Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
«…Як мяне, кажаце, завуць? Цмыг, Грыпіна Паўлаўна Цмыг. А колькі мне гадоў? Мне ўжо, хлопчыкі, два гады яшчэ і тады будзе восемдзесят. Ой, даўно ўжо жыву-у, ой-ой-ой!.. (Смяецца.) Аён у мяне, мой гаспадар, ужо саўсем… Ён старэйшы за мяне. Мусіць, на трынаццаць ці на чатырнаццаць год. А завуць Амяллян Атрафімаў Цмыг. I той мой дзед быў Амяллян, першы мужык. Гэты мой дзед — удавец быў, у яго пятнаццаць душ забілі немцы, у яме ў той ляжаць. А ён застаўся, гэты дзед.
Ну, я засталася ўдава. Мой сын быў у партызанах. А ён, гэты дзед, ды таго майго дзеда кум. Дык ён кажа:
— Знаеш што, кума, давай мы будзем удваіх. Дык
— Ну, давай.
Сын прыбег з лесу, і я спыталася: так і так, сынок, што рабіць?
— Мама, калі дзе прыхінуцца ёсць, дык ты тут і будзь. Можа, калі парцянкі дасі ці рубашку пераменіш мне.
Ну, вот мы і зыйшліся з дзедам, і гадоў, мусіць, трыццаць жывём.
Ужо не ў нашай вёсцы жывём, не ў Сушы, а тут.
А цяпер галоўка яго баліць…
Гэты дзед і гэтыя хлопцы збіраліся кучамі — нядзелька была. I жанчыны папрыбіраліся, старыя і маладыя. Сядзяць дзе-небудзь, сабраўшыся. Ну, і тады гэта дзед стаіць у курані, а тая баба, яго першая, ды кажа:
— Збіраюць на сабранне! Ідзі, дзед.
— Я схаваюся. А яна кажа:
— Чаго схаваешся? — Гэта ж мы такія дурныя, бабы. — Што ты схаваешся — усе ж на сабранне пашлі.
Ну, на сабранне, дык на сабранне. Усе гэтыя бабы, і хлопцы маладыя…
А хат ужо не было — курані. Хаты папалены былі. Зямлянкі былі. Дзед хацеў у зямлянку пад нары, дык яна не пусціла.
Тады гэтыя немцы і кажуць:
— Вот тры чалавекі — гэты, гэты і гэты (старэнькіх ужо: маладых жа пагналі ў плен), тры чалавекі трэба кароў гнаць. I ганіце іх сюды пад раку, на луг, паласіце іх. А тады ганіце ў Кіраўск. А еслі не будзе кароў, дык і вас не будзе!..
Гэта дзед мне ўжо расказваў, калі мы з ім сышліся.
Дык яны пагналі ў Кіраўск.
А яны ўжо іх — немцы людзей тых, што засталіся, — паставілі ў шарэнак, на сабранне. Два пасёлкі было. Кіламетра не было — гэты пасёлак і гэты пасёлак. Дык яны адтуль і адтуль, а пасярод картошка. Выкапалі яму, загатавалі. I паставілі іх у шар, і пілямёты пастаўлялі. I тады: «Столькі і столькі!» I бягом у яму. Гэта расказвалі падводчыкі.
Дык не выдзержаў чалавек адзін з Гарадца, які падводчыкам прыязджаў, — не выдзержаў, памёр.
Людзей у яму, у яму, а тады ён пілямётам пастрочыць, пастрочыць. А бабы возьмуць… як толькі ўжо галосіць, дык так во завязваецца, ды тады ўжо ў яму. Кідаецца. Завязаўшы твар хусткай. А тады ўжо, кажа, другія ўсе…
Адкопвалі потым. Мусіць, сто пяцьдзесят гэтых… чарапоў…
А як закопвалі іх у той яме, дык зямля, казалі, гэтак во дыша, дыша, дыша!.. Гэта подводчыкі расказвалі. Якраз Хвядотавых сваяк быў. Дык ён казаў: «Так усё на мне млела». Памёр той чалавек, ад гэтага і памёр, не выдзержаў.
Калі мы ўжо сышліся са сваім дзедам, дык пашукалі, пашукалі яго сямейных з тыдзень. Чуем — нейкі рой гудзе… А гэта ўжо не рой, ды ўжо мухі, авадні ўсё… А яны закапалі во так — тут дарога, а яны каля дарогі, блізкаў гэтым… Ну, бульбешнік бальшы. Гэты мой дзед і яшчэ чалавекі тры-чатыры: «Давай пойдзем адкопваць. Пахаваем іх аддзельна». Адкапалі. Як за руку возьмецца ўжо, дык і лезе кожа гэтая ўся. Сапрэлі. Ну, дык некаторыя казалі, каб выцягваць, але мой дзед кажа:
— Не буду я кратаць іх — няхай дзе пакладзены, там і ляжаць.
Так мы іх і прыкапалі, і абгародку паставілі…
После таго ўжо галоўка яго забалела, у дзеда майго. Вот нічога ён так і не ведае… Хлопчыкі мае, як гэта дажыць? I купіць усё трэба, і яго даглядаць, як малое
дзіця…»Вось і казка — не казка пра дзеда і бабу.
Свеціць сонца, дзеці і птушкі шчабечуць, увесь наш свет жыве па-летняму, бабка — вясёлая, шустрая, добрая — плача, а ціхенькі, сівы, маленькі дзядок глядзіць…
Толькі глядзіць і нічога як быццам не бачыць.
Калі і сапраўды нічога, дык добра хоць, што ён не бачыць таксама і рою лясной заедзі, і раскапанай магілы з усім сваім родам, з усёю вёскай — таго, ад чаго «забалела яго галава».
Назаўсёды.
Княжаводцы
2З ліпеня — гадавіна трагедыі вёскі Княжаводцы, у Мастоўскім раёне. I выпадковасць прывяла нас туды іменна ў гэты дзень.
Дзень быў, магчыма, такі самы, як і дваццаць восем гадоў таму назад, — спякотны, мляўкі. Паветра трымціць пад гарачымі промнямі. Каласы апускаюць галовы. Дрэмлюць у нёманскіх поймах старыя дубы. Так і цягне ў густую засень, пад іх бухматыя кроны.
На котлішчах вялікай калісьці вёскі — пагарэлыя грушы выгналі пасынкі з-пад кораня, і тыя парасткі сталі ўжо дрэвамі. Млеюць на сонцы адроджаныя дзічкі, нудзяцца на бязлюддзі. Ім не хапае хат, свірнаў, адрынаў, гумнаў, каля якіх было так утульна расці. Ім не хапае вераб'ёў, што шалпаталіся б у лістоце, чубіліся б на пацеху паважным курам-сакатухам, кралі б у іх крупы, спакушаючы сваёй дзёрзкасцю катоў-паляўнічых.
Адна толькі сяліба ўстала з попелу на месцы вялікай вёскі. Адна — з двухсот. Простая драўляная хата. Неяк пачарнела яна… Можа, ад напамінаў пра тое чорнае гора, на якім стаіць? Прыткнулася хата да белай высокай бярозы. Цягнецца бяроза вяршалінай у неба, хоча адарвацца ад зямлі. У хаце часта гавораць пра той колішні вогненны жах, і не сціхае спалох у бярозы…
Хлопчык, які ўлетку прыязджае сюды з Гродна і выгульваецца над Нёманам, не вядзе пад дзічку сябрукоў, бо іх тут няма. Няма яму з кім сябраваць. Чорны Барс — адзіны хлопчыкаў сябар. Вярнуўшыся з ранішняй рыбалкі, хлопчык займаецца ў хаце нейкаю сваёй справай, з Барсам гуляе рэдка.
На парозе хаты стаіць гаспадыня, цётка Ганна Барадаўка, пажылая кабеціна ў чорным капоце і белай хусцінцы, завязанай пад бараду. Яна падобная на манашку. Маршчыністы твар, сухія, засмяглыя вусны, трывожныя вочы, якія бачылі так блізка смерць.
Смерць стаяла над двума прытоенымі ў крапіве людзьмі — жанчынай і яе мужам. Смерць была ў мышастым шынялі, у тыгравай накідцы і зялёнай касцы.
Такою бачыла яе жанчына, і, мабыць, ад бабкі ўнук навучыўся ўяўляць смерць іменна так. Ён лепіць мноства фігурак з бура-зялёнага пластыліну. Фігуркі фашыстаў выцягвае, як быццам свядома, на манер старых гатыцкіх майстроў, і постаці іх выходзяць з-пад яго пальцаў доўгія, як нейкія чалавекападобныя чарвякі…
Гэта — ужо ў хаце, куды мы запрошаны, дзе гаспадыня расказвае.
«…Гаварылі ўвесь час, што будуць біць княжаводцаў, але мы ўсё не верылі. I вось раз мая свякроўка ўстала і гаворыць:
— Уставайце, ужо Княжаводцы ачапілі.
Мы ўсталі, глянулі цераз акно — немцы стаяць адзін ад аднаго, як ад сценкі да сценкі. Мой муж гаворыць:
— Пайду я Дзе-небудзь схаваюся, пайду, нібы па сечку каню…
А я яго і не спыталася, дзе ж мне дзявацца, што мне рабіць.
Потым я выйшла, пачала яго шукаць і нідзе не знайшла. Іду і клічу яго ціхенька. А ён кажа: