няўжо яны тады адразу вернуцца, уцякуць?..
Навокал сакаталі конікі, у небе паміргвалі, таксама незлічоныя, зоркі, у вёсцы амаль зусім аціхла гамана, вось-вось павінен быў пачуцца горн адбою… Лета гарачае канчалася, але дні былі яшчэ ўсё па-летняму доўгія. Хлопец, пастух, устаў вельмі рана, за дзень набегаўся, а потым, пад вечар, і нагледзеўся. На цёплым аўсе, пад дзяругай і кажушком, нядаўна павячэраўшы, было так цёпла, што песню горна хлопец пачуў ужо як праз сон. А потым — каб і стралялі яны, з усіх сваіх карабінаў — і таго не пачуў бы…
Уранні ён прахапіўся раней, чым у вёсцы пачуўся сігнал вайсковай пабудкі. Мэндляў абапал яго — не было!.. Нейкі момант ён, яшчэ седзячы, лыпаў вачыма, тужыўся разгадаць, што ж гэта адбылося, а потым, устаўшы, убачыў свой авёс. Крокаў за трыццаць далей, трохі за ўзгорачкам, відаць толькі крайнія шапкі. Падбег туды, палічыў. Усе пятнаццаць, без таго, шаснаццатага, на якім спаў. І пастаўлены хораша, нібы тут яны і стаялі.
Спачатку хлопец занёс туды і паставіў шаснаццаты, потым ішоў дахаты і на Цівунчыкавым двары, дзе спалі і ўланы і коні, сустрэў дзядзьку Алісея.
— Здароў, Іванко, — адказаў той на прывітанне, нібы нічога ніякага, як і заўсёды. Але па ўсмешцы дзядзькавай малому стала ўсё ясна, хоць і смяяўся Рыўка «навыварат», гаворачы за ўланаў «па-польску»:
— Як богем кохем, ніц не вем!..
…Анечка прала на маленькай прасніцы гадоў… хутка сорак таму назад. Нядаўна мы з ёю, Ганнай Андрэеўнай, тэхнікам на льнозаводзе, весела ўспаміналі тое прадзенне. Я бачыў яго тады разам з яе бабуляй і мамай, адна з якіх мая маці, а другая братавуха.