Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Пане Веньць...
– моцна пачырванеўшы ад злосьцi, пачаў Кастусь.
– Пшэпрашам пана Костка, - перабiў яго Веньць, - але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвiшча.
– О так, знаю, пане Пшэпулкевiч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусiм iншы былi чалавек. Цi часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыблiжаюцца так званыя вызвольнiкi?
– Але-ж i камэдыя!
– сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы нiжнюю лупiну, Веньць.
– Ну i як жа вы так? Збудавалi тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?
У гэны момант Сымон выхапiў з-за пазухi й палажыў
– Ёсьць i зброя, пане Веньць!
– сказаў ён паляку паволi i з прыцiскам на кожнае слова.
– Цi, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?
Старэйшая дэвотка, што, прытулiўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухнi, убачыўшы пiсталет, з трывогай перахрысьцiлася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.
– Што, панове, сабе зычыце?
– акiнуўшы ўсiх позiркам i ня страцiўшы раўнавагi, спытаў ён хлапцоў.
– Жадаем тое, што наша. Калi ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакiнулi, - загадаў Кастусь.
– I чым хутчэй, тым лепш. Мы думалi, што зайшлi да людзей, ажно выходзiць, што вы такiя самыя сабакi, як i шмат iншых. I чакалi толькi нагоды, каб выявiць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!
Пры ўспамiне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем i трывогай зiрнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазiрала моўчкi то на пiсталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.
– Пане Веньць!
– з выразным акцэнтам на тое "Веньць" пагрозлiва прадаўжаў Кастусь.
– Чакаем!
– Пане Костэк...
– пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньцiха, мы-б рады, зараз-бы аддалi, але яе, вашай вопраткi, тут няма.
– Як то няма?
– падскочыў да яе Дзежка.
– А дзе-ж яна?
– Мы аддалi на перахаваньне.
– Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусiш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?
– Брэша сука, - буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, - прадала, напэўна.
– Толькi боты засталiся, - прызналася перапуджаная дэвотка.
– Боты?
– паўтарыў Кастусь i, паглядзеўшы ўважна на ўсiх гаспадароў, хутка адчынiў дзьверы суседняга пакою, дзе калiсьцi жылi студэнты, i пачаў пароцца па кутках i шуфлядах. Па хвiлiне вярнуўся з парай сваiх блiскучых ботаў.
– Запраўды нiчога, акрамя гэтых, няма, - паведамiў, паказваючы на боты.
– Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелi ўсю нашу вопратку?
– Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца?
– спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пiсталет, Сымон.
– Ат, кiньце вы, хлопцы. Лепш пакiнем мы гэту бяду ў супакоi ды хадзем, парадзiў сябром Вiктар.
– Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылi тут пару год i ня ведалi, што за сукiны сыны...
– з фiнальным адценкам згадзiўся Кастусь. Цьфу!
– плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткiм крокам ськiраваўся да дзьвярэй.
– Няхай вам Бог належна адплацiць!
– дабавiў з-за пляча, выходзячы.
Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другiм баку Кальварыйскай, тых блiскучых ботаў "апылiць"
не ўдалося, але Занеўскi прыабяцаў, што ў будучынi гэта абавязкова пастараецца зрабiць, i на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткiх шэптаў зь Дзежкам, паставiў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусiм сiвую пляшку самагонкi.– Ну, унтэрмэншы, - з жартам i пацiраючы з задаваленьня рукi, гаварыў да сяброў Кастусь, - жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Iванавiча.
Доўга ня трэба было прасiць. Хлопцы абселi стол, на якiм для датрыманьня таварыства лiтроўцы хутка зьявiўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.
Перакусилi й замянiлiся колькiмi словамi. Занеўскi не пакiдаў Вiльнi. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў нявыразнай грымасай.
– Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такi гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта лiха прамiне й не зачэпяць.
На гэткi аргумант хлопцы пацiснулi плячыма.
– Магу я цяпер прапанаваць, - прыпадняўся Сымон, - каб мы выпiлi ня толькi за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчасьлiвы паварот, адкуль-бы нi прыйшлося там варочацца.
– Дык вы ня ведаеце, куды едзеце?
– спытаў Занеўскi.
– Быццам у Горадню.
– Гэта вiламi пiсана.
– Дык вып'ем за тое, каб вярнулiся да сваiх вольных хатаў!
– ня ўступаў Сымон.
– Давайце.
Усе апаражнiлi чаркi.
– Божачкi-ж мае, дык вы ўяўляеце сабе тое, што нячыстая сiла гэна ўжо заняла нашы мясцовасьцi?
– дрыжачым голасам прыпомнiў Сымон.
– Так, Дзiсна ўжо напэўна ў iх руках.
– Магчыма, ужо дабiраюцца да Паставаў i Вялейкi.
Ужо пазнавата вечарам. не без малых цяжкасьцяў, удалося нашай тройцы знайсьцi месца прыпынку ў былым гэтто. Сымону й Вiктару, што менш былi прывыклымi да алькаголю, здавалася, што ў Вiльнi ў гэны вечар была аж падвойная колькасьць вулiцаў i што адлегласьцi надта-ж пабольшалi.
VI
Трэцяга лiпеня папаўднi Школа Камандзераў атрымала загад маршыраваць на вiленскую таварную станцыю й ладавацца на цягнiк. Кiрунак ад'езду - iзноў захад. Аб той Гораднi, што фiгуравала ў загадзе ў Менску, i сьлед зьнiк. Конны школьны вабоз ужо знаходзiўся ў горадзе, не бяз прыгодаў прывалокшыся запруджанымi дарогамi зь Менску. Зьявiўся й капiтан Ласкутовiч, беларускi камандзер Школы, якi заяжджаўся ў Стоўпцы па сваю сям'ю.
Пасьля зборкi пэрсаналу й пералiчэньня выявiлася, што блiзу пятая частка кадэтаў недзе згубiлася. Фактычна нiхто ня ведаў, цi згубiлася, цi сьведама засталася. Праўдападобным было апошняе. Нiхто таму надта ня зьдзiвiўся. Так з кожнае грамады пры напатканьнi першых цяжкасьцяў адстаюць або зусiм губляюцца найслабейшыя. Ваенныя-ж лiхалецьцi, калi нейкi вайсковы адзьдзел апынецца ў цяжкiм палажэньнi, калi дысцыплiна паслабее, а камандзеры ня маюць беспасярэдняга нагляду за падуладнымi або навет часова й страцяць кантакт зь iмi, зьяўляюцца без параўнаньня найлепшым сiтам, выдзяляючы тых моцных i вытрывалых, што трымаюцца парадку й загадаў, ад тых слабых, ненадзейных або проста й недалужных, няздольных. Гэткiя выпрабаваньнi прыходзяць тут на дапамогу камандзерам, якiя ведаюць, што ў далейшым могуць з большаю надзеяй пакладацца ў часе крытычных момантаў на жаўнераў, што бязь хiстаньня здадуць першы iспыт. Можа, й лепш было для будучынi цэлае Школы, што ўсё тое слабое, нявытрывалае, ненадзейнае выдзелiлася на першым этапе дарогi.