Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Аднак праяўляецца гэта агульная памяць па-рознаму. Ужо ў залежнасці ад чалавечай індывідуальнасці. Што ні чалавек — то і расказ.
Сярод усіх вылучым пакуль што два тыпы, вобразы расказчыкаў, а дакладней — расказчыц, бо жаночыя ўспаміны — найбольш эмацыянальныя, вобразна дакладныя.
Пра адзін тып расказчыц мы ўжо гаварылі — пра тых, што і гавораць, і глядзяць, і нават пры гэтым усміхаюцца неяк дзіўна спакойна, расказваюць нечакана «эпічна». З непрывычкі і пакуль зразумееш, што за гэтым схавана, заціснута — робіцца нават страшнавата. Не да месца пявучы голас (Барбара Слесарчук з Івацэвіцкіх Бабровіч) ці гучна бясстрасны (Ева Тумакова з Быхаўскай Красніцы) перашкаджае спачатку нават адчуваць, разумець, пра што чалавек расказвае.
Затое,
«…Праз вуліцу пераходжу, — расказвае жыхарка Красніцы Ева Тумакова, а ў вачах яе, на шырокім твары яе — запытанне, як бы неразуменне: што ж гэта было, ці праўда, што было? — гляджу, ляжыць сродсцвеннік, дваццаць трэцяга года раджэння, і ляжыць, і ў яго кішкі вывернуліся… Ну ўсё, жывот яму парвала, усё… I ён гаворыць:
— Ева, дай мне вады. Я гавару:
— Ай, Ігнат, дзе я табе вазьму вады, усё ж пагарэла.
— А вы ўсе жывы?
— Убілі маю маць, абрат і бацька асталіся жывы… А вашых?
— Надзю, гаворыць, убілі, а Касціян папоўз уяр…»
Нейкае раздваенне з чалавекам і ў чалавеку адбываецца: сам расказвае і сам як бы пытаецца: ці было з ім гэта, ці праўда, ці магло быць? А калі праўда, дык што ж гэта і як можна, каб такое было?..
I гэтае раздваенне відаць не толькі на твары, у вачах, у інтанацыі, у голасе (гучна-бясстрасным), але і на словы кладзецца. I словы, а не толькі інтанацыя, быццам ужо «не тыя», «не пра тое». Гарыць усё, б'юць людзей, забіваюць, можна ўявіць, які жах, крык над вуліцай, а чалавек расказвае, што ён не пабег, не папоўз, не кінуўся ў жыта, а «пайшоў» («пайшлі і селі ў жыта»). Ці тая ж размова дзяўчынкі (Еве Тумаковай было тады трынаццаць год) з цяжка параненым сваяком. Быццам і сапраўды так: «Ай, Ігнат, дзе я табе вазьму вады…» — быццам гэта звычайная гутарка дзяўчынкі з хлопцам сярод вясковай вуліцы, у звычайны, а не ў той дзень.
Побач з вобразамі такіх расказчыц, пасля такіх расказаў, паўстае з ліку многіх'і зусім іншы. У той жа Красніцы, у тым жа красніцкім клубе запісвалі мы Ніну Міхайлаўну Князеву.
Падышла, прысела да стала прыгожая жанчына, зусім яшчэ маладая, і загаварыла ціха, амаль шэптам. Не, не ад няёмкасці ці сарамлівасці перад суседзямі, што сядзяць каля сцяны, ці перад намі, незнаёмымі людзьмі, сцішыла яна так голас, а таму што кожнае слова для яе — боль, пакута. Не тая, не там пакута, а вось тут, цяпер.
Жыццё для яе не падзелена рэзка на дзве палавіны: тое, што было, што ў яе памяці, — працягваецца. Такая гэта натура, істота. I з такой рэальнай вастрынёй усё ў ёй працягваецца, што любая жыццёвая няўдача, крыўда (муж кінуў — сказала і пра гэта) б'е па тым жа пякучым месцы. Такі чалавек усё, нават дробязі, перажывае ўтрая… А на кранутым куляй твары — прыгледзьцеся! — колькі душэўнай мяккасці ў гэтых вачах, у гэтых дзіцячых губах, душэўнай напоўненасці, чалавечай красы.
Кожным словам свайго расказу яна нібы дакранаецца да ўсё таго ж пякучага, жывога болю — і сцішвае міжволі голас да шэпту. Быццам заціскае ў сабе той боль. I голас ужо зусім прападае — толькі ціхі, бязгучны плач… Ціхая жаночая краса, ціхі голас, ціхія слёзы, а здаецца, што стаіць тут той немагчымы крык…
«…Ну што я знаю. Знаю толькі, як у нашу хату заганялі людзей. Як білі Красніцу, мы стаялі на вуліцы. Тут дзярэўня была, а мы жылі туды пад нізінку — на пасёлку. Мы стаялі, сабраўшы, глядзелі, што тут ужо дым. I даждаліся, што саседні, што саседзей ужо… I падходзіць да нас…
— У хату!
Загналі ў хату. Нас было тры сям'і. Наша сям'я — сем душ…
Пытанне: — Вы стаялі і бачылі, як ужо суседзяў забіваюць?
— Ну, усё, саседзей ужо, вокны б'юць і гранаты брасаюць… А мы яшчэ ля свайго дома стаім. Мама, ацец і я. Ацец быў бальны,
толькі што прышоў з аперацыі. На вайну яго не ўзялі. Ну, стаялі, дастоялісь — прыходзіць:— У хату!
Загналі нас. Ну, а ў хату прышлі — што дзелаць? Адзін за аднаго сталі хавацца. Мама кружыцца, тут і ўсе за ёй — ніхто нікуда. Ну, а яны стаялі.
— Так, доўга з вамі чыкацца? Лажыцеся! Толькі ніц. Лажысь!
Ну, мы — хто куды! Мама хацела пад печ — тута бацька крыкнуў:
— Згарыш жывая!
Яна сяйчас — на печ. Ну, і мы — скок, скок за ёй на печ — сем чалавек. Ну, і баба была наша гэта. Яна ўзлезла ўжэ на печ і загарадзіла нас усіх, лягла з краю. Ну, яны пачалі біць: зразу на палу хто ляжаў. Бацька на палу там, дзед, брат, там яшчэ адна жэншчына з дзіцёначкам пад койку залезла. Тых пабілі: я ўсё гляджу, як яны ўсё гэта б'юць. Я ўсё бачу. Ну, тады і мне — я ж у тое ўрэмя і ранета — зразу мне папала сюды во, у ліцо, у адну, во ў другую выскачыла.
Пытанне: — I вы бачылі таго, што страляў?
— Я ўсё глядзела, пака яны на палу пабілі. Тады ўжо — да мяне! Ну, тут мне папала ўжо, я прылягла. I брат мой меншы за мяне — тут ля коміна прытулёўшы — яго не раніла. А матка — первая, дык яна так во лягла, за комін галаву. I ёй — як білі, ляцела — галаву, гэта, абчапала ёй мясам. Ну, і білі на печ усё. Тую старушку пасеклі — яна ўсё жыва. Матку ранілі, там пабілі ўсіх… Сем чалавек, а мы толькі ўтрох — мама і я з братам сышлі потым з печы. Ну, тады ўжо разы тры — паб'юць і ўвойдуць: слухаюць, ці жыў хто. Яшчэ раз — пачуюць — б'юць. Вышлі трэці раз. Дыму ж надзелаюць! Вышлі, апяць уходзяць — слухаюць: ну, ужо ўсё, ніхто не дыша! Хто ўжо жыў — прытаіўся.
Пытанне: — I гавораць пра што-небудзь, калі заходзяць?
— Гавораць самі ціхонька, ці дыша хто, слухаюць. Ну, вышлі ўжо апошні раз, кажуць, што «капут». А мы ж чуем. Мы ўжо прытаіўшыся ляжым. Ну, што. Не чуць. Сяйчас хату запалілі. Там на паталку сена было, ці што — яно стала кідацца ўжо. Мама ўстае. Тут бітыя навярху ляжаць. Рвель ногі гэтыя! — яна пачула ўжо, што ў нагу папала — стала вырывацца.
— Ну, яшчэ раз папробую — калі вырвусь, то пойдзем, а не, то гарэць будзем.
Дык мы кажам:
— Мамачка, мы лучша гарэць будзем!..
Ды зразу з сябе ўсё здзяваць. Яна пракраціла нам раздзявацца, кажа:
— Не, падажджыце, можа, выйдзем.
Ну, і сталі выпаўзаць. Ну, мы выйшлі. Мама прайшла яшчэ.
— Хто жыў — за мной.
Ну, мы ўдваіх ідзём. Дзеці. А брату было восем гадоў, што лі. Ну, вышлі. Яна кажа:
— Хто жыў — за мной!
Мы вышлі, бачым, бацька вышаў. Ранены. Рука правая, і тут во ў шыю яму паранілі. Ну, выпаўзлі, жыта было ў нас на ўсадзьбе — па жыце. Мама ўжэ стала сазнанне цяраць: стала ад нас уцякаць. Дык мы па крыві найдзем… (Плача.)
Я не магу расказваць…
Яна жыць хацела яшчэ. I сазнанне цярала… Хаты гараць, сонца заходзе… У ляску хата адна асталася — дык ужо ў тую хату ўсе спаўзаліся, хто жывы.
Дык мама кажа:
— Ужо ідзіце, мо дзе калёскі якія, мяне завязіце. Пайшоў брат гэты меншы — ну, гэта ж дзяцёнак — пайшоў у тую хату, там і сеў. Пайшла я. Мне ўжо таксама не відна свету: я ж у ліцо ранета. Калёсак там няма. Мама згарэць хацела — падпаўзла да агню, а яе нехта аднёс. Аднёс на дарогу — ну, што ж, цяжка несці — сама папаўзла. Пассоўвала каленкі, паўзучы. Ішоў Бікасаў Якаў (ён жывы цяпер) — ён яе нёс, да дарогі пранёс. Гэта з кіламетр будзе ад той хаты. А тады другі данёс, ну і сабраліся ў тую хату. Усе ранетыя. У каго быў род, тыя забралі сваіх. А ў мамы сёстры былі далёка: яны пакуль пачулі… Па лесе мы скіталіся. Тады ўжо калёскі нашлі: уцякаюць у лес, і мы яе на калёскі. А бацька ранеты цяжка, ён аставаўся адзін у тым доме. Ну, тут ужо гавораць, што немцы ідуць, танкі па лесе — дзявацца няма куды. Бягуць куды хто, у балота… Ну, мы пайшлі ўсе, а ён… Ён сам сабе смерць зрабіў… Трэба плакаць нам зноў… Засталіся мы. Мама ж ранета, а яшчэ і пацаначка радзілася пасля таго. Сядзець некуды, я кажу: