Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Ідзі, ідзі, не спыняйса. Я ў крапіве тут ляжу. Ідзі, кажа, пад хату, ляж у разору і паўзі сюды да мяне.

I я так падпаўзла да яго. Леглі мы адно да аднаго і ляжым…

I чула я, лежачы ў разоры, як ішлі людзі. Адна суседка заплакала, але яны не крычалі на яе, а нешта ёй усё ціхенька гаварылі. А пасля яны зайшлі да мае свякроўкі, я чула, як яны бралі яе, свякроўку маю. Потым яшчэ адзін немец, як забраў свякроўку маю, загаварыў па-нямецку:

— Пайду фарзухан [13] .

13

Versuchen (ням.) — спрабаваць;

тут — шукаць.

Зайшоў у хату, паглядзеў і пайшоў.

Тады прыгналі людзей з суседніх вёсак — браць наша дабро, якое засталоса. Выгналі каровы.

Падышла наша карова, стала над намі і чмыша. А мы баімоса, каб хто не заўважыў, чаго яна тут спыніласа. Потым тыя людзі, што былі з лапатамі, прышлі адагналі карову, а нас — не заўважылі.

Антон мой кажа:

— Людзей закопваць пайшлі.

I яшчэ нам усё не верыцца. Чуем мы, як з нашай хаты ўсё бяруць, як сячкарню ўзялі на дварэ, плуг. Барану шукалі. Пасля паехалі, сціхла ўсё зноў, і мы думалі, што ўсё ўжо супакоіласа. А пасля ўжо — стральба, стральба, стральба!.. I з кулямёта стралялі, і так па адным, і з аўтаматаў. Мы ляжым, а потым бачым — усё гарыць! Ужо наш дом гарыць і суседні за намі гарыць…

Адзін наш сусед, Коўш Мікалай, неяк увечары зайшоў да нас і гаворыць:

— Як будуць нас калі-небудзь запальваць, дык я залезу пад печ. Запаляць хату, разгарыцца добра, дык тады ў дыме я выскачу і пабягу, і ўсё будзе ў парадку.

Ён так потым і зрабіў. Калі запалілі ўсе хаты, каля таго дома, дзе ён пад печ схаваўся, сталі немцы нешта гаварыць. Бо яны так рабілі: дом запаляць і стаяць кругом, чакаюць. Коўш залез гіад печ, а немцы запалілі яго хату і стаяць. Тады ён выбег з агню, і яго злавілі. Гэта людзі расказвалі з другіх вёсак, каторыя падводчыкі. На ім былі гумовыя боты, немцы загадалі зняць іх. Сцягнуў ён адзін, сцягнуў другі, і тады яму ззаду ў голаву стрэлілі. Казалі людзі, што закапалі яго ў той вялікай яме, разам з усімі, але збоку.

Стаялі яны каля хат, пакуль усё дазвання не згарыць. Як жа там уседзіш, пад тым прыпечкам!..

Усе яны былі ў нямецкай форме, у плашчах, у такіх пярэстых, і ў касках усе.

Было гэта дваццаць трэцяга ліпеня — якраз сённяшнім днём. Нават і пятніца была таксама. У сорак трэцім…»

Хлопчык слухае апавяданне старое, слухае быль, страшнейшую, чым казка, а спрытныя пальцы яго машынальна лепяць даўгавязых бура-зялёных фашысцкіх салдацікаў. Яны пры кулямётах, у аўтамашынах, на самаходках. Ім цесна. У нейкай апантанасці саранчы яны ліпнуць адзін да аднаго, счэпліваюцца, звіваюцца, грувасцяцца, як змяіны жмут ля карча, у ведзьмаковым воступе.

— Гэта ваш унук? — пацікаваліся мы ў цёткі Ганны.

— Не, Сярожа — мой пляменнік з Гродна, прыехаў на лета.

— А ты, Сярожа, умееш ляпіць птушак або жывёл ці так, звычайных людзей?

Хлопец маўчыць.

— Сумна дзіцяці аднаму, — стараецца ці то апраўдаць, ці то выручыць пляменніка гаспадыня.

У голасе старой адчуваецца туга па людзях, жыхарах вялікай, гаманкой вёскі, па такіх вось бойкіх падлетках, што ўмелі схаласопіць усе агароды, выкупацца па пятнаццаць раз на дзень і разам з тым пасвіць коней, кароў, гусей… Ёй сумна па суседзях — размашыстых нёманскіх плытагонах, што ўмелі працаваць і гуляць на поўную душу.

Магло б такое жыццё плысці сабе прывольна і шырока, як Нёман, паўнаводны тут, у сярэднім цячэнні.

Магло б…

У смузе віднеюцца парослыя лазняком берагі. Яшчэ вялікія князі літоўскія, мабыць, трымалі ў гэтым месцы водную пераправу на шляху з Вільні ў Ваўкавыск і Бярэсце, а людзі, што ахоўвалі і абслугоўвалі княжацкую пераправу, названы былі княжаводцамі.

Пра тое даўняе-прадаўняе мала хто памятае. Расказваюць людзі навейшыя былі.

Ходзіць у ваколіцы паданне пра сабор у зусім недалёкай, таксама вялікай, вёсцы Дубна, якая ў вайну ацалела. Вялізны, грувасткі сабор гэты.

Паглядае сюды правалінамі ржавых купалоў і не можа ўцяміць, што ж адбылося. Былі на віду ў яго вялікія Княжаводцы, і пайшлі яны з дымам, няма іх. Гучала зычнымі званамі боская, царская, панская ўлада па Наднямонні, але змоўкла. Таемна збудаваны свет, дзівам пабудаваны і сам ён, гэты сабор. Кажуць, цар загадаў паставіць храм ва ўкраінскім горадзе Дубна, а выканаўцы яго волі нешта пераблыталі, перайначылі «повеленне», прыляпілі яго да аднайменнай беларускай вёскі…

Дзейнічала ў Наднямонні, як і скрозь на свеце, і другая, светлая, добрая воля — воля жыцця. Яна зыходзіла ад зямлі, ад людзей працы, ад патрэбы тварэння, увасабляла жыццё і свабоду, была іх разумнай праявай. Пад уплывам жыватворнай сілы святла і волі, імкнення да іх нараджаліся і тут, у чароўным кутку Наднямоння, сялянскія паэты. Як жаўрукі над нівай, яны спявалі гімн жыццю і тварэнню, клікалі над-нямонцаў купалаўскім клічам «людзьмі звацца». Не далёка зайшлі галасы гэтых песняроў, але напевы іх тутэйшыя людзі чуюць, як чуе чалавек удары ўласнага сэрца. Паблізу ад гэтых мясцін гучала ў дні няволі і змагання сардэчнае, сціплае і дасціпнае слова паэта Міхася Васілька, а трохі ніжэй па Нёмане і значна раней па часе тут, сярод прыгнечаных беларускіх сялян, знаходзіла несмяротныя вобразы высакародная полька Эліза Ажэшка.

На краі зямлі, якую засявалі жыхары Княжаводцаў, у хлебнай даліне за сасоннікам, уцалела тры хутары. Наводшыбе за былою вёскай.

Вось прысеў каля надмагільнага помніка Сымон Іванавіч Кая. Засяроджана кладзе ён бронзу на высечаныя ў бетоне традыцыйныя літары «З. П.» — «здесь покоится». Гэтая праца стала пасля фашысцкага пагрому нібы новай прафесіяй земляроба. Ёсць нешта сімвалічна-жудаснае ў гэтым збегу акалічнасцей. Селянін, гаспадар, які цудам абмінуў сваю смерць, перажыў смерць родных і блізкіх, ніяк не можа ўцячы ад прысутнасці смерці… Яна — побач.

Але не смерць дыктуе яму словы «здесь поконтся», не яна загадвае высякаць адвечнае «З. П.». Дыктуе жыццё, бо яму належыць памяць. Што думае стары падзёншчык жыцця ў доўгія дні марудна-карпатлівай работы? Што думае пра тых, чыю памяць захоўвае залачонымі літарамі? Хіба расказвае ценям і гэтым камяням падзеі таго дня, які аддзяліў яго ад жывых і не злучыў з памёршымі.

«…Тады я, ведаеце, — расказвае ён, — прыйшоў з вяселля, з Сухініч, і лёг спаць у адрынцы. У гэтую ноч я неяк дрэнна спаў. Стала толькі трохі світаць, і я падняўса. Прыйшоў, пастукаў у акно, але жонка спала моцна, ледзь разбудзіў. Увайшоў у хату, ужо было трохі відна. Жонка выйшла на двор, а я яшчэ ўсё хаджу па хаце. Вядома, з вяселля, у галаве шуміць…

Дачка, васемнаццаць гадоў, спала на адной караваці, другая — на другой.

Гляджу я — жонка бяжыць назад у хату.

— Скарэй, — кажа, — немцы за агародамі і крычаць «хальт!».

Ну, ведаеце, яны да нас прыязджалі разрў некалькі з Гродна. Набяруць машыну людзей і павезлі. Не на работу. Там іх білі, таўклі, каб гаварылі пра партызан… Адаб'юцьчалавека ад памяці, ён і гаворыць, што ім трэба…

Пачалі яны нашу вёску ачапляць. Пройдзе адзін метраў пяцьдзесят і стане. А некалькі нашых хат на хутарах былі за гэтай цэп'ю. Вось і мая таксама. Яны нас спачатку абмінулі, а потым партыя немцаў аддзяліласа і пайшла нас з хат выганяць. Тады я выскачыў праз акно і — пад Нёман…

Калі расстрэльвалі, дык я быў ад гэтай магілы блізка, у лесе. Крыку не было аніякага. Толькі залп быў. I адзіночныя выстралы. Ад стральбы гэтай я пайшоў далей…

Мне расказваў адзін чалавек з Луннай, які быў тады падводчыкам. Памёр ён, гэты чалавек. Ён быў каля магілы. Каторыя застрэленыя падалі не ў магілу, а каля магілы, то гэтым людзям, падводчыкам, загадалі сцягваць іх у яму. Чалавек гэты чатыры дні нічога гаварыць не мог. Не аказваўса. Толькі потым прыйшоў да памяці. I расказаў, што там было…

Поделиться с друзьями: