Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Маеш рацыю, — сказаў Бабкін. — Цягні яго адсюль. І запомні: яшчэ раз такое здарыцца — сам яго ў «Воўчую даліну» павядзеш. А мне аб гэтым распіску напішаш.

— Злітуйцеся.

— Я сказаў, — у «купца дзіркі» быў цяпер амаль страшны выгляд. — Я не паўтараю.

Алесь маўчаў. Ён быў шчаслівы, што прыдумаў нейкі выхад, што гэтую слізь хоць сёння, хоць па ягонай віне ў «Воўчую даліну» не павязуць*.

* Месца між Масква-ракой і Водаадводным каналам, або «канавай», было забудаванае самымі страшнымі трушчобамі. Іх забаранілі рамантаваць і чакалі, пакуль яны разваляцца. У большасці дамоў ужо ніхто не жыў, акрамя тых, хто хаваўся. Вялікі Каменны мост за тры гады да падзей быў яшчэ стары, пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі, гарбом, з тратуарамі, аддзеленымі ад праезджай часткі высокімі каменнымі брустверамі. Хадзілі цэнтральным праездам, бо на тратуарах, між дзвюма высокімі сценамі, рабавалі. Па той бок моста, налева, калі

ісці ў слабодку, змяшчаўся ў брудным двухпавярховым доме тракцір «Воўчая даліна», прытон самага цёмнага люду. Там ледзь не кожны тыдзень забівалі, прычым трупы кідалі пад мост, у раку. Непатрэбныя падземнаму свету людзі ледзь не ўсе канчалі жыццё там.

Палавы пацягнуў паддзячага за ногі. Ніхто з суседзяў не звярнуў на гэта ўвагі: такое здаралася тут штодзённа.

— Усё, — уздыхнуў Бабкін.

— Хто такі? — спытаў Чыўін.

— Калі не зменіцца — харч для маскварэцкай рыбы. А быў купец — прагарэў, сеў у яму. Стаў канцылярыстам — за хабары паляцеў. Спіўся.

Памаўчаў.

— Вось вам і жыццё наша. Добры ты сэрцам, купец. Ну ды ўсё адно… заб'юць яго не сёння, дык заўтра. Канец. Смерць. Наша Масква, схаваная ад усіх, яна не жартуе… А таму сядайце, ды яшчэ па пары чарак, ды гайда справу рабіць.

— Што гэта ён, разлезлік гэты, пра нейкага бычка залатога звягаў? — спытаў Алесь.

Бабкін, закусваючы, усміхнуўся.

— Гісто-орыя, — сказаў ён. — Расказаць, дык не паверыце.

— Чаму? — сказаў Алесь. — Я шмат чаму верыць навучыўся.

— Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай — уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць.

Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць.

— Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя. І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: «Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы». І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа «не ведаю» — значыцца, шукаць — справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні… Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы — футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго «Яшку»: «Выкладвай». — «Не смею», — кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. «Кажы, калі ласка». — «Вы мяне выдадзіце». — «Дальбог, не». Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: «Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва». — «Не можа быць?!» — «Шчырая праўда, ваша высакароддзе». Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе… Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся — Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам… Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся.

— А далей? — спытаў Макар.

— А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу.

— Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п'янюга, — ціха сказаў Алесь.

— А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З'явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.

І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак. Прывялі — глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, — на калені перад

ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц*.

* Сапраўдны выпадак. Глядзі кнігу Е.І.Казлінінай: «Запіскі старэйшай расейскай журналісткі. За палову веку. 1862-1912». М., 1913 г.

— Брахня, — сказаў Чыўін.

— Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? — сказаў Бабкін. — Не, брат, на жаль — праўда.

— А што было б, каб не кража ў Мічынера? — спытаў Алесь. — Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам?

— Памёр бы ў турме, як бадзяга, — сказаў Чыўін. — Што ён, першы?… Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр… Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, «ад Пермі да Таўрыды»… Вось табе і дагамейскі прынц… Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць.

Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. «Падземны горад» скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў.

РАЗДЗЕЛ V

Вярталіся ад Смаленскай заставы амаль у сутонні. Бабкін і начотчык не падманулі: штуцары былі навенечкія, густа залітыя маслам, калісьці, відаць, украдзеныя проста з правіянцкіх складаў, доўгія і вузкія, цяжкія, як дрымотная смерць… Кірдун павінен быў за ноч наняць гужавікоў з «цёмных» і адправіць іх.

Алесю было кепска. Нават паездка на «свежым» паветры нічога не дала: ноздры нібы ўсё яшчэ адчувалі душны, абрыдлівы смурод бубнаўскай дзіры. У вушах настойліва гучалі стогны і крык: нібы молатам валіла ў чэрап. Вырашылі трохі праехацца горадам, а потым усім ехаць вячэраць у «Стрэльну», куды пускалі і купцоў, і людзей, падобна да іх апранутых, а значыць, і Макара. Возчык быў, сапраўды, золата. У самай цёмнай трушчобе з ім было надзейна. Просты, не разбэшчаны гэтым Вавілонам чалавек з сэрцам дзіцяці і пудовымі кулакамі.

Праехалі Крэмль. Там было ўжо цёмна, і толькі на купале Івана Вялікага ляжаў яшчэ апошні адбітак дня. Коні нырнулі, нібы ў грот, у Спаскую браму. І толькі-толькі выехалі на Красную плошчу, як Чыўін спытаў Макара:

— Стой… Што такое — ніяк не зразумею.

З боку Васкрэсенскай плошчы павольна ўспаўзала на брук нейкая дзіўная працэсія. Гарэлі высока ўзнятыя паходні, ляскалі капытамі коні, блішчала шыццё.

І глуха, нібы падмочаны, бубнеў адтуль рэзкі барабанны пошчак. Абяцаў нейкую нязнаную трывогу.

— Дзіўна, — сказаў нібыта супакоены Чыўін. — Небывалая штука, каб іх Краснай плошчай везлі. Як нашы далдоны кажуць, зашмат ім, зладзеям, гонару.

— А чаго дзіўнага? — сказаў Макар. — Ля манежа брук узламалі. Дый Вялікі Каменны ўсё яшчэ рапаруюць. Скварцова падрадчыка фартуна*.

* Падрадчыку Скварцову было даручана разабраць стары мост, такі моцны, што яго ўзрывалі порахам. Так загінуў помнік даўняй архітэктуры (не ў першы і не ў апошні раз). З велізарнай колькасці здабытага каменю Скварцоў узвёў вялізныя даходныя дамы на рагу Махавой і Ўзвіжанкі, насупраць Манежа. Камень гэты яму нічога не каштаваў.

Картэж, цьмяна асветлены паходнямі, дапоўз ужо амаль да помніка Мініну.

— Р-ра-та, р-ра-та, — гудзелі адтуль барабаны.

— Што гэта? — усё яшчэ непаразумела, хаця ўжо і здагадваючыся, спытаў Алесь.

— Злачынцаў на Балота вязуць, — ціха сказаў Чыўін. — З Бутырак. «Абрад публічнай страты»*.

* «Абрад публічнай страты» быў устаноўлены ў 1846 годзе. Адменены — у 1880 г.

Але Загорскі ўжо бачыў і сам. Ішлі барабаншчыкі. За імі — узвод салдат. Цьмяна блішчалі багнеты. За салдатамі павольнай хадою ехала нешта мярзотнае, абрыдліва-страшнае, высокае, як стаячая труна і як абложны гуляй-горад: чорная як смоль калясніца з высокай, таксама чорнай, дашчанай вежай. На гэтай спарудзе стаяла лава, а на ёй, высока-высока над людзьмі, так што паходні коннай варты ледзь даставалі ім да ног, сядзела чатыры чалавекі: трое мужчын і адна жанчына. Дрыготкія рэфлексы агню падалі на іхнія твары, на шэрыя халаты, на рукі, прыкручаныя да дошкі, на чорныя дошкі на іхніх грудзях. Чорныя дошкі з белымі літарамі, наведзенымі маслянай фарбай, акуратненька, відаць, не на адзін раз. Людзі сядзелі спіной да коней, а вакол ехала конная варта з паходнямі. За калясніцай гайдалася на няроўным бруку карэта, відаць, з пракурорам. Побач з калясніцай ішоў чалавек у чобатах, скураных портках і чырвонай расейскай кашулі.

— Кат, — сказаў Чыўін. — Вось так яно і ёсць. Пазбавілі па суду ўсіх правоў маёмасці, прысудзілі на катаргу, а цяпер будуць бізуном біць. Поп ніканіянскі крыж свой паганы будзе ім у рот торкаць, будуць яны стаяць ля ганебнага слупа… Не ведаеш, Макар, гандлёвая страта або публічная? Кнут або слуп?

— Н-не.

Калясніца якраз зраўнялася з помнікам на сярэдзіне плошчы. Праплывала міма двух бронзавых людзей. Жанчына прыўзняла галаву, відаць, спалоханая з'яўленнем чагосьці чалавекападобнага побач з сабою, у той час як усё такое павінна быць ніжэй за яе. Прасачыла вачыма, куды паказвае ёй рукою ніжагародскі мешчанін.

Поделиться с друзьями: