Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

…Зімою 1942 года тут, над Шчараю, угору і ўніз ад Слоніма, здарылася такое, што дарога — сведка гэтых здарэнняў — перастала разумець, па якім яна ідзе свеце і ў які свет вядзе — у той ці ў гэты… Нават каб здарыўся цуд, каб набыла дарога дар мовы, дык не здолела б уразумела расказаць нам пра тое. Яна пыталася б у нас тлумачэння прычын, так, як пытаюцца людзі, сведкі падзей, тыя, чые галасы мы запісалі, а потым знялі з сапраўднай стужкі сапраўднага магнітафона, каб падаць іх літарамі і словамі.

«…Як, кажаце, для мяне пачынаўся гэты дзень? Яны прыйшлі да нас у суботу,

немцы. Называлася гэта — акцыя супраць партызан…»

Расказвае Пётр Іосіфавіч Саўчыц, у вёсцы Гародкі:

«Прыязджаюць немцы. I адразу ачапілі вёску: паставілі тут кулямёт, потым і там паставілі — укруга ачапілі. Ходзіць солтыс з немцамі і зазывае ісці на праверку пашпартоў. I трэба толькі абавязкова забраць з дому сямейны спіс. Бо тады так было, што над дзвярыма павінен быў быць спіс сям'і. Пачалі людзі сходзіцца там, дзе яны сказалі. Яны вынеслі стол, лаўку паставілі. Правяраць, значыццца.

Я сам падышоў таксама. I забыўся гэтага спіску, халера яго ведае. Кажу солтысу:

— Спіс забыўся.

А немец кажа па-польску:

— Нех ідзе пшынесе.

Прыйшоў я дадому, узяў гэты спісак. На стале стаяў табак у кансервеннай банцы. Узяў з сабою. Сто год бабка мая, яна заставалася на койцы. Кручу я папяросу і кажу:

— Бабо, мусіць, заб'юць нас?

А яна мне:

— Унучак, уцякай у лес!

Дальбог. Але як ты пойдзеш? Калі я пайду, дык яны тых паб'юць там…

Прыйшоў я туды, а гэты ацэп, што там быў, пачаў сыходзіцца. Як пачаў ён сыходзіцца, дык увесь маладзёж — фюк! — наўцёкі. Засталіся адны старыя. Дык немец выйшаў і кажа па-польску:

— Што вы, дурныя? Чаго вы ўцякаеце? Хто вас біць будзе? Кантроль ідзе.

А солтысаў брат кажа:

— А можа, мы яшчэ горай наробім. Ідзіце сюды, назад.

I пачалі сыходзіцца.

Як пачалі сыходзіцца — гэты немец бярэ ў людзей пашпарты і нясе на стол. Раскаталі ліст на стале і нешта там карандашом чэркае, на паперы. А хто там ведае што.

Немец, калі забраў усе нашы пашпарты, спытаўся ў солтыса па-польску:

— Чы бэндон вольнэ мешканя до пшэноцованя?

— Бэндон.

Як толькі ён сказаў гэтае «бэндон», дык… немец хутка адступіў назад два крокі, а салдаты пачалі біць па ўсіх — і па людзях, і па солтысу. У немцаў так было дагаворана паміж сабой. Замест каманды.

Была адна такая маляшчая калечка, укленчыла яна, давай хрысціцца, спяваць. Нічога не памагло…

Я паспеў выбегчы, дабегчы да рэчкі і паўз беразе папоўз. Ранілі мяне — метраў сто пяцьдзесят адбегся. А жонку забілі. Бацька і сястра таксама там засталіся на месцы, забітыя…»

У вёсках Баравікі, Акунінава, што ляжаць каля Слоніма ўверх па Шчары, яны правялі тую ж «акцыю» інакш, выбарачна. На акунінаўскіх хутарах вынішчэнне людзей пачалося, калі яшчэ і партызанскія атрады не паспелі арганізавацца.

Жыхар Акунінава Іван Ігнатавіч Рубец успамінае:

«…Пачалі з тога канца, вот як вы ехалі, ад Слоніма, і сагналі ўсіх у гэты канец вёскі. Хадзілі па хатах, шукалі, дзе хто схованы, нават былі старыкі і жанчыны, каторыя

не маглі ісці,— іх дабівалі ў хаце…

Тут адзін быў какой-та… не магу сказаць вам, рускі, ці немец, ілі паляк, — ну, канешна, ён быў у нямецкім. I вось ён пытаў у насялення:

— Можа, хто ў Германіі ёсць у вас? Можа, хто пастаўку здаў немцам?..

I так ён некалькі сямей узяў ды адпусціў. Панімаеце? З гэтае таўпы.

Потым з Бытані прыпёрся на легкавой машыне нейкі эсэсавец. Такі рослы, здаровы мужчына. Пракраціў — нікога нікуды. Ніякіх ні бумажак, ні справак.

Нас адагналі метраў, можа, на семдзесят ад дарогі к саду. I перва-наперва палажылі дваіх: аднаго старыка і другога… быў астаўшыся ваеннапалонны. Іх многа было ў вёсцы. Не прымак, а не было дзе дзецца гражданіну. Здаровы такі, да часу рабіў у каваля малатабойцам. Яны з краю неяк, наш стары і гэты ваеннапалонны, стаялі. Узялі пала жылі іх на зямлю і прыстрэлілі тут.

Калі прыстрэлілі, то таўпа паглядзела якое дзела, і кінулася — хто куды. Але тут круга саду і круга вёскі сядзелі засады, ку лямёты стаялі. Куды б ты ні пайшоў, цябе— скрозь спатыкала. Хто ўцякаў — ніхто не ўцёк.

Я трымаў дзіця, каля двух гадоў была дзевачка. Мяне параніла ў руку, сюды во Рабёнак у мяне з рук выпаў. Я адбегся мет раў, можа, якіх сямі-васьмі. Такая ёсць там яма старадаўняя. Я ўпаў у гэтую яму. I ра зам упала дзяўчына з Акунінава, ды так плотна легла, і я не ведаў: яна жывая ці не Я спытаў:

— Маруся, ты жывая?

— Жывая.

— Маўчы, не аказвайся. Еслі жывая — не шавяліся.

А з гэтай стараны другая легла, таксама самастаяцельная дзеўка. Я не знаў, што яна жывая. Еслі бы знаў, то ўпрадзіў бы таксама. Калі гэта ўсё прыціхла… яны ха дзілі дабівалі. Вот падходзяць к нам. Падходзіць ён і нагою ў бок ёй як даў, яна працярпела… На мяне наступіў і пайшоў да гэтай. Гэтай стукнуў дзеўчыне — яна схапілася:

— А! — кажа. — Паночку, я вам нешта скажу!

— А, ты скажаш!

I матам на яе. Рускім матам. I ёй з пісталета ў лоб. I пайшоў далей.

Навутра прыехалі немцы, сабралі тых, што былі імі выпушчаныя, і заставілі капаць магілу і ўсіх звезці ў яму і засыпаць зямлёю.

А вот хутары ў нас былі, то год раней яны там людзей не расстрэльвалі, а зганялі адну-дзве сям'і ў памяшканне і паджыгалі. Жглі жыўцом. Колькі было хутароў, дык яны ўсіх і папалілі. Па ўсіх хутарах адначасова.

У нас гэта было дваццаць другога снежня сорак другога, а хутары палілі зімой сорак першага…»

Пра трагедыю вёсачкі Баравікі мы пачулі ад Марыі Рыгораўны Кулак, памятлівай і гаваркой жанчыны, якая з дакладнасцю судовага пратакола абрысавала ўсё: і адбор, і расстрэл, і ўласнае перакананне, што гэта ёй давялося пакутаваць за тое, што яна яшчэ падлеткам палюбіла камсамол, Савецкую ўладу, якая была там, недзе далёка за польска-савецкай мяжой, і тады, у падполлі, хавала Сяргея Прытыцкага.

«…Ну, рана ўсталі — бачым: акружаны, няма куды ўцякаць. Сядзім у хаце, пачалі яны хадзіць па хатах, выганяць на сабранне. Зайшлі і сказалі:

Поделиться с друзьями: