Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Ты не плач. Пацярпі. Трэба цярпець. О, як жа ён умее гэта, наш народ!.. Сяброўка супакойваецца пакрысе і ўжо гаворыць зноў.

«Там гэты канец, дзе людзей білі, ужо гарэў поўнасцю. Ужо вёску палілі з поезда. Нас на вуліцу павыходзіла, можа, чалавек пяцьдзесят, і гаворым:

— Дзеўкі, уцякайма ў лес!

А сястра мая гаворыць, што не пойдзе. Бо гаварылі людзі раней, што і з самалёта будуць страляць, і ўсяляк страшылі, але — не стралялі…

I вось сабралі нас і вядуць проста ў той агонь. Мы просімся, а яны нас цераз вуліцу вядуць у двор, і ўжо там хлеў падпальваюць. I так мне хочацца, і так жа мне хочацца ўцячы!.. Адзін раз я

паспрабавала. Жыта было пасеяна каля самай вуліцы, дык я хацела туды, а немец замеціў, крыкнуў і вінтоўку наставіў. I я пашла. Ідзём, ідзём, а там, дзе ўжо яны палілі, сільна многа немцаў відаць. Дайшлі мы да сярэдзіны, дзе ўжо мы жылі, сям'я наша, а тут стаяла хата незгарэўшая і абгароджаная, як і трэба. I падружка ішла са мною. Дык яна гаворыць:

— Давай сюды ўцякаць!

А на гэтую сторану вецер кланіў, дык усё пагарэла і садоў не засталося. А іду я, можа, метраў дзесяць наперад. А потым вось так азірнулася назад. Тая дзяўчына пабегла сюды, а я сюды. Тыя два немцы — яны мяне не замецілі, і трэці не замеціў. Я і пабегла ў двор, а там ужо ў картоплю, у жыта і — папаўзла.

А тых усіх павялі.

Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце, думаю: «Што ж яны там будуць з імі рабіць?» Праўда, я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі,— метраў, можа, з чатырыста, а можа, і болып. Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: та-та-та-та — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату. Ляжу я, ляжу, а потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася.

А поезд так і хадзіў па пуці: сюды-туды, сюды-туды. Як ён біў па сялу! 3 кулямётаў ды з усяго. Аж тое жыта косіць!..

А я ў разоры ляжу. Бо я чула, што мужчыны гавораць, як на вайне — у ямку трэба. Ляжу я к пуці галавою, а поезд, здаецца, коціцца ў нагах. Так перапужалася, што не чуствую нічога. Ляжала, ляжала я, ужо цямнее. Чую: машыны пагулі на Васілевічы. I поезд пайшоў. Той, што страляў.

Я тады ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць… Дзе ж дзецца? Куды ж ісці?.. Пайду я забяру тое барахло, што кінула, і пайду ў лес.

Падыходжу я туды — багацтва ўжо ляжыць, а людзей няма, і ўжо цямнее. Сустрэла дваюродную сястру, і яна сказала мне, што людзей папалілі…»

Бронецягнік — тэхніка баявая, толькі прыстасаваная для забойства мірнага насельніцтва.

Была і тэхніка спецыяльная…

З яе работай, дакладней — са слядамі гэтай работы, мы пазнаёміліся ў вёсцы Касцюковічы, кіламетраў з трыццаць ад Мазыра, уверх па Прыпяці.

Расказвае малады чарнявы мужчына ў цяльняшцы пад расшпіленай кашуляй. Прыпяцкі бакеншчык Андрэй Казак, у хаце якога мы адразу тут прыпыніліся.

«…Мне восем гадоў было. Я помню так: Падышлі машыны, к нам напроці, дзе вот мы жывом на цэнтры. Падышла машына з халабудай. Стала. Там гэта, у гэтай халабудзе, знаходзілася бочка. Кожны падыходзіў ды па кружцы пілі чаго-та. Там і немцы, і паліцаі былі. Наверна, гарэлку.

Народ сагналі ўвесь і пачалі зганяць на бераг.

Мы малыя былі, нас матка за рукі дзяржала. Матка чаго-та сказала на аднаго паліцая. Ён вінтоўку наставіў і хацеў: моў, я цябе прыкончу! Тутака мы пачалі галасіць.

Ну, мы ў той спісак не папалі, дзе бытта партызанскія сем'і. Таму мы засталіся. Нас вывезлі адсюль.

А калі мы потым вярнуліся ў сяло, каб накапаць картошкі ці жыта сваё зжаць, — усё тут было спалена.

Патом пачалі калодзежы глядзець: гэта ўжо было пасля вайны.

Немцы людзей

у душагубках травілі на беразе, а потым прывозілі і скідвалі ў калодзежы. Тут чатыры такія калодзежы. Душагубка — машына спецыяльная была, закрытая, і газам атраўлівалі…

Немцы спачатку людзям сказалі, што будуць прывозіць малых дзяцей, сірат, каб у нас яны, у Касцюковічах, жылі. Дык мы думалі, калі яны прыехалі, што гэта яны вязуць тых дзяцей. А яны не дзяцей нам везлі, а прыехалі ды нас загубілі…»

Больш памятае Дар'я Гусак, тады — ужо дарослая.

Людзі з сяла былі выгнаны на бераг Прыпяці, што і тады спакойна плыла сабе ў сваю вечнасць па раздоллі зялёнай даліны, унізе ад Касцюковіч і далекавата, калі хадзіць на раку пехатой.

«…Нас, партызанскія сем'і,— расказвае Дар'я Несцераўна, — паставілі на беразе асобна. Мужчын і жанчын асобна. Яшчэ ў мяне сястра была, з дваццаць чацвёртага года. Маці папрасіла аднаго паліцая:

— Мой даражэнькі, ты маіх гэтых дзевак забяры куды-небудзь, усё роўна нам ужо магіла.

Дык ён нас дваіх узяў туды, дзе збіралі адпраўляць у Германію.

Як мы ўжо ішлі, дык бачылі — разбіралі ў вёсцы калодзезі, ужо іх падгатаўлялі на людзей… А гэтыя душагубкі, знаеце, яшчэ толькі пад'ехалі. Такія яны, як вот ездзяць нападобіе кузні ў нас. З МТС. Толькі ў гэтых цвет цёмна-зялёны, а там, як бы вам сказаць, салатавы. Такія нейкія вілюхі. Іх дзве было: адна на беразе, а другая ўжо тут пад'ехаўшы, к калодзежу.

Яны, знаеце што, сядзелі на беразе, мужчыны, іх пасадзілі ў рад па шэсць чалавек, на каленцах… То адзін яшчэ аглянуўся так, — гэта Грыша Адамоўскі,— а немец падышоў і прыкладам як дасць сюды па шыі, дык ён вот так абвесіў галаву, і кроў пайшла з носа, з рота. I ён болын не падняў галавы.

У мяне маці і бацька засталіся там…»

Нейкі Іван Рачыцкі, чорная душа, перад вайною спрытны прыстасаванец, што залез быў, калі браць па ягоных маштабах, даволі высока, дапамагаў карнікам распазнаваць у натоўпе касцюкоўцаў партызанскія сем'і і тых, каго ён лічыў памочнікам партызан.

«…Дык адных астаўлялі, а другіх выводзілі,— расказвае яшчэ адна цётка, значна старэйшая, Дар'я Мінаўна Карась. — А тых, што пакінулі, а потым забілі,— тым гаварылі, што іх павязуць кацерамі.

Толькі іх не павезлі тымі кацерамі, а чатыры калодзежы напхалі. Вот у гэтым адны жанчыны, у гэтым адны дзеткі. Там два калодзежы — адны мужчыны… Яны падзялілі іх.

Як прыязджала наша камісія, руская, — раскопвалі. Дык тут адны мужчыны. Голыя, голыя! Раздзявалі іх. Бацька адзін прышоў, сына свайго пазнаў, ён наверсе быў, і пахаваў на могілках. Цэленькія ўсе былі, не пазгорбленыя і нічога. Словам — яны травілі. Бо як кідалі б жыўём, дык чалавек курчыўся б, гнуўся б у вадзе, а то яны цэленькія, роўненькія. Ляжалі, як іх пакідаў, так і ляжалі…»

Карнікі стараліся, каб іх работа была чыстая», каб яе ў вёсцы тады ніхто, апроч х саміх, не бачыў. На беразе Прыпяці людзей саджалі ў тыя «салатавыя аўтобусы», у кожным з якіх змяшчалася да шасцідзесяці чалавек. У дарозе да вёскі людзі душыліся выхлапным газам, каля калодзежаў іх гаспадарліва раздзявалі і голых кідалі ў прадонне. Усё рабілася настолькі спраўна і ціха, што тыя, хто заставаўся тым часам каля ракі, стоячы на каленях і тварам ад вёскі, нічога не бачылі і не чулі. Тыя ж, хто быў у той дзень асуджаны не на смерць, а толькі на часовае выгнанне з роднай вёскі або на вываз у Нямеччыну, былі ўжо выгнаны і вывезены з Касцюковіч.

Поделиться с друзьями: