Змагарныя дарогi
Шрифт:
САМАГУБСТВА РАЧЫЦКАГА Й ЛЮДЗI ВОСЬМАГА КУРСУ
I
Ня мiнула пары месяцаў ад пачатку заняткаў восьмага курсу, як лiк вучняў зьменшыўся на аднаго. Улан Рачыцкi пазбавiў сябе жыцьця стрэлам у рот.
Рачыцкага памятаў Сымон з "Лэмi Кэмпу" каля Нэапалю. Улан адразу кiнуўся беларусу ў вочы таму, што хвалiўся ўжо ў той час веданьнем ангельскае мовы. Ясна, Сымон ня мог ацанiць, як добра Рачыцкi ведаў мову. У гаворцы, якую ўлан вёў быццам з сабою, быццам зь iншымi, нiчога ня ведаючымi, як Сымон здагадваўся, было шмат "лацiны", г. зн. лаянкi. Сьпяваў па-ангельску адну цi другую песьню, тое-сёе гаварыў да iншых сяброў, быццам каб пахвалiцца веданьнем мовы, i, самае галоўнае, мог навет у кавярнi дагаварыцца з ангельскiмi вайсковымi жанчынамi. Шмат хто яму ўжо тады гэтак моцна зайздросьцiў, бо як-нiяк ехалi-ж у Ангельшчыну, й кожнаму веданьне
Быў гэта шыракаскулы ў твары, чорны, сярэдняга росту, мускулiсты й добра збудаваны мужчына гадоў звыш трыццацi. Паходзiў дзесьцi з Заходняе Ўкраiны, што была пад польскай акупацыяй, быў сынам асаднiка, прайшоў савецкiя канцлягеры, трапiўшы ў 1939 годзе да бальшавiкоў у палон. Ваенны шлях ягоны цягнуўся ад Тобруку ў Афрыцы аж да Балёнii. Аб ваенных здольнасьцях сьведчылi два шэрагi берэтак вайсковых медалёў на левым баку грудзей мундзiра. Рачыцкi вельмi любiў сьпяваць i быў гаспадаром прыемнага басу. Звычайна, кончыўшы "Над Янцэ-Кянгам зьзяе месяц", пачынаў "Сагару", а часта заводзiў, наўмысьля выкрыўляючыся й сакавiта пераплятаючы "лацiнай", "Я - стары араб".
Шырокi й злёгку пакалечаны воспай твар звычайна насiў пагодную ўсмешку, але яна часьценька й надта-ж раптоўна зьнiкала, а на яе месца зьяўлялася задуманая й сумная маска, што магла сьведчыць аб нутраных перажываньнях. Пасьля самагубства, калi сябры пачалi прыпамiнаць розныя дэталi зь ягонае размовы, выгляду й адносiнаў да iншых, вырашылi, што Рачыцкi раней насiўся з думкай аб самагубстве, адно скрытнасьць характару й зьверхняя пагодлiвасьць добра маскавалi ягоныя намеры. Тыя, што найблiжэй яго зналi, цьвердзiлi, што нябожчык даўно страцiў быў усялялую веру ў лепшае, у тым лiку перадусiм у хуткае вызваленьне Польшчы, дый, магчыма, у занадта чорных колерах уяўляў будучыню на чужыне. Як-бы там нi было, Рачыцкi павялiчыў i так ужо немалы лiк тых палякаў, што пасьля Ялцiнскай канфэрэнцыi, пазбаўленыя надзеi на лепшую будучыню свае краiны, собскiмi рукамi вызначалi апошнiя разьдзелы свайго жыцьця.
II
Прыступаючы да азнаямленьня чытача з удзельнiкамi восьмага курсу школы, варта спынiцца найперш на вучню найбольш ведамым i паважаным сярод iншых Юрыi Радзiвiле. Але перш яшчэ льга прыгадаць тое-сёе аб самым доме Радзiвiлаў, бо апошнiя сусьветныя буры, разам з дэтранiзацыяй старых паноў - магнатаў на зямлi беларускай, змылi з памяцi людзей i мiнулае найвызначнейшых арыстакратычных дамоў.
Род Радзiвiлаў карэньнямi сягае ў далёкае мiнулае Вялiкага Княства Лiтоўскага. Iмёны Радзiвiлаў сустракаем сярод найвызначнейшых людзей княства ваяводаў, бiскупаў, дворных гэтманаў i князёў. Стаяць яны побач Сапегаў, Астрожскiх, Хадкевiчаў, Мiрскiх, Алелькавiчаў, Глiнскiх. Радзiвiлам належалi вялiкiя абшары беларускае зямлi - пачынаючы ад Случчыны праз Нясьвiж i Клецк, Лiдчыну i Трокi - аж да Коўна. Амаль ва ўсiх вялiкiх местах Радзiвiлы мелi свае палацы.
Калi ўсьлед за дынастыяй лiтоўскiх князёў (пазьней-жа польскiх каралёў Ягайлавiчаў) беларускiя магнаты кiруюць позiрк на Варшаву й Рым ды пасьля зусiм пакiдаюць свой народ i шпарка адчыняюць дзьверы польскiм уплывам на Беларусь i Жамойць, Радзiвiлы знаходзяцца ў iхнiх шэрагах. Яшчэ ў 1709 годзе князь Януш Радзiвiл з Багуславам намагаюцца пры дапамозе ў той час агрэсыўных швэдаў аднавiць поўную незалежнасьць Вялiкага Княства Лiтоўскага ад Польшчы (Кароны). Палякi змаўляюцца з расейцамi i йдуць наперасек швэдам i беларусам. Iдэя Радзiвiлаў ня была зрэалiзаваная. Другi пярэхрыст з княжага дому, званы Сiроткам, пры дапамозе iнтрыганцкiх польскiх магнатаў i ордэна езуiтаў, канчаткова перахiляе вагу будучага лёсу гэтага некалi слаўнага дому ў польскi бок. Януш Радзiвiл за свае стараньнi аднавiць незалежнасьць Вялiкага княства Лiтоўскага атрымоўвае ад Варшавы мянушку здраднiка, а род Радзiвiлаў цьвёрда становiцца ў калёны iншых вялiкiх i малых магнатаў-паноў, рэнэгатаў беларускага народу.
Радзiвiл Сiротка зачыняе ў Нясьвiжы беларускую друкарню, што ў гэты час, калi на беларускiх землях моднымi былi розныя плынi заходнеэўрапэйскай рэлiгiйнай рэфармацыi, была адным з агменяў беларускага друку й культуры. Сiротка прывозiць у Нясьвiж рыцараў польскага каталiцызму - езуiтаў. Будуе для iх вялiкую сьвятыню й езуiцкую калегiю, а для сябе распачынае будову магутнага замку. Нясьвiж дзякуючы Радзiвiлу Сiротку становiцца, бадай, найгалоўнейшым асяродкам пашырэньня ў Беларусi рыма-каталiцызму й паланiзацыi нашай Бацькаўшчыны. Ад гэтага часу аж да акупацыi
Беларусi Расеяй не зарастае пустазеллем дарога зь Нясьвiжу ў Кракаў i Варшаву. Польшча пры дапамозе сваiх паноў-iнтрыганаў i езуiтаў, пры пасярэднiцтве нясвiжскiх рэнэгатаў, моцна сьцiскае абшарнiцка-паланiзацыйнае ярмо на шыi сялянскага беларускага народу.У 1784 годзе гасьцяваў у Нясьвiжы польскi кароль Станiслаў Аўгуст, а ў 1929 годзе - будаўнiк павэрсальскай Польшчы маршал Пiлсудзкi. Апошнi прыяжджаў быццам дзеля наведаньня i ўшанаваньня магiлы свайго слугi - ад'ютанта князя Станiслава Радзiвiла. Фактычна-ж мiж гэтымi вiзытамi ня было iстотнай розьнiцы: сьведчылi яны аб тым, якую вялiкую вагу надавалi пануючыя ў Варшаве асобы дому Радзiвiлаў. Уважалi яго супоняй таго абшарнiцкага польскага каланiзацыйнага ярма, якiм пры дапамозе беларускiх магнатаў-здраднiкаў запрэглi ў няволю беларускiя сялянскiя масы.
III
Вучань восьмага курсу Школы Падхаронжых Юры Радзiвiл меў у апiсаным намi часе гадоў дваццаць пяць. Быў гэта вельмi высокi ростам, тонкi чарнявы дзяцюк. Густыя чорныя бровы парасьлi малымi стрэшкамi над доўгiмi вейкамi. Цёмна-рудыя вочы сядзелi блiзка простага й тонкага носу. На высакаватым лобе ледзь заўважныя былi раньнiя маршчыны. Невялiкiя прагалiны па кутах ужо разрэджаных валасоў, чэсаныя проста назад, былi вестунамi раньняга лысеньня. Дзякуючы вялiкаму росту Юры рабiў уражаньне худога й тонкага. Вузкiя, з доўгiмi тонкiмi пальцамi рукi лёгка, быццам наскi лыжаў, маглi загiнацца ўверх. Нямала ўвагi прысьвячаў Радзiвiл сваiм пазногцям, вострым i доўгiм, заўсёды чыстым i дагледжаным. Тыя арыстакратычныя рукi, пэўна-ж, шмат пацярпелi-б, каб давялося iм падаiць з паўтузiна кароў цi падужацца пару дзён зь вiламi пры вывазе гною. Асьмелiмся цьвердзiць, што Юрыю нi таго, нi другога не даводзiлася рабiць, хоць ня будзем запэўнiваць, што ён наогул цяжка не працаваў цi фiзычна не цярпеў.
У 1939-ым годзе дзякуючы нейкаму асаблiваму зьбегу абставiн бальшавiцкiя "вызвольнiкi" захапiлi хлапца ў Нясьвiжы. Юрыю собiла зусiм непавярхоўна пазнаёмiцца з маскоўскай Лубянкай. Як i тысячы iншых палякаў, скарыстаў з нагоды ў 1942 годзе, уступiўшы ў арганiзаваную са згоды Сталiна на тэрыторыi Расеi польскую армiю. Далейшы шлях праз Iран, Iрак i Палесьцiну прывёў у Эгiпет i Лiвiю, пазьней - у Iталiю ды Ангельшчыну. Хаця Юры браў удзел у ваенных акцыях на фронце, адылi, вiдаць, адвагай не грашыў, бо на грудзях вiднелася адно пара берэтак ваенных адзнакаў i то якраз такiх, што давалiся ўсiм жаўнерам Другога корпусу бяз увагi на тое, былi яны пад агнём цi не.
Як казалi на курсе (што цяжка было праверыць), бацькi ягоныя з адной дачкой знаходзiлiся ў Монтэ-Карла, а старэйшы брат служыў у польскай авiяцыi. Юры здабыў сярэднюю асьвету ў Швайцарыi, там-жа студыяваў i эканомiку ва ўнiверсiтэце. Гэты рослы дзяцюк быў вельмi сьцiплага характару й абмежаваных вымаганьняў. Калi-б навет i не насiў ведамага гiстарычнага прозьвiшча, заслугоўваў-бы, бадай, на тую самую пашану, якую меў сярод сяброў. Наскрозь i заўсёды вырозьнiваўся мiж iншых жаўнераў сваёй ветлiвасьцю, ласкавасьцю й сьцiпласьцю. У мове ягонай цалкам адсутнiчала будзённая жаўнерская "лацiна". Можна было быць мiзэрным па характары й асабiстай маральнасьцi чалавекам, стаяць на найнiжэйшай сацыяльнай прыступцы, але калi Радзiвiл гаварыў з вамi, магло здавацца, што вы самi замянiлiся ў сваю адваротнасьць: зьяўляецеся чалавекам у вялiкай меры вартасным, да якога якраз таму й адносяцца з такой вялiкай пашанай. Лiшнiм гаварыць, што ад вас належылася-б чалавеку ўзаемнасьць.
Самым вартасным у Радзiвiлавых адносiнах да людзей было тое, што анi тая ветлiвасьць, анi пашана й добразычлiвасьць да iншых ня былi вымушанымi, штучнымi, як гэта часьценька даецца заўважыць у людзей зьверху палiтураваных, а ўсярэдзiне - грубых i фальшывых. Магчыма, што частка сакрэту Радзiвiлавай этыкi ляжала ў тым, што ўсiх людзей лiчыў добрымi, залiчаў iх у свае сябры i, ужо зыходзячы з гэтага, зблiжаўся зь iмi. Пазнаўшы гэтага рослага дзяцюка, вы хутка ўсьведамiлi-б, што гэта было ўпоенае ў яго змалку, дадзенае ўзгадаваньнем, што iнакш ён ня мог, калi-б навет i хацеў. Некаторыя спрабавалi справакаваць яго на злосьць цi дрэнны язык. Звычайна не ўдавалася. Калi Юры спасьцерагаў, што наўмысьля правакуюць, тады зь ледзь заўважнай, але заўсёды пазбаўленай зласьлiвасьцi ўсмешкай збываў усё жартамi, нiколi не рэваншуючыся на тых, што намагалiся яго правакаваць. У кожным чалавеку, зь якiм так цi iнакш зблiжаўся, гэткiм падыходам здабываў сабе сябру.