Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

А тут уперадзе гарыць. Ззаду яшчэ не гарыць. I мы там ззадзі сядзімо. Яна кажа:

— Мы будзем гарэць. Пакуль мы дойдзем, будзе вельмі больна. Давайма вылазіць!

Вылезла яна. А там шчыт. Я гавару:

— Бі нагой, можа, дошку адаб'еш.

Яна б'е, а страшна, каб не пачулі. Ніяк не адаб'еш нагою.

— Нічога мы не зробім, — гаворыць яна. — Давайце цераз агонь!..

Яна малодшая ды, вядома, яшчэ здароўшая… (Плача.) I нічога няма ў яе, — вядома, дзеўчына. Як пусцілася яна цераз агонь, узялося ўсё на ёй, і хустка, і ўсё, а яна ўкацілася ў снег — патухла!..

А я гавару:

— Госпадзі,

пранясі хоць мяне! I мне ж не хочацца пагібаць!..

Я ўзяла паўшубачкам накрылася, пабегла! Папякла рукі… (Плача.) Уцякла цераз агонь. Скарэй тожа ў снег…

Паляжалі мы там, паляжалі. Чуствуемо, што яшчэ жывыя. Глядзімо — яшчэ яны тут, зладзеі гэтыя, усё роўнапаб'юць…

Ляжалі мы, ажно звечарэла. А ноч відная, мароз. Пачалі мы паўзці. Яна ўперад, а я за ёю… А тут у нас клуб стаяў. Дык яны пулямёта яшчэ з клуба не знялі. Як згледзелі нас, што мы паўзём, дык з пулямёта па нас — тэ-тэ-тэ!.. А пулі свішчуць! Перастане страляць, мы апяць паўзём, як тыя салдаты. А яны зноў па нас. З калень кроў ідзе, з рук кроў ідзе. Памерзлі. Без рукавіц. Зіма. Снегу тады многа было…

— Госпадзі, хоць бы які-небудзь куст!.. Канец нам скора… Выпаўзлі мы ў канец сяла.

— Давай, — кажу я, — стоячы пойдзем.

Усталі, пабраліся за рукі і пайшлі. I кроў ідзе, і мерзне гэтая боль…

Пайшлі мы на пасёлак, зайшлі ў адну хату. Дзе ж мая сям'я? Ні дзяцей няма, нічога — пагарэла ўсё!.. Я назад у агонь, а яны мяне не пускаюць. Нашто ж я жыць буду адна!..

Вот мяне не пусцілі. Я сяджу на печы. Боль невынасімы. Плачу.

А потым — мой ідзе! Дзякуй богу міламу, што хаця ён застаўся!..

Шкада ж дзяцей усіх: а дзе ж Фаня з дзіцем, а дзе ж Надзька? (Плача.) А Толік дзе мой?.. Забілі хлопца, забілі дзеўчыну, семнаццаць год, гэтакую красавіцу… (Плача.) Не магу расказаць вам… На жызню я выбралася. Няхай бы лепш я пагібла!..»

Расказваючы, бабуля Агата раз-поразу нервова стукала то кулакамі, то далоньмі па стале. Калі мы папрасілі не псаваць такім чынам магнітафонны запіс расказу, яна паслухалася і потым ужо ляпала рукамі на прыполе, раздзельна, а то і злажыўшы іх, як на малітву.

Дзед слухаў яе, час ад часу згодна ківаў галавою, а слёзы то выціраў, то забываўся пра іх…

Калі ж бабуля дайшла да таго моманту, дзе ёй трэба было ў гумне кінуцца цераз полымя, яна заламала рукі над галавой і з выгукам «Госпадзі!» разрыдалася. Іван Трафімавіч таксама тузануўся ад плачу, ужо не толькі нямоглы, але амаль па-дзіцячы безабаронны.

«…А дачка мая з дзіцем у лес уцякла, — сказала бабуля, сяк-так пераходзячы на спакой. — Адзін сынок застаўся… Вярнуўся ранены тады. Лячыла я яму тую нагу, купала ў зёлках і цалавала ад радасці, што засталося ў хаце хоць адно дзіця…»

Мужчыны

У мазырскай вёсцы Касцюковічы, дзе мірных, безабаронных людзей знішчалі «тэхнічна» — душагубкамі, мужчын аддзялілі на вуліцы ад жанчын, дзяцей пакінуўшы з жанчынамі. Адзін хлапчук ад маці кінуўся да бацькі… Карнік схапіў малога за руку і хацеў яго кінуць у калодзеж. I вось бацька, Сафрон Каменскі, — ад плота, дзе стаялі мужчыны, —

ірвануўся да карніка, паспеў ударыць яго і нават самога ў калодзеж укінуць.

Аднавяскоўцаў, што самі бачылі гэты выпадак, нікога не засталося. Пра гэта пасля вайны, на судзе, расказваў выкрыты паліцай. Па наваколлі пайшла легенда пра бацькаву горкую мужнасць…

Прадаўшчыца аднаго са слуцкіх магазінаў Зоня Багдановіч, расказваючы пра трагедыю сваёй роднай вёсачкі Гандарэва, успомніла, між іншым, і такое:

«…Янік Аліноўскі з сынам неслі цэбар, каню сечку даваць, а ішлі гэтыя немцы… I немец сына застрэліў, а Янік выхваціў з-за пояса тапор і забіў гэтага немца.

Як забіў ён гэтага немца тапаром, дык і пайшлі яны астатніх забіваць. Усё!.. Усіх пабілі, запалілі і пайшлі…

Аліноўскі — Ян, але яго і да пяцідзесяці гадоў называлі Янікам. А сыну, Людвісю, было гадоў семнаццаць. У Яніка тапор быў за поясам, і ён немцу па галаве. Забіў гэтага немца, а другі немец яго забіў.

Пытанне: — Вы сама гэта бачылі?

— Мы ўсе бачылі. Мы ж на вуліцы стаялі. Ён так з сынам як ішоў, дык немец сыну — трах! А гэты, тапор выхваціўшы, ды яму! Немец упаў. А яго адразу тады ў кажух, у розныя посцілкі — забіралі ж тады ў нас — увярнулі, увярнулі, на воз палажылі і павезлі з сабою, гэтаганемца…»

«Мы ўсе бачылі», — гаворыць Зоня Міхайлаўна. Аднак, апроч яе, ніхто ўжо не засведчыць гэтага, бо ўсіх жыхароў маленькага Гандарэва ў тую раніцу памардавалі (дзеля таго ж яны і прыязджалі, карнікі), а з тых дзяўчат, якіх адабралі для адпраўкі ў Германію, сёння жыве адна яна. Удалося ўцячы ад расстрэлу і аднаму з яе меншых братоў, дванаццацігадоваму Мікалаю, але выпадку з Аліноўскім ён не бачыў — быў ужо за хлявамі. (Расказ яго — у раздзеле «Звыш дзесяці».)

Далей расказваюць самі мужчыны.

Іван Карпавіч Сакавец.

Знайшлі мы яго ў адным з завулкаў гарадскога пасёлка Крупкі, дзе ў чалавека грады каля акон драўлянага доміка. У градах мы Івана Карпавіча і засталі. Пасля дажджліва-пахмурнага дня ясна заходзіла сонца, а чалавек, які ўжо на пенсіі, аказаўся вясёлым, прыязным, — павёў нас у кватэру і расказаў пра тое, што адбывалася ў яго роднай вёсцы Узнаж увосень 1942 года.

«…Я быў жанаты, у мяне жонка і трое дзяцей было. Немцы калі ацапілі Узнаж, то я застаўся дома. Пераначавалі. I немцы ў нас начавалі. А я к бацьку перайшоў. Мая хата самая з канца была, але я баяўся. Бо партызаны ў мяне стаялі перад гэтым. Тады не ўцячэш. Усе ў лес пойдуць, а я з дзецьмі… Дык я к бацьку перайшоў. Ён сярод дзярэўні жыў.

Пераначавалі, а рана нас сабралі сярод дзярэўні — усіх, і старых, і малых, і бальныя каторыя — вынеслі. Вынеслі і паставілі. I дапрос. Бургомістр з Выдрыцы — Карань яго фамілія, Рыгор Васільевіч, — ён знаў мяне яшчэ змалку: мая маці з Выдрыцы была, я там у дзеда ўсё быў, калі быў меншы. Ну, вот ён захацеў Узнаж выбіць. У нас партызаны стаялі, а ў іх там, у Выдрыцы, доты былі. Партызаны наступалі і доты гэтыя разбілі. I гэтыя паліцаі… Там некалькі французаў было. Усе паўцякалі ў Крупку. Некалькіх паліцэйскіх забілі яны, а гэты бургомістр уцёк. А жонку яго — убілі. I хату яго спалілі. Ну, у яго было шэсцера дзяцей, кажацца, але дзяцей яго не чапалі.

Поделиться с друзьями: