Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выродлiвы хлапчук
Шрифт:

— Але ж гэта не тое самае, што адправiць у мiнулае асколак каменя. Вы заб'яце чалавека.

— Гэта не забойства. Ён нiчога не адчуе, ён проста зноў стане хлопчыкам-неандэртальцам i трапiць у сваё звыклае асяроддзе. Ён не будзе больш чужынцам, асуджаным на вечнае зняволенне. Ён будзе жыць свабодным жыццём…

— Якое

ж гэта жыццё? Яму ўсяго сем гадоў, i ён прывык, каб яго кармiлi, адзявалi, аберагалi. Ён будзе адзiнокi, за гэтыя ж чатыры гады яго племя магло пайсцi з таго месца, дзе ён яго пакiнуў. А калi нават племя яшчэ там, дзiця нiхто не пазнае, ён вымушаны будзе сам пра сябе клапацiцца, а яму ж не было дзе навучыцца гэтаму.

Хоскiнс бездапаможна пахiтаў галавою.

— О Божа, няўжо вы лiчыце, мiс Фэлоўз, што мы не думалi пра гэта? Хiба вы не разумееце, што мы вызвалi з мiнулага дзiця толькi таму, што гэта была першая чалавечая цi, дакладней, паўчалавечая iстота, якую нам удалося зафiксаваць, i мы баялiся адмовiцца ад гэтага, бо не былi ўпэўнены, што нам удасца так жа вось удала паўтарыць тую спробу? Як вы думаеце, няўжо мы трымалi б Цiмi так доўга, калi б нас не бянтэжыла неабходнасць адаслаць яго назад у мiнулае?! Мы робiм гэта цяпер таму, — у яго голасе загучала рашучасць адчаю, што мы не можам больш чакаць. Цiмi можа паслужыць прычынай той шумiхi, якая скампраметуе нас. Мы цяпер на парозе вялiкiх адкрыццяў, i мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, але мы не можам дапусцiць, каб Цiмi перашкодзiў нам. Не можам. Я вельмi шкадую, мiс Фэлоўз, але гэта так.

— Ну што ж, — журботна вымавiла мiс Фэлоўз. — Дазвольце мне хоць развiтацца з iм. Дайце мне пяць хвiлiн, я больш нiчога не прашу.

— Iдзiце, — пасля пэўнага вагання сказаў Хоскiнс.

* * *

Цiмi кiнуўся ёй насустрач.

Апошнi раз ён падбег да яе, i яна апошнi раз прытулiла яго да сябе.

Нейкае iмгненне яна моўчкi тулiла яго, сцiскала ў абдымках. Потым падсунула нагою да сцяны табурэтку i села.

— Не бойся, Цiмi.

— Я нiчога не баюся, калi вы са мною, мiс Фэлоўз. Гэты чалавек вельмi злуецца на мяне, той, што застаўся за дзвярыма?

— Не. Ён проста нас з табою не разумее… Цiмi, ты ведаеш, што такое мацi?

— Гэта як мама ў Джэры?

— Ён расказваў табе пра сваю мацi?

— Зрэдку. Мне здаецца, што мацi — гэта жанчына, якая пра цябе клапоцiцца, якая да цябе добра ставiцца i робiць табе шмат добрага.

— Правiльна. А табе калi-небудзь хацелася мець мацi, Цiмi?

Цiмi адкiнуў галаву, каб убачыць яе твар. Ён паволi працягнуў руку i пачаў гладзiць яе па шчацэ i валасах, як некалi даўным-даўно, у першы дзень яе з'яўлення ў Стасiсе, яна сама гладзiла яго.

— А хiба ты не мая мацi? — спытаўся.

— О Цiмi!

— Вы злуецеся, што я так спытаўся?

— Не, што ты, вядома, не.

— Я ведаю, што вас завуць мiс Фэлоўз, але… iншы раз я сам сабе заву вас мамай. У гэтым няма нiчога кепскага?

— Не, не! Я нiколi не пакiну цябе, i з табой нiчога не здарыцца. Я заўсёды буду з табой, заўсёды буду клапацiцца пра цябе. Скажы мне: «Мама». Але так, каб я чула.

— Мама, — задаволена вымавiў Цiмi, прытулiўшыся шчакой да яе твару.

Яна паднялася i, не выпускаючы яго з рук, узлезла на табурэтку. Яна ўжо не чула шуму i крыку за дзвярыма. Свабоднай рукой яна схапiлася за працягнуты ў сцяне шнур i ўсiм цяжарам павiсла на iм.

Стасiс быў прарваны. Пакой апусцеў.

Поделиться с друзьями: