Зброя
Шрифт:
Дэспатычнае самавольства, нахабны прыгон і патрыярхальнасць — чацвёртага кіта не было. А на гэтых трох стаяў «трэці Рым», аслеплены ідэяй уласнай велічы настолькі, што яму было ўсё роўна, шмат ліхтароў на вуліцах ці не. А іх было мала, таму што большую частку дрэннага канаплянага масла з'ядалі пажарныя, абавязкам якіх было гэтыя ліхтары чысціць і запальваць. З'ядалі з дрэнна абдзёртай грачанай кашай, галоўнай і ледзь не адзінай сваёй ежай.
Ён ненавідзеў яго за тое, што горад, у масе сваёй, не жыў і нават не хацеў жыць уласнай думкай. Вярхі жылі разбэшчаным рабалепствам перад «грамадскай думкай», якую ўвасаблялі прыдуркаватыя ад старэчага маразму галовы ангельскага клуба. Галовы ў сваю чаргу схіляліся перад разумовым убоствам так
Нельга курыць на вуліцах — не будзем. Нельга насіць доўгія валасы — не будзем. Нельга есці бліны іначай як на масленіцу і ў належныя для таго дні — не будзем. І ўсё гэта пакорліва і безнаракальна, хаця б у пастанове і не было ніякага сэнсу.
Насіць вусы могуць адны ваенныя. Іншым саслоўям гэта забараняецца. Бараду дазволена насіць мужыкам, папам, стараабрадцам і асобам вольнага стану ў паважным узросце. Чыноўнік павінен галіцца. Яму, безумоўна, забараняюцца вусы і барада. Пры дасягненні ж пэўных ступеняў ён мае права насіць маленькія бакенбарды — favoris, у тым, аднак жа, выпадку, калі яму гэта прыхільна папусціць начальства. Маладым барада забаронена. Калі ж яна расце і запускаецца — гэта адзнака нігілізму і вальнадумства*.
* Усё, што апісана тут, вышэй і ніжэй — не перабольшванне, не спроба намаляваць краіну ідыётаў і не замах на лаўры Шчадрына. Я не дазволіў сабе ані слова выдумкі. Наадварот, клапоцячыся аб верагоднасці, браў толькі «сярэднія», «тыповыя», «шэрыя» факты. Жадаючых адсылаю да часопісаў «Голас мінулага», «Гістарычны веснік», «Расейскі архіў», да газет таго часу, да шматлікіх мемуараў відавочнікаў, а таксама да зборнікаў законаў, пастаноў і распараджэнняў. Вы ўпэўніцеся ў празмернай нават строгасці апавядання, здолееце знайсці шмат цікавага і для сучаснага чытача і правесці сякія-такія паралелі між апавяданнямі розных па саслоўях і пакаленнях людзей.
Алесь ненавідзеў яго за тое, што ён не ведаў і не жадаў прадбачыць будучыні, цалкам пакладаючыся ў гэтым на прароцтвы і прадраканні смярдзючага ідыёта Карэйшы*, у святасць і ўсёведанне якога бязмерна верыў.
* Карэйша Іван Якаўлевіч — славуты маскоўскі юрод, якога трымалі ў Прэабражэнскай бальніцы і на «прароцтвы» якога валам валілі, нягледзячы на поўную іх бессэнсоўнасць, мяшчане, купцы і арыстакратыя горада. Сучаснікі кажуць, што наведвала яго ўсё грамадства і што ўся жаночая палова Масквы, безумоўна, прызнавала яго. У Ляскова ёсць апавяданне, як Карэйша «з-за памылкі» прасіцелькі «вымаліў» дзіця не замужняй жанчыне, а дзяўчыне. Карэйша памёр у 1862 годзе, ва ўзросце васьмідзесяці гадоў.
Карэйша зараз дажываў свой век у доме вар'ятаў. Што яны — не вар'яты, а «нармальныя» — будуць рабіць без яго?
…Добра, што ў будачнікаў аднялі алебарды. Такі быў сімвал ідыёцтва ўладатрымальнікаў! Такое бруднае і грубае сярэдневякоўе! Як увесь гэты быдлячы свет.
— Вы нешта сказалі? — страпянуўся Алесь.
— Вы ўпершыню ў Маскве? — паўтарыў купец.
— Упершыню, — сказаў Загорскі.
Ён не вельмі хлусіў, кажучы гэта. Тэатры, універсітэт і рэстараны — гэта была не Масква. Ён, Алесь, стаяў цяпер твар у твар з сапраўднай Масквой. Яму трэба было цяпер жыць з ёю і мець справу з ёю і, дзякуючы небяспечнасці свёй справы, спусціцца ў такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто. Ён упершыню ішоў да яе, і яму было нават трохі страшна. Бо тут раскашавалі і забівалі, здабывалі сабе хлеб гандлем і рабункам, з дазволу і патаемна, а то абыходзілася і без яго, без гэтага хлеба.
Гэта было як з Варваркі спусціцца ў Зараддзе. Не, нават горш. Недзе глыбока пад нагамі чакалі смярдзючыя завулкі, дзе людзі, як напаўздохлыя рыбы, ледзь рухаліся ў гнілой вадзе.
— Упершыню, — паўтарыў ён.
— То сцеражыцеся, — сказаў стары. — Небяспечны горад. Масква слязам не верыць.
Яна, матухна, б'е з наска. Крый Божа нашаму на зуб трапіць. Асабліва калі па гандлю. Хуценька ў «яму» трапіш. Як на матыў «Блізка горада Славянска» спяваюць. Близко Печкина трактира,У присутственных ворот,Есть дешевая квартираИ для всех свободный вход.— Што ж гэта вы, дрэўлепрэпраслаўленай веры, а ў оперу ходзіце?
— Ды не хаджу я, — адмахнуўся стары. — У тракціры Фокіна чуў. Там «машына» грае. То вось у машыне адзін такі вал ёсць.
— А, уласна, чаму нам не пазнаёміцца? Загорскі Аляксандар Георгіяў.
— Гм… А я Чыўін Дзяніс Авакумавіч.
Настаў час трохі здзівіць. Алесь абыякава сказаў:
— Кругом стараабрадскае імя. Чыўё — гэта ж лыжачка са зрэзаным донцам.
Стары, сапраўды, трохі насцярожана здзівіўся:
— Праўда. Замест чарніліцы яна нашым перапісчыкам кніг. Старым пісьменствам жывем. Божым.
— А чарнілы, пэўна, фабрычныя. Толькі тоўчаную ржу дабаўляеце, божыя перапісчыкі, ды сажу.
— І камедзь, — яшчэ больш здзівіўся Чыўін.
І раптам нехта нібы распусціў на ягоным твары зморшчыны. Яны абмякнулі.
— А Дзяніс — ад выгарэцкіх Дзянісавых*. А Авакум — вядома ад каго.
* Браты Дзянісавы — заснавальнікі стараверскай «беспапоўскай» пустошы на Выгазеры. Людзі вялізнай для свайго часу адукацыі, самыя паважаныя раскольнікамі асобы ў часы цара Пятра.
Алесь зразумеў: Чыўін зрабіў для сябе нейкі вывад і баяцца яго не будзе. Менш, ва ўсякім разе, будзе баяцца.
— Я і кажу, — сказаў стары. — Сцеражыцеся. Ніканіянскі горад. Блудніца вавілонская. Злодзей на злодзеі сядзіць. Падэшвы на хаду рвуць. Вось нядаўна з Крамля гармату ўкралі.
— Не можа быць!
— Не хлушу, бацюхна, — стары цяпер гаварыў істава, куды падзеліся «слова-еры». — Яны б і царзон прынялі, каб нехта купіў. Знайшлі б спосаб.
— Ды як?
— А так. Там пастамент ля арсенала. Раніцай змяняўся караул — ан замест пастамента — пустамент. Няма. Уся паліцыя, увесь сыск забегалі. Урэшце знайшлі на Драчоўцы, на Старой плошчы, у сутарэнні пад дробязнай крамай. І ўжо тую гармату сякерай на лом нехта разбіваў. А гаспадар крамы — «дабрасовесны» ў гарадской часці. Вось табе і «дабрасовесны»: крадзеныя гарматы купляе. А зладзеі яе вось як вывезлі. Скінулі на зямлю і адразу, захутаўшы ў дзяругу, — на санкі. Вартавы ў Троіцкай браме пытае, што вязуць, а яны яму: «Чушку, кармілец, тушу свіную». Вартавы толькі вочы ўзвёў ды, відаць, пачаў думаць, як яно добра пад гарэлку. Ну і вывезлі. Каб цар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара… цьху, даруй мне Божа, я не казаў — вы не чулі… Так што глядзі-іце.
— Мне б такіх людзей, — сказаў Алесь.
— Ды нашто вам?
— Зброю хачу купіць. Многа.
Халімон на козлах здрыгануўся. Падумаў, відаць, што выхаванец звар'яцеў.
Калі ён не вытрымаў і зірнуў назад, Алесь убачыў у вачах Кірдуна дрэнна схаваны жах. Фурман азірнуўся таксама. Чыўін ускінуў на Алеся вочкі:
— Нашто? Часам не на разбой?
— Пяцьсот стрэльбаў на разбой? — усміхнуўся Алесь. — Ды шабляў столькі ж, ды нажы, ды іншы тавар? Кіньце. Ды яшчэ вось у надоешняга купца тры тысячы штук паркалю куплю, ды люстэркаў, ды караляў.
— Мяняць? — здагадаўся Чыўін. — Куды? Да самаедаў, далган, айнаў?
— Трымай далей, — сказаў Алесь. — У Афрыку.
— Гэта да мурынаў?
— Но.
Фурман пакруціў галавою.
— Ды нашто вам, — сказаў старавер. — Хто там гандляваў?
— А я не гандляр. Мне дужа скучыла на месцы сядзець. Я хачу туды, дзе ніводны хрысціянін не хадзіў. Буду мяняць сёе-тое, падарункі рабіць дзікім людзям. А каб не напалі — найму людзей, зброю ім дам.
— Гэта вас бес водзіць, — сказаў Дзяніс Авакумавіч. — Самушчэнне непаседлівае.