Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Бабуля ўстала і, зразумеўшы, што да чаго, спакваля наладзілася, пачала.
«…У мяне і галава ўсё баліць, ды яшчэ я і сільна недачуваю…
Ну, як яно было. Там жа нашых усіх людзей пабілі. Там на другі дзень людзей столькі ляжала… А ваўкі як папрывыкалі, дык людзей лавілі потым. Людзей папрывыкалі есці…
Ну, абкружылі нас кругом, усю вёску. А я ў той час у хаце была. Вышла з хаты — не бачыла, што той немец з кукардай стаіць. Ён наставіў вінтоўку — вось так во на мяне. А гэты мой хлопчык малы, што на руках у мяне быў, Сашка, мяне за шыю ды:
— Ой, мамко, заб'юць нас!.. А я кажу:
— Не,
Як я так сказала, дык ён, праўда, і вінтоўку апусціў. Ды на мяне паказвае:
— Дахаты!
Увайшла я ў хату ды на сваю дзеўку кажу:
— Евачка, нас паб'юць.
— А што рабіць, мамо?
У мяне ж яшчэ і той хлопчык быў, Колька. Ужо быў, здаецца, у трэцім ці ў чацвёртым класе. Колька кажа:
— Мамко, я пабягу ў мох. А я кажу:
— Калі можна… А мо не праскочыш, сынок?
А мы не бачым, што яны там сядзяць, у касках. Панадзявалі гэтыя каскі, як пні якія, і не відно іх. Хлопчык мой — каб чуць, дык і прарваўся б. Хацеў, бедненькі, праскочыць, а яны яго — раз! — у грудзі сюды во. Толькі крыкнуў ён: «Мамко!..»
Дык дзе там — мацярынскае сэрца! Выскачыла я ды да яго. I Еўка мая выскачыла. Я за гэтае дзіця, за Сашку свайго, ды прыгарнула да сябе. Дык ён мяне — раз! — у руку раніў. I хацеў яшчэ раз, а Еўка ашчапілася за мяне і кажа:
— Мамко, няхай нас разам б'юць! Хай і мяне б'юць з вамі!..
А я хацела ўпасці, адале думаю: «Аяк жа дзеўка мая? I дзіця ж на руках…»
Ён хацеў у Еўку папасці, ды яшчэ раз мне ў руку. I сюды во. Дык у мяне рука апусцілася. I дзіця я пусціла. Пабегла малое. А Еўка — за мною. Я кажу ёй: «Падаймо!» I вось мяне ўжо зноў ранілі, а ў дзевачку не папалі. Во сюды мяне ранілі, а куля тут во выскачыла. Ужо ў мяне ўвяла ўсё, я і сама ўпала. Упала ды кажу на дзевачку: «А цябе ранілі?» Кажа, што не ранілі. А з мяне кроў аж ціўкае, так ліецца. Жылу тут мне, бачыце, перабілі. Дык якажу:
— Падай разам са мною. А будзеш ляжаць — не торкайся. Упадзі і ляжы на месцы. Бо, можа, я і жывая буду, а ты — ляжы. I глядзі — як-небудзь у бераг.
А я ўжо бачу, што хлопчык мой, Колька, — ляжыць нежывы…
А гэты, што малы быў, пабег разоркаю. Сашка. А ралля была высокая, дык яны і не пападалі ў гэтага хлопчыка. А кулі разрыўныя ляцяць. А хлопчык усё роўна жывы, усё роўна бяжыць разораю.
А там жанчына паўзла ровам. Ды так вось яна: «Хадзі сюды! Хадзі сюды!..» Яна за яго ды ў тую канаву. Застаўся хлопчык з тою жонкаю…
А я ляжу. I Еўка за мною ляжыць. А з мяне кроў ідзе. А яны ходзяць па дварэ, гергечуць. Павыпускалі мае каровы, дзве было, авечкі павыганялі на вуліцу, свінні. А я ляжу ды так во пазіраю. А яны падпалілі маю хату і пайшлі да суседа. А сусед той стаў на калені і просіцца. А яны яму ў грудзі — раз! А я ляжу ды сама сабе думаю: «Ну, усё». Маё дзіця пабегла, а я не ведаю — ці яно там жывое, ці нежывое… А потым, калі я ўжо бачу, што гарыць, што галавешкі ляцяць на мяне, дык я ўзяла як-небудзь уставаць. Я на адным калене, на адным калене — папаўзла ў тую канаву, дзе хлопчык мой там, з маладзіцай. Тая маладзіца спужалася і папаўзла. Я кажу: «Хаця ты мне руку перавяжы!» А
яна — папаўзла…Еўка мая таксама тады ўцякла і недзе голая ў стозе начавала. Выбрала дзірку ды палезла ў сярэдзіну, у стог, і там схавалася. Потым партызаны прышлі і гукалі, мо хто жывы, каб адгукнуўся, а людзі баяліся адгукацца. На другі дзень мая дзевачка вылезла са стога і пайшла…
Ляжу я ў той канаве, а тут бяжыць яшчэ дзве, гэта Кацярыніны, дзевачкі.
— Ох, ох, цётачка, ужо нашу мамку забілі і браціка ўбілі! А мы толькі ўдвох засталіся, дзве дзевачкі!..
А ў мяне ў вачах цёмна. Кажу я:
— Донька, паўзіце вось гэтаю во канаваю ды туды ў мох. Можа, застаняцеся. Калі я ўжо не буду гаварыць, то вы пасядзіце, пакуль немцы паедуць, дык мо тады хто азавецца, дык, можа, як куды-небудзь зойдзеце.
Яны пабеглі ў той мох, тым раўчуком. А я — ужо з тым малым дзіцем, з Сашкам маім. На адным калене ўскочыла і я ў тую канаву. Ускочыла, пацямнела ў вачах, папаўзла ў той мох. Блізенька ад хаты мох быў. Запаўзла я ў той мох, ляжу. I яны, тыя дзевачкі, палеглі ў карчах…
Ужо мы там чуем — людзі вішчаць, крычаць — ужо там людзей б'юць!.. У нас маладзёжы многа было. I, можа, ніводнага не засталося. Ні маладзёжы, ні дзевачак — усіх пабілі. Божа мой, дзеці плачуць!.. Страшна было, каб вы пачулі. Ну, проста страх! Некаторых у хаты загналі, а нас проста так білі, акружылі і так білі — на нашай вуліцы. А маленькае дзіця… Гэта Каціна — узялі ды ўбілі Кацю, а дзіцятка яшчэ жывое. Яно поўзала, а яны ўзялі да штыхом жывоцік яму распорваюць. А яно, бедненькае, поўзае па той мацеры, яшчэ жывое, кішачкі павылазілі. А яно поўзае…
Хлопчыка майго, Колька што быў, у сенцы ўцягнулі, і ён там згарэў. Костачкі толькі ляжалі. Як я прышла з бальніцы, то ўжо нікога… I там я яго костачкі ў сенцах нашла. Харошы быў хлопец…
Пытанне: — А гэта хто былі — немцы ці паліцыя?
— Паліцэйскія былі, і гэтыя, немцы, з гэтымі іхнімі кукардамі. Акружылі вёску так, што сядзелі адзін каля аднаго, адзін каля аднаго…
Пытанне: — А вы пра тое яшчэ, як вы ў канаве ляжалі.
— Ляжала. У мяне маленькі хлопчык, хоча плакаць, а я кажу:
— Не плач, бо і цябе заб'юць.
Не плача. Ляжаць яны, бедныя… Каціны дзевачкі і мой. Потым у мяне чуць вось так павесялела, ужо чую — сціхлі тыя, у сяле. Я за дзяцей ды гэта прывяла іх да канавы. Стала ў ваду і нагою іх папераводзіла на той бок, бо вада пасярэдзіне бяжыць. Нагою паперацягала. Пацямнела ў мяне ў вачах…
Дубікі прышлі, мяне забралі. Ужо як нежывую. Ужо тады я ляжала раненая, дык мяне адзін чалавек падабраў і павёз у бальніцу.
Каб не Яроміха, дык мяне там убілі б. На станцыі яшчэ ўбілі б. I майго хлопчыка…
Маленькі застаўся жывы, і цяпер жыве. У Гомелі. Я тады яго на руках дзяржала. Яшчэ як бацька ішоў у армію, а я яго праводзіла, дык на руках малога трымала. I бацька нёс яго на руках, маленькага. Такі пацанок — і застаўся жывы. Білі, так па ім білі, што паверце, кулі разрыўныя — гараць!.. Я яшчэ чуствавала трохі, дык пазіраю і думаю: «Ну, усё!..»
А яно, бедненькае, кацілася па гэтай баразне. Ралля высокая, а яно малое…