Змагарныя дарогi
Шрифт:
Асьмельваемся цьвердзiць, што калi-б былы прэзыдэнт БЦР, пасьля ўпадку гiтлераўскае Нямеччыны, ня выцягнуў на дзённае сьвятло нефартуннага мерцьвяка - БЦР, то шматлiкiя беларусы памiналi-б яго добрым словам. Не трэба забывацца, што прэзыдэнт БЦР у часе гiтлераўскае акупацыi Беларусi меў вялiкiя магчымасьцi рабiць добрае й благое, i тут трэба аддаць праўдзе справядлiвасьць: ён зрабiў нашмат больш першага, чымся апошняга. Навет сяньня й навет ягоныя палiтычныя працiўнiкi з поўнай шчырасьцю цьвердзяць, што Астроўскi як прэзыдэнт БЦР пад час гiтлераўскае акупацыi Беларусi стаяў на вышынi свайго заданьня. Пад заданьнем, ясна, разумеецца выкарыстоўваньне пазыцыi прэзыдэнта БЦР для абароны iнтарэсаў i рэпрэзэнтацыi беларускага народу. У Астроўскага гэна
Каб ацанiць Радаслава Астроўскага з пазытыўнага боку, трэба ўявiць, колькi шкоды й цярпеньняў мог-бы прынесьцi беларускаму народу, будучы на становiшчы прэзыдэнта БЦР, iншы чалавек, прыкладам, адзiн з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычынiлiся да загубы сьвятароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык навет поўнасьцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў-жа ня кiдацца ў скрайнасьцi й гладзiць па галоўцы за тое благое, што ён мог-бы зрабiць, ды не зрабiў.
... I КОЛЬКI СЛОЎ АБ ГАЛОЎНЫХ ЗЛАЧЫНЦАХ
На заканчэньне нашай кароткай, даволi павярхоўнай i некамплетнай характарыстыкi падзеяў i некаторых людзей у занятай гiтлераўскiмi акупантамi Беларусi ў 1941-1944 гадах неабходна падкрэсьлiць самую галоўную, сказаць-бы кардынальную, прычыну цi дзейнiк, ад якое й выводзiлiся ўсе няшчасьцi, мiльённыя страты ў людзях беларускага народу, ды - з другога боку - i рабiлiся мерапрыемствы для абароны й самазахаваньня паняволеных. Гэнай прычынай былi сталiнска-бальшавiцкiя апэратыўныя групы чэкiстых, чырвоныя партызаны.
Ужо 3 лiпеня 1941 году маскоўскi дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусi й iншых заходнiх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Армii й партызанам наступны загад:
"Нiводная лёкаматыва, нiводная чыгунка, нi кiляграм пшанiцы цi лiтр гаручага не мусяць быць пакiнутымi ворагу. Калгасьнiкi павiнны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскiя злучэньнi, конныя й пяхотныя, павiнны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў i дарог, для знiшчэньня тэлефонных i тэлеграфных камунiкацыяў, для паленьня лясоў..."
Няцяжка адгадаць, што маскоўскi кат-душыцель хацеў зрабiць зь Беларусi суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, i то з прычыны маланкавага наступу гiтлераўскага вермахту, яму гэта не ўдалося. Пазьней загад у ладнай меры быў выкананы. Мала таго! Першапачатковая iнструкцыя, вiдаць, пазьней пашырылася i ў пляны татальнай вайны ўвайшла таксама дырэктыва масавага вынiшчэньня ўсяго жывога насельнiцтва й ягонага матар'яльнага iнвэнтару. Мусiць прыцiснуты да сьцяны крамлёўскi дыктатар лiчыў, што цывiльнае безбароннае жыхарства, у тым лiку старыя, жанчыны й дзецi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi, былi ня менш важным прадметам для лiквiдацыi, чымся самыя, чыста мiлiтарнага значэньня, аб'екты. Людзi пад загадамi Крамля бесьперапынна й мэтадычна праводзiлi ў жыцьцё сталiнскi загад, а азьвярэлыя гiтлераўскiя фашысты, маючы наўвеце свае мэты, аб якiх прыгадвалася вышэй, памагалi сталiнцам рукамi сваiх i чужых, варожых беларускаму народу, элемэнтаў.
Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двумя хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывiцца Харыбда. I не было нiадкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло - арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях
нарадзiлася ўсьведамленьне сутнасьцi iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было разьлiчваць толькi й выключна на свае собскiя сiлы.ЧАСТКА ПЕРШАЯ
МЕНСК-АЛЬТКIРХ-МАРСЭЛЬ
НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА
I
22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гiтлераўскiя акупанты называлi дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавiцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавiны афiцыяльна было загадана правесьцi ў гарадох акупаванае Беларусi парады вайсковых гарнiзонаў, як нямецкiх, так i беларускiх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.
У Менску, з усходняга боку Галоўнай вулiцы, паблiзу маста на Сьвiслачы, пабудавана была вялiкая трыбуна. Над ёю беларускi бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзiнаццатай гадзiны ранiцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнiлi ходнiкi, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскалiся на шчарбатыя сьцены прывулiчных руiнаў. На трыбуне зьявiлiся высокiя дастойнiкi акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньнi сваiх ад'ютантаў i афiцэраў менскага гарнiзону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капiтанам Мiкулам.
Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афiцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай iшла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю iншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямi на шапках, яўна вырозьнiвалася сярод усяго iншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацiгадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбiраў iх з цэлай Беларусi, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай i вызначанай меркi. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабiла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне.
Бадзёры роўны крок i раўнамерны тахт выклiкалi доўгiя воплескi мянчан, што прыглядалiся з абодвых бакоў вулiцы. Камандзер школы капiтан Ласкутовiч, што вёў калёну, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў "зрок направа" i... "стой!". Адно гэнае "стой" выйшла зусiм слабенькае, пачутае толькi пярэдняй часткай калёны. Калi фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзiн чалавек, то заднiя, не пачуўшы каманды, ледзь змаглi ў час спынiцца як папала, каб ня ўзьбiцца пярэднiм на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных камэнтарах, нешта падобнае да таго гуку, якi бывае, калi сыпецца зь меху бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадаваленьня.
Капiтан Ласкутовiч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вiнаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, i чорная калёна юнакоў памаршыравала далей.
II
– Каб яго лiха, як яно нядобра выйшла!
– жалiўся нехта, калi вярнулiся ў Паўночныя Казармы.
– I то-ж падумаць адно, гэтулькi часу маршыравалi, амаль цэлы месяц вучылiся, мазалi на нагах панацiралi, i цяпер во выйшла як на сьмех...
– Каб жа з нашай вiны!
– Тое-ж i балiць, што ня з нашай вiны, а зь ягонай..
– I то-ж, здаецца, такi здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое "стой", каб усе пачулi, цi што?
У гэны вечар кадэты мелi змогу выслухаць каля сёмай гадзiны па менскiм радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусiм аб парадзе. I вось там iзноў пачулi музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж i тое "стой", што было прычынай такой вялiкай няўдач, ды i пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп..
Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Iнструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур'ёзныя выпадкi. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калi ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь вiны рэкрутаў, а зь вiны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калi, казаў той, толькi-толькi пасьпелi паказацца ў людзi. Затое i было крыўдна.