Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Паслухаем працяг расказу Марыі Ліхван, якую мы пакінулі з дзецьмі на страшным солтысавым агародзе, сярод старых мужчын, жанчын і дзяцей, пад наглядам карнікаў. Яна расказвае:

«…Ах, то выходыць одын, мусыць, то пэрагаворшчык. Кажэ:

— Мар'я Ліхван ёсць?

Моя сусідка кажэ: «Панэйку, я Мар'я Ліхван», тая кажэ: «Я Мар'я Ліхван». А я ўсё думаю: «Пусць. Як ходылы по хатах пысаты, він мэнэ вызывае — будэ быты…»

Выходжу я, і дві дзіўчынкі зо мною, а та, шчо з 1940-га году, то тую маты майго чалавіка ўзяла на рукі, і хлопчык зо мною; так і ідэмо мы. Ідэмо, а він так во ўзяў маю свэкруху за плэчы і бэрэ назад адпыхае. А я кажу:

— Пан, то матка моя і цурка моя!

— Ё, ё.

А тыя, што панабыгалы,

то зараз німцы прыкладамы іх і назад адагналы.

Ну, выходымо, выходымо мы, думаю: «О, господы, чого ж мы?»

А то прышлы ўжэ з таго ліваго сэла, ну і майго чалавіка сэстра прышла, са сваім свікарам прышла. Майго чалавіка сэстры сын буў у німців, у Нэмэччыне, у плену буў.

Пытанне: — З польскага войска?

— Ага.

I воны сталы просыты, шчо такія і такія. Тыя спысалы на бумажку, і то нас во вызывалы, мы выйшлы. I я кажу:

— Ну, шчо ж, як я выйшла? Выйшла з дэціма, такія дзіты. Ну, шчо я сама?.. Коб чалавіка, — кажу… То хай мэнэ ўжэ б'юць.

А мого чалавіка сэстры свікар кажэ:

— Стойма; будэма просыты, каб твайго чалавіка вызвалы.

Падышлы мы до німціў. Кажэ:

— У якую очэрэдзь забралы?

— У перву.

— У-ут! Юж далёко на рабоце.

Ужэ він забыты буў. Мій чалавік. Вот.

I ўзялы нас, і завэлы. Там у мэнэ буў дваюродны брат, ёго тожэ тогдзі расстрэлялы… Завэлы до той хаты. Упустылы мэнэ. Чэтвэро тых дзітэй. Я плачу ў той хаці. А во свікар мой астаўся. Хто астаўся, таго больш нэ пустылы. Кажэ:

— Нэ плач, нэ плач, твой Ігнат астаўся, уцік він. Мы. бачылы, шчо ўцікаў він.

— Дэ ж він уцік, — кажу я, — колы я дойшла, шчо він ужэ нэ ўцік.

I вот там мы сыдзілы. I такія булы немцы, шчо і там булы. Прышлы до хаты, прышлы і пытаюцца:

— Чаго вона так плачэ?

I ўзяў мою дзіўчынку, шчо з саракавога, і прытуліў до сэбэ і даў канфету. I так плачэ, плачэ, плачэ…

А одын чалавік наш, баравіцкі, трохі знаў по-нэмэцьку гаварыты. Кажа:

— А вот жэншчына асталася, асталіся дзіты, як боб, одно другого нэ подоймэ, а чалавека забілі.

I так той німэць плача. Посыдыць, посыдыць і зноў на двір пойдэ. Як стануць ужэ там стрыляты, зноў до хаты прыйдэ. Чы то нэ німець, можэ? Чы то я нэ знаю, шчотакое…

Пытанне: — А ён са зброяй быў?

— Не, у яго нэ було аружыя. Пытанне: — А форма нямецкая?

— Німэцька, німэцька.

I вот мы сыдзілы, доўго сыдзілы… Ужэ сонэчко так заходыць…

…Мы скотыну, каровы гналы ў Мокраны, то так во було, як сказаць, — шчэ кроў шла, шчэ нэ закопаны булы…»

Простая жанчына, нягледзячы на смяротны страх і асабістае гора, усё ж заўважыла тады і запомніла на ўсё жыццё адну праяву чалавечага спачування сярод азвярэлых забойцаў.

Пра таго расплаканага немца ўспамінае таксама Яўхіма Баланцэвіч:

«…Одын німець зайшоў до хаты і ламаў на собе рукы. Я бачыла сама. Так подывытся на той народ, так во пакалыхае галавою, адвэрнэцца і платочком вытыраўся. I ўсі бачылы — тыя, шо і побытэ потым людэ. Кажуць:

— Дывысь, як плачэ…

I ён не выстаяў, дэсь выйшаў у солтысавы сіні і ўпаў. Сам упаў. I тоды, як побачылы ёго, одразу одвэзлы. Німцы одвэзлы.

Пытанне: — На падводзе?

— Не, легковою ёго одвэзлы»…

Зманіў у справаздачы обер-лейтэнант Мюлер, — аказваецца, не па падазрэнню на жаўтуху быў адпраўлены ў Брэст адзін яго падначалены. Зрэшты, і схлусіў Мюлер без асаблівай рызыкі. Найвышэйшы яго начальнік Гімлер настойваў, каб называць праявы чалавечнасці — слабасцямі, значыць, нядужасцю. Выступаючы на нарадзе обер-групэнфюрэраў СС з акупаваных усходніх зямель у Познані 4 кастрычніка 1943 года, Гімлер хваліўся сам і хваліў сваіх падручных за тое, што яны пазбавіліся сумлення, як чалавечай слабасці. Гімлер гаварыў менавіта пра такіх голінгаў, мюлераў, каспераў, пельсаў: «Большасць з нас павінна ведаць, як выглядаюць 100 трупаў, якія

ляжаць у рад, або 500, або 1000. Вытрымліваць усё гэта да канца і ў той жа час — за выключэннем паасобных фактаў праяўлення чалавечай слабасці — заставацца прыстойнымі людзьмі — вось што гартавала нас».

Рэспубліка «самых бяскрыўдных славян», як спачатку лічылі «планіроўшчыкі» народных лёсаў у фашысцкім Берліне, паказала сябе краінай усенароднага партызанскага руху. Амаль паўмільённая ўзброеная армія народных мсціўцаў Беларусі разам з партызанамі другіх рэспублік стварыла сапраўдны «другі фронт» у тыле нямецкай арміі. Каб справіцца з гэтым гневам народным, з полымем усенароднай вайны, у фашыстаў сілы ўжо не было, і чым далей, тым меней яе заставалася, той сілы. Затое злосці, лютасці сапраўды набіралася больш. Злосці на ўсіх, хто аказаўся мацнейшым, чым гэта «планавалася» ў фашысцкім рэйху, хто не хацеў ні «перасяляцца», ні «высяляцца», ні станавіцца пакорлівым рабом акупанта. Злосць іхняя таксама забівала — самых мірных, безабаронных. Працягвалася знішчэнне насельніцтва ў вёсках і гарадах, ператварэнне ў зоны пустыні цэлых раёнаў — асабліва на Віцебшчыне, на поўначы Мінскай вобласці… Фашысцкія тэарэтыкі «абязлюджвання» ператварыліся ў слуг таго «плана», які самі ж прыдумалі. Але і вар'яцтва палітычнае ўзнікае не само сабой, а на пэўнай глебе.

Яшчэ ў дваццатыя гады пачаў падбіраць і дрэсіраваць сабе кадры палітычных авантурыстаў, пагромшчыкаў, гвалтаўнікоў аблудны агітатар з баварскіх піўных, яфрэйтар першай сусветнай вайны Адольф Гітлер. Ён вынюхаў у нямецкім мяшчанстве помслівы дух рэваншызму, а ў вайсковай касце пыхлівую ваяўнічасць. У асяроддзі прамыслоўцаў і фінансістаў, напалоханых прывідам «чырвонай рэвалюцыі», ён убачыў эканамічную сілу, якая гатова яго падтрымаць і будзе фінансаваць падрыхтоўку да агрэсіі. З'яднаць у адзін кулак нацысцкай дыктатуры ўсе гэтыя сілы і рынуцца на заваёву «жыццёвых прастораў» на ўсходзе — так нахабна і груба вылажыў палітычны авантурыст сваю праграму і «абгрунтаваў» яе звярынымі прынцыпамі барацьбы за існаванне і натуральнага адбору: «У барацьбе бачу прызначэнне кожнай істоты». «Сіла — гэта найпершае права». «Капіталісты выйшлі наперад, дзякуючы сваім здольнасцям і па прынцыпу адбору, што яшчэ раз даводзіць вышэйшасць іх расы; яны маюць права кіраваць іншымі».

Гітлер строіў свае планы не на адным баламутным крыкунстве. Разбойныя дактрыны падмацоўваліся ў яго палітычным тэрорам, ён скалаціў ваенізаваныя атрады нацысцкай партыі СА і СС, даў ім заданне авалодаць вуліцай, а цераз вуліцы і плошчы вёў шлях да ўлады.

Выбраных у партыйны апарат Гітлер узвышаў да нябёс, ставіў над людзьмі, называў «рыцарскім ордэнам правадыроў». Прэтэндэнту на правадырства дастаткова было вызваліцца ад чалавечага сумлення, прызнаць грубую сілу законам жыцця, навучыцца слепа падпарадкоўвацца загадам дужэйшага, не сумнявацца, не крытыкаваць, каб быць залічаным у касту правадыроў і трапіць на пасаду мікрафюрэра ў які-небудзь з раёнаў акупаваных зямель.

Спачатку, калі Гітлер толькі пачынаў палітычную авантуру, дык вышэй за ўсё цаніў у сваіх «партайгэносаў» разбойную ініцыятыву, задзірыстасць, раіў мець сваім дэвізам выраз: «Калі ты не немец, я расквашу табе галаву». А ўжо ў 30-я гады, калі ён падышоў да рашаючага кроку — захопу ўлады, — то ўзяў сваіх спадручных на ланцуг, патрабаваў сляпога паслушэнства. «Кожны член партыі павінен рабіць тое, што яму загадвае фюрэр. Фюрэр — увасабленне ідэі, і толькі ён ведае яе канчатковую мэту».

I тут ужо «сістэма», «арганізацыя», якую багацеі паклікалі да жыцця, фінансавалі, якой дапамагалі ўмацавацца, набыла пэўную самастойнасць, ператвараючы і гаспадароў у сваіх слуг, у шурупчыкі жудаснай, таталітарнай машыны: пасля камуністаў, сацыял-дэмакратаў, прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, знішчаных ці загнаных за калючы дрот, фашысцкая машына з такой жа бязлітасцю пачала трушчыць косці кожнаму, хто хацеў бы зберагчы сваю асабістую незалежнасць, самастойнасць.

Поделиться с друзьями: