Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
Дзе ж я буду тут сядзець. Ноч ужо абнімае. Не, думаю я, пайду. Я знаю сваё сена там на балоце — і ў стог. Пайшла я, там паплакала. (Плача.) Сяджу і плачу. Далей з Восава жанчына. Падышла ды кажа:
— Я думала: тут багата людзей.
Яе раніла ў нагу. Пераначавалі мы з ёю ў стозе. Есці ж хочацца, галодныя. Я кажу:
— Пашлі, у нас сала закопанае ёсць. Раскапалі сала, пазіраем: немцы ў том сяле, у Красным Возеры. Пашлі мы ў другі стог, у чужы. Рана праснуліся. Тая жанчына гаворыць на мяне:
— Ты, — гаворыць, — спіш? Не спі, паглядзі — уперадзе стагі гараць.
Устала я — праўда, гараць. Кругом па балоту гараць…»
Пра
«…Я жыву ў гэтым канцы, а мама жыве ў тым канцы. I тады я з дзіцем пайшла да мамы. Можа, мы пралі там, можа, што другое — я ўжо і забылася. Сядзім і чуем — страляюць… А нам і не ў галаве, што там страляюць. А потым кажу я:
— Пайду я дадому…
Я пайшла дадому. А мой хазяін дровы рэжа на дварэ. I гаворым мы, чаго гэта там так страляюць… А потым глядзім — цераз поле ідзе ланцуг немцаў. Нам ужо не было куды ўцякаць… Можа, мы і маглі б уцячы, але ж чалавек думае: «Мы ж не вінаваты. Што ж яны нас душыць будуць ці біць». А майго дзіцяці не было, у мамы было дзіця. Як пашлі яны па дзярэўні, дык адразу зайшлі і к нам. Хазяіна, Паўліка майго, уродзе бы забралі… Не, не тады забралі, хлушу я ўжо. Дзіця прынеслі хлопцы мне, мае браты. У тым канцы бралі маладых у Германію, дык мая мама кажа:
— Нясіце вы Мані дзіця, а то і яе забяруць.
Бо што ж я, маладая яшчэ была, з 1922 года.
I вось прышлі яны Паўліка забіраць у Германію. Мы з яго мацераю плачам, просімся, каб не забіралі. А немец на мяне… Я ўжо сём класаў кончыла і ўжо трохі панімаю, што яны гавораць па-нямецку. Каб я, кажа, дзіця кідала з маткай, а сама ў Германію, і тады будзе «гут». Як мы ні прасіліся з маткай, як мы ні плакалі, усё роўна забралі Паўліка і пагналі на дзярэўню. Потым вышла я… Быў адліжны цёплы дзень, я гэтае дзіця ўкруціла і вышла. Сустракаю знаёмага паліцая і кажу яму:
— Федзя, што гэта будуць рабіць?
— А я нічога не ведаю.
Я іду, усё роўна іду. Паўліка гоняць, і я ззаду іду. I яшчэ раз пытаюся ў паліцая, а ён яшчэ раз кажаць, што нічога не ведае. Свой хлопец, можа, мяне і праважаў не раз… А потым кажа:
— Калі хочаш, дык гані кароў.
За трэцім разам толькі мне сказаў. Сталі нас зганяць у адну хату, да Косціка Ціхана. Прышла я і кажу свайму мужу і дзядзьку:
— Мусіць, нешта з намі будуць рабіць. Бо мне Бараноўскі сказаў, каб гналі каровы…
Гэта цяпер ужо людзі жывуць раскошна, а тады ж, вядома, як было. Штаны латаныя. Паўлік кажа:
— У Германію павязуць, дык ты хоць пабяжы штаны мне лепшыя вазьмі.
Я і пабегла, бо мы недалёка ад Ціханаў жылі, наўскос.
— I табаку вазьмі, і есці што вазьмі.
А мы сагласіліся з яго мацераю, што дзіця ў яе пабудзе. Маці кажа:
— Як вы так застанецеся, то і будзеце жыць.
А ён кажа:
— Я нікуды не пайду, усё роўна ўцяку. Гэта мой хазяін.
I мы так бегалі, бегалі, то табаку, то таго, і дзіця маё засталося ў разрыве. Я бегчы, а немец як крыкне: «Альт!»— дык я вярнулася і дзіця тое ўзяла на рукі.
Стаю я во так каля дзвярэй, а ён у мяне дзіця з рук, немец, і аддаў другой. Гэта была Яся Карповіча цётка. А мяне за дзверы:
— Да Германіі будзе гут.
Пагналі мы тыя каровы. Снегу многа было. А мы не ідзем па дарозе, а збоку. I так ужо я прыстала, так прыстала. А Паўлік кажа:
— Баба, хоць і не можаш, а шавяліся. Зараз дойдзем да лесу.
Мінулі мы за мастом паваротку, дайшлі да моста, а тут гэтыя танкі… Ці гэтыя машыны ідуць… Бачым — падводы едуць па Пераходах, а якія падводы — мы не ведаем. Можа, немцы, можа, хто там, чорт яго ведае. Тут далей мужчыны сталі прыглядацца. Яшчэ двух з намі ішло… Я ж
і кажу, што тады ніякая хвароба не брала. Можа, два кіламетры чалавек босы па снезе ішоў. А цяпер — трошкі што і ўжо… А потым убачылі, што гэта свае на падводзе. Пайшлі мы, паглядзелі, што няма нідзе нічога, і кінуліся ў лес…А потым я зайшла на мамін двор. Я ж ведаю, колькі душ трэба каб было. Колькі чалавечых недагаркаў. А паглядзелі — няма. Бацькуто мы ўродзе бачылі, што яго забралі з канём, а мая мама — я ж не ведала дзе.
У Косціка Ціхана ў хаце лішняе дзіця было забіта і спалена. Можа, гэта і маё? Можа, яго Косцікавы дзеці куды пад печ зацягнулі ці куды…»
Алена Казіміраўна Камінская. Ціхань Слуцкага раёна.
«…Снегу было многа, мароз быў вялікі.
А потым ішоў карацельны атрад. Астанавіўся ў нас, у Ціхані. Потым пайшлі на Гандарэва, на Чырвоную Старонку, Лявішча, Падстарэва, Старэва… Папалілі, пабілі, скот пабралі. Людзей у Германію пабралі маладых. А старых пабілі. I дзяцей.
Ну, што яны яшчэ рабілі?..
Чалавек іх дванаццаць ці дзесяць зайшлі да нас. Халаты — у крыві. Бабы пыталі старыя ў іх:
— Што вы рабілі так?
— Гусям голавы адсякалі, — кажуць яны. Во, так яны гаварылі.
Ну, нас вызвалі на вуліцу, ціханцаў, выстраілі так у рад, паставілі з аднаго боку пулямёт на нас, з другога боку пулямёт. Ішоў афіцэр з немцам і адбіраў маладых у Германію. А мы так з дзецьмі асталіся ў гэтым раду. Потым загадалі нам сабраць падушачку, адзяяла, на тры дні есці, і паліцаяў паставілі ў калітках, каб гэтыя ўжо не заходзілі, каго ў Германію адабралі. Ну, мы так вынеслі ім на вуліцу есці, усё сабралі. Іх пагналі, маладых, у Германію. Забралі скот.
А гэтыя дзесяць ці дванаццаць немцаў заехалі ў Лазараў Бор. Паехалі туды, глядзім — гарыць. Стрэлу нарабілі. Там людзям сказалі, што як сустрэнуць немцаў са сталом, хораша сустрэнуць, дык яны паліць не будуць. Яны іх сустрэлі сталом ужо, акуратна. Яны ўсё пабралі, той стол перавярнулі, а людзей пазаганялі ў хаты, спалілі, а скот пабралі. Маладых у Германію адабралі і пагналі…»
Вось так усю Беларусь хацелі ператварыць у лагер смерці. Толькі замест калючых дратоў — ланцугі, «ацэп» карнікаў з усіх бакоў, набітыя людзьмі хаты, свірны, хлявы — гэта ўжо «вясковыя крэматорыі». I называлася яно не па-лагернаму, не «селекцыяй», а ўсяго толькі: «сход», «сабранне», «праверка пашпартаў»…
Ірына Іванаўна Лапатка. Лочын Асіпавіцкага раёна.
«…Ну, а тады ходзіць гэты немец і — на вуліцу! Гоніць на вуліцу. Усіх да адной душы на вуліцу. Ну, мы, праўда… Я дзевачку за руку, і булка хлеба ляжала на шкафчыку — я за гэту булку пад паху і на вуліцу. Мы ж думалі, што пастрояць і зноў, можа, пусцяць.
А яны пастроілі ў рады, у тры рады, і пагналі на калхозны двор. Там зноў пастроілі ў два рады… у тры рады таксама. Усіх, усіх! Усіх павыганялі: з бані, з магазіна, з клуба — усіх, усіх. А тады ходзяць і выбіраюць. Вот паглядзіць у вочы і — за плячо ці за руку выцягне. I выцягне, у другі рад ставіць.
Дык я на дзевачку кажу:
— Налечка, бяжы да бабушкі і стой. А мы з Кацяй уцячом.
Ятроўка так называлася. I ў яе трое дзяцей. Ужо намярэнне было, што нас на Пагарэлае пагоняць, а там вялікі лес, дык я кажу:
— Мы ўцячом. Лесам будуць гнаць, дык мы ўцячом.
Ужо сяло гарыць. Дзверы ў нас адчыненыя, у хаце, дык наклалі саломы, нацягалі немцы, і ўжо з дзвярэй палае агонь. I тады яны пагналі нас. А гэтая дзевачка мая плача:
— Не хачу.
Стала ля бабы і стаіць ужо, плача. Паліцай ідзе.