Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Як прозьвiшча?
– спытаў Кнор па-польску Сымона.
– Сымон Спарыш.
– Пан зьяўляецца палякам, пане Спарыш?
Пры гэтым Кнор зусiм выразна, але незаўважна для двух iншых афiцэраў маргнуў Сымону правым вокам.
– Так, я ёсьць паляк.
Пры гэткiм пытаньнi й адказе карцiла юнаку зарагатаць перад Кнорам на ўвесь голас, але асьцярожнасьць падказала iншае. Кнор адзначыў знаёмага ўжо яму амаль шэсьць месяцаў "паляка" па сьпiску й апытваў далейшых. На шырокiм двары электрычны рухавiк пампаваў ваду. Адна помпа забясьпечвала нейкiя тры тысячы палонных у мурах Форт Брэвiль. Як давялося даведацца нашым гэроям, бальшыня тутэйшых сталых палонных былi немцамi. Атрымоўвалi яны на дзень па 250 грамаў чорнага хлеба й па макулiнцы маргарыну. Два разы на дзень атрымоўвалi ваду, за якой ужо цяпер станавiлiся групамi ў чаргу каля
З аднаго будынку двое палонных вынесьлi на насiлках цень чалавека й заладавалi на аўтамашыну, што накiравалася вонкi цераз галоўную браму. Яшчэ адна ахвяра вайны й няволi...
Атрымаўшы сьцiплую порцыю чорнага хлеба й маргарыны, палонныя рушылi каля паўдня на Бэзансонскую станцыю. Сымон дачуўся ўжо пазьней, што маёр Мураўёў з Рэшатавым i шматлiкiмi iншымi былымi савецкiмi афiцэрамi, а таксама й група радавых, трапiлi з Бэзансонскай цьвярдынi за калючы дрот вабозу, адкуль старалiся iх выслаць да "бацькi" Сталiна. Хадзiлi чуткi, што некаторым зь iх удалося дастацца ў францускi чужаземны легiён, а некаторых везлi ў савецкую Расею, ды што не адзiн зь iх кiнуўся з борта мараплаву ў Мiжземнае мора. Усё гэта былi толькi чуткi, якiя немагчыма было вайной праверыць.
Эшалён з палоннымi быў пад наглядам былых афiцэраў. Канвойных ня было, акрамя колькiх чалавек польскае ваеннае мiсii. Фактычна людзi ўжо ня былi палоннымi й вальней уздыхнулi. Сымона здзiвiла тое, што бальшыня людзей ўжо пераключылася на польскую мову. Калечылi яны яе, зьдзекавалiся над ёй на розныя лады - аж слухаць было брыдка. Усё-ж Сымонавы й Вiктаравы сябры, былыя кадэты зь Менску, гутарылi па-беларуску й нi перад кiм ня крылiся.
Цягнiк з таварнымi вагонамi, перапоўненымi "палякамi", пакiнуўшы Бэзансон, накiраваўся праз Доль, Дыжон i Валенцыю ў Авiньён, што ляжыць у дэльце Роны, блiзка на поўнач ад Марсэлю. Iншым разам чалавек мог бы захапляцца хараством вiнаградных палёў ронскай далiны, жахнуцца, убачыўшы зьнiшчэньнi Дыжона й iншых спадарожных гарадоў. Цяпер усё было ахутана пакрывалам абыякавасьцi. Голад, нядоля й няволя прытупiлi рэакцыю на ўсё чутае й бачанае. Апатыя да жыцьця зьяўляецца адзiнай меркай перыяду iснаваньня, калi нармальна ня жывецца й не адчуваецца.
VI
Польскi транзiтны вабоз у Авiньёне меў адно заданьне: працай вайсковае мiсii, што трымала кантакты з камандамi хаўрусьнiцкiх сiлаў у паўдзённай палавiне Францыi, зьбiраць усiх грамадзян былой Рэчы Паспалiтай, так цi йнакш трапiўшых пад нямецкiя вайсковыя штандары, i накiроўваць iх у Iталiю ў Другi корпус, што ўваходзiў у Восьмую брытанскую армiю. Акрамя людзей з нямецкiх фармацыяў, вайсковая мiсiя старалася вербаваць i iншых палякаў на тэрыторыi Францыi. Вабоз быў адно зборным i перасыльным пунктам. Ня было тут анi дакладнага медыцынскага агляду, анi выдаваньня вайсковай вопраткi, анi вайсковых заняткаў. Людзей зьбiралi, кармiлi, у выпадку патрэбы давалi медыцынскую дапамогу i адсылалi мараплавамi з Марсэлю ў Нэапаль.
У абозе былi выгодныя баракi, кухнi, лазьнi, прасторны пляц, што пад восеньскiмi дажджамi замянiўся ў жыдзенькую жаўтаватую калатушку, ды - цi не самае найважнейшае - вялiкiя канцылярыi, што гулi сотнямi галасоў, вечна пульсавалi жыцьцём бесканечнае ракi народу. Харчы былi добрыя. Праежджыя адпачывалi тут, нiчога не рабiлi, адно памалу загойвалi фiзычныя раны.
Якiх там толькi людзей i тыпаў не давялося бачыць! Перадусiм - вопратка. Шмат было апранутых па-цывiльнаму. Iншыя дзесьцi й аднекуль, мо яшчэ зь перад вайны, захавалi ведамыя чатырохрожныя шапкi, званыя рагатоўкамi. Надта сьмешнымi выглядалi яны для непрывычных вачэй. Вялiзная колькасьць, мо больш паловы, насiла нямецкую вайсковую вопратку. Былi некаторыя ў амэрыканскiх i брытанскiх "батледрэсах". Акрамя польскае мовы, чуваць было найбольш беларускай i ўкраiнскай. Не ўсе хавалiся са сваёй мовай i нацыянальнасьцю. Хiба-ж i вайсковая мiсiя й каманда Другога корпусу ў Iталii ня ведалi, што амаль палова насельнiцтва перадваеннай Польшчы была беларусамi i ўкраiнцамi? Дык i цяпер мусiлi талерантна адносiцца да моваў i нацыянальнасьцяў.
У Авiньёне нашы гэроi прабылi цэлы тыдзень. За гэты час адпачылi й фiзычна пахарашэлi. Чысьцiлi, мылi, латалi, вылежвалiся ў сухiх i цёплых чыстых пасьцелях або хадзiлi па абозе й зьбiралi навiны.
На трэцi дзень пасьля прыезду сустрэлi пры санiтарным пункце Вiктара Сянькевiча й Касiновiча - двух сяброў з групы Грамыкi. Узрадавалiся iм, як братам, тым больш яшчэ, што ад iх здабылi весткi аб
частцы колiшняй афiцэрскай школы, што перайшла да макiсаў. Была надзея, што зноў усе зьбяруцца ў кучу, хоць ужо на iтальянскiм беразе.Пасьля шасьцiдзённага адпачынку ў Авiньёне група ў лiку 418 чалавек накiравалася ў Марсэль, дзе затрымалася ў транспартным абозе блiзка порту Пару дзён пазьней прыехала з Авiньёна яшчэ 200 чалавек. Выходзiць у горад было забаронена. Забiвалi час гульнёю ў карты. На зьведаньне гораду мала было ахвотнiкаў. Ня ведалi мовы, ня мелi грошай. Нiхто не жадаў валачыцца бяз мэты. Чакалi на выезд.
ЧАСТКА ДРУГАЯ
БЭРЛIН-ЦЬВIЗЭЛЬ-НЭАПАЛЬ-БАЛЁНIЯ
КЛЯЙМО НЯЧЫСЬЦIКА
I
Вялiкiя прасторы пустога адкрытага мора заўсёды натхняюча ўзьдзейнiчаюць на чалавека. Якi прастор! Якая вольнасьць! Якая магутнасьць! Зрок ваш блудзiць па шэра-блакiтных цi зеленкаватых бурлiвых хвалях i, не знаходзячы пункту апоры, мiмаволi паведамляе розуму пра велiч i бязьмежнасьць бачанага. Мо першы раз у жыцьцi вы бачыце мора цi акiян i ня можаце наглядзецца. Яно вас паглынае, усочвае ў сябе. Яно - вольнасьць, яно - уздым, яно - магутнасьць! Вы адрываецеся ад рэчаiснасьцi, забываецеся, што, будучы на борце мараплава, усё яшчэ зьяўляецеся часткаю людзкога й цывiлiзаванага. Блудзiце зрокам туды, дзе амаль незаўважна край мора зьлiваецца з прасторам неба. Захапляецеся стыхiяй бязьмежнае, здаецца, вады й паветра i ўяўляеце, што вы таксама частка яе. Калi вы здольныя глыбока думаць i марыць, то забудзецеся аб фiзычным iснаваньнi й станеце часткаю неабсяжнага мора, часткаю вольнае, магутнае прыроды.
Ня дзiвiцеся, калi паэт, сутыкнуўшыся зь вялiкiм прасторам мора, гойдаючыся дзесь на мараплаве, адкоцiць такi ёмкi верш цi паэму, што вы нiколi й не падазравалi-б яго ў такiх здольнасьцях. Мора - яго натхненьне. Ён-жа абавязкова пад тым вершам цi паэмай i зазначыць, што напiсана на Атлянтычным цi iншым акiяне, дый не забудзецца аб даце, каб ведалi, маўляў, што ён быў там i што магутныя воды маюць i на яго такi самы творчы ўплыў, як на сотнi й тысячы iншых слаўных папярэднiкаў - тварцоў мастацкага слова.
Ня дзiвiцеся, калi пачуеце, што мора мае й гаючыя ўласьцiвасьцi. Цi адзiн духова змучаны й скалечаны чалавек знойдзе ў мерных i шумных марскiх пералiвах бальзам, што гоiць духовыя раны, дапамогу ў турботным жыцьцi, раўнавагу духовае трываласьцi, знойдзе надзею й пабачыць зарысы лепшае будучынi.
Але мора - гэта перадусiм стыхiя, сiла. Неабмежаваная, нявычарпальная. Яно ад бяспамятных часоў нiшчыла, крышыла й тапiла на сваiм шляху ўсё слабое, бездапаможнае. Нязьлiчоныя разы было загубай для чалавека. Тапiла ягоныя заакiянскiя экспэдыцыi, руйнавала ўзьбярэжную маёмасьць i здабытак. Чалавек нарэшце знайшоў сродкi бясьпечнага падарожнiчаньня па моры, але нiколi не пакарыў яго неабмежаванай сiлы.
Сымон, едучы з Марсэлю ў Нэапаль мараплавам разам са сваймi сябрамi, першы раз быў на моры. Перад вачыма задумлiвага юнака разьлёгся новы, вялiкi й бязьмежны сьвет. Цiхае зеленкаватае Мiжземнае мора дыхала магутнасьцю, вольнасьцю. Лёгкi паўдзённа-заходнi вецер часаў грывы хваляў, асеньнiм халадком перакачваўся й разгульваў па шурпатай гладзi. Чарада чаек шнурам цягнулася ў хвасьце за мараплавам, манатонным i сумным крыкам наганяючы нейкую тугу й журботу.
II
Пасажыры павольна хадзiлi па палубе, заглядалi ва ўсе закануркi старога мараплава, сачылi за рутыннай працай матросаў, прыглядалiся хвалям i птушкам, гаманiлi аб тысячы й адной розных дробных справаў;
Задуманы Сымон стаяў, абапёршыся на агароджу борту, i дзесьцi блудзiў зрокам удалечы. Лёгка-шумнае мора, журботны крык чаек i раўнамерны рух мараплаву нараджалi ў юнацкай галаве цi мала думак. Жыцьцё, як яго бачыў хлапец, было няцiкавае й невясёлае. Даўно абыякавасьцю апранулiся ягоныя пачуцьцi. Як мараплаў цяпер плыў у нейкi чужы Нэапаль, у новую прыстань, так, выдавалася яму, плыла й вялiкая, страшная хваля жыцьця. Хтосьцi аднекуль кiраваў гэтай хваляй, вызначаў ейны бурлiвы ход да нейкай мэты. Ён, Сымон, быў несены ёю мiма сваёй волi, кiданы з аднаго канца Эўропы ў другi. Вось хваля тая хутка выкiне яго на незнаёмы бераг, там падхопiць iншая ды з новай сiлаю панясе далей у няведамасьць, i так, здавалася, будзе без канца. Ня быў гаспадаром самога сябе, не загадваў курсам жыцьця й лёсу, а даўно ўжо стаў часткаю нейкай вялiкай, бяздушнай, жахлiвай пражорлiвай машыны. Яна дыхала агнём i жалезам, харчавалася смерцю й калецтвам, нiшчыла слабое й бездапаможнае, крышыла-папялiла ўсё па дарозе.