Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выродлiвы хлапчук
Шрифт:

Уся ўнутраная частка будынка была падзелена на некалькi памяшканняў, кожнае з якiх уяўляла сабой асобную камеру Стасiса. Хоскiнс падвёў яе да агляднага акна адной з iх, i яна зазiрнула ўнутр. Iстота, якая паўстала перад яе позiркам, здалася ёй спачатку чымсьцi накшталт пакрытай лускою курыцы. Пагойдваючыся на двух худых лапках, iстота гэтая бегала па камеры, iмклiва паварочваючы з боку на бок зграбную птушыную галаву. На невялiкай галаве дзiўнай iстоты быў касцяны нарост, падобны на пеўнеў грэбень. Пальцападобныя адросткi кароткiх пярэднiх канечнасцей безупынна сцiскалiся i растульвалiся.

— Гэта наш дыназаўр, — сказаў Хоскiнс. — Ён тут ужо некалькi месяцаў, i

я не ведаю, калi мы зможам расстацца з iм.

— Дыназаўр?

— А вы чакалi ўбачыць гiганта?

Яна ўсмiхнулася, i на яе шчоках паявiлiся ямачкi.

— Мне здаецца, што некаторыя менавiта так iх сабе i ўяўляюць. Я ведаю, што iснавалi дыназаўры i невялiкiх памераў.

— Паверце, што мы iмкнулiся дастаць менавiта маленькага дыназаўра. Звычайна яго ўвесь час вывучаюць, але цяпер, вiдаць, яму далi перадыхнуць. З яго дапамогай удалося зрабiць сякiя-такiя адкрыццi. Так, напрыклад, ён не цалкам халаднакроўная жывёлiна. Ён валодае здольнасцю, праўда, недасканалай, падтрымлiваць унутраную тэмпературу цела вышэй за тэмпературу навакольнага асяроддзя. На жаль, гэта самец. З таго самага часу, як ён паявiўся тут, мы не спыняем спроб зафiксаваць другога дыназаўра, якi можа аказацца самкай, але да гэтага часу нам не шанцавала.

— А навошта патрэбна менавiта самка?

У вачах у яго мiльганула яўная насмешка.

— У такiм выпадку ў нас з'явiлася б даволi рэальная мажлiвасць атрымаць аплодненыя яйкi, а значыць, i дзяцей дыназаўра.

— Ах, так.

Ён павёў яе да аддзялення трылабiтаў.

— Перад вамi прафесар Дуйэн з Вашынгтонскага ўнiверсiтэта, — сказаў Хоскiнс. — Ён спецыялiст па ядзернай хiмii. Калi мяне не падводзiць памяць, ён займаецца выяўленнем iзатопнага саставу кiслароднай вады.

— З якою мэтаю?

— Гэта дагiстарычная вада. Ва ўсякiм выпадку, узрост яе вызначаецца, прынамсi, паўмiльярдам гадоў. Iзатопны састаў дазваляе вызначыць тэмпературу акiяна ў тую эпоху. Самога Дуйэна трылабiты не цiкавяць, iх анатамiраваннем займаюцца другiя вучоныя. I м пашанцавала: iм патрэбны толькi скальпелi i мiкраскопы, тым часам як Дуйэну даводзiцца дзеля кожнага доследу ўстанаўлiваць складаны мас-спектрограф.

— Але чаму? Хiба ён не можа?..

— Не, не можа. Яму нiчога нельга выносiць з гэтага памяшкання да таго часу, пакуль iснуе хоць нейкая мажлiвасць пазбегнуць гэтага.

Тут былi таксама сабраны ўзоры першабытнай раслiннасцi i абломкi скал гэта i былi раслiны i мiнералы, пра якiя раней Хоскiнс успамiнаў. У кожнага экспаната меўся свой даследнiк. Усё гэта нагадвала музей, якi ажыў i стаў цэнтрам актыўнай навуковай дзейнасцi.

— Усё гэта пад вашым непасрэдным кiраўнiцтвам, доктар Хоскiнс?

— Ды не, мiс Фэлоўз, дзякаваць Богу, у мяне вялiкi штат супрацоўнiкаў. Мяне цiкавiць толькi тэарэтычны бок праблемы: сутнасць Часу, тэхнiка мезоннага выяўлення аддаленых у часе аб'ектаў i таму падобнае. Усё гэта я ахвотна памяняў бы на метад выяўлення аб'ектаў, аддаленых у часе менш чым на дзесяць тысяч гадоў. Калi б нам удалося пранiкнуць у гiстарычную эпоху…

Яго перабiў нейкi шум у адной дальняй камеры, адкуль пачуўся чыйсьцi высокi злосны голас. Хоскiнс нахмурыўся, на хаду папрасiў прабачэння i паспешлiва пайшоў туды.

Шпарка, як толькi магла, мiс Фэлоўз амаль бягом кiнулася за iм.

— Няўжо вы не можаце зразумець, што мне неабходна было закончыць вельмi важную частку маiх доследаў? — крыклiва пытаўся пажылы мужчына з рэдзенькай бародкай на чырвоным твары.

Служачы ў форме, на лабараторным халаце якога былi вышыты лiтары «СI» («Стасiс Iнкарпарэйтэд»), сказаў Хоскiнсу:

— Прафесар

Адэмеўскi з самага пачатку быў папярэджаны, што гэты экспанат будзе тут толькi два тыднi.

— Я тады яшчэ не ведаў, колькi часу зоймуць мае доследы, я не прарок! узбуджана выкрыкнуў Адэмеўскi.

— Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволi абмежаванай прастораю, — сказаў Хоскiнс. — Таму мы вымушаны час ад часу мяняць свае экспанаты. Гэты абломак халкапiрыту павiнен вярнуцца туды, адкуль ён да нас прыбыў. Вучоныя чакаюць новых экспанатаў.

— Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.

— Вы ведаеце, што гэта немажлiва.

— Вам шкада аддаць мне кавалак халкапiрыту, гэты няшчасны пяцiкiлаграмовы абломак? Але чаму?

— Нам не па кiшэнi звязаная з гэтым уцечка iнфармацыi, — злосна закрычаў Хоскiнс. — I вы гэта вельмi добра ведаеце.

— Справа ў тым, доктар Хоскiнс, — перапынiў яго служачы, — што насуперак правiлам прафесар спрабаваў вынесцi мiнерал i ледзь быў не прарваў Стасiс.

На iмгненне ўсе змоўклi. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскiнс холадна спытаўся:

— Гэта праўда, прафесар?

Адэмеўскi няёмка кашлянуў.

— Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду…

Хоскiнс працягнуў руку i рвануў за шнур, якi свабодна вiсеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькi што гаварылi.

У мiс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нiчым не прыкметны кавалак каменя, за якi iшла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сцiснула — у яе на вачах камень iмгненна знiк. Камера апусцела.

— Мне вельмi шкада, прафесар, — сказаў Хоскiнс, — але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасiсе анулюецца назаўжды.

— Ды пачакайце.

— Паўтараю, мне вельмi шкада. Вы парушылi адно з нашых сама важных правiл.

— Я падам скаргу ў Мiжнародную Асацыяцыю…

— Скардзiцеся каму хочаце. Вы толькi пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, нiхто не прымусiць мяне адступiць.

Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, якi ўсё яшчэ пратэставаў, i, яшчэ белы ад гневу, сказаў мiс Фэлоўз:

— Вы не адмовiцеся паснедаць са мной?

* * *

Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адмiнiстрацыi. Ён павiтаўся са знаёмымi за столiкамi i спакойна адрэкамендаваў iм мiс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. «Што яны падумаюць?» — думка гэтая не давала ёй спакою, i яна з усяе сiлы старалася прыняць па магчымасцi дзелавы выгляд.

— Доктар Хоскiнс, у вас часта здараюцца такiя вось непрыемнасцi? спыталася яна, узяўшы вiдэлец. — Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.

— Не, — з намаганнем адказаў Хоскiнс, — такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзiцца спрачацца з ахвотнiкамi вынесцi са Стасiса той цi iншы экспанат, але да сённяшняга дня нiхто яшчэ не спрабаваў зрабiць гэтага.

— Мне помнiцца, як вы аднойчы казалi, што з гэтым звязаны вялiкi расход энергii.

— Слушна. Мы, вядома, пастаралiся ўлiчыць такую мажлiвасць, бо такiя выпадкi яшчэ будуць паўтарацца, i ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергii, разлiчаны на пакрыццё ўцечкi пры непрадугледжаным вынасе са Стасiса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусiм не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страцiць гадавы запас энергii. Шкода ад страты такой колькасцi энергii прымусiла б нас на доўгiя гады адкласцi далейшае ажыццяўленне планаў пранiкнення ў глыбiнi часу… Апрача таго, вы можаце сабе ўявiць, што здарылася б, калi б прафесар быў у камеры ў той момант, калi збiраўся прарваць Стасiс?

Поделиться с друзьями: