Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Змагарныя дарогi
Шрифт:

– Не, зусiм не таму.

– А чаму?

– Таму, што наш род даўней быў беларускiм, цi, як тады называлi, лiтоўскiм.

– Ваша беларускасьць - гэта вельмi-ж акадэмiчнае пытаньне. Хаця нельга адмовiць вам пэўнага права на беларускасьць, цяжка сягоньня было-б пераканаць людзей у тым, што вы цi ваша сям'я - беларусы.

– Чаму-ж так?

– Вы-ж, пэўна, нядрэнна ведаеце гiсторыю Лiтвы ды асаблiва пэрыяд швэдзкiх войнаў. Можаце прыгадаць, што Януш Радзiвiл пры дапамозе швэдаў хацеў аднавiць незалежнасьць ад Кароны Вялiкага Княства Лiтоўскага, значыцца, Беларусi. I вы, пэўна-ж, прыгадваеце, як за тую спробу

князя Радзiвiла Януша збэсьцiў у сваёй трылогii Генрык Сянькевiч. Дарэчы, Радзiвiла Януша гiсторыкi й лiчаць апошнiм беларусам з роду Радзiвiлаў. Ён быў беларусам. Але вы, пане Юры... што-ж у вас беларускага? Вы навет мовы беларускай ня ведаеце, аб iншым ужо не гаворачы...

На такi Сымонаў аргумэнт "прынц" нiчога не адказаў, хаця ў будучынi шмат разоў вяртаўся да тэмы аб колiшняй здраджанай Бацькаўшчыне.

VI

Адвард Дэмарчык паходзiў дзесьцi з Пазнаншчыны. З выгляду належаў да тых людзей, якiя здалёк кiдаюцца вам у вочы i пабачыўшы якiх, будзеце помнiць цэлае жыцьцё. Глыбака сядзелi пад густымi бровамi малыя блакiтныя вочкi й яўна выставаў навiслы ўперад вузкi высокi лоб, зьверху закончаны лесам густых i хвалiстых сьветлых валасоў. Гэта быў чалавек рухавы й энэргiчны. Усё рабiў плянава й сiстэматычна, нiкому ня ўступаў з дарогi за найменшую дробязь. Аддаваў належную данiну навуцы, быў старанны пры вывучэньнi лекцыяў, а галоўным яго заняткам пасьля школьнага працоўнага часу была ангельская мова й дзяўчаты.

Дэмарчык пасябраваў з Сымонам ня толькi таму, што той таксама цiкавiўся ангельскаю мовай.

– Ты ведаеш, Сымон, - гаварыў да яго аднойчы, - падабаешся ты мне за твой здаровы, як кажуць англiчане, horse sense*. Дый ня толькi за гэта. Ты маеш арыгiнальнасьць характару. Ведаеш, што ты ёсьць, чаго хочаш i чаго ад жыцьця вымагаць. Сяньня людзей такiх няшмат.

* Конскi сэнс, розум (англ.).

– Няўжо-ж праўда?
– усьмiхнуўся Сымон, што прыняў тое за хвальбу, ды асаблiва ня мог зносiць такой хвальбы ў вочы.

– Ты ня сьмейся. Шчыра гавару. Тое, што ты - беларус, зусiм ня робiць цябе горшым ад iншых. Наадварот ты ў няспрыяльных абставiнах, там, дзе шмат хто скрыўся-б са сваёй нацыянальнасьцю, - бо ты-ж ведаеш, што мы, палякi, кульгаем на талеранцыйнасьць, - ты, значыцца, у такiх абставiнах ня цураешся нацыянальнасьцi й адстойваеш свае правы. Тут то й вызначаецца ня толькi нацыянальная, але перадусiм асабiстая вартасьць чалавека.

– Ну, браце, а што-ж гэта за чалавек, што сябе й свайго адракаецца?

– Вось то-та. У тым то й справа, што сягоньня гэта модна. Мне-ж здаецца, што адракацца свайго, цурацца свае нацыянальнасьцi гэта значыць, стаптаць сябе самога ў гразь, не гаворачы ўжо аб тым, што такi суб'ект, страцiўшы пашану да свае вартасьцi, ня будзе шанаваць i нiколi ня зможа добра ацанiць iншых.

– Ну ты ведаеш, Эдзё, у гэтым я з табой згаджаюся на сто процант, проста слова ў слова.

– Як-жа б ты не згадзiўся, калi жывеш паводле гэтага прынцыпу.

– Ты ўсё-ткi тое-сёе адносна мяне падмецiў.

– Ды ня толькi адносна цябе. Вывучэньне людзей, перадусiм iхных характараў, ды найбольш слабасьцяў характараў, зьяўляецца маiм hоbbу*.

* Улюбёны занятак (англ.).

– А навошта-ж табе гэта? Вось так сабе толькi дзеля "гобi"?

– Шчыра прызнацца, дык не. Мне гэта некалi прыдасца. Пры нагодзе раскажу, толькi не цяпер.

Калi прыйшла

тая нагода, аб якой успамiнаў Дэмарчык, а сталася тое пару месяцаў пасьля, калi хлапцы больш пасябравалi й зблiзiлiся, пазнаняк выявiў Сымону, што ў будучынi мае намер улезьцi (так i казаў - "улезьцi") у ангельскую разьведку - "Iнтэлiджэнс Сэрвiс".

– Гэта, братка, - гаварыў, разгарачыўшыся й сьцiснуўшы кулак, Дэмарчык, дасьць мне шанс адпомсьцiць шмат якiм сукiным сынам за крыўды, што зрабiлi нашаму народу. Цяпер войска канчаецца, дык трэба шукаць iншых шляхоў змаганьня. Я, братка, доўга думаў i прыйшоў да выснаву, што гэта для мяне адзiны й найлепшы шлях.

– Ого-го!
– зьдзiвiўся Сымон.
– Дык ты маеш нявузкiя пляны.

– I даю табе слова гонару, няхай гэтая чужая зямля й Матка Чэнстахоўская будуць ммне сьведкамi, што да свае намечанае мэты дабяруся.

– Якая-ж гэта мэта? Хiба-ж "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" будзе толькi сродкам?

– Слушна. "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" лiчу толькi сродкам. А мэта мая - выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць i ўпiвацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсьмяротнымi мукамi ворагаў нашага народу. Буду калечыць, забiваць, i нiколi ва ўзбуджэньнi ня здрыгане маё павека. Буду зь мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсьмяротных цярпеньнях цела людзкое гадзюкi...

Сымон уважна сачыў сьцiснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, зьзяючыя агнём нянавiсьцi маленькiя вочкi, дрыжачую ад узбуджэньня адвiслую нiжнюю губу.

– А беларусаў ты таксама залiчаеш у лiк тых шчасьлiўцаў, якiх душыць маеш намер?
– iранiчна спытаў Сымон.

– Я чуў, што беларусы - добрыя людзi. Але ясна, калi-б яны апынулiся ў лiку нашых ворагаў, то...

– Ну, ведаеш што, - пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы, хвалю цябе за шчырасьць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякi накiдвалi нам сваё ярмо, а нiколi наадварот...

– Дык у чым-жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасьлiва разам.

– Табе гэта надта-ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэньне "нейкае княства". Што за "нейкае" й чаму-ж "княства"? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасьцi, панскасьцi, а ня толькi няпрошанага панiбрацтва. Нотка гэта даволi добра далася нам ужо ў знакi.

– Але-ж ты, брат, i прычэплiваешся да словаў. Зусiм ня тое хацеў я сказаць.

– Мо й ня тое, але, як у нас у Беларусi кажуць, вылезла зь мяшка шыла.

– Ну, браце каханы, але-ж ты й крыўдны характар маеш.

– Скажы мне, - спытаў Сымон, - якi народ ты найбольш ненавiдзiш?

– Немцаў.

– А пасьля?

– Расейцаў. А ты?

– Насамперш маскалёў.

– А яшчэ каго?

Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасьцярог хiстаньне.

– Скажы, скажы, што ненавiдзiш палякаў!
– спанукаў Сымона.

– Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жменi паказаў?
– узлаваўся Спарыш.

– Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца.

Дэмарчык чуўся нiякавата й адвярнуў зрок у другi бок.

– Калi я й ненавiдзеў, то цi маю аб гэтым гаварыць? Навет i табе, здаецца, блiзкаму сябру. Ёсьць-жа пэўная рацыянальнасьць i такт, якi трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але-ж гэта - адно дагадкi. Зусiм iншае, калi б ты пачуў тое з маiх вуснаў.

Поделиться с друзьями: