Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Шпак затэлефанаваў у Трыфты Тонi, папрасiў сакратарку, каб перадала Алесю Якiмовiчу просьбу адведаць яго вечарам. Пасьля гэтага пiсьменьнiк памыўся ў ваньне пад дожджыкам i лёг спаць. Сон прыйшоў раптоўна, але мучыў нейкiмi трывожнымi прывiдамi. Разбудзiў яго стук у дзьверы. Зьявiўся Алесь. Было каля шостай гадзiны вечарам.

– Што ў вас новага?
– спытаўся Алесь пасьля таго, як Шпак памыў твар сьцюдзёнай вадой, зашпiлiў кашулю. Галава яго была цяжкая, твар выглядаў змучаным.

– Я вольны, як птушка, - адказаў Шпак.

– Звольнiлi?

– Так.

– Не магу сказаць, што гэта неспадзеўка.

– Не, зразумела, што не.

Трывала доўгае маўчаньне.

– Цi ня мог-бы ты паглядзець, каб знайсьцi

для мяне якi занятак у гэтай тваёй краме?
– ня так спытаўся ў Алеся, як разважаў быццам сам з сабою пiсьменьнiк.

– У нас, як ведаеце, тэмпо-тэмпо, дай Божа! Вечная пагоня з найбольшым разгонам, - паволi, з нацiскам на кажным слове, гаварыў Алесь.
– Вам трэба нешта больш лёгкае i абавязкава не такое, як у нас, тэмпо. Выглядае, няма патрэбы пытацца зь якой прычыны вас звольнiлi?

– Няма, апроч...

– Апроч чаго?

– Ня ведаю, цi мае гэта нейкае значэньне... Мяне зьдзiвiў час майго звальненьня. За апошнi месяц я не прапусьцiў нiводнага дня. Пасьля таго, як яны звольнiлi Эстонца, я стараўся, разумееш... i не спадзяваўся якраз цяпер...

– Вы мяркуеце, што тут, як Немцы кажуць, недзе ein Hund begraben?

– Можаш сам угадваць.

Зноў маўчалi. Алесь ня мог назваць пiсьменьнiку запраўднае прычыны, чаму ён ня зможа ўладзiць яго на працу ў Зэпмана. Шпак быў слабы, фiзычна нямоглы. Калi-б яго наняць, а пасьля зь нейкай прычыны звольнiць, чалавек мог-бы мець удар сэрца. Шпак зачасаў свае срэбраныя валосы, выцягнуў палавiну цыгарэты з пачкi Плеерс.

– Закурыце маю, - прапанаваў Алесь.

– Дзякую.

Шпак падыйшоў да полкi ў куце, каб пашукаць брытвачку ды перарэзаць цыгарэту.

– Навошта разразаць яе? Курыце цэлую.

– Прывычка, - адказаў пiсьменьнiк. Ён палажыў брытвачку на полку. Прыкурылi. Здавалася, што будзiльнiк на камодзе галасьней пачаў лiчыць час, як-бы прынагляючы мужчын прадаўжаць спыненую гутарку.

– Занятыя моцна ў краме?

– Ага, навал працы. Я думаў...

– Што думаў?

– Чаму вы не маглi-б зарабiць на сябе пiсанiнай?

– Як?
– зацiкавiўся Шпак.

– Ёсьць такая лiтаратура, на якую тут заўсёды добры спрос. Яе называюць папулярнай, цi як там. Рынак на яе расьце, яна дае фiнансавы прыбытак.

Алесь змоўк, пасьля дадаў:

– Ня турбуйцеся пра мову, перакладчыка няцяжка знайсьцi.

Якую гэта такую лiтаратуру ты маеш на думцы, Алесь? Сэкс i крымiнал?

– А чаму-б не?

Iзноў маўчаньне. Шпак устаў з канапы, уважна паглядзеў Алесю ў вочы i, пераканаўшыся, што Алесь разважаў усур'ёз, падыйшоў да вакна, зацягнуўся ўжо напалову скуранай цыгарэтай.

– Я запраўды не магу зрабiць табе анiякага закiду за такую прапанову, гаварыў пiсьменьнiк цiха, але тым асаблiвым голасам, якiм заўсёды выяўляў пачуцьцёвае напружаньне.
– Магчыма мяркуеш, што ў маiх абставiнах можна i такiм спосабам на хлеб зарабляць. Мушу табе, браток, сказаць, што ня цямiш што для мяне азначаў-бы такi творчы паварот. Маю на думцы сваё духовае "я". Скажу табе адкрыта: некалi мне самому прыйшла такая iдэя ў галаву, але яе хутка адкiнуў. Падумаў, што мне небясьпечна нават абмяркоўваць такое нешта... Гэта праўда, што так званая тут папулярная лiтаратура не патрабуе вялiкай фантазii. Складнiкi яе даўно й шырока вядомыя, толькi бываюць розныя варыянты з рознымi дозамi накалу. Добра яшчэ мець у такiм стылi набiтую руку. Гэта няцяжка. Не магу сказаць, якi зь мяне мог-бы быць майстра, ня маючы практыкi ў такой пiсанiне. Мяне паралiжуе самая задума. Такая творчасьць была-бы для мяне ня менш як прастытуцыяй душы для грошай. Фу, што за iдэя!

– А чаму-б ня пiсаць пад псэўданiмам?
– раiў далей Алесь.

– Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.

Якiмовiч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным i вельмi цэнным пiсьменьнiкам перадусiм таму, што захаваў чалавечую годнасьць i чыстае

сумленьне. Творчае лiтаратурнае мастацтва ставiў на высокi п'едэстал. Да тварцоў так званай вулiчнай, або папулярнай лiтаратуры адносiўся з пагардай. Шпакавы творы - пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьцi. Запрыгоненыя iшлi ў бой за свабоду. Зь iншага боку - каламуць дэспатычнае крывадушнасьцi, распусты, махлярства, бязбожнiцтва, забойства з боку "сiльных сьвету гэтага". Суродзiчы бачылi ў асобе Шпака ня толькi выдатнага пiсьменьнiка, але вялiкага змагара за вызваленьне Беларусi зь няволi маскоўскай калянiяльнай iмпэрыi.

Хаця ў некаторых творах Шпак не абмiнаў эротыкi, але яна ня была самамэтай, а толькi пабочным элемэнтам высокага iдэалiзму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той "лiтаратуры", якая гэтта за акiянам масава тварылася для шырокага рынку.

Шпакавым творам цяжкая была дарога ў iншамоўныя рынкi перадусiм таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволi, у захаднiм сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калi ў Аб'еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнiк ад БССР, дык яго i прадстаўнiка савецкай Украiны лiчылi як-бы ўзнагародай у якасьцi двух галасоў у мiжнароднай арганiзацыi за тытанiчныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гiтлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскiх марыянетак - савецкай Беларусi цi Ўкраiны, - на мiжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: нi рыба, нi мяса! Нешта непаважнае гэта. Калi ворагi Беларусi на дыпляматычнай мiжнароднай арэне не маглi цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага "не было, нет и не будет", дык усёроўна трымалiся думкi, што Беларусь ня была, ня ёсьць i ня будзе самастойнай дзяржавай.

– Так што ня будзем пра гэта гаварыць, - заключным тонам сказаў Алесь.
– Ёсьць у мяне яшчэ адна iдэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.

– Праца?

– Магчыма нешта падобнае, хоць я няпэўны тут... Адзiн з маiх наглядчыкаў у краме мае брата, уласьнiка адпачынкавага рэсорту на поўначы. Гэта прыблiзна тры гадзiны язды адгэтуль аўтам. Як я быў у яго дык меў уражаньне, што яму патрэбныя рукi. Калi iм трэба чалавека, каторы-б даглядаў траву, абслужыў бензiнную помпу, нейкi там плот цi што направiў, адным словам вось такi падручны памочнiк...

– Гэта быў-бы здабытак, - адразу згадзiўся пiсьменьнiк.
– Цi ёсьць там блiзка дзе рыбу лавiць?

– Як-бы для выгады гасьцей, рака цячэ празь ягоны луг. Тут-жа й цудоўны лес, а збоку - возера. Цi-ж ня добра было-б маленькiм трактарам i касiлкай зрэзаць траву, напоўнiць некаму ў аўце бак бензiны ды пасьля пайсьцi i выцягнуць з ракi колькi прыгажуноў фарэляў? Як вам падабалася-бы такое?

– Во, во, такая праца якраз для мяне!
– павесялеў Шпак.

– Надзвычайна. Я пранюхаю, што i як. Вам цяпер патрэбны добры адпачынак, здаровае i лугом цi лесам насычанае паветра, добрыя харчы. Гэтага ўсяго там ёсьць уволю. Што-ж да заплаты, - ня ведаю, - прыдзецца згадзiцца на тое, што ён дасьць. Ды гэта ўсё яшчэ ў будучынi. Цяпер-жа мяне жывот упiкае, што я пра яго забыўся. Запрашаю вас на вячэру.

– Добра, калi так прыгожа просiш, - жартаваў Шпак.

– Прашу, калi ласка.

– Яшчэ адно, - прыгадаў Шпак.
– Хачу паказаць табе вось што.

Ён падаў Алесю канвэрт i "Голас радзiмы". Алесь уважна агледзеў iх.

– Лёкальны штэмпаль. Нiкчэмнiкi, яны за вамi па пятах!
– злосна гаварыў Якiмовiч.
– Няма-ж на iх пакуль што з нашага боку нiякай паганякi!

18

Пасьля паўдня ў тойсамы дзень, калi Шпака выкiнулi з працы, Нiна Ляскiн тэлефанавала Капшуну. Яна карысталася тэлефонам з публiчнай будкi. Наагул, згодна кансьпiрацыйных правiлаў, ёй было дазволена тэлефанаваць у выключных выпадках. Сяньня Нiна мела iншыя пляны на вечар, але Капшуна не жадала бачыць у сваiм памешканьнi ў прысутнасьцi Веры, якая магла-б пачуць нешта, што ёй не належалася. А адкладаць такую важную для Капшуна навiну Нiна не магла.

Поделиться с друзьями: